польскі пісьменнік, драматург; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў тэатра абсурду. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве. З 1963 у эміграцыі (Італія, Францыя, Мексіка). Дэбютаваў у 1950 фельетонамі і гумарэскамі (зб. «Практычныя паўбраневікі», 1953). Аўтар аповесцей «Маленькае лета» (1956), «Маніза Клаўе» (1963), зб-каў апавяд. «Слон» (1957), «Дождж» (1962), «Два лісты» (1974), «Малая проза» (1990), цыклаў сатыр. малюнкаў і інш. Вядомасць прынеслі гратэскава-сатыр. і парадыйныя п’есы (зб-кі «Пехатой», 1983; «Танга. Вада», 1984), у якіх узнімае праблемы мастацтва і рэчаіснасці, абсурднасці існавання. Яго творы адметныя фантасмагарычнасцю і прытчавасцю, насычаны сімволікай. Паводле п’ес М. Бел.т-р імя Я.Купалы паставіў спектаклі «Эмігранты» (1989), «Дом на мяжы» (1992), «Чароўная ноч» (1997), Гродзенскі абл.т-р лялек — «Стрыптыз. Ка́раль» (1993), Дзярж. маладзёжны т-р — «Запрашэнне на танга» (1995), Мінскі малы тэатр-студыя — «Дзень нараджэння Чэлентана» (1999) На бел. мову асобныя яго творы пераклалі М.Дубянецкі, В.Ракіцкі.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Пры зачыненых дзвярах. Мн., 1995;
Рус. пер — Хочу быть лошадью: Сатир. рассказы и пьесы. М., 1990;
У кн.: Театр парадокса. М., 1991.
Літ.:
Błoński J Wszystkie sztuki Sławomira Mrożka. Kraków, 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЦІНКЕ́ВІЧ (Геранім Францавіч) (14.7.1816, в. Тулава Віцебскага р-на — пасля 1864),
бел. і польскі пісьменнік. Скончыў Віцебскую губ. гімназію (1835), вучыўся ў Маскоўскім ун-це. Да 1860-х г. служыў чыноўнікам у Віцебску. Літ. дзейнасць пачаў у 1830-я г. У 1858 напісаў па-беларуску драм. паэму «Адвячорак (Аказія ў карчме пад Фальковічамі)», якая, паводле некаторых звестак, ставілася ў 1862 у Віцебску. На польск. мове выдаў 2 зб. «Паэзія» (Вільня, 1845 і 1848) і кн. «Творы, напісаныя між іншым» (Вільня, 1857). Драма «Падарожны» (нап. 1859) не апублікавана. Творы прасякнуты трывогай за лёс народа, надзеяй на лепшую будучыню, сатырай на чыноўніцтва. Перакладаў на польск. мову бел.нар. песні, вершы І.В.Гётэ і М.Лермантава; А.Вярыгу-Дарэўскаму і яго брату Сямёну прысвяціў верш «Заход сонца» (1843).
Тв.:
Адвячорак (Аказія ў карчме пад Фальковічамі): [П’еса] // Беларуская літаратура XIX ст.Мн., 1988;
[Вершы] // Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай. Мн., 1998.
Літ.:
Мальдзіс А. Падарожжа ў XIX ст.Мн., 1969. С. 159—161;
Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971. С. 161—163;
Мархель У. Шчыры, але не камерны: Геранім Марцінкевіч: Вяртанне спадчыны // Роднае слова. 1998. № 2.
польскі этнограф і мовазнавец. Акад. Польскай АН (1952), праф. Ягелонскага (Кракаў; з 1926) і Віленскага (1935—39) ун-таў. Вучыўся ў Цюрыхскім ун-це (1906—09), у Кракаўскай акадэміі прыгожых мастацтваў (1910). У 1945—59 заг. кафедры этнаграфіі славян у Ягелонскім ун-це. Вывучаў матэрыяльную і духоўную культуру слав. народаў, у т. л. беларускага. У 1932 разам з Ф.М.Калэсам вывучаў побыт, культуру і мову ў в. Хорастава (Салігорскі р-н Мінскай вобл.). Аўтар шэрагу прац, напісаных на бел. матэрыяле: «Нататкі пра славянскую тапаграфічную і фізіяграфічную тэрміналогію...» (1921), «Навагрудчына ў этнаграфічных адносінах», «Пра народную культуру паўднёва-сярэдняга Палесся» (абедзве 1925), «Усходняе Палессе. Этнаграфічныя матэрыялы...» (1928), «Пра музычна-этнаграфічныя даследаванні на Палессі ў 1932 г.» і «Пра сучасны стан мелаграфіі карэннай Беларусі і Палесся» (абедзве 1934), «Пра палескія песні» (у рукапісе). Багацце бел. культуры ўсебакова паказаў у працы «Народная культура славян» (кн. 1—2, 1929—39; 2-е выд. 1967—68).
