ПАЛАНЭ́З [польск. polonez ад франц. (danse) polonaise польскі танец],
старадаўні польскі танец-шэсце ўрачыстага характару. Жанрава вызначальныя рысы — 3-дольны тактавы памер, тыповая рытмаформула , каданс . Папярэднік П. —4-дольны павольны «пешы» танец, які вылучыўся з вясельных абрадавых танцаў, у 17 ст. адкрываў вясковыя святы або выконваўся ў час вяртання з палявых работ. У 18 ст. пад назвай «польскі танец» пашырыўся ў шляхецкім асяроддзі, дзе набыў ваяўнічы характар. У канцы 18 ст. атрымаў назву «П.» Адыграў прыкметную ролю ў фарміраванні нац. аблічча польскай прафес. музыкі. З 1790-х г., калі паявіліся «Паланэзы не для танца» М.К.Агінскага, і ў 19 ст., у перыяд рамантызму, П. узбагаціўся рысамі паэмнасці, значна пашырыўся яго эмац. дыяпазон. Вяршыні развіцця дасягнуў у творчасці Ф.Шапэна. Да П. звярталіся І.С.Бах, В.А.Моцарт, К.М.Вебер, М.Глінка, П.Чайкоўскі, А.Скрабін, А.Лядаў і інш.
Найб. раннія звесткі пра П. на Беларусі адносяцца да 1780-х г. і звязаны з творчасцю Я.Д.Голанда (арыя Паляка з оперы «Чужое багацце нікому не на карысць», паст. 1780, Нясвіж) і Р.Вардоцкага (арыя з оперы «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас», паст. ў школьным т-ры Забельскага дамініканскага калегіума, Верхнядзвінскі р-н). У 19 ст. вядомы П. для канцэртнага выканання І.Дабравольскага (для скрыпкі), Міхала Казіміра Агінскага (для скрыпкі і фп.), Міхала Клеафаса Агінскага і В.Казлоўскага (для арк.), Н.Орды, А.Абрамовіча, С.Манюшкі, К.Ельскага, Ф.Міладоўскага (для фп.) і інш. Асаблівую папулярнасць набыў П. «Развітанне з Радзімай» Міхала Клеафаса Агінскага. З сучасных бел. кампазітараў П. пісалі Дз.Лукас (з музыкі да кінафільма «Несцерка»), Ю.Бяльзацкі (з сюіты на тэмы польск. нар. танцаў), Г.Вагнер (з балета «Падстаўная нявеста») і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІТЫ́ЧНЫЯ АДДЗЕ́ЛЫ, палітаддзелы,
кіруючыя парт.-паліт. органы КПСС—КПБ. Існавалі ў 1918—91 ва ўзбр. сілах для ўзмацнення парт. кіраўніцтва і паліт. работы, у 1933—56 — у гасп. арг-цыях з мэтай паліт. ўплыву на прац. масы. Нярэдка выконвалі функцыі гасп. і карных органаў. Як надзвычайныя органы ствараліся на пэўны час на найб. адказных участках для аператыўнага вырашэння паліт. і сац.-эканам. пытанняў. Асн. задачы П.а.: аб’яднанне парт. і камсам. актыву ўнутры калектываў, узмацненне барацьбы з «самацёкам», шкодніцтвам і раскраданнем сацыяліст. уласнасці, завяршэнне чысткі працоўных калектываў ад рэшткаў «класава варожых элементаў», садзейнічанне своечасоваму выкананню дзярж.вытв. задач. Палажэнне пра П.а. было ўключана ў Статут ВКП(б), прыняты XVII з’ездам партыі (1934). У сістэме нар. гаспадаркі СССР, у т. л.БССР, П.а. функцыянавалі ў машынна-трактарных станцыях (МТС; 1933—34, 1941—43, 1950—53), саўгасах (1933—40, 1941—43), на чыг. і водным транспарце (1933—56). За 1933—34 у СССР створана на чале з накіраванымі ў вёску кадравымі партработнікамі 3368 П.а. МТС і 2021 П.а. саўгасаў; у БССР — адпаведна 72 і 51. У 1934 сеткамі П.а. абслугоўваліся каля 40% калгасаў і 20% саўгасаў рэспублікі. З лют. 1950 да студз. 1954 паводле рашэння ЦКВКП(б) (студз. 1950) у зах. абласцях СССР, у т. л. Беларусі, Прыбалт. рэспубліках, былі арганізаваны і дзейнічалі П.а. МТС для актывізацыі націску ў ажыццяўленні суцэльнай калектывізацыі ў сціслыя тэрміны. З пашырэннем унутрыпарт. дэмакратыі і ўзмацненнем ролі звычайных, пастаянных органаў партыі ЦККПСС у 1957 скасаваў П.а.
