прыняцце ў грамадзянства дзяржавы чужаземца паводле яго заявы. Можа адбывацца пасля працяглага знаходжання (пражывання) чужаземца на тэр. дадзенай дзяржавы. Часам у якасці ўмовы для Н. патрабуецца валоданне афіц. мовай дзяржавы (напр., у Латвіі, Эстоніі), наяўнасць сродкаў для існавання, бездакорная рэпутацыя і да т.п. У шэрагу дзяржаў існуе аблегчаны парадак Н. для асоб, якія маюць этн. або лінгвістычную сувязь з дзяржавай (напр., аблегчаная Н. для партугаламоўных чужаземцаў у Бразіліі). Нярэдка правы ў натуралізаваных грамадзян крыху вузейшыя, чым у прыроджаных. Напр., у Беларусі, ЗША, Эстоніі прэзідэнтам дзяржавы могуць стаць толькі грамадзяне па нараджэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕГАТО́РНЫ ІСК (ад лац. actio negotoria іск адмовы) у цывільным праве і працэсе, патрабаванне ўласніка маёмасці да асобы, якая сваімі проціпраўнымі дзеяннямі перашкаджае яму ажыццявіць права карыстання ці распараджэння гэтай маёмасцю. Напр., пад’езд да гаража ўласніка загрувашчаны буд. матэрыяламі суседа. што стварае перашкоду нармальнаму ажыццяўленню правоў уласніка. Зместам Н.і. з’яўляецца: спыненне дзеянняў адказчыка, устараненне парушальнікам сваімі сіламі і сродкамі створаных ім перашкод і забарона іх учынення на будучае. Н.і. можа быць задаволены толькі да таго часу, пакуль працягваецца правапарушэнне або не ліквідаваны яго вынікі; уласнік таксама мае права патрабаваць кампенсацыі нанесеных страт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯВЫ́ЗНАЧАНЫ ІНТЭГРА́Л,
агульны выраз першаіснай функцыі, вытворная ад якой роўная зададзенай падынтэгральнай функцыі 𝑓(x). Абазначаецца
. Вылічваецца з дакладнасцю да адвольнай пастаяннай, напр.,
, дзе C — адвольная пастаянная.
Вылічэнне Н.і. (інтэграванне) — аперацыя, адваротная дыферэнцаванню. Паводле абазначэння
. Усе першаісныя зададзенай функцыі адрозніваюцца толькі адвольнай пастаяннай і знаходзяцца ў выразе F(x) + C, таму што [F(x) + C]′ = F′(x) = f(x). Для функцыі, зададзенай на адрэзку, Н.і. звязаны з вызначаным інтэгралам ад гэтай функцыі Ньютана—Лейбніца формулай. Гл. таксама Інтэгральнае злічэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТАРЫ́ФМА [ад грэч. pan (pantos) усё + рыфма],
рыфма, заснаваная на суцэльнай сугучнасці не толькі канцавых, але і ўнутраных гукавых элементаў верша. Пашырана ў нар.-паэт. творчасці. У бел. паэзіі сустракаецца ў вершах Я.Купалы, В.Віткі, Р.Барадуліна і інш.
За годам год, за родам род, Што хвалі хмар, што плесні вод Па зменах змен, на ўсход, на сход, За родам род, за годам год. (Я.Купала. «За годам год») Верш, цалкам напісаны П., называецца пантарымам. Напр., «Рыфма пра каханне» Я.Сіпакова:
Знай, дужы вецер, абы не злая дзея, —
Знайду — жывеце, рабыня, у зладзея.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСА́Г,
у беларусаў старадаўні звычай даваць некаторую маёмасць маладой яе бацькамі або родзічамі. Рыхтаваць П. пачыналі з самага маленства дзяўчыны. Першапачаткова складаўся толькі з хатніх рэчаў (адзенне для нявесты і жаніха, пасцельныя рэчы, дываны, посуд, прылады працы і інш.), пазней (пераважна ў заможных сем’ях) яго гал. часткай стала хатняя жывёла, лён, з 2-й пал. 19 ст. — нерухомая маёмасць, грошы. З’яўляўся пажыццёвай уласнасцю нявесткі. Пра П. дамаўляліся ў час сватання, а канчаткова — на заручынах. У канцы вяселля П. урачыста (часам у суправаджэнні жартоўных песень) перавозіўся гасцямі з боку маладой у дом маладога.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТЭНЦЫЯ́ЛЬНАЯ Я́МАў фізіцы,