Тв.:
Człowiek: Wstęp do etnografii powszechnej i etnologii. Wrocław etc., 1958.
Літ.:
Kazimierz Moszyński: Życie i twórczość. Wrocław etc., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТАШЫ́ЦКІ (Ptaszycki),
Станіслаў Людвік (Станіслаў Львовіч; 12.4.1853, с. Кузава Маскоўскай вобл. — 20.12.1933), польскі гісторык, архівіст, філолаг. Чл. Польскай АН у Кракаве (1931), канд.гіст.-філал.н. (1877), ганаровы праф. (1929). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1877). Працаваў ва ун-це, архідыяцэзнай семінарыі і гімназіях у Пецярбургу. У 1884—87 метрыкант «Літоўскай метрыкі» ў архіве Сената. У 1887 апублікаваў «Вопіс кніг і актаў Літоўскай метрыкі». З 1896 дацэнт Пецярбургскага ун-та, з 1899 выкладчык, праф. Пецярбургскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі. Ў 1918—19, 1921—26 дырэктар Дзярж. архіва ў Любліне, адначасова праф. Люблінскага каталіцкага ун-та, у 1919—21 дэкан філас. ф-та Віленскага ун-та. Удзельнічаў як эксперт у падрыхтоўцы Рыжскага мірнага дагавора 1921. У 1926—31 дырэктар Дзярж. архіваў Польшчы. Ініцыятар выдання і рэдактар (1927—32) час. «Archeion» («Археён»). Вывучаў л-ру 16 ст., гісторыю і права ВКЛ. Удзельнічаў у падрыхтоўцы 17-га т. «Поўнага збору рускіх летапісаў» (1907), дзе апублікаваны бел.-літ. летапісы. Выявіў і апублікаваў Альшэўскі летапіс (Вільня, 1907), выдаў попісы войска Вялікага княства Літоўскага 1528, 1565 і 1567 (1915). У нясвіжскай б-цы Радзівілаў выявіў рукапіс твора М.Стрыйкоўскага «Аб пачатках літоўскага народу».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ РАСІ́І З РЭ́ЧЧУ ПАСПАЛІ́ТАЙ 1632—34, Смаленская вайна,
вайна Расійскай дзяржавы за Смаленскую, Чарнігаўскую і Северскую землі, якія ў выніку Дэулінскага перамір’я 1618 засталіся ў складзе Рэчы Паспалітай. Цар Міхаіл Фёдаравіч і яго бацька патрыярх Філарэт накіравалі ў вер. 1632 на Смаленск 40-тысячнае войска пад камандаваннем ваяводы М.Б.Шэіна. Яно заняло Себеж, Невель, Усвяты, Дарагабуж, Старадуб, у студз. 1633 асадзіла Смаленск. Рас. войскі праніклі ў глыб Беларусі, авалодалі Асвеяй, Друяй, Полацкам (акрамя крэпасці), Прапойскам, асадзіла Мсціслаў і Крычаў. Гетман польны ВКЛ К.Радзівіл перакінуў у Смаленск падмогу, частка казакаў і дваран пакінула рас. войска. У канцы жн. 1633 да Смаленска падышоў кароль польскі і вял.кн.ВКЛ Уладзіслаў IV з 25-тысячным войскам, якое адцясніла рас. войска ад Смаленска і акружыла яго. 25.2.1634 Шэін падпісаў акт аб капітуляцыі, паводле якога рэшткі рас. арміі (8 тыс.чал.), пакінуўшы ўсю артылерыю і інш. зброю, адышлі з-пад Смаленска. Паводле Палянаўскага міру 1634 Расія атрымала г. Сярпейск, крэпасці Трубчэўск, Ахтырку і Лебядзін. Рэч Паспалітая вярнула большасць захопленых зямель, Уладзіслаў IV афіцыйна адмовіўся ад прэтэнзій на рас. трон.
А.П.Грыцкевіч.
Беларуска-польскія войскі пад Смаленскам у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. З гравюры В.Хондыуса. 1636.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТАМІНАЛО́ГІЯ (ад вітаміны + ...логія),
навука пра вітаміны; раздзел біяхіміі. Адрозніваюць вітаміналогію эксперыментальную (даследуе дзеянне пэўных вітамінаў і іх вытворных, міжвітамінныя ўзаемаадносіны, мадэлюе паталогіі, што ўзнікаюць пры недахопе вітамінаў) і клінічную (вывучае выкарыстанне вітамінных прэпаратаў для прафілактыкі і лячэння захворванняў).