ва ўсіх ведамствах, акрамя ўзбр. сіл. П.а., як адно з рашаючых звёнаў цэнтралізаванай сістэмы кіравання, былі дзейсным інструментам сав. улады. Іх стварэнне ў структуры апарата партыі было спробай умацавання адміністрацыйна-каманднай сістэмы кіравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЬМІ́РА,
старажытны горад на тэр.Паўн.-Усх. Сірыі (паблізу сучаснага г. Тадмар). Як буйны цэнтр караваннага гандлю і рамесніцтва ўпершыню згадваецца ў 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. У канцы 2-га тыс. да н.э. разбурана асірыйцамі, у 10 ст. да н.э. адбудавана ізраільска-іудзейскім царом Саламонам. У 1 ст.н.э. ў час праўлення Тыберыя прызнала вярх. ўладу Рыма, але захавала аўтаномію. Найб. росквіту дасягнула ў 1—3 ст.н.э., калі гандлявала з гарадамі Паўд. Месапатаміі, Скіфіі, Сярэдняй Азіі, Паўд. Аравіі. Развівалася сельская гаспадарка; былі пабудаваны падземныя водаправоды і рэзервуары для арашэння палёў і садоў вакол П. У 3 ст.н.э. ў часы праўлення Адэната і Зенобіі дасягнула вял.паліт. магутнасці (валодала ўсёй Пярэдняй Азіяй і Егіптам). У 272 рым. імператар Аўрэліян захапіў П. У 273 пасля антырым. паўстання рымляне зруйнавалі горад, а яго жыхароў прадалі ў рабства.
Арх. ансамблі П. вылучаюцца маштабамі, веліччу і пышнасцю форм, багаццем скульпт. дэкору. З 19 ст. праводзяцца сістэм. раскопкі П. Выяўлена частка руін ант. горада з рэгулярнай планіроўкай і вуліцамі ў абрамленні грандыёзных карынфскіх каланад. Арх. помнікі: свяцілішча Бела на высокай платформе (з храмам у цэнтры, 1 ст.), храмік Баалшаміна (2 ст.), «Вялікая каланада» з 3-пралётнай манум. аркай (1100 м; 2—3 ст.), агора, т-р (3 ст.), частка гар. сцяны (2-я пал. 3 ст., адноўлена ў сярэдзіне 6 ст.), т.зв. лагер Дыяклетыяна (канец 3 — пач. 4 ст.). з «Храмам знамёнаў». Па-за гар. сценамі даследаваны некропаль з грабніцамі 3 тыпаў: вежавымі, падземнымі і ў выглядзе дамоў з атрыямі. Знойдзены шматлікія статуі, рэльефы, мазаікі, размалёўкі. Археал. запаведнік П. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Слова П. стала сімвалам горада мастацтва.
А.У.Казленка.
Пальміра. «Вялікая каланада» з трохпралётнай аркай. 2—3 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНГЕ́Я (ад пан... + грэч. gē зямля),
старажытны гіганцкі суперкантынент, які аб’ядноўваў усе сучасныя кантыненты і ў геал. гісторыі Зямлі існаваў тройчы: П. 0, П. 1, П. 2.
