РЭКВІЗІ́ЦЫЯ (ад лац. requisitio патрабаванне),

1) у міжнародным праве — прымусовае аплатнае адабранне розных відаў маёмасці для выкарыстання арміяй варожай дзяржавы. Паводле Гаагскай канвенцыі аб законах і звычаях сухапутнай вайны 1907, Р. могуць рабіцца толькі для патрэб акупацыйнай арміі і не павінны ажыццяўляцца для забеспячэння патрэб ваюючай дзяржавы наогул. Яны павінны адпавядаць сродкам краіны і быць такімі, каб не накладаць на насельніцтва абавязку ўдзельнічаць у ваен. дзеяннях супраць сваёй айчыны. Р. могуць рабіцца выключна камандаваннем акупіраванай мясцовасці (асобныя салдаты і афіцэры неправамоцныя іх патрабаваць) толькі ў той меры, у якой гэта выклікана ваен. неабходнасцю. Усе Р. павінны быць аплачаны наяўнымі грашамі, а ў выпадку, калі гэта зрабіць немагчыма, адабранне належыць засведчыць распіскай, і аплата належнай сумы павінна быць ажыццёўлена па магчымасці ў найхутчэйшы тэрмін.

2) У цывільным праве Рэспублікі Беларусь Р. — адна з падстаў спынення права ўласнасці. Паводле арт. 243 Цывільнага кодэкса ў выпадках стыхійных бедстваў, аварый, эпідэмій, эпізаотый і пры інш. акалічнасцях, што маюць надзвычайны характар, маёмасць у інтарэсах грамадства паводле рашэння дзярж. органаў можа быць забрана ад уласніка ў парадку і на ўмовах, устаноўленых законам, з выплатай яму кошту маёмасці. Ацэнка, па якой уласніку кампенсуецца вартасць рэквізаванай маёмасці, можа быць аспрэчана ім у судзе. Асоба, маёмасць якой рэквізавана, мае права пры спыненні дзеяння акалічнасцей, у сувязі з якімі адбылася Р., патрабаваць праз суд вяртання маёмасці, што захавалася.

Г.​А.​Маслыка.

т. 13, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕПА́РХІЯ (грэч. eparchia),

царкоўна-адм. адзінка (вобласць, зямля, дзяржава), падведамасная епіскапу. Першапачаткова дзярж.-адм. адзінка ў Рымскай імперыі. Калі з 4 ст. царк.-адм. падзел стаў адпавядаць дзярж.-адм. падзелу імперыі, назва «Е.» пачала ўжывацца і хрысціянскай царквой. Складаецца з прыходаў (парафій). Назвы Е. звычайна супадалі з назвамі гарадоў, дзе размяшчаліся епіскапскія кафедры.

Е. на Беларусі ў праваслаўнай царкве на 1997: Брэсцкая (засн. ў 1942. адноўлена ў 1990), Віцебская (засн. ў 1942, адноўлена ў 1992), Гродзенская (засн. ў 1900, адноўлена ў 1992), Гомельская (засн. ў 1990), Магілёўская (засн. ў 1632, адноўлена ў 1989), Мінская (засн. ў 1793), Навагрудская [у 1316 Навагрудак стаў цэнтрам Кіеўскай (Літоўска-Навагрудскай) мітраполіі, у 1992 Е. адноўлена], Пінская (засн. ў 1241, адноўлена ў 1990), Полацкая (засн. ў 992, адноўлена ў 1989), Тураўская (засн. ў 1005, адноўлена ў 1992).

Е. на Беларусі ў рымска-каталіцкай царкве на 1997: Гродзенская (засн. ў 1991), Мінска-Магілёўская (Мінская засн. ў 1798, Магілёўская — у 1773, аб’яднаная Е. адноўлена ў 1991), Пінская апостальская адміністрацыя (засн. ў 1925, адноўлена ў 1991 з падпарадкаваннем Мінска-Магілёўскай Е.).

У грэка-каталіцкай царкве на тэр. Беларусі паміж 1595 і 1839 у розны час існавалі Е.: Кіеўская мітрапаліцкая (з рэзідэнцыяй мітрапалітаў у Вільні і Навагрудку, часам у Варшаве), Беларуская (Полацкая), Брэсцкая (Уладзімірска-Брэсцкая), Літоўская (Віленская), Смаленская, Турава-Пінская. У 1941—42 на акупіраванай тэр. Беларусі дзейнічаў Бел. грэка-каталіцкі экзархат з падпарадкаваннем мітрапаліту галіцкаму на Украіне, але сталая епархіяльная структура ў бел. уніятаў не склалася.

