ПАКО́СТЫ (ад польскага pokost лак),

вадкія плёнкаўтваральныя рэчывы на аснове алеяў ці алкідных смол. Колер ад жоўтага да вішнёвага. Добра змочваюць металы, дрэва, тканіну. Нанесеныя тонкім слоем высыхаюць пры пакаёвай т-ры за 24 гадз, утвараюць эластычныя плёнкі, нерастваральныя ў вадзе і арган. растваральніках.

Адрозніваюць натуральныя, камбінаваныя, паўнатуральныя (напр., аксоль) і алкідныя (гліфталевыя, пентафталевыя, ксіфталевыя П.). Для паскарэння высыхання пры атрыманні дадаюць сікатывы — солі (пераважна лінолевай ці нафтэнавых кіслот) свінцу, марганцу, кобальту. Натуральныя П. атрымліваюць з алею (у асн. ільнянога, канаплянага) частковай яго полімерызацыяй пры 270—280 °C ці награваннем пры 140—160 °C з адначасовым прадзіманнем паветра. Камбінаваныя і паўнатуральныя, а таксама алкідныя П. — растворы ва уайт-спірыце сумесей абязводжаных алеяў з полімерызаванымі высыхальнымі ці паўвысыхальнымі алеямі і тлустых алкідных смол. Выкарыстоўваюць для атрымання і разбаўлення алейных фарбаў, а таксама для прамочвання драўніны перад яе апрацоўкай гэтымі фарбамі.

Л.М.Скрыпнічэнка.

т. 11, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)