ДАМІНА́НТА [ад лац. dominans (dominantis) пануючы] у фізіялогіі часовы пануючы ачаг узбуджэння ў ц. н. с., які ахоплівае адзін ці некалькі цэнтраў і вызначае характар рэакцый арганізма ў адказ на вонкавыя або ўнутр. раздражняльнікі. Вучэнне аб Д. як агульным прынцыпе работы нерв. цэнтраў, сфармуляваў А.А.Ухтомскі (1911—23). Д. вылучаецца высокай устойлівай узбудлівасцю, здольнасцю прыцягваць, акумуляваць і падсумоўваць сігналы, што паслядоўна паступаюць, а таксама тармазіць рэакцыю інш. нерв. цэнтраў на прызначаныя ім імпульсы. Гэта дазваляе, напр., у працэсе творчай дзейнасці цалкам «паглыбіцца ў працу», сканцэнтраваць на ёй усю ўвагу, адцягнуцца ад пабочных раздражняльнікаў. Д. складаецца пад уплывам рэфлекторнай актыўнасці, уздзеяння гумаральных фактараў і з’яўляецца асновай фарміравання матывацыйных паводзін (харчовых, палавых і інш.). У эксперыменце Д. можа быць створана непасрэдным уздзеяннем на нерв. цэнтры слабым эл. токам або некат. фармакалагічнымі рэчывамі. Д. ў вышэйшых цэнтрах галаўнога мозга з’яўляецца фізіял. асновай шэрагу складаных псіхічных з’яў.

У.​М.​Калюноў.

т. 6, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНЕ́ЛІЯ Пётр Аляксандравіч Пётр Аляксеевіч

(н. 23.1.1920, г. Махачкала, Дагестан),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1995). Вучыўся ў Маск. вучылішчы памяці 1905 г. (1938—39). Працуе ў розных відах выяўл. мастацтва. Яго пейзажы вылучаюцца эмацыянальным успрыманнем прыроды. рамант. прыўзнятасцю: «Плывуць аблокі» (1957), «Дзень» (1965), «Беларуская мелодыя» (1972), «Восеньскія карункі» (1978), «Пачуццё сустрэчы» (1982), «Абуджэнне» (1988), «Дзень, які сыходзіць» (1990), «Палеская ўсмешка» (1996) і інш. Выканаў манум. размалёўкі для палацаў культуры ў Пінску — «Мастацтва акрыляе» (1976) і ў в. Клейнікі (Брэсцкая вобл.) — «Мірная Брэстчына» (1984), для адм. будынка Брэсцкага хім. камбіната — «Палеская песня» (1980). Аўтар памятных медалёў да 20-годдзя абароны Брэсцкай крэпасці (1961), 950-годдзя Брэста (1969) і інш., помніка-бюста дзеяча рэв. руху ў Зах. Беларусі С.​Я.​Багданчуку (1970) у пас. Мухавец Брэсцкай вобл. Іл. гл. таксама ў арт. Багданчук С.Я.

Г.​А.​Фатыхава.

П.Данелія. Пачуццё сустрэчы. 1982.

т. 6, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІ́ЛА РАМА́НАВІЧ (1201—64),

князь галіцкі і валынскі. Сын Рамана Мсціславіча. З 1211 княжыў у Галічы (у 1212 выгнаны), з 1221 — на Валыні. У 1229 завяршыў аб’яднанне валынскіх зямель, у склад якіх былі ўключаны Бярэсце, Кобрын, Камянец, Бельск, Драгічын; яму падпарадкоўваліся таксама тураўскія і пінскія князі. У 1223 удзельнічаў у бітве супраць мангола-татар на р. Калка, разбіў ням. рыцараў у Драгічынскай бітве 1238. У 1238 канчаткова авалодаў Галічам, у 1239 — Кіевам. Заснаваў гарады Львоў, Холм (зрабіў яго сталіцай княства), Угровеск і інш. Ваяваў супраць Польшчы і Венгрыі (1245), літ. князёў, прымусіў яцвягаў плаціць даніну. Каб стварыць кааліцыю супраць мангола-татар, у 1254 прыняў ад рымскага папы карону караля галіцкага, каранаваўся ў Драгічыне. У 1259 вымушаны прызнаць залежнасць ад манголаў. У перыяд яго княжання Галіцка-Валынскае княства дасягнула эканам. і паліт. росквіту, пашырыўся яго ўплыў на бел. землі.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 6, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРАКЛІ́Т (Hēracleitos) Эфескі