Познаархейская кратанізацыя зямной кары пачалася 3 млрд.г. назад (на мяжы ранняга і позняга архею) і завяршылася 2,7—2,5 млрд.г. назад, пра што сведчыць узрост найб.стараж. адкладаў платформавага чахла. Магчыма, у гэты час зямная кара ўтварала суцэльную абалонку, або ўсеагульнае скучванне ў канцы архею прывяло да яе канцэнтрацыі ў выглядзе суперкантынента П. 0 у адным паўшар’і і ўтварэнню першаснага акіяна ў другім паўшар’і. У пач. пратэразою ўзніклі протагеасінкліналі, якія падзялілі П. 0 на вял. колькасць протаплатформ. Развіццё раннепратэразойскіх протагеасінкліналей завяршылася пераважна да 1,8—1,75 млрд.г. назад (у канцы ранняга пратэразою). Протаплатформы апынуліся моцна спаянымі протагеасінклінальнымі складкавымі сістэмамі і паясамі тэктона-тэрмальнай перапрацоўкі з нарошчваннем кантынент. кары. Утварыўся суперкантынент П. 1. З гэтага часу на плошчы сучасных стараж. платформ усталяваўся кантынент. рэжым з пашыраным наземным вулканізмам. Існаванне П. 1, як і П. 0, пацверджана палеамагн. данымі (падабенства крывых блукання полюсаў Зямлі) і пераходнымі палеаструктурамі. У раннім рыфеі фіксуюцца пач. працэсы распаду П. 1 у вобласці Паўд.-Усх. Азіі, новаўтварэнне акіянскіх басейнаў і ўзнікненне мікракантынентаў, з перыферыяй якіх звязана станаўленне афіялітавых паясоў. У познім рыфеі адбыўся распад П. 1 на суперкантыненты Гандвану і Лаўразію, узніклі планетарныя рухомыя паясы. У канцы палеазою (позняя перм) зноў аднавілася суцэльнасць кантынент. кары: Лаўразія і Гандвана разам з Кітайска-Карэйскай платформай і Паўднёва-Кітайскай платформай утварылі адзіны звышкантынент, якому А.Вегенер (гл.Вегенера гіпотэза) даў назву П. (у адрозненне ад рыфейскага суперкантынента П. 1, мае назву П. 2).
Распад П. 2 пачаўся 200 млн.г. назад у канцы трыясавага — пач. юрскага перыяду мезазойскай эры і звязваецца, паводле гіпотэзы «Новая глабальная тэктоніка», з утварэннем новай сістэмы канвекцыйных ячэек у мантыі. Гл. таксама Дрэйф кантынентаў, Мабілізм, Тэктанічныя гіпотэзы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСКЕ́ВІЧ (Іван Фёдаравіч) (19.5Л782, г. Палтава, Украіна — 1.2Л856),
расійскі ваен. і дзярж. дзеяч. Граф Эрыванскі (1828), святлейшы кн. Варшаўскі (1831), ген.-фельдмаршал (1829). Яго маці Г.В.Карабаноўская паходзіла са стараж. шляхецкага роду Магілёўшчыны. Скончыў Пажскі корпус (1800). У рас.-тур. вайну 1806—12 камандаваў у 1810—11 Віцебскім пяхотным палком. Са студз. 