НЮ́ГАРСВАЛ, Нюгарсваль (Nygaardsvold) Юхан (6.9.1879, г. Хомельвік, Нарвегія — 13.3.1952), нарвежскі паліт. і дзярж. дзеяч. У 1916—49 дэп. сторцінга ад Нарв. рабочай партыі (НРП), у 1928 і 1934—35 прэзідэнт сторцінга. У сак. 1935 — чэрв. 1945 прэм’ер-міністр Нарвегіі. Урад Н. засяродзіўся на вырашэнні праблемы беспрацоўя, у т.л. праз дзярж. буд-ва шашэйных дарог і чыгунак, скасаваў антырабочыя законы папярэдніх гадоў, увёў 2-тыднёвы аплатны адпачынак, пашырыў 8-гадзінны прац. дзень на маракоў і с.-г. рабочых, прыняў законы аб пенсіях па старасці і аб ахове працы, увёў абавязковае страхаванне па беспрацоўі; у знешняй палітыцы фактычна прытрымліваўся нейтралітэту. У 2-ю сусв. вайну пасля паражэння нарв. узбр. сіл у ходзе Нарвежскай аперацыі 1940 урад Н. разам з каралеўскай сям’ёй знаходзіўся ў эміграцыі ў Лондане (з чэрв. 1940). З чэрв. 1945 у адстаўцы, адышоў ад актыўнай паліт. дзейнасці.
т. 11, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)