Адкрыццё вітамінаў звязана з імем рус. ўрача М.І.Луніна, які ў 1880 заўважыў наяўнасць у ежы незаменных кампанентаў, што адрозніваліся хім. прыродай ад вядомых бялкоў, тлушчаў, вугляводаў і мінер. рэчываў. Назву яны атрымалі ў 1911 (польскі біяхімік К.Функ). Першы вітамін, хім. будова якога была адкрыта, — тыямін (А.Віндаўс, 1932, Р.Уільямс, І.Клайн, 1936). У Расіі далейшае развіццё вітаміналогіі звязана з працамі А.У.Паладзіна, Б.А.Лаўрова і інш. На Беларусі даследаванні (пачаліся ў 1930-я г.) былі засяроджаны на вывучэнні ролі вітамінаў у харчаванні чалавека і кармленні жывёл (А.Поляк, Л.М.Форштэр), пошуку новых вітамінаў (Л.П.Розанаў), біяхім. механізмаў дзеяння вітамінаў, іх удзелу ў абменных працэсах (С.Д.Пеўзнер, Я.І.Бляхер, В.А.Лявонаў, М.Ф.Меражынскі, Ю.М.Астроўскі і інш.). Н.-д. работы па вітаміналогіі вядуцца ў мед. ін-тах, ін-тах АН Беларусі — біяхіміі, радыебіялогіі, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НДЭРСА А́РМІЯ,
агульнавайсковыя злучэнні польскага Лонданскага эмігранцкага ўрада ў складзе Польскіх узбр. сіл на Захадзе ў 2-ю сусв. вайну. Камандуючы ген. У.Андэрс. Створана на тэр.СССР у жн. 1941 — сак. 1942 як Польская армія ў СССР паводле польска-савецкіх пагадненняў 1941 для сумесных дзеянняў на сав.-герм. фронце. Фарміравалася ў асн. з польскіх ваеннапалонных, рэпрэсіраваных і дэпартаваных у глыб СССР жыхароў б.Зах. Беларусі і Зах. Украіны, бежанцаў з Польшчы, што апынуліся на тэр.СССР, і інш. Да жн. 1942 аператыўна падпарадкоўвалася камандаванню Чырв. Арміі, складалася з 6 пяхотных дывізій і інш. часцей і службаў (у сак. 1942 налічвала 66 тыс.чал.). У сак.—крас. і жн. 1942 са згоды Сав. ўрада эвакуіравана ў Іран і Ірак. У выніку аб’яднання з Войскам Польскім на Сярэднім Усходзе створана Польская армія на Усходзе, якая дзейнічала на тэр. Ірака. У чэрв. 1943 з яе складу вылучаны Другі польскі корпус, які ўдзельнічаў у аперацыях саюзнікаў у Паўн. Афрыцы, Італьянскай кампаніі 1943—45. Пасля 2-й сусв. вайны многія салдаты-беларусы з Андэрса арміі склалі частку бел. эміграцыі.
Літ.:
Прибылов В.И. Почему ушла армия Андерса // Военно-ист. журн. 1990. № 3;
Климковский Е. Я был адъютантом генерала Андерса: Пер. с пол. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАЗВЕ́ЦКІ КЛЯШТА́Р БАЗЫЛЬЯ́Н,
архітэктурны комплекс 18 ст. Драўляны кляштар базыльян пабудаваны ў 1643 на паўн. беразе воз. Глыбокае каля в.Беразвечча (цяпер у межах г. Глыбокае Віцебскай вобл.) паводле фундацыі старосты мсціслаўскага Я.Корсака. Пры кляштары дзейнічала школа, у якой выкладаліся прыродазнаўчыя навукі і замежныя мовы. У 1756—63 на месцы старых будынкаў узведзены новы мураваны кляштар з царквой — адзін з лепшых узораў віленскага барока. Гал. 2-вежавы фасад царквы вылучаўся пластычнай формай, дынамічнай святлоценявой кампазіцыяй. Аўтарам праекта царквы лічаць віленскага дойліда І.К.Глаўбіца, над дэкорам з 1753 працаваў архітэктар і лепшчык Ян Табіяш Дыдрыштэн (Дыдрыхштэн). У канцы 18 ст. комплекс уключаў царкву з араторыумам (зімовая капліца, прыбудаваная ў 1766—76), жылыя і гасп. карпусы, школу і сад, абнесеныя мураванай агароджай з брамай. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі кляштар перададзены правасл. мужчынскаму манастыру (1847—74), пазней — жаночаму. У 1919 царква перайшла да католікаў, у манастырскіх будынках размяшчаўся польскі корпус аховы сумежжа. У 1930-я г. комплекс рэстаўрыраваны (з удзелам Ф.Рушчыца, Я.Булгака, Ю.Клоса, Я.Ромера і інш.). У Вял.Айч. вайну на тэр. манастыра ням. фашысты стварылі Беразвецкі лагер смерці. У 1960-я г. царква разбурана.