(каля 520—460 да н.э.),

старажытнагрэчаскі філосаф, прадстаўнік іанійскай школы, заснавальнік дыялектыкі. Захавалася каля 130 фрагментаў яго твора «Аб прыродзе». Цэнтр. паняцце яго філасофіі — логас (розум); тое, што адпавядае яму ў рэальнасці, вечнае і абумоўлівае сапраўдны стан рэчаў. Кожная з’ява, паводле Геракліта, — тоеснасць супрацьлегласцей. Для выяўлення гэтага адзінства патрэбны псіхал. ўстаноўка на пазнанне і апора на сведчанні органаў пачуццяў, а таксама арыентацыя на светапоглядныя ўяўленні аб зменлівасці (цякучасці) усяго існага, аб вечна жывым агні, які «мерна ўзгараецца і мерна патухае», як яго аснове, аб фундаментальнай ролі ўсеагульнага. Пазнанне ўсеагульнага логаса Геракліт прыпадабняў да вырошчвання чалавечай душой уласнага логаса. Сац.-паліт. погляды Геракліта вызначаліся антыдэмакратызмам, супрацьпастаўленнем «герояў» і «натоўпу» ў спалучэнні з прызнаннем неабходнасці развіцця грамадства і прыярытэтнасці вызначаных дзяржавай законаў перад інш. сродкамі рэгулявання грамадскага жыцця.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Материалисты Древней Греции. М., 1955.

У.​К.​Лукашэвіч.

Геракліт.

т. 5, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМЕ́ТЫКІ,

вадкія, вязкацякучыя ці пастападобныя кампазіцыі на аснове палімераў ці алігамераў, здольныя забяспечваць непранікальнасць (герметычнасць) стыкаў, швоў, злучэнняў розных канструкцый за кошт высокай адгезіі да матэрыялаў.

Для ўшчыльнення нераздымных злучэнняў выкарыстоўваюць герметыкі на аснове полісульфідных, крэмнійарган., урэтанавых, фторзмяшчальных, вуглевадародных каўчукоў з канцавымі функцыянальнымі групамі, якія ўтвараюць герметычны слой на злучальным шве ў выніку ацвярджэння (вулканізацыі). У іх састаў уваходзяць таксама 1—3 кампаненты (напаўняльнікі, вулканізуючыя агенты і інш.), якія змешваюць перад выкарыстаннем. Для ўшчыльнення раздымных злучэнняў карыстаюцца герметыкі, якія не вулканізуюцца (невысыхальныя замазкі) — сумесі каўчукоў насычаных ці малой ненасычанасці (напр., поліізабутылен) з напаўняльнікамі і масламі. Вадкія герметыкі — растворы ці дысперсіі сінт. смол ў арган. растваральніках (напр., этаноле) ці вадзе (гл. Кампаўнды палімерныя). Выкарыстоўваюць у авія- і суднабудаванні, буд-ве, хім. і радыёэлектроннай прам-сці.

Літ.:

Аверко-Антонович Л.А., Кирпичников П.А., Смыслова Р.А. Полисульфидные олигомеры и герметики на их основе. Л., 1983.

Я.​І.​Шчарбіна.