1812 нач. 26-й пяхотнай дывізіі. У вайну 1812 вызначыўся ў баях пад Салтанаўкай (каля Магілёва, 23 ліп.), Смаленскам (16—18 жн.), Барадзіном (7 вер.), Малаяраслаўцам (24 кастр.) і інш. Удзельнік замежных паходаў рускай арміі 1813—14. У 1821—25 нач. 1-й гвардз. дывізіі, з 1825 камандзір 1-га пяхотнага корпуса. У гэты перыяд зблізіўся з будучым імператарам Мікалаем I, які служыў пад яго камандаваннем. З 1826 камандуючы рас. войскамі ў Закаўказзі, з 1827 намеснік на Каўказе. У час.рас.-іранскай 1826—28 і рас.-тур. 1828—29 войнаў кіраваў войскамі пры ўзяцці крэпасцей Эрывань (Ерэван), Карс, Эрзурум. З чэрв. 1831 камандаваў рас. войскамі пры задушэнні паўстання 1830—31, 7.9.1831 штурмам авалодаў Варшавай. У 1832—56 намеснік цара ў Каралеўстве Польскім, дзе жорстка праводзіў вялікадзярж. палітыку. Камандаваў рас. войскамі пры задушэнні рэвалюцыі 1848—49 у Венгрыі. У Крымскую вайну 1853—56 камандаваў рас. войскамі на зах. межах і (1853—54) на Дунаі. У маі 1854 пацярпеў няўдачу каля Сілістры (Балгарыя) і выехаў у Гомель, якім валодаў з сярэдзіны 1830-х г., потым у Варшаву. Пры П. атрымаў далейшае развіццё Гомельскі палацава-паркавы ансамбль.
Літ.:
Борисенок Ю. Хозяин мятежного края: Штрихи к образу фельдмаршала Паскевича // Родина, 1994. № 12;
Памяць: Гіст. дак. хроніка Гомеля. Мн., 1998. Кн. 1. С. 152—162;
Виноградов В.Н. Венгерский поход И.Ф.Паскевича 1849 г.: легенда и действительность // Новая и новейшая история. 2000. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТАЯ́ННАЯ РА́ДА, Няспынная рада (польск. Rada Nieustająca),
вышэйшы орган дзярж. улады Рэчы Паспалітай у 1775—89, 1793—94. Першы пастаянна дзеючы паміж сесіямі соймацэнтр. ўрад, створаны на сойме 1773—75 пасля ратыфікацыі ўмоў 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) для замацавання пераважнага ўплыву Рас. імперыі на ўнутр. справы дзяржавы. Функцыі П.р. аформлены Статутам 1775. Складалася з караля, 18 сенатараў і 18 паслоў ад ваяводстваў са шляхты. Членаў П.р. выбіралі на сойме тайным галасаваннем на 2 гады, пасля чаго праводзіліся перавыбары 1/3 яе складу. Старшынстваваў у радзе кароль (пры яго адсутнасці — прымас), які меў права заканад. ініцыятывы. Падзялялася на дэпартаменты замежных спраў, скарбу, паліцыі, войска, справядлівасці, якія ўзначальваліся сенатарамі. Стварэнне П.р. зафіксавала кампраміс паміж каралём і магнатамі. Кароль мог прызначаць сенатараў і міністраў з 3 кандыдатаў, прапанаваных соймам, страціў права аднаасобна раздаваць староствы, афіцэрскія чыны і прымаць рашэнні па кіраванні арміяй без згоды гетманаў. П.р. атрымала права склікаць звычайныя і надзвычайныя соймы нават без згоды караля, кантраляваць дзярж. скарб без справаздачы перад соймам. Пры падтрымцы Расіі П.