МА́ЛЬТУС ((Malthus) Томас Роберт) (17.2.1766, Рукеры, каля г. Гілфард, Вялікабрытанія — 23.12.1834),

англ. эканаміст, дэмограф, святар; заснавальнік мальтузіянства. Скончыў Джэзус-каледж Кембрыджскага ун-та (1788). У 1805—34 праф. гісторыі і палітэканоміі каледжа ў Ост-Індскай кампаніі, дзе выконваў і абавязкі святара. У асн. працы «Вопыт пра закон народанасялення...» (1798) сфармуляваў палажэнне аб тым, што насельніцтва мае тэндэнцыю росту ў геам. прагрэсіі, а сродкі існавання могуць павялічвацца толькі ў прагрэсіі арыфметычнай. Нягледзячы на «натуральнае» рэгуляванне колькасці насельніцтва шляхам эпідэмій, голаду, войнаў і да т.п., наступае «абсалютнае перанасяленне», з якім неабходна змагацца шляхам рэгламентацыі шлюбаў і рэгулявання нараджальнасці.

т. 10, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)