т. 5, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІБІ́СКУС (Hibiscus),

род кветкавых раслін сям. мальвавых. Каля 300 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных, радзей ва ўмераных абласцях зямнога шара. На Беларусі як рэдкая занесеная аднагадовая расліна трапляецца гібіскус трайчасты (H. trionum). Многія віды вырошчваюць у адкрытым грунце, у аранжарэях і пакоях. Найб. вядомыя гібіскусы: кітайская ружа, або клянок (H. rosa-sinensis), — доўгаквітучая пакаёвая расліна; гібрыдны (H. x hybridus) — уключае шматгадовыя буйнакветкавыя полігібрыды; у Крыме, на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі культывуюць гібіскус сірыйскі (H. syriacus). Гасп. значэнне мае каштоўная тэхн. расліна гібіскус каноплевы (H. cannabinus), вядомая пад назвай кенаф, і гібіскус ядомы, або бамія (H. esculentus).

Шматгадовазялёныя або лістападныя дрэвы і кусты, таксама шмат- ці аднагадовыя травяністыя расліны. Лісце пераважна пальчаталопасцевае, кветкі звычайна двухполыя, буйныя, яркаафарбаваныя. Плод — каробачка. Дэкар., харч. і тэхн. (валакністыя, алейныя) расліны, некат. віды выкарыстоўваюць на выраб валакна і паперы, у ежу.

Г.​У.​Вынаеў.

Гібіскус трайчасты.

т. 5, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІБРЫ́Д (ад лац. hibrida помесь),

арганізм (або клетка), атрыманы ў выніку скрыжавання разнародных у генетычных адносінах бацькоўскіх форм (відаў, парод, ліній і інш.). Паводле паходжання гібрыды бываюць спантанныя, якія ўзніклі пры выпадковым скрыжаванні, і штучныя, атрыманыя шляхам мэтанакіраванага скрыжавання з падборам бацькоўскіх пар у залежнасці ад задач селекцыі. Гібрыды могуць быць 1, 2, 3-га і г.д. пакаленняў і абазначаюцца лац. літарай F з індэксамі (F1, F2, F3...). Атрыманне гібрыда ляжыць у аснове гібрыдалагічнага аналізу. Прыкметы і ўласцівасці гібрыда перадаюцца ў спадчыну і расшчапляюцца (пераразмяркоўваюцца) у наступных пакаленнях паводле пэўных генет. законаў.

У раслінаводстве адрозніваюць гібрыды: міжродавыя, міжвідавыя, унутрывідавыя, міжлінейныя, міжсартавыя, сорталінейныя, трыплоідныя, несапраўдныя (псеўдагібрыды). Шырока выкарыстоўваюцца міжродавыя гібрыды пшанічна-пырнікавыя і трыцікале, міжлінейныя гібрыды кукурузы, шматлікія міжсартавыя гібрыды культурных раслін, што служаць таксама крыніцай зыходнага матэрыялу для селекцыі. У жывёлагадоўлі гібрыдам прынята называць толькі патомкаў, атрыманых ад скрыжавання розных родаў і відаў. Гл. Гібрыдызацыя.

т. 5, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІБРЫДАЛАГІ́ЧНЫ АНА́ЛІЗ,

аналіз характару наследавання асобных уласцівасцей і прыкмет арганізмаў пры палавым размнажэнні з дапамогай сістэмы скрыжаванняў; адзін з асн. метадаў генет. аналізу. Дае магчымасць расшыфраваць генатыпічную структуру асобін, што скрыжоўваюцца, і іх патомкаў.