р. ўвяла эмфітэтычнае (абмежаванае 50 гадамі) трыманне старостваў, адзінае мыта, вэксальнае права, градацыю падымнага падатку, пераўтварыла панцырныя і гусарскія харугвы ў брыгады нац. кавалерыі, увяла падзел арміі на 6 дывізій, удзельнічала ў заснаванні Адукацыйнай камісіі. На Чатырохгадовым сойме 1788—92 апазіцыя дамаглася 14.1.1789 ліквідацыі П.р. як «сродку замежнага дыктату і пагрозы ўкаранення нязвыклага дынастычнага абсалютызму». Таргавіцкая канфедэрацыя аднавіла П.р. для склікання Гродзенскага сойма 1793 з мэтай ратыфікацыі 2-га падзелу Рэчы Паспалітай. Сойм абраў П.р. з 24 чал. Мела дэпартаменты скарбу, войска, паліцыі, справядлівасці, адукацыі і замежных спраў, наглядала за парадкавымі цывільна-вайсковымі камісіямі ў ваяводствах і паветах. Праіснавала да стварэння ў час паўстання 1794 Найвышэйшай нацыянальнай рады ў Варшаве і Найвышэйшай літоўскай рады ў Вільні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,
1) тайная арг-цыя дваранскіх рэвалюцыянераў (пераважна афіцэраў) у 1821—26 на тэр. Польшчы, Беларусі, Літвы, Украіны, створаная з мэтай адраджэння Рэчы Паспалітай у межах 1772. Засн. ў маі 1821 каля Варшавы членамі арг-цыі «Нацыянальнае масонства» і велікапольскага Саюза касінераў. Дзейнасць т-ва (каля 150 чал. у 1822) вызначалася статутам. Кіруючы орган — ЦК з 7 чал. на чале з В.Лукасінскім. П.т. падзялялася на 6 тэр. правінцый (7-я прав. — армія), правінцыі — на акругі, акругі — на гміны. Правінцыя Літва (Віленская, Гродзенская, Мінская губ. і Беластоцкая вобл., кіраўнікі кн. К.Радзівіл, І.Вайніловіч, памешчык К.Навамейскі, граф А.Солтан) асн. ўвагу звяртала на прапаганду ў Літоўскім асобным корпусе і арсенал зброі ў Вільні. У маі 1822 арыштаваны кіраўнікі П.т. на чале з Лукасінскім, схільныя да правядзення ў будучым сац. рэформ; членамі ЦК сталі больш памяркоўныя (С.Кжыжаноўскі, А.Пліхта, В.Гжымала). П.т. вяло перагаворы з Паўднёвым таварыствам дзекабрыстаў, якое пагаджалася на перадачу будучай польскай дзяржаве бел. зямель. У 1826 у сувязі са справай дзекабрыстаў т-ва выяўлена і разгромлена ўрадам. Арыштаваных ўраджэнцаў Каралеўства Польскага судзіў Польскі Сенат, які вынес ім у 1828 мяккі прыгавор, астатніх, у т. л. ураджэнцаў бел. губерняў (Ю.Гружэўскі, І.Завіша, Я.Ходзька і інш.), рас. Сенат асудзіў на розныя тэрміны катаргі і ссылкі.
2) Легальная аргцыя («Патрыятычны клуб») у Варшаве ў снеж. 1830 — жн. 1831 у час паўстання 1830—31. Аб’ядноўвала радыкальную інтэлігенцыю, карысталася падтрымкай сярэдніх слаёў і гар. нізоў. Старшыня — І.Лялевель. Забаронена дыктатарам паўстання Я.Крукоўскім за прапаганду радыкальных сац. рэформ і крытыку паўстанцкіх улад.