В.В.Гліннік.
Беразвецкі кляштар базыльян. Галоўны фасад царквы. Здымак 1930-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУ́ЛА (Кастусь) (сапр.Качан Аляксандр Ігнатавіч; н. 16.11.1925, в. Верацеі Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),
празаік, паэт, драматург. Піша на бел. і англ. мовах. Вучыўся ў Віленскай бел. гімназіі. У чэрв. 1944 паступіў у Мінскую школу камандзіраў Бел. краёвай абароны і з ёю пакінуў Мінск. Са жн. 1944 у франц. Супраціўленні, са снежня — у Брытанскай 8-й арміі ў Італіі (2-і польскі корпус). За ўдзел у баях супраць немцаў узнаг. залатой «Зоркай Італіі». З 1947 у Канадзе. У Таронта арганізаваў Згуртаванне беларусаў Канады (1948, першы яго старшыня), рэдагаваў газ. «Беларускі эмігрант» (1948—54). Рэдагуе час.бел. ветэранаў «Зважай». У трылогіі «Гараватка» («Дзярлівая птушка», 1965; «Закрываўленае сонца», 1974; «Беларусы, вас чакае зямля», 1981) праз гісторыю бел. вёскі з сімвалічнай назваю Гараватка імкнуўся паказаць гіст. лёс Беларусі — гераічнай і мужнай краіны, якая здолела вытрымаць выпрабаванні розных акупацый яе чужынцамі. Раманы «Змагарныя дарогі» (1962), «За волю» (1991) пераважна аўтабіяграфічныя, прысвечаныя лёсу бел. моладзі ў складаных даваен., ваен. і пасляваен. умовах на Беларусі і за мяжою, яе шляху да нац. самасвядомасці. У зб. «Усякая ўсячына» (Таронта, 1984) увайшла проза, паэзія, драматургія Акулы, яго аўтабіягр. абразкі.
Тв.:
Змагарныя дарогі. Мн., 1994.
Літ.:
Арлоў У. Беларус з берагоў Антарыё // Полымя. № 6. 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМУ́ЛКА ((Gomułka) Уладзіслаў) (6.2.1905, г. Кросна, Польшча — 1.9.1982),
польскідзярж. і паліт. дзеяч. У 1922—32 удзельнік прафс. руху. З 1926 чл.камуніст. партыі Польшчы. У 1934—35 вучыўся ў Міжнар. Ленінскай школе ў Маскве, пасля на парт. рабоце ў Польшчы. У 1936 арыштаваны і зняволены ў турму. Пасля акупацыі Польшчы ням.-фаш. войскамі з 1939 у Львове. У 1942 вярнуўся ў Польшчу, прымаў удзел у стварэнні Польскай рабочай партыі (ПРП), быў сакратаром Варшаўскага к-та ПРП. У 1943—48 ген. сакратар ЦК ПРП, ініцыятар стварэння Краёвай рады нарадовай. З 1945 віцэ-прэм’ер, адначасова міністр вернутых зямель. У 1948 абвінавачаны ў «праванацыяналістычным ухіле», зняты з усіх пасад, у 1951 арыштаваны. У 1956 рэабілітаваны, абраны першым сакратаром ЦК ПАРП. Першапачаткова карыстаўся значнай падтрымкай у грамадстве; праводзіў палітыку памяркоўных паліт. і эканам. рэформаў, паступова іх абмяжоўваючы. Апошнія гады яго кіраўніцтва партыяй характарызаваліся абвастрэннем сац., эканам. і паліт. сітуацыі ў краіне (у сак. 1968 у Варшаве і Кракаве разагнаны студэнцкія дэманстрацыі, у жн. 1968 часці Войска Польскага ў складзе краін — удзельніц Варшаўскага дагавора ўступілі ў Чэхаславакію, у снеж. 1970 сілай падаўлены рабочыя выступленні на Балт. узбярэжжы і інш.). У снеж. 1970 падаў у адстаўку і адышоў ад паліт. дзейнасці. Аўтар «Дзённікаў» (т. 1—2, 1994).