Класічная схема гібрыдалагічнага аналізу ўключае: вылучэнне зыходных гомазіготных форм, атрыманне ад іх гібрыдаў 1-га пакалення (F1) і скрыжаванне F1 паміж сабой — атрыманне гібрыдаў 2-га пакалення (F2). У гібрыдалагічным аналізе выкарыстоўваюць таксама рэцыпрокныя, зваротныя і аналітычныя скрыжаванні (гл. адпаведныя арт.). Метад гібрыдалагічнага аналізу дазваляе выявіць характар дамінавання і вызначыць колькасць генаў, якія кантралююць адрозненні па дадзенай прыкмеце, лакалізацыю генаў, што вывучаюцца. З яго дапамогай вырашаюць многія праблемы сучаснай генетыкі: атрыманне арганізмаў з зададзенымі генет. ўласцівасцямі, складанне генетычных картаў храмасом для розных відаў, вызначэнне філагенетычнай роднасці паміж групамі арганізмаў і інш. Прыватны выпадак гібрыдалагічнага аналізу — метад радаслоўных (генеалагічны аналіз), аднак у ім, як правіла, адсутнічае этап падбору бацькоўскіх форм.

т. 5, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАВУ́ЗЕЛ,

комплекс гідратэхнічных збудаванняў, тэрытарыяльна аб’яднаных для агульнага нар.-гасп. выкарыстання. Будуюцца на рэках, азёрах, каналах, вадасховішчах і сажалках, у прыбярэжных зонах мораў.

Гідравузлы бываюць: энергетычныя (для пераўтварэння воднай энергіі ў электрычную), воднатранспартныя (для паляпшэння ўмоў суднаходства і лесасплаву), водазаборныя (забяспечваюць паступленне вады для арашэння, водазабеспячэння, рыбнай гаспадаркі і інш.), вадасховішчныя (рэгулююць сцёк), комплексныя (напр., транспартна-энергетычна-водазаборныя); напорныя (плацінныя) і безнапорныя (бесплацінныя); нізканапорныя (напор, або рознасць узроўняў вады верхняга і ніжняга б’ефаў, не перавышае 10 м), сярэдненапорныя (напор 10—40 м) і высоканапорныя (больш за 40 м). Для Беларусі характэрныя нізка- і сярэдненапорныя (да 15 м) Гідравузлы — вадасховішчныя плацінныя і рачныя (а таксама на каналах) пераважна бесплацінныя вадазаборныя.

Варыянт гідравузла (схема); 1 — земляная рэчышчавая плаціна; 2 — водазліўная жалезабетонная плаціна; 3 — будынак ГЭС; 4 — суднаходны шлюз; 5 — пірс; 6 — дамба-хвалялом; 7 — арашальны канал; 8 — земляная плаціна; 9 — раздзяляльная дамба.

т. 5, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНЫ РЭЖЫ́М ГЛЕ́БЫ,

сукупнасць працэсаў паступлення, расходу і перамяшчэння глебавай вільгаці; адзін з фактараў урадлівасці глебы. Залежыць ад складу і ўласцівасцей самой глебы (гіграскапічнасць, водапранікальнасць глебы, вільгацяёмістасць глебы і інш.), кліматычных і пагодных умоў, рэльефу, характару расліннага покрыва; на ворных землях — ад біял. асаблівасцей культурных раслін і агратэхнікі іх вырошчвання. Да элементаў воднага рэжыму глебы адносяць інфільтрацыю, кандэнсацыю, капілярны пад’ём вільгаці ў глебе, замярзанне і адтайванне глебы, сцёк і выпарэнне, транспірацыю. Водны рэжым глебы цесна звязаны з паветраным і цеплавым рэжымамі, а таксама з пажыўным рэжымам раслін.

Асн. крыніцай намнажэння вады ў глебе служаць атм. ападкі. Стварэнне спрыяльнага для с.-г. культур воднага рэжыму глебы дасягаецца назапашваннем, захоўваннем і рацыянальным выкарыстаннем глебавай вільгаці (снегазатрыманне і затрыманне талых вод, апрацоўка глебы, паліванне і інш.). Ва ўмовах Беларусі водны рэжым глебы рэгулююць асушэннем, арашэннем у засушлівыя перыяды, увільгатненнем кораненаселенага пласта глебы дажджаваннем або капілярным жыўленнем знізу.

т. 4, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)