Літ.:
Ольшанский П.Н. Декабристы и польское национально-освободительное движение. М., 1959;
Dylągowa H. Towarzystwo patriotyczne i Sąd Sejmowy (1821—1829). Warszawa, 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦЕ́І,
шляхецкі род герба «Вага» ў ВКЛ. Родапачынальнік Ходзька Каранеўскі, сын якога Тышка за службу ў вял.кн. Казіміра [1440—92] атрымаў некалькі вёсак у Камянецкай вол. Ад імя яго сына Пацея Тышковіча пайшло родавае прозвішча. Валодалі маёнткамі ў Берасцейскім, Трокскім і інш. ваяводствах. Найб. вядомыя:
Адам Львовіч (Іпацій; 1541—1613), уніяцкі мітрапаліт, гл.Пацей I. Леанард Габрыэль (6.11.1632—1.2.1695), ваявода віцебскі з 1686, староста рагачоўскі, суражскі і жыжморскі. Людвік Канстанцін (1664—3.1.1730), пісар польны ВКЛ з 1697, стражнік вялікі з 1698, падскарбі вялікі з 1703, гетман польны ў 1709, гетман вялікі з 1709, адначасова кашталян віленскі з 1709, ваявода віленскі з 1722. Адзін з кіраўнікоў шляхецкага руху супраць усеўладдзя Сапегаў у ВКЛ. У часПаўн. вайны 1700—21 ваяваў супраць шведаў. Пры падтрымцы Пятра I фактычна сканцэнтраваў у сваіх руках уладу на Беларусі і ў Літве. Адзін з арганізатараў Віленскай канфедэрацыі 1716. Казімір Аляксандр (14.5.1666—10.6.1728), кашталян віцебскі з 1700 і трокскі з 1703, ваявода віцебскі з 1705, староста рагачоўскі, суражскі і жыжморскі. Антоні (?—16.2.1749), абозны вялікі ВКЛ з 1715, стражнік вялікі ў 1729—48. Аляксандр (? — сак. 1770), падчашы ВКЛ з 1724, кашталян віцебскі з 1739 і трокскі з 1740, ваявода трокскі з 1742, староста рагачоўскі, Людвік (каля 1726 — студз. 1771), абозны вялікі ВКЛ з 1744, стражнік вялікі з 1748, староста рагачоўскі і алькеніцкі. Леанард (каля 1730—14.7.1774), абозны вялікі ВКЛ з 1752, стражнік вялікі з 1771, староста рагачоўскі і алькеніцкі. Аляксандр Міхал (1774 — да 13.6.1846), абозны вялікі ВКЛ з 1794, удзельнік паўстання 1794. У вайну 1812 чл. Вайсковага к-таВКЛ у Вільні. Чл.Патрыятычнага таварыства, у 1826—27 зняволены. Тэадор (1798—1852), удзельнік паўстання 1830—31, памёр у эміграцыі ў Парыжы. Апошні з роду П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЛЁТЫ ПТУ́ШАК,
штогадовыя рэгулярныя масавыя перамяшчэнні птушак з гнездавання ў месцы зімовак і наадварот; адна з форм міграцыі жывёл. Склаліся гістарычна і генетычна (спадчынна) замацаваны. Маюць зменлівы характар: папуляцыі аднаго віду могуць быць пералётнымі і аселымі (напр., галка ва Усх. Еўропе аселая, у Сібіры пералётная). Асн. прычыны П.п. — змена сезоннай і сутачнай фотаперыядычнасці, змены т-ры, прыстасаванне да сезонных ваганняў клімату і залежных фактараў (забеспячэнне кормам і інш.). Адлегласці, шляхі і скорасці П.п. розныя: ад 400 км (дразды, пуначкі і інш.) да 30 тыс.км у крачкі палярнай; за суткі пераадольваюць ад 30 км (сініцы) да 300 км (мухалоўкі, сітаўкі і інш.). На Беларусі сістэм. назіранні за П.п. вядуцца з 1960-х г.
Месцы гнездавання і зімовак птушак пастаянныя. Большасць еўрап. відаў зімуе ў Паўд, Паўд.-Зах. Еўропе і Афрыцы, заходнесібірскіх — у Зах. Азіі і ва ўсх.ч. Афрыкі, усходнесібірскіх і далёкаўсходніх — у Індыі, Аўстраліі, Амерыцы. У арыентацыі птушак вял. значэнне мае рэцэпторная сістэма, пачуццё геагр. размяшчэння, звязанае з магн. з’явамі на Зямлі і інш П.п. адбываюцца ўдзень (берасцянкі, буслы, жураўлі, шпакі), уначы (валасянкі, некат. кулікі, пастушкі), удзень і ўначы (гагары, гусі і інш.). Большасць птушак ляціць чародамі рознай канфігурацыі (гусі — ключом або клінам, жураўлі — клінам, качкі — шарэнгай, шпакі — шматслойнай чарадой), некат. віды — па адной ці невял. групамі. У час пералётаў птушкі ляцяць на выш. ад 100 да 1000 м, зрэдку большай. Вясной птушкі ляцяць хутчэй, чым восенню. Вывучаюць П.п. метадамі кальцавання птушак, радыёлакацыі, тэлеметрыі і інш. На пералётах мае вял. значэнне міжнар. ахова птушак.