Літ.:

Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Мн., 1990.

т. 6, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́РМЫ САЦЫЯ́ЛЬНЫЯ прадпісанні, агульнапрызнаныя правілы, прынцыпы, узоры паводзін або дзеянняў індывідаў ці груп у грамадстве. Адлюстроўваюць пазітыўныя (прадпісанні) і негатыўныя (забарона) характарыстыкі дзеянняў. На аснове Н.с. забяспечваюцца ўпарадкаванасць, рэгулярнасць сац. ўзаемадзеянняў індывідаў і груп. Паўтаральнасць сац. узаемадзеянняў дае магчымасць індывідам прадбачыць дзеянні іншых удзельнікаў грамадскіх адносін і паводзіць сябе адпаведна. Мараль і права — найб. важныя сферы нарматыўнай рэгуляцыі паводзін і дзеянняў суб’ектаў грамадскіх адносін (гл. Норма права, Нормы маральныя). Н.с. бываюць універсальныя (датычаць кожнага індывіда ў грамадстве) і прыватныя (датычаць пэўнай сферы дзейнасці, статуснай пазіцыі, сац. ролі і інш.), а таксама неразвітыя, «мёртванароджаныя», нормы-фікцыі і нормы-фантомы. Адрозніваюць Н.с. паводле спосабу фіксацыі (фармальныя і нефармальныя, вусныя і пісьмовыя), ступені абагульненасці (узоры пэўнага дзеяння або агульныя прынцыпы дзейнасці), універсальнасці дзеяння (спецыфічныя або агульназначныя правы і абавязкі). Выкананне Н.с. забяспечваецца шляхам іх інтэрналізацыі (ператварэнне знешніх патрабаванняў ва ўласную звычку, патрэбу), якая адбываецца ў працэсе сацыялізацыі індывіда або за кошт інстытуцыялізацыі (уключэнне ў структуру грамадства) і сац. кантролю. Нарматыўная рэгуляцыя бывае традыцыйнай, калі крытычныя адносіны да Н.с., прынятых у дадзеным грамадстве, недапушчальныя або праследуюцца санкцыямі, і рацыянальнай, калі развіццё і абгрунтаванне новых Н.с. становіцца важнай задачай. Новыя Н.с. павінны адпавядаць аб’ектыўным умовам развіцця эканомікі, навукі, грамадства і інш. Адсутнасць або знікненне Н.с. наз. анаміяй (паводле Э.​Дзюркгейма), іх парушэнне — дэвіяцыяй (гл. Дэвіянтныя паводзіны).

Літ.:

Бобнева М.И. Социальные нормы и регуляция поведения. М., 1978;

Плахов В.Д. Социальные нормы: Филос. основания общей теории. М., 1985;

Пеньков Е.М. Социальные нормы: основания общей теории. М., 1985.

Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 11, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРТЫФІКА́ЦЫЯ (ад сертыфікат),

сістэма захадаў і дзеянняў, якія пацвярджаюць, што фактычная характарыстыка прадукту адпавядае патрабаванням міжнар. стандартаў, рэкамендацыям або інш. дакументам, якія існуюць на сусв. рынку ці ў асобнай краіне. Служыць сродкам абароны пакупнікоў ад з’яўлення на рынку тавараў, што могуць пагражаць здароўю людзей або навакольнаму асяроддзю. Часта ўжываецца ў міжнар. гандлі як нетарыфны бар’ер для абароны нац. рынку ад засілля імпартных тавараў. Адрозніваюць самасертыфікацыю, якая ажыццяўляецца прадпрыемствам-вытворцам або іх аб’яднаннямі, і С., якую выконвае трэцяя асоба. Асн. ўмовы самасертыфікацыі: прадукт павінен цалкам адпавядаць патрабаванням стандартаў, тэхн. умоў, дагавораў і інш. дакументаў; высокі ўзровень сістэмы комплексных выпрабаванняў і кантролю якасці ад сыравіны да ўпакоўкі і маркіроўкі тавараў; адказнасць (у т. л. юрыдычная) вытворцы за якасць С. і дакладнасць сертыфіката; даступнасць пакупнікоў да інфармацыі аб метадах выпрабаванняў, аб сістэме кантролю за якасцю вырабу. С. трэцяй асобай ажыццяўляецца сертыфікацыйным цэнтрам краіны, які не мае дачыненняў ні да вытв-сці, ні да пастаўкі дадзенага тавару. Перавагі такой С.: незалежнасць, аднолькавасць патрабаванняў да прадукту і сістэм кантролю, раўнапраўе бакоў, зацікаўленых у С.

