ЯРДА́НГІ, ярангі (на уйгурскай мове абрыў, стромкая града),
формы рэльефу сухіх гліністых пустынь. Уяўляюць сабой падоўжаныя вузкія грады з вострымі грабянямі і стромкімі асіметрычнымі схіламі; грады выцягнуты паралельна адна адной у напрамку пануючых вятроў і падзелены нешырокімі лагчынамі і жалабамі. Даўж. ад некалькіх дзесяткаў метраў да некалькіх кіламетраў, шыр. некалькі метраў, выш. да 5 м. Складзены пераважна з дробнаабломкавых азёрных і алювіяльных адкладаў, у асн. эолавага паходжання; некат. ролю ў іх утварэнні мае таксама размываючая дзейнасць часовых вадацёкаў. Я. характэрны для пустынь Цэнтр. Азіі.
т. 18, кн. 1, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)