Літ.:
Дольник В.Р. Таинственные перелеты. М., 1968;
Михеев А.В. Перелеты птиц. 2 изд. М., 1981;
Карри-Линдал К. Птицы над сушей и морем: Пер. со швед.М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫЯДЫЗА́ЦЫЯ ГІСТАРЫ́ЧНАЯ,
форма колькаснага і якаснага абазначэння гіст. развіцця ў часе. Тыпалагічна адрозніваюць П.г. лінейную, што прадугледжвае падзел гісторыі на раўназначныя па сваіх маштабах і глыбіні ступені, кожная наступная з якіх вырастае з папярэдняй, і іерархічную, што выражаецца ў супадпарадкаванні асобных з’яў і этапаў развіцця, якія з’яўляюцца ч. больш агульнага і складанага працэсу (напр., сярэднявечча, ранняе сярэднявечча). Самая стараж. П.г. ўзыходзіць да ўсх. і грэчаскай міфалогіі, якая разглядала гісторыю чалавецтва як паступовы пераход ад самага шчаслівага — «залатога» да самага заняпалага і адсталага — «жалезнага веку». Як альтэрнатыва ёй у Стараж. Грэцыі ўзнікла ўяўленне аб культ. прагрэсе чалавецтва і яго паступальным руху да нейкай ідэальнай мэты. Гэтай ідэяй была прасякнута іудзейска-хрысціянская канцэпцыя гісторыі. У эпоху Адраджэння (14—16 ст.) еўрап. гуманісты зрабілі першую спробу ўсеагульнай перыядызацыі гісторыі. У 17 ст. канчаткова склалася класічная схема трохчасткавай еўрап. гісторыі: «Стараж. свет — Сярэднія вякі — Новы час», якая пазней у мадыфікаваным выглядзе пераўтворана ў «рабаўладанне—феадалізм—капіталізм» і была пашырана на гісторыю ўсяго чалавецтва. Паводле традыцыі, што склалася ў гіст. навуцы, развіццё нееўрап. свету таксама падзяляецца ў адпаведнасці з рамкамі еўрап. гісторыі. Разам з тым гісторыя нееўрап. свету не ўпісваецца нават у самую агульную трохчленную схему еўрап.гістарыяграфіі, паколькі дынаміка яго развіцця ў адрозненне ад лінейна-прагрэсіруючай еўрапейскай мела спіралепадобную цыклічнасць. У бел. гістарыяграфіі існуюць 2 асн. падыходы да П.г. нац. гісторыі: т.зв. дзяржаўніцкі і фармацыйны. Першы з іх аформіўся ў 1-й чвэрці 20 ст. ў працах В.Ю.Ластоўскага і У.М.Ігнатоўскага, якія, грунтуючыся на дзярж. прыналежнасці, вылучалі ў яе гісторыі полацкі, літоўска-бел. (ВКЛ), польскі (у складзе Рэчы Паспалітай), рас. і сав. перыяды. У 1940—80-я г. ў бел. гістарыяграфіі панавала фармацыйная канцэпцыя П.г. Зараз у даследаваннях многіх бел. гісторыкаў незалежна ад іх паліт. арыентацыі назіраецца прысутнасць дзяржаўніцкага прынцыпу.