атрад насякомых. Каля 300 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі відавы склад асобна не вывучаўся. Унутр. паразіты пчол, восаў, клапоў, цыкадак. Найб. вядомы эаксен (Eoxenos labaelbenei).
Даўж. звычайна 2—2,5 мм, у трапічных да 3 см. Уласцівы выразны палавы дымарфізм, самцы маюць зачаткавыя пярэднія (жужальцы) і вял. веерападобныя (адсюль назва) заднія крылы, добра лётаюць, з вачамі; самкі без крылаў, канечнасцей і вачэй, звычайна не пакідаюць цела гаспадара, галавагрудзі вытыркаюцца вонкі. Развіццё з поўным ускладненым ператварэннем (гіперметамарфоз) ад 2 месяцаў да года. Рассяляюцца рухомыя лічынкі 1-га ўзросту (трыунгуліны), заражаюць новых насякомых-гаспадароў, якія слабнуць і часта гінуць.
Да арт.Вееракрылыя. Эаксен: 1 — самец; 2 — самка; 3 — трыунгулін; 4 — лічынка старэйшага ўзросту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛІКАУ́СЦЮЖСКАЕ ЧАРНЕ́ННЕ ПА СЕРАБРЫ́,
рускі мастацкі промысел. Склаўся ў 18 ст. ў г. Вялікі Усцюг (Расія). Чэрню аздаблялі сярэбраныя табакеркі, куфэркі, флаконы і інш.: у 18 ст. — багаты арнамент і займальныя сюжэтныя малюнкі, у 19 ст. — больш сухія, частадакумент. выявы гарадоў і геагр. картаў, з сярэдзіны 19 ст. — раслінны ўзор, пабудаваны на кантрастах цёмнага і светлага з суцэльным пакрыццём паверхні брошак, запінак і інш. Да пач. 20 ст. промысел заняпаў, у 1930-я г. пачалося яго адраджэнне. У 1933 засн. арцель (з 1960 ф-ка) «Паўночная чэрнь», дзе вырабы аздабляюць чэрневым малюнкам, які раўнамерна запаўняе паверхню (партсігары, лыжкі, ювелірныя і інш. вырабы).
Да арт.Велікаусцюжскае чарненне па серабры. Куфэрак. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРА́НДА (англ. veranda ад інд.),
адкрытая або закрытая прыбудова да дома з боку ўваходных дзвярэй. Гістарычна развілася з ганка. З’яўляецца дадатковым гасп. памяшканнем. Часта выкарыстоўваецца як летняя кухня, часам у верандзе адгароджваецца кладоўка. На Беларусі пашырана з 19 ст. ў гарадах і мястэчках; сустракалася ў вясковым буд-ве ў заможных сялян. Найб. пашырэнне атрымала з 1920-х г. Цяпер веранды бытуюць па ўсёй Беларусі, найб. на ПдУ. Тыповыя веранды зашклёныя (памерам 10—15 м²). Некаторыя хаты маюць 2 веранды — на вуліцу і панадворак. Ніжняя частка каркаса веранды ашалёўваецца дошкамі, фарбуецца; верхняя звычайна зашклёная. Многія веранды аздоблены разьбой, вітражамі, з’яўляюцца сапраўднымі творамі мастацтва.
У.С.Гуркоў.
Веранда ў в. Галошава Талачынскага раёна Віцебскай вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯ́НКА, ваўнянка белая (Lactarius pubescens),
шапкавы пласціністы грыб з роду млечнік сям. сыраежкавых. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце групамі пераважна ў маладых, часта забалочаных бярозавых і мяшаных лясах. Пладовыя целы з’яўляюцца ў жніўні—верасні.
Шапка да 6 см у дыяметры, тонкаапушаная, з загнутым уніз валакністым краем, белая, сухая або злёгку слізкая, з цягам часу становіцца шырокалейкападобная, сухая, белая або крэмаватая. Пласцінкі спачатку белыя, пасля крэмава-ружовыя. Ножка да 4 смвыш., белая або з ружавата-крэмавым адценнем, гладкая, пустая. Мякаць белая, пад скуркай ружаватая, са слабым пахам герані, мае горкі млечны сок. Ядомы грыб. Ужываецца толькі солены (пасля вымачкі і адварвання). Вонкавым выглядам нагадвае сапраўдную ваўнянку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ШНЕЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Вілейскім р-не, на мяжы з Мядзельскім р-нам Мінскай вобл. і Смаргонскім р-нам Гродзенскай вобл., у бас.р. Страча, за 32 км на ПнЗ ад г. Вілейка. Пл. 9,97 км², даўж. 4,38 км, найб.шыр. 3,52 км, найб.глыб. 6,3 м, даўж. берагавой лініі 13,6 км. Пл. вадазбору 56,2 км². Схілы катлавіны выш. 2—3 м, парослыя хваёвым лесам. Берагі нізкія, часта забалочаныя і затарфаваныя, пад хмызняком, на Пд і З высокія. Пойма шыр. 5—50 м, забалочаная, пад хмызняком. Дно плоскае, да глыб. 1,5 м выслана пяском і глеямі, глыбей — сапрапелямі. Паласа расліннасці шыр. 100—800 м. На Пн выцякае р. Смолка, якая злучае Вішнеўскае возера з воз. Свір.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАМАРФО́З [ад грэч. kata уніз + марф(а)],
рэгрэсіўныя пераўтварэнні арганізмаў, звязаныя з іх пераходам да больш простага спосабу жыцця, страта імі некат. прыстасаванняў да пэўных умоў існавання. Гэтыя пераўтварэнні з’яўляюцца асновай катагенезу — рэгрэсіўнай эвалюцыі. Тэрмін прапанаваны сав. біёлагам І.І.Шмальгаўзенам (1939).
