драпежная птушка сям. ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў Еўразіі. Жыве ў вял. масівах высакастволых увільготненых лісцевых і мяшаных лясоў каля вадаёмаў. На Беларусі адзначаны ў паўд., усх. і паўн. частках; рэдкі від, занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела каля 75 см, маса каля 3,2 кг, самкі большыя за самцоў. Апярэнне аднатоннае, цёмна-бурае, патыліца і надхвосце святлейшыя. Дзюба і кіпцюры чорныя. Васкавіца і ногі жоўтыя. Цэўка аперана да пальцаў. Гнёзды на вял. дрэвах, на выш. 12—20 м, выкарыстоўвае некалькі гадоў запар. Выседжвае 1—3 птушанят. Корміцца пераважна дробнымі грызунамі, птушкамі, жабамі, насякомымі. Добра пераносіць няволю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЖДЖАВІ́К (Lycoperdon),
род базідыяльных грыбоў-гастэраміцэтаў парадку дажджавіковых. Каля 50 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі найб. вядомыя Д. жамчужны, або шыпаваты, ці сапраўдны (L. perlatum), Д. грушападобны (L. pyriforme), таксама адзначаны Д. маленькі (L. pusillum), Д. імшысты (L. muscorum), Д. вожыкападобна-калючы (L. echinatum). Ядомыя ў маладым узросце.
Пладовыя целы шара-, груша-, галоўчатападобныя, сядзячыя або з несапраўднай ножкай, з белымі ніткамі міцэлію каля асновы, дыям. 1—20 см. Абалонка (перыдый) 2-слаёвая. Вонкавы слой шыпаваты, ігольчасты, дробнабародаўчаты, лёгка ападае, унутраны — буры, падобны на паперу. Глеба (мякаць) белая, мяккая, пры выспяванні бледна-аліўкавая, парашкаватая. Споры шарападобныя, гладкія або бародаўчатыя, часам з доўгімі прыдаткамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЭ́ЦКАЯ СУКО́ННАЯ ФА́БРЫКА.
Дзейнічала ў в. Парэчча Пінскага пав. (цяпер у Пінскім р-не Брэсцкай вобл.) у 1836—1916. Выпускала трыко, тонкую шарсцяную тканіну, двайное сукно. У 1879 працавала 420 рабочых. У 1895 былі 3 (у 1900—4) паравыя машыны і паравыя катлы, 3400 ткацкіх верацён і інш. У некаторыя гады ф-ка выпускала да 230 тыс. аршынаў сукна і трыко. Прадукцыю збывалі ў Маскву, Пецярбург, Варшаву, Вільню, Кіеў, Адэсу, Беласток, Мінск. На выстаўках вырабы ф-кі былі адзначаны сярэбраным (Парыж, 1878) і залатым (Масква, 1882) медалямі. Пры фабрыцы было вучылішча, 4 казармы для сямейных, 4 інтэрнаты, бальніца, прадуктовая крама.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯГА́НКІ (Tadorna),
род птушак сям. качыных. 7 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Аўстраліі, Афрыцы. Жывуць на марскіх узбярэжжах, у стэпавых, паўпустынных і пустынных ландшафтах па берагах азёр. Гняздуюцца ў норах, расколінах скал, пакінутых пабудовах, часам у кустоўі. На Беларусі адзначаныагар і П. звычайная (T. tadoma) — вельмі рэдкі гняздуючы і зімуючы від. П. хахлатая (T. cristata) у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 60 см, маса да 1,65 кг. Афарбоўка пярэстая (рус. «пегая» — адсюль назва); спалучэнне белага, чорнага і рыжага колераў. Кормяцца пераважна расліннасцю, дробнымі беспазваночнымі. Манагамы. Нясуць да 12 (зрэдку да 18) яец. Аб’екты палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЕТО́ПСІС (Boletopsis),
род базідыяльных грыбоўсям. балетопсідных. Вядомы 1 цыркумпалярны від — балетопсіс малалускаваты (Boletopsis subsquamosa). Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя Антарктыды. На Беларусі як вельмі рэдкі адзначаны ў Бярэзінскім запаведніку і Лагойскім раёне Мінскай вобласці. Расце на перагнойнай глебе ў хвойніках. Пладовыя целы з’яўляюцца ў вер.—кастрычніку. Малавядомы ядомы грыб.
