вадкія плёнкаўтваральныя рэчывы на аснове алеяў ці алкідных смол. Колер ад жоўтага да вішнёвага. Добра змочваюць металы, дрэва, тканіну. Нанесеныя тонкім слоем высыхаюць пры пакаёвай т-ры за 24 гадз, утвараюць эластычныя плёнкі, нерастваральныя ў вадзе і арган. растваральніках.
Адрозніваюць натуральныя, камбінаваныя, паўнатуральныя (напр., аксоль) і алкідныя (гліфталевыя, пентафталевыя, ксіфталевыя П.). Для паскарэння высыхання пры атрыманні дадаюць сікатывы — солі (пераважна лінолевай ці нафтэнавых кіслот) свінцу, марганцу, кобальту. Натуральныя П. атрымліваюць з алею (у асн. ільнянога, канаплянага) частковай яго полімерызацыяй пры 270—280 °C ці награваннем пры 140—160 °C з адначасовым прадзіманнем паветра. Камбінаваныя і паўнатуральныя, а таксама алкідныя П. — растворы ва уайт-спірыце сумесей абязводжаных алеяў з полімерызаванымі высыхальнымі ці паўвысыхальнымі алеямі і тлустых алкідных смол. Выкарыстоўваюць для атрымання і разбаўлення алейных фарбаў, а таксама для прамочвання драўніны перад яе апрацоўкай гэтымі фарбамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЛА́ЎСКАЯ (Наталля Мікалаеўна) (н. 19.1.1931, г. Саратаў, Расія),
бел. графік. Жонка Г.Г.Паплаўскага. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1964). Працуе ў галіне станковай і кніжнай графікі. Творы вызначаюцца казачна-паэт. інтэрпрэтацыяй сюжэтаў, зваротам да фалькл. матываў, тэматыкі нар. жыцця. Аўтар цыклаў «Палессе» (1967), «Прырода і дзеці» (1968), «Музей прыроды» (1972—91), «Помнікі гісторыі і архітэктуры» (1977—89), «Браслаўскія матывы» (1975, 1977—78, 1981—84), «Браслаўшчына», «Літва» (абодва 1981—82), «Гарадок у снезе», «Браслаўская восень», «Прагулка ў Зарасаі» (усе 1984), літаграфій «Чарнічка» (1969), «Сям’я» (1970), «Дзядок», «Залатая яблынька», «Пастушок» (усе 1971) і інш. Аформіла выданні бел.нар. казак «Музыка-чарадзей», «Лёгкі хлеб» і інш. (усе 1969), «Ладачкі-ладкі» В.Віткі (1977, у сааўт.), «Дрэва кахання» (1980, з Паплаўскім), творы Р.Кіплінга, Ш.Перо і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1970. Іл.гл. таксама да арт.Літаграфія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́СНІЦА,
старадаўняя драўляная прылада для прадзення воўны, ільняной і пяньковай кудзелі. На Беларусі 4 асн. тыпы: лапатападобная, П.-грэбень, П.-вілы, П.-кій. Найб. пашыраны лапатападобная і П -грэбень (Прыпяцкае Палессе). Лапатападобныя рабілі з суцэльнага кавалка дрэва (частка ствала з карэнішчам) ці з 2 частак — лопасць пад прамым вуглом устаўлялі ў днішча або ў адтуліну ў лаве (Зах. Палессе). Лопасць звычайна прамавугольнай формы з адносінамі бакоў 2:1; сустракаліся таксама вёслападобныя (Лідчына), мечападобныя (Брэстчына), П.-дошчачкі (мацаваліся да калаўрота) і інш. П. аздаблялі разьбой — фігурна апрацоўвалі ножкі, выпілоўвалі краі лопасці (Навагрудчына). На Гродзеншчыне, Віцебшчыне лопасць часам аздаблялі трохгранна-выемчатай ці контурнай разьбой. Асаблівым багаццем і разнастайнасцю дэкору вызначаюцца камянецкія прасніцы. У наш час са знікненнем ролі ручнога прадзення і ткацтва П. амаль выйшлі з ужытку.
