КА́БАЦ (Kabatc) Эўгеніюш (н. 11.1.1930, г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл.),
польскі празаік і перакладчык. У 1967—73 супрацоўнік польск пасольства ў Рыме. Друкуецца з 1950. У зб.апавяд. «П’яны анёл» (1957), аповесцях «Занадта многа сонца» (1959), «Раманс» (1960), «Адзінаццатая запаведзь» (1965), «Адпачынак у высокай траве» (1968), «Выкраданне Джульеты» (1974) сац.псіхал. праблемы сучаснага яму пакалення. Аповесці «Патрыцыя, ці Аб каханні і мастацтве ў асяродку ночы» (1975), «Аўтастрада сонца» (1979) прысвечаны Італіі. Аўтар фантаст. аповесці «Смерць працаўніка ў атэлі «Savoy» (1985). Тэматыка асобных твораў звязана з Беларуссю. Пераклаў на польск. мову аповесць «Трэцяя ракета» В.Быкава, раман «Людзі на балоце» І.Мележа. Аўтар успамінаў пра Мележа «Сонца ў вачах» (1979). На бел. мову творы К. перакладалі Я.Брыль, В.Рагойша, А.Клышка, П.Стэфановіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́НГЕ (Runge) Філіп Ота (23.7.1777, г. Вольгаст, Германія —2.12.1810),
нямецкі жывапісец, графік, тэарэтык мастацтва; адзін з заснавальнікаў рамантызму ў ням. жывапісе. Вучыўся ў Капенгагенскай (1799—1801) і Дрэздэнскай (1801—03) АМ. Ствараў алегарычна-сімвалічныя кампазіцыі («Поры дня», 1802—09), у якіх імкнуўся увасобіць думку пра містычную адухоўленасць прыроды, пра з’яднанне мастака-творцы са светам. У партрэтах спалучаў дакладнасць выяўлення натуры з глыбокай эмацыянальнасцю, схаванай пад знешняй сузіральнай адлучанасцю вобразаў: «Мы ўтраіх» (1805), «Партрэт дзяцей Хюльзенбек», «Мае бацькі», «Аўтапартрэт» (усе 1806). Аўтар кампазіцый на рэліг. тэму «Адпачынак на шляху ў Егіпет», «Хрыстос на возеры» (абедзве 1806—07). Аўтар трактата «Кола колераў, або Канструкцыя адносін усіх фарбаў паміж сабой» (1810).
Тв.:
Рус.пер. — Из писем // Эстетика немецких романтиков. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЮ́ГАРСВАЛ, Нюгарсваль (Nygaardsvold) Юхан (6.9.1879, г. Хомельвік, Нарвегія — 13.3.1952), нарвежскі паліт. і дзярж. дзеяч. У 1916—49 дэп. сторцінга ад Нарв. рабочай партыі (НРП), у 1928 і 1934—35 прэзідэнт сторцінга. У сак. 1935 — чэрв. 1945 прэм’ер-міністр Нарвегіі. Урад Н. засяродзіўся на вырашэнні праблемы беспрацоўя, у т. л. праз дзярж.буд-ва шашэйных дарог і чыгунак, скасаваў антырабочыя законы папярэдніх гадоў, увёў 2-тыднёвы аплатны адпачынак, пашырыў 8-гадзінны прац. дзень на маракоў і с.-г. рабочых, прыняў законы аб пенсіях па старасці і аб ахове працы, увёў абавязковае страхаванне па беспрацоўі; у знешняй палітыцы фактычна прытрымліваўся нейтралітэту. У 2-ю сусв. вайну пасля паражэння нарв.узбр. сіл у ходзе Нарвежскай аперацыі 1940 урад Н. разам з каралеўскай сям’ёй знаходзіўся ў эміграцыі ў Лондане (з чэрв. 1940). З чэрв. 1945 у адстаўцы, адышоў ад актыўнай паліт. дзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГІЕ́НА АСАБІ́СТАЯ,
раздзел гігіены, які вывучае ўплыў умоў і ладу жыцця на здароўе чалавека і распрацоўвае рэкамендацыі па захоўванні і ўмацаванні здароўя, прадухіленні заўчаснага старэння. Як стэрэатып паводзін чалавека, накіраваны на захоўванне здароўя, зарадзілася ў старажытнасці, калі людзі на вопыце пераканаліся ў неабходнасці ўдасканальвання свайго розуму і цела. Асн. элементы гігіены асабістай: догляд цела, рацыянальныя праца і харчаванне, правільна арганізаваны адпачынак, адэкватнае фізіял. і сац. патрэбнасцям размяшчэнне, наяўнасць сац.-псіхал. сумяшчальнасці з навакольнай рэчаіснасцю, выключэннем шкодных для здароўя звычак (выкарыстання наркотыкаў, таксічных рэчываў, алкаголю, нікаціну). Асаблівае значэнне ў гігіене асабістай маюць рацыянальнае харчаванне (правільнае размеркаванне спажывання ежы на працягу сутак і ее паўнацэннасць па наборы пажыўных рэчываў), прытрымліванне гігіены палавога жыцця і інш. У барацьбе са шкоднымі звычкамі найб. эфектыўнае павышэнне агульнай культуры насельніцтва і ўнутр. культуры кожнага чалавека.