Пладовае цела ў выглядзе шапкі на ножцы. Шапка дыям. 5—10 см, паўшарападобная, мясістая, пазней плоскапукатая, у цэнтры злёгку ўціснутая, матавая, брудна-шэрая, пры дакрананні цёмна-бурая. Гіменафор трубчасты: трубачкі белыя ці шараватыя. Поры круглаватыя, з узростам вуглаватыя, іншы раз лабірынтападобныя, зубчастыя. Ножка цэнтральная або эксцэнтрычная, да асновы ўздутая. Тканка (трама) белая, пры націсканні і засыханні набывае колер. Споры вуглаватыя, бясколерныя або буравата-дымчатыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАТАЛІ́ЙСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е,
унутраная ч.Малаазіяцкага нагор’я, у Турцыі. Даўж. каля 700 км (з З на У), шыр. 400 км (з Пн на Пд). На Пн абмежавана Пантыйскімі гарамі, на Пд — гарамі Таўр. Паверхня выраўнаваная, слаба расчлянёная, пераважныя выш. 800—1500 м, найб. — 3916 м (вулкан Эрджыяс). Складзена ў асн. з асадкавых парод, адзначаны праяўленні вулканізму. Радовішчы бурага вугалю. Клімат субтрапічны, кантынентальны. Ападкаў ад 200 да 500 мм за год, максімальныя — вясной. Анаталійскае пласкагор’е перасякаюць рэкі Кызыл Ірмак, Сакар’я і інш. Ёсць саланчакі і салёныя азёры (воз. Туз і інш.). Глебы шэрыя і бурыя. Расліннасць — сухі палынова-злакавы стэп (у гарах) і паўпустыні з зараснікамі калючых падушкападобных хмызнякоў. Аазіснае земляробства, жывёлагадоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РКУТ (Aquila chrysaëtos),
драпежная птушка сям. ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў лясных, горных і пустынных раёнах Еўразіі, Паўн. Афрыкі, Паўн. Амерыкі. На Беларусі вельмі рэдкі від, адзначаны ў Бел. Паазер’і і на Палессі. У час вандровак і пралёту трапляецца часцей. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. 80—95 см, размах крылаў да 2 м, маса да 6,5 кг. Самкі большыя за самцоў. Апярэнне цёмна-бурае, знізу святлейшае з дамешкам залаціста-рыжаватага колеру. Пер’е на патыліцы і ззаду шыі залаціста-жоўтае. Цэўка аперана да пальцаў. Дзюба і лапы дужыя, жоўтыя. Кіпцюры вялікія, чорныя. Гнёзды на высокіх дрэвах і скалах. Корміцца млекакормячымі, птушкамі, земнаводнымі, мярцвячынай. Выкарыстоўваецца як лоўчая птушка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛЬШТУЧНІК, зуёк вялікі (Charadrius hiaticula),
птушка сям. сяўцовых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў тундрах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Трапляецца на вял. спустошаных лугах-пашах, прыбярэжных косах і водмелях. На Беларусі рэдкі від, адзначаны на пралётах і зрэдку летам на пясчаных берагах, косах і водмелях Дняпра, Сажа. Прыпяці і інш. рэк; занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела да 22,5 см, маса 55—75 г. Патыліца. спіна і надхвосце буравата-шэрыя, грудзі, брушка, сярэдзіна лба і падхвосце белыя. На валляку чорная папярочная паласа — «гальштук» (адсюль назва). Аснова дзюбы і ногі аранжава-жоўтыя, канец дзюбы чорны. Корміцца чарвямі, малюскамі і інш. беспазваночнымі. Гняздуецца на пясчаных і галечнікавых водмелях, выдмах. Нясе 3—5 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВОНЬ, Званское возера,
ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Ушача, за 12 км на Пд ад г.п. Ушачы. Пл. 1,46 км², даўж. 2,1 км, найб.шыр. 1,1 км, найб.глыб. 17,9 м, даўж. берагавой лініі 7 км. Пл. вадазбору 17,4 км². Схілы катлавіны выш. да 9 м (на ПнУ да 25 м), пераважна разараныя, на Пд і З парослыя лесам. Берагі нізкія, пясчаныя і пясчана-галечныя, часткова пад хмызняком. Дно да глыб. 3,5—4 м пясчанае, ніжэй глеістае. З астравы агульнай пл. 4,2 га. На Пд упадае р. Зуйніца, на Пн выцякае ручай у воз. Вялікая Існа. Адзначаны пасяленні баброў. Уваходзіць у зону адпачынку курорта Ушачы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРДАІ́ТАВЫЯ (Cordaitales),
парадак вымерлых голанасенных раслін. Дрэвы і, магчыма, кусты. Існавалі ў карбоне—пермі. Найб. вывучаны зборны род кардаітаў (Cordaites), у якім больш за 100 відаў. На Беларусі іх выкапнёвыя рэшткі (лісце, стробілы, насенне, злепкі стрыжня) адзначаны ў адкладах сярэдняга і позняга карбону, пермі. Нагадвалі сучасныя хвойныя. Існавалі ва ўмовах вільготнага, цёплага клімату, раслі паблізу вадаёмаў.
Выш. да 30 м, ствол дыям. да 1 м, гладкі, разгалінаваны каля верхавіны. Лісце лінейнае, ланцэтападобнае ці стужкападобнае, даўж. да 1 м. Органы размнажэння ў выглядзе каташкоў з мужчынскімі і жаночымі стробіламі («кветкамі»). К., магчыма, далі пачатак хвойным. Па рэштках К. вызначаюць узрост геал. адкладаў.