ША́НКЕР МЯ́ККІ (ад франц. chancre язва), венерычная язва,
венерычнае захворванне, узбуджальнік якога стрэптабацыла.
Заражэнне пераважна палавым шляхам. Інкубацыйны перыяд 3—5 дзён. Узбуджальнік укараняецца праз пашкоджаную скуру або слізістую абалонку і пашыраецца па лімфатычных сасудах. У месцы ўкаранення інфекцыі (напр., палавыя органы) з’яўляецца ярка-чырв. пляма, у цэнтры якой утвараецца гнайнічок. З гнайнічка фарміруецца язва (часцей некалькі) з зубчастымі краямі, мяккая пры пальпацыі (адсюль назва), пры дотыку язва краваточыць. Праз 2—3 мес язва рубцуецца. Ускладненні: лімфадэніт, лімфангііт і інш. Лячэнне кансерватыўнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ю́БКІН Васіль Паўлавіч (1.1.1920, с. Апалонаўка Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 3.2.1968),
Герой Сав. Саюза (1945). Беларус. Канд.гіст.н. (1962), дацэнт (1965). Скончыў Чырчыкскае танк. вучылішча (1944), Днепрапятроўскі ун-т (1951). У Вял.Айч. вайну з ліп. 1941 на 1-м Бел. фронце. Камандзір танка мал. лейтэнант Ю. вызначыўся ў вер. 1944 у баях на подступах да Варшавы, дзе экіпаж яго танка неаднаразова адбіваў контратакі праціўніка, знішчыў 7 яго гармат і некалькі дзотаў, што заміналі наступленню батальёна. Пасля вайны на выкладчыцкай рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮНЬНА́НЬ-ГУЙЧЖО́ЎСКАЕ НАГО́Р’Е.
На Пд Кітая. Аб’ядноўвае Юньнаньскае нагор’е на З і Гуйчжоўскае нагор’е на У. Даўж. каля 1000 км, шыр. да 400 км. На З — хрыбты выш. 1800—4000 м, падзеленыя глыбокімі далінамі рэк Меконг, Салуін, Хонгха і інш. На У горы паніжаюцца да 1000—1200 м і ўтвараюць бессістэмную групу кароткіх хрыбтоў і масіваў. Складзена пераважна з крышт. парод і вапнякоў. Развіты своеасаблівыя карставыя ландшафты. Вечназялёныя і лістападныя лясы, рэдкалессі. Некалькі лясных заказнікаў. У далінах вырошчваюць рыс, кукурузу, трапічныя культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯРДА́НГІ, ярангі (на уйгурскай мове абрыў, стромкая града),
формы рэльефу сухіх гліністых пустынь. Уяўляюць сабой падоўжаныя вузкія грады з вострымі грабянямі і стромкімі асіметрычнымі схіламі; грады выцягнуты паралельна адна адной у напрамку пануючых вятроў і падзелены нешырокімі лагчынамі і жалабамі. Даўж. ад некалькіх дзесяткаў метраў да некалькіх кіламетраў, шыр.некалькі метраў, выш. да 5 м. Складзены пераважна з дробнаабломкавых азёрных і алювіяльных адкладаў, у асн. эолавага паходжання; некат. ролю ў іх утварэнні мае таксама размываючая дзейнасць часовых вадацёкаў. Я. характэрны для пустынь Цэнтр. Азіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛК,
воінская часць; арганізацыйна самастойная баявая і адм.-гасп. адзінка ва узбр. сілах шэрагу дзяржаў. Прызначаны для выканання баявых задач у складзе злучэнняў і самастойна; у залежнасці ад прыналежнасці да роду войск (сіл), спец. войск можа весці агульнавайск., паветр., марскі, проціпаветр. бой або забяспечваць баявыя дзеянні (напр., П. інж. войск, войск сувязі і інш.). У склад П. ўваходзяць органы кіравання (штаб і інш.), некалькі батальёнаў (дывізіёнаў, эскадрылляў), падраздзяленні баявога, матэрыяльнага і тэхн. забеспячэння.
З 10 ст. ў Кіеўскай Русі, пазней у інш. княствах усх. славян П. — асобны атрад, прыведзены князем на поле бою. У 13—14 ст. — баявыя парадкі дзеючай арміі падзяляліся на некалькі П. (напр., перадавы, вялікі, правай рукі, левай рукі, вартавы, засадны, разведвальны). У 14—15 ст.вял. князі ВКЛ стваралі П. для абароны паўд. рубяжоў ад качэўнікаў. У Зах. Еўропе П. існавалі з 16 ст. У 16—18 ст. на Украіне П. наз.ваен. адзінкі і тэр.-адм. акругі (ваен. фарміраванні мелі назву гарадоў і мястэчак па месцы стварэння). У канцы 18—19 ст. шэраг П. рас. арміі мелі бел. найменні. Ва Узбр. Сілах СССР П. быў асн. тактычнай адзінкай і, за выключэннем асобных, уваходзіў у склад злучэння. У Вял.Айч. вайну дзейнічалі партыз. П. (гл.Партызанскі полк).