Літ.:
Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБЕ́ЛЬСКАЯ МІХА́ЙЛАЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік народнага дойлідства з рысамі стылю барока ў в. Рубель Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 1796 з дрэва ва ўсх.-палескай традыцыі палескіх школ дойлідства. 3-зрубны храм глыбінна-прасторавай кампазіцыі складаецца з прамавугольнага ў плане бабінца, 8-граннага выцягнутага па папярочнай восі цэнтр. і 5-граннага алтарнага (з рызніцай з Пн) зрубаў. У 19 ст. да бабінца і бакавых фасадаў цэнтр. аб’ёму прырублены квадратныя ў плане прытвор і прыдзелы. У аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі пануе цэнтр. аб’ём, над якім узведзены чацвярык і 8-гранны барабан з купалам складанай 2-яруснай формы. Аналагічнае завяршэнне маюць апсіда і бабінец. Вертыкальна ашаляваныя сцены прарэзаны высока ўзнятымі прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў плоскіх ліштвах з трохвугольнымі сандрыкамі. Алтарная частка аддзелена ярусным разным іканастасам. Побач з царквой 3-ярусная званіца (васьмярык на 2 чацверыках) пад гранёным купальным дахам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕТЫ́П (ад грэч. archē пачатак + typos вобраз),
агульначалавечы першавобраз, персанаж, што паслядоўна паўтараецца ў міфах, літаратуры і індывідуальным мысленні; спосаб сувязі вобразаў, што пераходзяць з пакалення ў пакаленне; цэнтр. паняцце аналітычнай псіхалогіі. Ідэю архетыпа ў аб’ектыўна-ідэаліст. форме можна знайсці ў творах Платона, Аўгусціна, схаластаў. Як навук. тэрмін «архетып» уведзены швейц. псіхолагам К.Г.Юнгам і адаптаваны філасофіяй, літаратура- і мастацтвазнаўствам, тэорыяй міфалогіі, фалькларыстыкай і інш. Паводле тэорыі Юнга пра калект. неўсвядомленае, мадэлі чалавечага вопыту пэўным чынам генетычна закадзіраваны і пераходзяць да наступных пакаленняў. Тоесныя архетыпныя матывы і вобразы (сімвал сусветнага дрэва ці міф пра патоп) сустракаюцца ў няроднасных культурах і сферах мастацтва, што тлумачыцца іх універсальным і пастаянным пачаткам у чалавечай прыродзе. Маючы выток у далагічным мысленні, архетып выклікае аналагічныя пачуцці і асацыяцыі і ў аўтара твора, і ў спажыўца незалежна ад разбежкі ў часе. Архетып ляжыць у аснове сімволікі творчасці, розных рытуалаў, сноў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАБНЯ́К,
добраўпарадкаваны гарадскі ці загарадны дом. Асабнякі пашырыліся ў 18—19 ст. у краінах Зах. Еўропы, Беларусі, Расіі. На Беларусі паводле арх.-планіровачнай структуры блізкія да сядзібных дамоў (Брэст, Ваўкавыск, Гомель, Пружаны, Слонім). Вызначаліся лаканізмам у вырашэнні планаў і фасадаў. Паводле планіровачнай кампазіцыі — пераважна 6-часткавыя з вылучанай у цэнтры залай і анфіладай меншых памяшканняў. У асабняках 1-й пал. 19 ст. з’явілася калідорная сістэма (Мазыр). Фасады аздаблялі 4-калонным порцікам. Выкарыстанне цэглы і дрэва ў буд-ве асабнякоў абумовіла спалучэнне стылявых дэталяў класічнай архітэктуры з элементамі нар. дойлідства (дом Агінскага ў Гродне). Асабнякі адыгрывалі важную ролю ў гар. асяроддзі і стваралі арх. акцэнты забудовы (Ашмяны, Пінск, Слонім і інш.). Сучасныя буд. матэрыялы і канструкцыі значна ўзбагацілі архітэктуру асабнякоў новымі выразнымі сродкамі і прыёмамі. У прыгарадзе і сельскай мясцовасці па індывідуальных праектах будуюцца добраўпарадкаваныя катэджы.
Асабняк у Пінску. Пачатак 20 ст. Рэканструкцыя 1983.Асабняк у Слоніме. 1-я пал. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІ́С ПАЛАСА́ТЫ, аніс шэры, аніс зялёны,
старадаўні паволжскі сорт яблыні нар. селекцыі. Пашыраны ў Паволжы і сярэдняй паласе ўсх.ч. Еўропы. На Беларусі вырошчваюць пераважна ў Магілёўскай, часткова ў Гомельскай, Мінскай і Віцебскай абл., таксама трапляюцца інш. сарты анісу — пунсовы, ружавата-паласаты (Магілёўская вобл.) і аксамітавы (Віцебская вобл.), якія адрозніваюцца памерамі, афарбоўкай і часам выспявання пладоў.