абмежаваная частка прасторы, у якой патэнцыяльная энергія часціцы меншая, чым па-за яе межамі. Тэрмін «П.я.» звязаны з выглядам графіка залежнасці патэнцыяльнай энергіі часціцы ад каардынат. Характарызуецца шырынёй (адлегласцю, на якой праяўляюцца сілы прыцяжэння) і глыбінёй (рознасцю патэнцыяльных энергій часціцы на «беразе» ямы і на яе «дне», якое адпавядае найменшай патэнцыяльнай энергіі). Асн. ўласцівасць — здольнасць утрымліваць часціцу, поўная энергія якой меншая за глыбіню П.я. Такая часціца ўнутры П.я. знаходзіцца ў звязаным стане, у квантавай тэорыі энергія такой часціцы можа прымаць толькі дыскрэтныя значэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ШСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ Дзейнічаў у 1667—93 (з перапынкамі) у в. Новая Мыш (цяпер у Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл.). Засн. навагрудскім кашталянам, чл. мальтыйскага ордэна М.У.Юдзіцкім, які завяшчаў свае маёнткі Баранавічы, Дамашэвічы, Старая Мыш, Сухарэльшчына і Цешаўля калегіуму. Аднак 2 інш. члены мальтыйскага ордэна М.Сяняўскі і Е.Любамірскі распачалі судовы працэс з мэтай скасаваць калегіум і вярнуць маёнткі свайму ордэну. У выніку судовай спрэчкі калегіум працаваў толькі ў 1667—78, 1679—83, 1688 і 1692—93, а пасля канчаткова закрыты. Свайго касцёла езуіты не мелі і выкарыстоўвалі мясц. парафіяльны касцёл. Будынкі калегіума не захаваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛЬТУС ((Malthus) Томас Роберт) (17.2.1766, Рукеры, каля г. Гілфард, Вялікабрытанія — 23.12.1834),
англ. эканаміст, дэмограф, святар; заснавальнік мальтузіянства. Скончыў Джэзус-каледж Кембрыджскага ун-та (1788). У 1805—34 праф. гісторыі і палітэканоміі каледжа ў Ост-Індскай кампаніі, дзе выконваў і абавязкі святара. У асн. працы «Вопыт пра закон народанасялення...» (1798) сфармуляваў палажэнне аб тым, што насельніцтва мае тэндэнцыю росту ў геам. прагрэсіі, а сродкі існавання могуць павялічвацца толькі ў прагрэсіі арыфметычнай. Нягледзячы на «натуральнае» рэгуляванне колькасці насельніцтва шляхам эпідэмій, голаду, войнаў і да т.п., наступае «абсалютнае перанасяленне», з якім неабходна змагацца шляхам рэгламентацыі шлюбаў і рэгулявання нараджальнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНРО́ (Monroe) Мэрылін [сапр.Бейкер Мортэнсан
(Baker Mortenson) Норма Джын; 1.6.1926, г. Лос-Анджэлес, ЗША — 5.8.1962], амерыканская кінаактрыса. У кіно з 1947. У 1950-я г. самая папулярная актрыса — увасабленне жывой «амерыканскай мары». Здымалася ў фільмах розных жанраў: меладраме «Ніягара» (1953),
вестэрне «Рака, адкуль не вяртаюцца» (1954), камедыях «Сверб сёмага года» (1955), «Прынц і танцоўшчыца» (1957), «Некаторыя любяць больш гарачае» (1959, у сав. пракаце «У джазе толькі дзяўчаты») і інш. Дыяпазон яе драм. магчымасцей асабліва раскрыўся ў фільмах «Аўтобусны прыпынак» (1956) і «Непрыкаяныя» (1960). Пра жыццё і творчасць М. пісаў Н.Мейлер, знята кінаанталогія «Мэрылін» (1963).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РА СТРЫМА́ННЯ ў крымінальным працэсе, прадугледжаныя законам меры працэсуальнага прымусу, якія ўжываюцца да абвінавачанага пры наяўнасці дастатковых падстаў лічыць, што ён можа схавацца ад следства або суда, перашкодзіць высвятленню ісціны па крымін. справе, займацца злачыннай дзейнасцю, а таксама для забеспячэння выканання прыгавору. Да М.с. ў бел.крымін. працэсе адносяцца: падпіска аб нявыездзе, асабістае паручыцельства або паручыцельства грамадскіх арг-цый і калектываў працоўных, узяцце пад варту, пад нагляд камандавання вайск. часцей (у адносінах да ваеннаслужачых), адданне непаўналетніх пад нагляд бацькоў або апекуноў. Узяцце пад варту робіцца толькі з санкцыі пракурора або па вызначэнні суда.