У сучасных арміях некат. краін СНД, у т. л. Беларусі на базе значнай ч. П. створаны батальёны, якія ўваходзяць у склад брыгад; у інш. дзяржавах, напр. ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, — баявыя групы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДО́КСА (Adoxa),
род шматгадовых травяністых раслін сям. адоксавых. Некалькі відаў (раней род лічыўся манатыпным). Растуць ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я, у гарах да альпійскага пояса. Найб. вядома адокса мускусная, або мускусніца мускусная (Adoxa moschatellina), сустракаецца па ўсёй тэр. Беларусі ў шыракалістых і мяшаных лясах, на схілах, у старых парках. Рэлікт даледавіковага часу.
Выш. 5—15 см. Карэнішча кароткае, паўзучае, белаватае. Лісце са слабым мускусным пахам (адсюль назва). Цвіце вясной адна з першых. Кветкі дробныя, жаўтавата-зялёныя або зеленавата-белыя. Плод — зялёная касцянка з 1—5 костачкамі. Карані (збіраюць увосень) выкарыстоўваюць як антысептычны і гаючы сродак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРЫ́НА, пуня,
1) старадаўняя гасп. пабудова на Беларусі для захоўвання неабмалочанай збажыны, сена, саломы, с.-г. інвентару. Уваходзіла ў гасп. комплекс сядзібы. Прамавугольны ў плане зрубны, каркасны («замётам у шулы» і з плятня) будынак, накрыты 2-схільнай ці вальмавай страхой на сохах, «дзядках», кроквах. У маёнтках 16—19 ст. будавалі вял. доўгія адрыны, перагароджаныя ўнутры на некалькі адсекаў, кожны з якіх меў самастойны ўваход. Найб. пашырана ў зах. і цэнтр. Беларусі, ва ўсх. раёнах часцей наз. сянніца, пуня.
2) Да 17 ст. спальня ў жылым памяшканні або халодны будынак, у якім жылі летам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛІЗНІ́ЦА ВЯЛІ́КАЯ,
курган 2-й пал. 4 ст. за 8 км на Пд ад г. Фанагорыя на Таманскім п-ве (Расія). Выш. 15 м, перыметр 340 м. Радавы некропаль заможнай сям’і з племя сіндаў, у якой некаторыя жанчыны былі жрыцамі. Выяўлены 3 каменныя скляпы, 2 магілы з каменных плітаў з трупапалажэннем і некалькі пахаванняў з трупаспаленнем. У адным са скляпоў кіпарысавых саркафагаў, арнаментаваных слановай косцю, пахаваны воін у залатым вянку, з каштоўнымі рэчамі і зброяй, у другім — жрыца ў адзенні, аздобленым шматлікімі залатымі ўпрыгожаннямі; трэці склеп спустошаны. Знойдзены таксама размаляваныя вазы, тэракотавыя і касцяныя фігуркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́РДЗІЯ,
музей-запаведнік у Грузіі, за 70 км на Пд ад г. Баржомі. Створаны ў асноўным у 1156—1205 (у гады праўлення Георгія III і яго дачкі царыцы Тамары) на паўд.-зах. мяжы Грузіі ў цясніне р. Кура як крэпасць і пячорны манастыр. Некалькі соцень жылых, культавых і гасп. пабудоў высечаны ў стромкай туфавай скале, размешчаны ярусамі і злучаны хадамі. На сценах гал. храма фрэскі, сярод якіх «Царыца Тамара і Георгій III» (1180-я г., майстар Георгій), паблізу храма — званіца (13—14 ст.). З 1938 — музей-запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛЯМІ́ЧЫ,
група бескурганных могільнікаў і селішчаў зарубінецкай культуры (2—1 ст. да н.э. — 2 ст.н.э.) каля в. Велямічы Столінскага р-на Брэсцкай вобл. На могільніках выяўлена 275 пахаванняў, з іх 10 — зруйнаваныя стараж.-рус. курганы, 12 — кенатафы. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка; знойдзены грубаляпныя і глянцаваныя арнаментаваныя гаршкі, міскі, кубкі, бронзавыя і жал. фібулы, бронзавыя шпількі, арнаментаваныя трапецападобныя падвескі, кольцы і інш. На адным з селішчаў выяўлены рэшткі 3 пабудоў, адна з якіх зрубная з рэшткамі глінабітнага агнішча, і некалькігасп. ям; сярод знаходак фрагменты грубаляпнога і глянцаванага посуду.