Літ.:
Задачи по достижению здоровья для всех // Здоровье для всех. 1993. Вып. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́ЛЬНАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,
прававыя нормы, якія рэгулююць становішча работнікаў, што працуюць па найме, а таксама пытанні сацыяльнага забеспячэння. Нормы С.з. пашыраюцца на прац. адносіны, якія грунтуюцца на прац. дагаворы паміж работнікам і наймальнікам незалежна ад віду і формы гаспадарання. Крыніцамі С.з. з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Кодэкс законаў аб працы, дэкрэты і ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і інш. акты прац. заканадаўства, калектыўныя дагаворы, пагадненні. інш. лакальныя нарматыўныя акты. прынятыя ў адпаведнасці з заканадаўствам, а таксама прац. дагаворы. У Канстытуцыю ўключаны шэраг артыкулаў, якія адносяцца да прац. і звязаных з імі адносін: права на працу, адпачынак, ахову здароўя, сац. страхаванне, сац. забеспячэнне і інш.Вял. значэнне маюць калектыўныя дагаворы, якія садзейнічаюць рэгуляванню прац. адносін і ўзгадненню сац.-эканам. інтарэсаў работнікаў і наймальнікаў на прадпрыемствах, ва ўстановах і арг-цыях, у іх падраздзяленнях, а таксама і ў прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць без стварэння юрыд. асобы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭНСІ́ЎНАСЦЬ ПРА́ЦЫ,
ступень напружанасці працы; колькасць працы, затрачанай работнікам у працэсе вытв-сці за адзінку часу. Эканам. значэнне І.п. выяўляецца ў яе ўплыве на аб’ём і кошт прадукцыі. У выніку росту І.п. павялічваецца колькасць вырабаў, а кошт кожнага з іх не мяняецца, што садзейнічае зніжэнню выдаткаў вытв-сці і росту прыбытку прадпрыемства. Адрозніваюць нармальна неабходную І.п., калі адпачынак пасля працы цалкам аднаўляе працаздольнасць чалавека, і празмерную, пры якой зніжаецца працаздольнасць. Нармальна неабходная І.п. ўлічваецца пры ўстанаўленні працоўных норм і з’яўляецца фактарам росту прадукцыйнасці працы. І.п. павялічваецца пры ажыццяўленні комплекснай механізацыі і аўтаматызацыі вытв-сці, камп’ютэрызацыі, арг-цыі канвеернай вытв-сці, павышэнні хуткасці работы машын і павелічэнні колькасці абсталявання. Навук.-тэхн. прагрэс вядзе да зніжэння затрат фіз. (мускульных) сіл чалавека і павелічэння затрат разумовай працы. Дасягненне нармальна неабходнай І.п. можа быць забяспечана тэхн. абгрунтаваным нарміраваннем працы, укараненнем навук. арг-цыі працы, умацаваннем прац. дысцыпліны і ўзмацненнем матывацыі працы. У галінах з павышанай І.п. ўводзіцца скарочаны рабочы дзень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЕ́ША Міхал (1795 ці 1800, Вільня — 3.11 1863),
графік і жывапісец. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі. Вучыўся ў Віленскім ун-це ў Я.Дамеля і Я.Рустэма (1821—24). Працаваў на Палессі, у Крыме. З 1829 выкладаў у мяст. Крожы (Кражай, Літва), з 1837 — у Гродне, з 1844 — у Беластоку. Працаваў у гіст. і батальным жанрах, пейзажы, тэатр.-дэкар. мастацтве. Творам уласцівы рысы рамантызму. Гіст. дакладнасцю вызначаюцца творы «Атака гусараў», «Гетман», «Адпачынак салдат» і інш. Значную маст.-пазнавальную каштоўнасць маюць ландшафтныя і арх. пейзажы, зробленыя ў час падарожжаў па Беларусі, Літве, Расіі, Украіне: «Руіны замка ў Міры», «Хоцім», «Царква Барыса і Глеба на Каложы ў Гродне», «Мерачоўшчына», «Замкі Стары і Новы ў Гродне», віды Пецярбурга, Пецяргофа, Царскага Сяла і інш. Шэраг пейзажаў выдадзены ў альбомах Лемерсье ў Парыжы (1850) і Ю.Вільчынскага ў Вільні.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАРМЭ́ (Mallarmé) Стэфан (18.3.1842, Парыж — 9.9.1898),
французскі паэт; галава сімвалізму. Вучыўся ў Англіі і Францыі. Друкаваўся з 1862. Зведаў уплыў Ш.Бадлера і Э.По. У эклозе «Папаўдзённы адпачынак Фаўна» (каля 1865, аднайм.сімф. прэлюдыя К.Дэбюсі, 1892), драм. паэме «Ірадыяда» (1867—69), паэмах «Ігітур» (1869), «Удача ніколі не скасуе выпадку» (1897), зб-ках «Вершы» (1887), «Вершы з нагоды» (1880—98), «Вершы і проза» (1893), вершы «Проза для Дэзесента» (1885) праз полісемічны сімвал, сугестыўнасць імкнуўся да спасціжэння неспасцігальнага, «звышпачуццёвага», таемнай сутнасці быцця. Яго паэзія адметная асацыятыўнасцю, меладычнасцю, адмаўленнем сінтакс. і семантычных норм, насычана інверсіямі, прасякнута характэрнымі для эпохі дэкадансу настроямі тугі, адзіноты, безабароннасці чалавека. Аўтар філал. і гіст. кніг «Англійскія словы» (1878), «Антычныя багі» (1880), зб.тэарэт. прац «Адхіленні» (1897), літ.-крытычных артыкулаў.