На Беларусі С. ажыццяўляецца Камітэтам па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, дзейнічае Нац. сістэма С. — БелСТ. Яна прадугледжвае: С. прадукцыі, паслуг, сістэм якасці і персаналу; інспекцыйны кантроль; падрыхтоўку і атэстацыю экспертаў-аўдытараў; вядзенне рэестра БелСТ, а таксама дзярж. кадастру службовай і грамадз. зброі і інш. Прадпрыемствам, што сертыфікавалі сваю прадукцыю ў БелСТ, даецца права яе маркіроўкі знакам адпаведнасці.

М.​П.​Мацвейка, З.​Я.​Ягорава.

т. 14, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭМАТЫ́ЧНАЯ ЛІНГВІ́СТЫКА,

матэматычная дысцыпліна, якая распрацоўвае фармальны апарат для апісання будовы натуральных і некаторых штучных моў. Развіваецца ў цесным узаемадзеянні з мовазнаўствам. Узнікла ў 1950-я г. ў сувязі з унутр. патрэбамі лінгвістыкі і развіццём аўтам. перакладу (гл. Машынны пераклад). Мае 2 лінгвістычныя аспекты: інфарматыка для лінгвістыкі — выкарыстанне статыстыкі, тэорыі кадзіравання, розных галін матэматыкі (напр., фактарнага аналізу) пры вырашэнні ўласна лінгвістычных задач (апрацоўка тэкстаў натуральнай мовы пры дапамозе камп’ютэрнай тэхнікі); лінгвістыка для інфарматыкі — цыкл даследаванняў у рамках інтэлекту штучнага, накіраваны на аўтам. або аўтаматызаванае рашэнне задач, якія да гэтага часу рашаліся выключна чалавекам. Апошняя развіваецца пераважна бел. лінгвістычнай школай. Да матэм. метадаў у лінгвістыцы адносяць тэорыю фармальных граматык, лінгвастатыстыку, семантычнае кадзіраванне. Яны дапамагаюць фармалізацыі семантыкі і сінтаксісу натуральных моў і іх статыстычнай апрацоўцы, у выніку чаго атрымліваюць дакладныя фармулёўкі найб. агульных правіл функцыянавання мовы, т.зв. універсаліі. Статыстычная апрацоўка тэкстаў рэалізуецца ў канкардансах (паказальніках слоў у выглядзе прамога, зваротнага, частотнага, камбінаторнага спісаў слоў і іх тэкставых прадстаўленняў). Семантычнае кадзіраванне дазваляе фармалізаваць інфармацыйны пошук у разнастайных тэкстах, атрымаць магчымасць фармальнага вырашэння задач. Ва ўсіх даследаваннях з выкарыстаннем матэм. метадаў у мовазнаўстве ўжываецца новая камп’ютэрная тэхніка, якая дапамагае аналізаваць вял. тэкставыя масівы ў аўтам. рэжыме. Ствараюцца таксама розныя варыянты кананізаванай мовы для прамых зносін камп’ютэра і чалавека, іх інтэрфейс. Кананізацыя мовы павінна адпавядаць моўным заканамернасцям, якія дапамагаюць забяспечыць адпаведнае разуменне тэкстаў. Семантычнае кадзіраванне абапіраецца на некаторыя тыпы алгебры, што дазваляе фармалізаваць адпаведнасць тэкстаў натуральнай мове. Агульная тэндэнцыя ідзе ў кірунку стварэння сістэм штучнага інтэлекту.

Літ.:

Гладкий А.В., Мельчук И.А. Элементы математической лингвистики. М., 1969;

Лесохин М.М., Лукьяненков К.Ф., Пиотровский Р.Г. Введение в математическую лингвистику. Мн., 1982;

Арапов М.В. Квантитативная лингвистика. М., 1988;

Мартынаў В.У., Шуба П.П., Ярмаш М.І. Марфемная дыстрыбуцыя ў беларускай мове: Дзеяслоў. Мн., 1967;

Плотников Б.А. Дистрибутивно-статистический анализ лексических значений. Мн., 1979;

Мартынов В.В. Принципы объективной семантической классификации // Полилог. Мн., 1998. Вып. 1.

