БЕНЗО́ЙНАЯ КІСЛАТА́, бензолкарбонавая кіслата,
найпрасцейшая араматычная кіслата, C6H5COOH, мал. м. 122,05. Бясколерныя крышталі, tпл 122,4 °C, шчыльн. 1,316∙103 кг/м³. Дрэнна раствараецца ў вадзе, добра ў спірце, эфіры, бензоле. Складаныя эфіры і солі бензойнай кіслаты (бензааты) ёсць у эфірных алеях (напр., гваздзіковы алей), прыродных бальзамах (талуанскі, перуанскі) і бензойнай смале. Атрымліваюць акісленнем талуолу. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці фарбавальнікаў, лек. сродкаў, духмяных рэчываў, у медыцыне як процімікробны і фунгіцыдны сродак; кансервант харч. прадуктаў.
т. 3, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЗО́ЙНЫ АЛЬДЭГІ́Д, бензальдэгід,
найпрасцейшы альдэгід араматычнага шэрагу, C6H5CHO, мал. м. 106,12. Бясколерная вадкасць з пахам горкага міндалю; tкіп 179 °C, шчыльн. 1,0477∙103 кг/м³, раствараецца ў этаноле, эфіры. На паветры акісляецца да бензойнай кіслаты. Атрымліваюць каталітычным акісленнем талуолу. Ёсць у эфірных алеях (напр., пачуліевы), у насенні горкага міндалю, костачках вішні, абрыкоса, персіка. Бензойны альдэгід выкарыстоўваецца як духмянае рэчыва ў парфумерыі, кампанент харч. эсенцый, сыравіна для інш. духмяных рэчываў і фарбавальнікаў.
т. 3, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНТАНІ́Т, бентанітавыя гліны (ад назвы г. Форт-Бентан у ЗША),
адбельныя гліны (гл. Гліна), складзеныя пераважна з мінералаў групы мантмарыланіту Al2[Si4O10](OH)2∙nH2O. Утвараецца ў выніку падводнай хім. змены вулканічных туфаў і попелаў. Выкарыстоўваецца ў горназдабыўной прам-сці для прыгатавання свідравальных раствораў, для ачысткі прадуктаў нафтаперапрацоўчай, коксахім. і харч. прам-сці, як сувязны матэрыял у ліцейных фармовачных сумесях і керамічных масах. Радовішчы на Украіне, у ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Грэцыі, Японіі і інш.
т. 3, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОЙД-ОР ((Boyd-Orr) Джон) (23.9 1880, Кілмаурс, Шатландыя — 25.6.1971),
брытанскі дыетолаг. Пэр (1948). Ганаровы чл. Нью-Йорскай АН. Адукацыю атрымаў ва ун-це Глазга. Заснавальнік і дырэктар н.-д. ін-та ў Роўэце (пасля 1-й сусв. вайны), праф. сельскай гаспадаркі ў Абердзінскім ун-це (1942—45). У 1945—48 першы дырэктар Арг-цыі па харчаванні і сельскай гаспадарцы ААН. Распрацаваў «нормы харчавання», абгрунтаваў неабходнасць сусв. харч. палітыкі. Нобелеўская прэмія міру 1949.
т. 3, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНКО́НА (Ancona),
горад і порт на У Цэнтр. Італіі, на Адрыятычным моры. Адм. ц. правінцыі Анкона і вобласці Марке. 104 тыс. ж. (1990). Машынабудаванне (у т. л. суднабудаванне), нафтаперапр., лёгкая, харч. прам-сць; вытв-сць муз. інструментаў, маёлікі, вырабаў са шкла. Рыбалоўства. Ун-т. Нац. музей вобласці Марке, карцінная галерэя. Помнікі ант. і сярэдневяковай архітэктуры: трыумфальная арка Траяна (пасля 115), раманскія і гатычная пабудовы 12—15 ст. Бальнеалагічны курорт. Ваенна-марская база.
т. 1, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́Н,
горад на ПнЗ Алжыра. Адм. ц. вілаі Аран. 590 тыс. ж. (1987). Буйны трансп. і гандл. цэнтр. Порт на Міжземным м. (гандаль віном, збожжам, воўнай, агароднінай, травой альфа). Харч., харчасмакавая (у т. л. тытунёвая), тэкст., абутковая, металаапр., хім., металургічная, цэментная прам-сць. Рамёствы. Ун-т. Музей ісламскага мастацтва. Крэпасць Санта-Крус (16 ст.), мячэць (18 ст.). Засн. каля 903. Месца высадкі саюзнага войска ў 2-ю сусв. вайну; былая франц. ваен.-марская база.
т. 1, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЮТХА́Я, Аютыя (афіц. Пра-Накхон-Сі-Аютхая),
горад у Тайландзе, у дэльце р. Менам-Чао-Прая, на востраве, перасечаным каналамі. Адм. ц. правінцыі Аютхая. Засн. ў 1350. 59 тыс. ж. (1985). Гандл.-трансп. цэнтр с.-г. раёна (рыс, кукуруза, тытунь). Харч. прам-сць. Шынны з-д. Цэнтр маст. рамёстваў: вырабы з серабра, разьба па дрэве і інш. Турызм. Да 1767 сталіца тайскай дзяржавы Аютыя. Музей. Руіны палацаў, будыйскіх храмаў 14—18 ст.
т. 2, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБС-ПЛА́СТЫК,
тэрмапластычны матэрыял з 2-фазнай структурай, супалімер акрыланітрылу, бутадыену і стыролу. Непразрысты, звычайна цёмнага колеру, t размякчэння 90—105 °C, шчыльн. 1,08∙103 кг/м³. Растваральны ў араматычных і хлараваных вуглевадародах, вільгаце-, масла-, бензіна-, кіслота-, шчолачаўстойлівы; з высокімі мех. трываласцю, цепластойкасцю, жорсткасцю. Атрымліваюць радыкальнай палімерызацыяй стыролу з акрыланітрылам у прысутнасці каўчукавага латэксу. Канструкцыйны матэрыял для аўтамабіле-, машына-, прыладабудавання, тэкст. і харч. прам-сці, на выраб спарт. інвентару, мэблі; напаўняльнік некаторых палімераў.
т. 1, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ДЗЕЦ-КРА́ЛАВЕ (Hradec Králové),
горад у Чэхіі, на р. Лаба. Адм. ц. Усходне-Чэшскай вобл. 100,6 тыс. ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Машынабудаванне (у т. л. вытв-сць электратэхн. і комплекснага абсталявання для з-даў), хім., гумавая, харч. прам-сць; выраб муз. інструментаў. Музей. Гатычны сабор (14 ст., перабудаваны ў 15 і 18 ст.), барочныя касцёлы (17 і 18 ст.), езуіцкі калегіум (17 ст.), епіскапскі палац (17—18 ст.), дамы 16 ст.
т. 5, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУАНТА́НАМА (Guantánamo),
горад на У Кубы, паблізу ад узбярэжжа Карыбскага м. Адм. ц. правінцыі Гуантанама. 207.8 тыс. ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: харч., тэкст., тытунёвая, абутковая, металаапр., вытв-сць буд. матэрыялаў. На ўзбярэжжы — саляныя промыслы.
Засн. ў 1819. Каланізаваны франц. ўцекачамі з Гаіці. Паводле трактатаў 1903 і 1934, навязаных Кубе, у бухце Гуантанамы знаходзіцца ваен марская база ЗША. Куба патрабуе вяртання тэр. сушы і мора ў раёне Гуантанамы, якія ёй належаць.
т. 5, с. 513
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)