АЖГО́Н

(Trachyspermum ammi),

аяван духмяны, індыйскі кмен, аднагадовая травяністая расліна сям. парасонавых; эфіраалейная культура. Пашырана ў Міжземнамор’і, Азіі, Паўд. Амерыцы.

Сцябло цыліндрычнае, баразнаватае, галінастае, выш. да 70—120 см. Лісце чаргаванае, да ўтварэння сцябла ў разетцы. Кветкі двухполыя, дробныя, белыя або фіялетавыя. Плады — двухсямянкі, маюць 2,5—10% эфірнага алею з тымолам (35—40%), які выкарыстоўваецца ў медыцыне, парфюмернай і харч. прам-сці. Святло- і вільгацелюбівая расліна. Лепшыя глебы — чарназёмы і шэразёмы цёмнага колеру. Размнажаюць насеннем.

т. 1, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)