Генет. аснова К. — намнажэнне мутацый, што вядуць да недаразвіцця органаў, якія страцілі сваё значэнне пры змене спосабу жыцця. К. характэрны для абалоннікаў, вусаногіх ракаў, імшанак, калаўротак і інш. Але ў такіх арганізмаў часам назіраюцца і прагрэсіўныя змены ў асобных сістэмах органаў. Прыватны выпадак К. — гіпамарфоз, агульнае недаразвіццё арганізма, напр.неатэнія (у аксалотля, пячорнага пратэя). Замест тэрміна «К.» часта карыстаюцца паняццем катагенез, якое падкрэслівае экалагічныя і генет. аспекты рэгрэсіўнай эвалюцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАРЦ (ням. Quarz),
мінерал, аксід крэмнію, SiO2; адзін з самых пашыраных пародаўтваральных мінералаў зямной кары. Крышт. мадыфікацыі: трыганальная (α-К., устойлівы ніжэй 573 °C) і гексаганальная (β-К., устойлівы вышэй 573 °C). Крышталі прызматычныя ці дыпірамідальныя, часта ўтвараюць зросткі.Трапляюцца зерні, агрэгаты і суцэльныя масы. Колер разнастайны: бясколерны К. — горны хрусталь, фіялетавы — аметыст, дымчаты — раўхтапаз, чорны — марыён, залацісты — цытрын і інш. Бляск шкляны. Празрысты. Цв. 7. Крохкі. Шчыльн. 2,65 г/см³. П’езаэлектрычны. Паходжанне пераважна эндагеннае. Кварцавыя пяскі і кварцыты выкарыстоўваюцца ў керамічнай і шкляной прам-сці, монакрышталі К. — у оптыцы і як п’езаэлектрычны матэрыял, афарбаваныя разнавіднасці К. — у ювелірнай справе. На Беларусі шматлікія радовішчы кварцавых пяскоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬЦЫ́Т [ад лац. calx (calcis) паленая вапна],
вапнавы шпат, мінерал класа карбанатаў, карбанат кальцыю, CaCO3Гал. пародаўтваральны мінерал мелу, вапняку, мармуру; часта змяшчае прымесі магнію, жалеза, марганцу. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, ромбаэдрычныя, пласціністыя і інш. Агрэгаты зярністыя, сталактытападобныя, зямлістыя, валакністыя. Бясколерны ці белы, прымесямі можа быць афарбаваны ў розныя колеры. Бляск шляпы. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 2,7—2,8 г/см³. Крохкі. Разнавіднасці: ісландскі шпат, антраканіт — чорны К. Паходжанне — арганічнае, хім. асаджэнне ў вадаёмах, гідратэрмальнае, метамарфічнае. Выкарыстоўваецца для вытв-сці партландцэменту, вапнавання глеб, як флюс пры выплаўцы жалеза і інш. металаў, у буд-ве і інш. На Беларусі трапляецца па ўсім разрэзе асадкавага чахла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТУ́Ш (франц. cartouche ад італьян. cartoccio літар. скрутак, мяшочак),
скульптурнае ці графічнае ўпрыгожанне ў выглядзе дэкаратыўна акаймаванага шчыта або паўразгорнутага скрутка, на якім адлюстраваны герб, эмблема, надпіс. Адзін з найб. пашыраных дэкар. матываў у еўрап. мастацтве 15—19 ст. На Беларусі вядомы з 16 ст. У ліку першых К. гравюры з відамі Гродна Г.Адэльгаўзера, Нясвіжа і Клецка — Т.Макоўскага і інш.
Найчасцей выкарыстоўвалі ў арх. дэкоры (змяшчалі над параднымі ўваходамі ў палацы, дзе часта падтрымліваліся або фланкіраваліся скульпт. выявамі пуцці, анёлаў, звяроў, птушак, над уязнымі брамамі і інш.), надмагіллях, мэблі, ювелірных вырабах, дакументах, геагр. картах і інш. Выраблялі з розных матэрыялаў (камень, дрэва, метал, стук) і ў розных тэхніках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ТНІКІ,
катэгорыя збяднелых маламаёмных ці беззямельных сялян у ВКЛ у 16—18 ст., якія не мелі ўласнай хаты і таму наймалі для жылля кут (адсюль назва). Займаліся пераважна рамяством, промысламі, выконвалі работы па найму. Асн. іх павіннасцю быў чынш, памеры якога ў розных уладаннях былі неаднолькавыя. Працэс фарміравання К. на Беларусі пачаўся ў канцы 16 ст. ў сувязі з пашырэннем феад.-прыгонніцкай гаспадаркі, узмацненнем феад. прыгнёту. Найб. іх было на У Беларусі. У зах. і цэнтр. раёнах іх часцей называлі каморнікамі. Гіст. крыніцы часта атаясамліваюць К. з бабылямі і лёзнымі людзьмі. У сувязі з рэалізацыяй абавязковай інвентарнай рэформы 1840—50-х г. К. зліліся з асн. масай цяглых сялян.