В.​У.​Мартынаў.

т. 10, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКІ АЛФАВІ́Т,

сукупнасць графічных знакаў (літар), прынятых у пісьмовай рускай мове і размешчаных у пэўным парадку. Узнік у выніку ўдасканалення кірыліцы і ў ранні перыяд выкарыстоўваў усе яе літары. У працэсе развіцця літарны склад алфавіта перастаў адпавядаць гукавой сістэме: адпала патрэба ў дуплетных літарах (як і ў беларускім алфавіце), з’явілася неабходнасць у графічных сродках для перадачы зычнага j, гукаў «о» пасля мяккіх і «е» пасля цвёрдых зычных.

Важным этапам ва ўдасканаленні Р.а. з’явілася рэформа Пятра I (1708—10), у выніку якой створаны рус. грамадзянскі шрыфт; з мэтай прыстасаваць царк.-слав. шрыфты для свецкіх выданняў былі выключаны літары ѡ, ѫ, ꙋ, ѯ, ѱ; літары ѩ і ѧ заменены літарай «я», уведзена літара «э». Літару «ё» у 1797 ужыў М.​Карамзін замест злучэння «іо». Канчаткова склад Р.а. вызначыла рэформа правапісу 1917—18: са складу алфавіта былі выключаны літары ѣ, Θ, і, Ү. Кірыліцкія назвы літар («аз», «буки», «веди» і г.д.) заменены сучаснымі з мэтай палегчыць працэс навучання грамаце.

Сучасны Р.а. складаецца з 33 літар, 20 з іх перадаюць зычныя гукі: Бб, Вв, Гг, Дд, Жж, Зз, Кк, Лл, Мм, Нн, Пп, Рр, Сс, Тт, Фф, Хх, Цц, Чч, Шш, Щщ, 10 — галосныя: Аа, Ээ, Оо, Ыы, Ии, Уу або спалучэнні j+галосны: Яя, Ее, Ёё, Юю; літара «й» перадае j; «ь» і «ъ» не абазначаюць асобных гукаў. Ужыванне літары «ё» ў друку не з’яўляецца абавязковым, яна ўжываецца пераважна ў слоўніках і вучэбнай л-ры. Усе літары выразна адрозніваюцца паміж сабой, могуць ужывацца ў друкаваным і рукапісным выглядзе, маюць вялікую і малую формы. Р.а. зрабіў уплыў на бел. алфавіт, а таксама на некат. інш. мовы, якія маюць пісьменнасць на аснове кірыліцы.

Літ.:

Истрин В.А. 1100 лет славянской азбуки. М., 1963;

Мусаев К.М. Алфавиты языков народов СССР. М., 1965;

Шицгал А.Г. Русский типографский шрифт. 2 изд. М., 1985.

А.​М.​Булыка.

т. 13, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЧАІ́СНАСЦЬ,

аб’ектыўна рэальнае, актуальнае і наяўнае быццё. Р. адрозніваюць ад ідэальнага, нерэчаіснага зместу чалавечых вобразаў і паняццяў і патэнцыяльнага, магчымага быцця, якое яшчэ не ўзнікла, не стала наяўным. Складаецца са шматлікай колькасці матэрыяльных прадметаў, з’яў, рэчаў з іх уласцівасцямі і адносінамі, якія знаходзяцца ў працэсах развіцця і змен. Да Р. адносяцца і прыродныя, і грамадска-гіст. з’явы, у т. л. каштоўнасці матэрыяльнай і духоўнай культуры. Таксама ўключае псіхафізіял. ўласцівасці людзей (магчымасць адлюстроўваць з’явы свету ў форме адчуванняў і звязаныя з імі ўспрыняцце, уяўленні, паняцці, меркаванні, тэорыі і інш.), але ідэальны змест гэтых уласцівасцей да Р. не адносіцца: ён можа адпавядаць Р. ці скажаць правільнае ўяўленне аб ёй. Крытэрыем правільнага адлюстравання Р. ў ідэях з’яўляецца практыка.

