ГОМАЦЭНТРЫЧНЫ ПУЧО́К прамянёў,

пучок светлавых прамянёў, якія (самі або іх прадаўжэнні) перасякаюцца ў адным пункце. Хвалевая паверхня, што адпавядае гомацэнтрычнаму пучку, — сфера, яе цэнтр — пункт перасячэння гомацэнтрычнага пучка. Відарыс аптычны будзе дакладна адпавядаць арыгіналу (кожнаму пункту арыгінала адпавядае пэўны пункт відарыса), калі гомацэнтрычны пучок пасля праходжання праз аптычную сістэму пераўтвараецца ізноў у гомацэнтрычны.

т. 5, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБО́ЧАЕ МЕ́СЦА,

адпаведна абсталяваная прасторавая зона знаходжання работніка, дзе адбываецца яго працоўная дзейнасць. Класіфікуюцца паводле колькасці выканаўцаў (індывідуальныя і калектыўныя), тыпу вытв-сці (адзінкавыя, серыйныя і масавыя), узроўню механізацыі (ручныя, механізаваныя і аўтаматызаваныя) і інш. Павінна адпавядаць сан. нормам, інструкцыям і правілам па эксплуатацыі абсталявання, тэхніцы бяспекі, эрганоміцы, прамысл. эстэтыцы, займаць дастатковую прастору, мець аптымальна размешчаныя арганізац. і тэхн. сродкі, сістэмы сігналізацыі і сувязі.

т. 13, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫЯ НЯЎРА́ДАВЫЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ,

міжнародныя аб’яднанні нац. груп, саюзаў і прыватных асоб няўрадавага характару, створаныя імі з мэтай спрыяння міжнар. супрацоўніцтву ў паліт., эканам., навук.-тэхн., культурнай, гуманітарнай і інш. галінах чалавечай дзейнасці. Такія аб’яднанні павінны адпавядаць наст. крытэрыям: ажыццяўляць сваю дзейнасць у больш чым 2 дзяржавах, быць міжнароднымі паводле сваіх мэт, складу членаў, структуры і фін. падтрымцы. У наш час у свеце існуе больш за 3 тыс. М.н.а.

т. 10, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНЫ ЎЗРО́СТ,

паказчык, які характарызуе пэўны этап развіцця арганізма з уласцівай яму сукупнасцю абменных, марфал., функцыян. і рэгулятарных асаблівасцяў і адаптыўных магчымасцяў, якія мяняюцца з цягам часу. Вызначаецца станам скуры і яе вытворных, зубоў, ступенню акасцянення шкілета, вастрынёй зроку, дыяпазонам акамадацыі хрусталіка і інш. Біялагічны ўзрост можа не адпавядаць храналагічнаму — апярэджваць ці адставаць ад яго. Тэмп біял. узроставых змен залежыць ад спадчыннасці і ўмоў навакольнага асяроддзя (для чалавека — умовы быту, харчаванне, прафес. шкоднасці, хранічныя інтаксікацыі алкаголем, наркотыкамі, нікацінам і інш.).

т. 3, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВЕСТЫЦЫ́ЙНЫ ІНСТЫТУ́Т,

арганізацыя або ўстанова (кампанія, фонд, карпарацыя і інш.), якая займаецца пасрэдніцкай або кансультатыўнай дзейнасцю на рынку каштоўных папер. Заснавальнікамі І.і. могуць быць юрыд. і фіз. асобы, у т. л. і замежныя. У якасці І.і. могуць выступаць камерцыйныя банкі. І.і. павінен атрымаць спец. ліцэнзію, адпавядаць устаноўленым кваліфікацыйным патрабаванням, мець мінімальны неабходны статутны фонд. У выпадку аб’явы ін-та неплацежаздольным, усе працуючыя ў ім спецыялісты аўтаматычна пазбаўляюцца кваліфікацыйных атэстатаў і могуць прыступіць да такой работы ў інш. І.і. толькі пасля паўторнага атрымання спец. атэстата.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ЛЬНЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,

магматычныя метасаматычныя горныя пароды, якія залягаюць у выглядзе жыл, даек і інш. дробных цел, цесна звязаных з інтрузіўнымі масівамі. Утвараюцца пры застыванні магмы ў шчылінах зямной кары. Іх склад можа адпавядаць пародам буйных інтрузій (гл. Інтрузіўныя горныя пароды) або значна адрознівацца ў выніку працэсаў дыферэнцыяцыі магмы і ўзаемадзеяння яе з прылеглымі горнымі пародамі. Сярод Ж.г.п. вылучаюць меланакратавыя, абагачаныя цемнаколернымі мінераламі (керсантыт, спесартыт і інш.), і лейкакратавыя, складзеныя пераважна з светлаколерных мінералаў (апліт, пегматыт, плагіяклазіт і інш.). З Ж.г.п. звязаны радовішчы золата, свінцова-цынкавых руд, вальфраму, ртуці і інш. Трапляюцца ў крышт. фундаменце Беларусі.