Тв.:
Рус.пер. — Собр. стихотворений. М., 1990;
Соч. в стихах и прозе. М., 1995.
Літ.:
Обломиевский Д.Д. Французский символизм. М., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІХАЧО́ВА Таццяна Уладзіміраўна (н. 24.9.1952, г. Валожын, Мінскай вобл.),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (2001). Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1976). З 1972 актрыса Нац.акад.т-ра імя Я.Коласа. Яе мастацтву ўласцівы дакладная распрацоўка характараў, эмац. напоўненасць, сцэн. культура. Сярод роляў: Даміцэля («Залёты» В.Дуніна-Марцінкевіча), Ганна («Сымон-музыка» паводле Я Коласа), Люська, Русалка, Люці («Радавыя», «І быў дзень...», «Люці» А.Дударава), Ульяна («Пакрыўджаныя» Л.Родзевіча), Франя («Пакахай мяне, салдацік» паводле В.Быкава), Ганна («Пад сонцам» В.Маслюка), Соня, Аня («Дзядзька Ваня», «Вішнёвы сад» А.Чэхава), Маша («...Таму што люблю» А.Паповай), Валянціна («Летась у Чулімску» А.Вампілава), Юлька («Адпачынак пасля ранення» В.Кандрацьева), Вольга («Стары дом» А.Казанцава), Зінуля («Зінуля» А.Гельмана), Хвеська («Панначка» Н.Садур), Джульета, Кардэлія («Рамэо і Джульета», «Кароль Лір» У.Шэкспіра), Эйке («Свой востраў» Р.Каўгвера); Данута («Час быка» К.Саі), Маці («Дацкая гісторыя» паводле Х.К.Андэрсена) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСО́ (Rousseau) Анры Жульен Фелікс (Русо Мытнік; 20.5.1844, г. Лаваль, Францыя — 2.9.1910),
французскі жывапісец, прадстаўнік інсітнага мастацтва. Служыў на парыжскай мытні (адсюль мянушка). З 1880-х г. капіраваў карціны ў маст. музеях. З 1886 выстаўляў свае творы ў «Салоне незалежных» і пры падтрымцы постімпрэсіяністаў набыў вядомасць. Творы вызначаюцца наіўнай непасрэднасцю, вобразнай метафарычнасцю, плоскаснасцю і дакладнасцю форм, яркім стракатым каларытам. Аўтар фантаст. карцін, навеяных экзотыкай далёкіх краін: «Цыганка спіць» (1897), «Тыгр атакуе разведчыкаў» (1904), «Адпачынак ільва», «Фламінга» (абедзве 1907), «У трапічным лесе. Бітва тыгра і быка» (1908), «Ягуар нападае на негра» (1909), «Ягуар нападае на каня», «Каскад» (абедзве 1910). Пісаў краявіды Парыжа («Карнавальны вечар», 1886, «Прагулка ў лесе», каля 1886—90; «Від парку Мансуры», 1895; «Булонскі лес», 1898), алегарычныя творы патрыят. тэматыкі («Стагоддзе Незалежнасці», 1892; «Артылерысты», каля 1893; «Вайна», 1894; «Сон», 1910), партрэты, у якіх падкрэслена шматзначнасць асобы, абвостраная сувязь вонкавага аблічча з таемнымі захапленнямі (аўтапартрэт, 1890; «Партрэт Лаці»; «Муза натхняе паэта», 1909), сцэны з нар. жыцця («Вяселле ў вёсцы», 1905) і інш. Пісаў музыку. Творчасць Р. паўплывала на развіццё прымітывізму.