Катэгорыя Р. выкарыстоўвалася яшчэ ў стараж.-грэч. філасофіі. Дэмакрыт проціпастаўляў Р. як «свет па ісціне» «свету па меркаванні». Платон разглядаў Р. як свет ідэальных сутнасцей, процілеглы пачуццёваму свету. У філасофіі 16—18 ст. Р. тлумачылася як сукупнасць матэрыяльных цел, якія аб’ектыўна існуюць у прасторы і часе і наглядна дадзены чалавеку ў адчуваннях. Г.В.​Ф.​Гегель прызнаваў у якасці Р. абсалютныя паняцці, якія аб’ектыўна існуюць і дыялектна развіваюцца ў сусв. розуме. Рас. філосафы М.​А.​Бярдзяеў, С.​Л.​Франк разглядалі Р. як абсалютнае (Божае) быццё і лічылі, што яго нельга даказаць, але трэба першапачаткова зыходзіць з яго; разам з тым яны прызнавалі першаснасць прадметнага быцця і сцвярджалі, што ўкаранёнасць чалавека ў гэтым быцці робіць магчымай яго свядомасць. Прадстаўнікі экзістэнцыялізму разглядалі Р. як перажыванне чалавекам свайго існавання. Бельг. фізік і філосаф І.​Р.​Прыгожын распрацаваў сінергетычны падыход у разуменні Р., якую разглядаў як самарэгулюемую сістэму, што грунтуецца на ўзаемапераходных працэсах хаосу і парадку, няўстойлівасці і ўстойлівасці, дэзарганізацыі і арганізацыі. Паняцце «Р.» цесна звязана з катэгорыяй магчымасці, якая з’яўляецца патэнцыяльнай Р., перадумовай Р. У развіцці пэўных з’яў Р. змешчана мноства нерэалізаваных магчымасцей. Іх рэалізацыя залежыць ад канкрэтных умоў, а часта ад выпадковых абставін развіцця Р. (гл. Магчымасць і рэчаіснасць). Працэсы рэалізацыі магчымасцей у Р. як самарэгулюемай сістэме даследуюцца ў сінергетыцы.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 14, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПАРТЫ́ЎНЫ ІНВЕНТА́Р І АБСТАЛЯВА́ННЕ Вырабляюцца па стандартах, зацверджаных міжнар. або нац. (для нац. відаў спорту) спарт. федэрацыямі і зарэгістраваныя ў міжнар. арг-цыях. Асн. групы: адзенне (форма), абутак, снарады (апараты), інвентар і апаратура для абсталявання спарт. збудаванняў і абслугоўвання спаборніцтваў.

Існуе больш за 200 відаў спарт. адзення і больш за 60 відаў абутку, прызначаных для трэніровак і спаборніцтваў. Яны павінны адпавядаць спартыўна-гігіенічным і эстэт. патрабаванням. У некат. відах спорту (напр., у аўта- і мотаспорце, гарналыжным, падводным, фехтаванні, хакеі і інш.) састаўной ч. вопраткі-формы з’яўляецца ахоўны і засцерагальны рыштунак: акуляры, маскі, пальчаткі (у т. л. баксёрскія), шлемы, камізэлькі, цяжкаатлетычныя паясы і інш. Асобныя віды спарт. абутку таксама маюць спец. прылады: амартызатары, накладкі, узмацняльнікі, шыпы і інш. Да спарт. снарадаў адносяць: біты для спарт. гульняў, клюшкі, мячы, ракеткі, спарт. зброю (наразныя і пнеўматычныя вінтоўкі, пісталеты, стэндавыя ружжы, лукі, шаблі, рапіры, шпагі), лёгкаатлетычныя дыскі, коп’і, молаты, ядры, шасты, цяжкаатлетычныя штангі і гіры, гімнастычныя брусы, бумы, кольцы, перакладзіны і інш., а таксама абручы, мячы, скакалкі, стужкі для маст. гімнастыкі, батуты, канькі (бегавыя, для фігурнага катання, ролікавыя, хакейныя), лыжы (водныя, гоначныя, горныя, скачковыя) і інш. Да спарт. снарадаў адносяць таксама трэнажоры, катапульты, цэнтрыфугі, эспандэры і інш. комплексныя трэніровачныя апараты. Асобную групу складаюць снарады-апараты: веласіпеды (горныя, трэкавыя, шашэйныя, тандэмы), матацыклы (іпадромныя, кросавыя, рэкордна-гоначныя, шашэйныя), аўтамабілі (багі, карты, рэкордна-гоначныя і інш.), лодкі (акад. судны, байдаркі, каноэ), скутэры, яхты, буеры, санкі, планёры, спарт. самалёты. Спарт. абсталяванне ўключае рознага тыпу вароты, сеткі, стойкі, шчыты, баксёрскія рынгі, барцоўскія і гімнастычныя дываны, памосты, інш. прылады для аснашчэння спарт. арэн. Да спарт. абсталявання ў шырокім сэнсе адносяць таксама судзейска-інфарм. і медыка-біял. апаратуру, спец. тэхніку для абслугоўвання спарт. збудаванняў (велаэргометры, газааналізатары, фотафінішы, электракардыёграфы, эл. і электронныя табло і інш.), лёдаўборачныя камбайны, бугельныя і крэславыя пад’ёмнікі для гарналыжнікаў, ратракі-трактары з навясным абсталяваннем для падрыхтоўкі лыжных трас, абсталяванне для вырабу штучнага снегу і інш. Буйнейшыя вытворцы спарт. інвентару: фірмы «Адзідас», «Берг», «Пума» (Германія), «Фішэр», «Кэстле» (Аўстрыя), «Данлап», «Умбра» (Вялікабрытанія), «Карху», «Коха» (Фінляндыя), «Рыбак», «Найк» (ЗША) і інш.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 15, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАШЫ́ННА-ТРА́КТАРНЫЯ СТА́НЦЫІ (МТС),

