ФУДЗІЯ́МА, Фудзі, Фудзісан,

дзеючы вулкан на в-ве Хонсю, каля 100 км на ПдЗ ад Токіо, самая высокая вяршыня Японіі (3776 м). Правільны конус з кратэрам глыб. каля 250 м, дыяметрам каля 700 м. Утвораны з базальтавых і андэзітавых лаў. На схілах бакавыя кратэры і шлакавыя конусы. Ф. перакрывае б.ч. стараж. вулкана Асітока, вяршыня якога агаляецца на паўд.-ўсх. схіле. На схілах вечназялёныя лясы, хмызняковыя пустэчы. 10 мес укрыты снегам. Апошняе вывяржэнне ў 1707—08. Уваходзіць у склад нац. парку Фудзі-Хаконе-Ідзу. Ф. — свяшчэнная гара японцаў, аб’ект паломніцтва і турызму, таксама яп. мастацтва (карціны, вышыўкі, фарфор).

т. 16, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)