Дрэвы выш. 5—8 м, даўгавечныя (жывуць да 100—120 гадоў). Плады масай каля 70 г, сярэдняга памеру, плоскай або плоска-акруглай формы, сакавітыя, з кісла-салодкім смакам і характэрным «анісавым» пахам, суцэльнай ярка-кармінавай афарбоўкі або паласатай па светла-зялёна-жоўтым фоне. Мякаць зеленавата-белая, дробназярністая. Непатрабавальны да глебы, мароза- і засухаўстойлівы, высокаўраджайны сорт (на Беларусі сярэдні ўраджай 160 кг з дрэва). Пладаносіць ва ўзросце 6—8 гадоў. Плады збіраюць у канцы верасня (захоўваюцца да лютага, сакавіка і пазней). Спажываюць свежыя і мочаныя, таксама сушаць, кансервуюць, робяць з іх віно, вараць варэнне. Пашкоджваюцца пладовай гніллю і паршою.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДЛЁВЫЯ РАДЫ́,
тып гандлёвых збудаванняў, якія складаюцца з шэрагу крам, злучаных у суцэльны корпус. У Зах. Еўропе пашыраны з часоў сталага сярэднявечча (Брэмен, Кракаў, Прага), у Расіі — у 17—19 ст. (Кастрама, Яраслаўль) у стылі класіцызму. На Беларусі вядомыя з 16 ст. Будавалі з цэглы, радзей з дрэва, пераважна ў гарадах і мястэчках. Замкнёныя гандлёвыя рады ўтваралі прамавугольную ці квадратную ў плане гандлёвую плошчу (у Полацку, Шклове, Брэсце, Антопалі, Паставах), П-падобныя аб’ядноўваліся з ратушамі (Нясвіжская ратуша і гандлёвыя рады). У гэтым выявіліся рысы архітэктуры барока. У 2-й пал. 18—19 ст. сфарміраваліся гандлёвыя рады, вырашаныя аднарадным пагонам у цэнтры плошчы, з двухбаковай арыентацыяй крам (у Пружанах), Т-падобныя і двухрадковыя, якія ўтваралі гандлёвую вуліцу (у Пінску). Іх фасады часта аздаблялі галерэямі і аркадамі. Найбольшыя манум. гандлёвыя рады, якія апроч гандл. і складскіх уключалі адм.-грамадскія памяшканні і пабудовы, названыя гасцінымі дварамі.
Ю.А.Якімовіч.
Гандлёвыя рады ў Кракаве (Польшча).Гандлёвыя рады ў г. Пружаны Брэсцкай вобл. 1896.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́НКГА (Ginkgo),
манатыпны род голанасенных раслін сям. гінкгавых. Вядомы 1 від — гінкга двухлопасцевы (G. biloda). Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі (радзіма Усх. Кітай, Японія), утварае лясы з інш. дрэвамі. Стараж. рэлікт цеплалюбнай даледавіковай флоры (геал. ўзрост віду каля 50 млн. гадоў). На Беларусі рэдка вырошчваецца (з 1900) як дэкар. расліна ў садах, парках і ў аранжарэях.
Двухдомнае лістападнае дрэвавыш. да 40 м і дыям. ствала каля 3 м. Кара шэрая, шурпатая. Крона светлая, пірамідальная або раскідзістая. Лісце чаранковае, простае, арыгінальнай веерападобнай формы, светла-зялёнае, увосень — залаціста-жоўтае, сядзіць пучкамі на пакарочаных парастках. Спарафілы моцна рэдукаваныя, сабраны ў аднаполыя стробілы. Сперматазоіды рухомыя, са шматлікімі жгуцікамі (архаічная прыкмета). Семя (да 2—3 см) абкружана тоўстай вонкавай абалонкай, ядомае. Лек. і дэкар. расліна. Размнажаецца насеннем і чаранкамі. Святлалюбны, устойлівы да засухі, задымлення паветра, грыбковых і вірусных захворванняў, рэдка пашкоджваецца насякомымі. Даўгавечны (да 1000 і больш гадоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЦКІ АРЭ́Х, валоскі арэх (Juglans regia),
від кветкавых раслін з роду арэх. Радзіма — Сярэдняя і Паўн.-Усх. Азія. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах. Вырошчваецца ў многіх краінах Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі трапляецца як інтрадукаваная расліна ў бат. садах, парках і скверах, вырошчваецца садаводамі-аматарамі.
Лістападнае дрэвавыш. да 35 м і дыям. да 2 м. Крона густая, раскідзістая. Лісце няпарнаперыстаскладанае, пахучае (мае эфірны алей). Кветкі дробныя, зеленаватыя, аднаполыя. Плады — буйныя несапраўдныя шарападобныя касцянкі («арэхі»). Ядро арэхаў ядомае, мае да 70% тлушчаў, 26% бялкоў, вітаміны B1, E і правітамін A, выкарыстоўваецца ў кандытарскай і кулінарнай вытв-ці, недаспелыя арэхі багатыя вітамінам C, з іх вырабляюць варэнне. З арэхаў атрымліваюць арэхавы алей, які ідзе ў ежу, на выраб лакаў, высакаякаснага мыла, тушы. Грэцкі арэх жыве да 400 гадоў. Харч., тэхн., кармавая, лек., меданосная і дэкар. расліна. Мае каштоўную драўніну. З лісця, кары, зялёнай лупіны пладоў атрымліваюць дубільнікі і карычневую фарбу.