у СССР у 1928—58 дзярж. форма арганізацыі тэхн. базы калгасаў і кіраўніцтва іх працай, вытв-сцю, размеркаваннем прыбытку, здачай (продажам) дзяржаве таварнай ч. прадукцыі. Былі сродкам сац. рэканструкцыі сельскай гаспадаркі, важнейшымі цэнтрамі разгортвання масавага калгаснага руху — аб’яднання сял. гаспадарак у калгасы (калектывізацыі, «бальшавізацыі» калгасаў, барацьбы з антысацыяліст. сіламі вёскі). З мэтай узмацнення гэтай ролі ў МТС ствараліся палітычныя аддзелы. У МТС былі сканцэнтраваны перадавыя на той час прылады с.-г. вытв-сці і працы (трактары, камбайны, складаныя малатарні, аўтамабілі, машыны з прычапным інвентаром і інш.), з дапамогай якіх яны выконвалі ў адпаведнасці з дагаворамі палявыя і стацыянарныя работы ва ўсіх галінах калгаснай гаспадаркі. Першая МТС у СССР (Шаўчэнкаўская) арганізавана ў Адэскай вобл. на Украіне ў канцы 1928.

1-я на Беларусі МТС — Койданаўская (з 1932 Дзяржынская), арганізавана ў лют. 1930 паводле рашэння ЦК КП(б)Б і СНК БССР, мела 33 трактары. Усяго на працягу 1929—32 у БССР створана 57 МТС з 1469 трактарамі і наборам інш. с-г. машын. У 1957 на Беларусі дзейнічала 343 МТС, якія мелі 33,8 тыс. трактароў (у пераліку на 15-сільныя). МТС з’яўляліся матэрыяльнай асновай пашырэння пераважна натуральнай (не рыначнай) формы эканам. адносін паміж калгаснай і дзярж. сістэмамі, дырэктыўнага планавання калгаснай вытв-сці. З часам МТС перасталі адпавядаць патрэбам развіцця прадукцыйных сіл сельскай гаспадаркі, стрымлівалі магчымасці ў эфектыўным выкарыстанні кваліфікаваных кадраў, зямельных угоддзяў, тэхнікі. Машынны парк у многіх МТС выкарыстоўваўся малапрадукцыйна, планы трактарных работ і дагаворныя абавязацельствы з калгасамі не заўсёды выконваліся. МТС матэрыяльна не былі зацікаўлены ў павелічэнні ўраджаяў, росце вытв-сці прадукцыі, бо асн. паказчыкам ацэнкі іх працы з’яўляўся аб’ём выкананых работ. Ва ўмовах, калі тэхнікай і механізатарамі, што яе абслугоўвалі, распараджаліся МТС, а зямлёй і пераважнай большасцю рабочай сілы — калгасы, пашырылася абязлічка і безадказнасць у арганізацыі вытв-сці, рацыянальным выкарыстанні зямлі і тэхнікі. Паводле пастановы лютаўскага (1958) пленума ЦК КПСС і адпаведнага рашэння Вярх. Савета СССР у 1958 парадак вытв.-тэхн. абслугоўвання калгасаў зменены: МТС рэарганізаваны ў рамонтна-тэхн. станцыі (РТС), а тэхніку пачалі прадаваць калгасам.