У.​Я.​Бардон.

т. 6, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСЕ́ННЫ ФОНД,

запас адборнага насення с.-г. культур для сяўбы. Ствараецца з ураджаю насенных участкаў гаспадаркі. Пры яго недахопе ў Н.ф. засыпаюць насенне з найб. ураджайных участкаў вытв. пасеваў. Засыпку ў Н.ф. завяршаюць праз месяц пасля збору ўраджаю. Насенне павінна адпавядаць пасяўным стандартам і захоўвацца ў адпаведных умовах у насеннясховішчах.

Разам з асн. у гаспадарцы ствараюцца страхавы і пераходны Н.ф. Страхавы фонд непарушны, абнаўляецца штогод. Ствараецца на выпадак стыхійных бедстваў для перасеву загінуўшага насення (да 15% ад асн. Н.ф.). Пераходны фонд ствараецца для азімых культур У раёнах з кароткім перыядам паміж уборкай і сяўбой.

т. 11, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАБХО́ДНАЯ АБАРО́НА ў крымінальным праве,

насільныя дзеянні супраць асобы, якая ўчыняе небяспечны проціпраўны замах на інтарэсы дзяржавы, грамадства або асобу і правы таго, хто абараняецца, ці інш. асобу. З’яўляецца акалічнасцю, якая выключае злачыннасць дзеяння, і паводле арт. 34 КК Рэспублікі Беларусь не цягне за сабой крымін. адказнасці. Права на Н.а. маюць усе асобы незалежна ад іх прафес. або інш. спец. падрыхтоўкі, службовага становішча і незалежна ад магчымасці пазбегнуць замаху якім-н. інш. шляхам. Шкода, якая прычыняецца ў выніку Н.а., павінна адпавядаць характару і ступені небяспекі і акалічнасцям, пры якіх небяспека ўстаранялася.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 11, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДРАСНАЯ МО́ВА ў вылічальнай тэхніцы,

фармальная мова для апісання працэсаў пераўтварэння інфармацыі ў ЭВМ. Кожны элемент інфармацыі адпавядае пэўнаму адрасу (напр., нумару ячэйкі памяці ЭВМ); некаторыя адрасы могуць адпавядаць інш. адрасам. Напр., калі элемент інфармацыі (адрас) b адназначна адпавядае адрасу a, то ў адраснай мове гэта запісваецца формулай a=b (адрасная функцыя). Вылічэнне новых значэнняў і іх засылка на пэўныя адрасы задаюцца адраснай формулай (2 адрасныя функцыі, злучаныя знакам засылкі =>). Запіс b => a азначае, што элемент b засылаецца на адрас a, пасля чаго a=b. Адрасны алгарытм (паслядоўнасць адрасных формул і інш. сімвалаў) спец. праграмамі-транслятарамі пераўтвараецца ў праграму на мове ЭВМ.

т. 1, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́Р у цывільным праве,

пагадненне дзвюх ці больш асоб пра ўстанаўленне, змяненне або спыненне грамадзянскіх правоў і абавязкаў (пазыка, купля-продаж, даручэнне, падрад і інш.). Паводле цывільнага права Рэспублікі Беларусь дагавор можа быць заключаны ў вуснай, пісьмовай або натарыяльнай форме. Дагавор павінен адпавядаць абавязковым для яго ўдзельнікаў правілам, устаноўленым законам і інш. прававымі актамі, што дзейнічаюць на момант яго заключэння. Некаторыя віды дагавора патрабуюць рэгістрацыі ў адпаведных дзярж. органах (напр., належна аформлены дагавор куплі-продажу жылога дома павінен быць зарэгістраваны ў выканаўчым к-це мясц. Савета дэпутатаў). Дагавор набывае сілу з моманту яго заключэння. Парадак заключэння і выканання дагавора рэгулюецца грамадзянскім кодэксам.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 5, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)