Літ.:

Арутюнян Ю.В., Вылцан М.А. Историческая роль МТС и их реорганизация. М., 1958;

Победа колхозного строя в Белорусской ССР. Мн., 1981.

А.​М.​Сарокін.

т. 10, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУСВЕ́ТНАЯ СПА́ДЧЫНА,

прыродныя аб’екты і помнікі культуры краін і народаў свету, якія маюць унікальную каштоўнасць, з’яўляюцца здабыткам усяго чалавецтва і падлягаюць калектыўнай адказнасці за іх захаванне. У рамках Канвенцыі аб ахове культ. і прыроднай спадчыны, прынятай Ген. канферэнцыяй ЮНЕСКА (1972, дакумент набыў сілу ў 1975, калі колькасць дзяржаў-бакоў дасягнула 20), дзейнічае Камітэт С.с. з прадстаўнікоў 21 краіны. На падставе вызначаных крытэрыяў ён разглядае унікальныя культ. і прыродныя аб’екты і ўключае іх у спіс С.с. Помнікі культуры С.с. павінны адпавядаць наступным крытэрыям: складаць унікальны ансамбль; быць аб’ектам, які значна паўплываў на жыццё краіны; служыць сведчаннем зніклай цывілізацыі; ілюстраваць пэўны важны перыяд у гісторыі дзяржавы ці народа; з’яўляцца унікальным узорам традыц. ладу жыцця; звязаны з ідэямі або вераваннямі, што маюць сусв. значэнне. Прыродныя аб’екты С.с. павінны: ілюстраваць пэўны этап эвалюцыі Зямлі; наглядна адлюстроўваць сучасныя геал. працэсы; быць унікальнымі прыроднымі аб’ектамі, выключнымі сваёй прыгажосцю; з’яўляцца месцам пражывання знікаючых відаў раслін і жывёл. Шэраг помнікаў і аб’ектаў, уключаных у спіс С.с., адпавядае некалькім названым крытэрыям. Кожная дзяржава, што падпісала Канвенцыю, падае ў к-т пералік культ. і прыродных каштоўнасцей, якія маюць агульначалавечае значэнне. Гэтым яна бярэ на сябе абавязак ахоўваць названыя нац. скарбы. Калі К-т уносіць іх у спіс, у рамках Фонду С.с., заснаванага Канвенцыяй, дзяржава можа ў той ці іншай форме атрымаць дапамогу для забеспячэння захаванасці помніка ці аб’екта. Фонд фарміруецца з узносаў дзяржаў-бакоў і грашовых сум, унесеных краінамі, установамі і прыватнымі асобамі. З яго сродкаў аказваецца матэрыяльная і тэхн. дапамога краінам, якім яна патрэбна, а таксама фінансуецца падрыхтоўка спецыялістаў. Да Канвенцыі далучыліся (2000) 122 краіны, у т. л. Беларусь (з 1988). У спіс С.с. (вядзецца ў алфавітным парадку) уключаны 690 аб’ектаў (529 культурных, 138 прыродных, 23 мяшаныя), сярод іх асобныя арх. збудаванні і ансамблі — Афінскі акропаль, Ам’енскі сабор, Шартрскі сабор, Кіеўскі Сафійскі сабор; гіст. цэнтры Варшавы, Вільнюса, Рыгі, Крэмль Маскоўскі і Красная плошча (Расія); гарады — Бразілія, Венецыя і інш.; нац. паркі — Вялікага Бар’ернага Рыфа (Аўстралія), Белавежскі нацыянальны парк (Польшча) і інш. На Беларусі ў спіс С.с. ўключаны Белавежская пушча (1979) і Мірскі замкава-паркавы комплекс (2000).

Літ.:

Кисель В.П. Памятники Всемирного наследия. 2 изд. Мн., 2001.

В.​П.​Кісель.

т. 15, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)