ВІШНЯВЕ́ЦКІЯ,
Карыбут-Вішнявецкія, княжацкі род герба «Карыбут» у ВКЛ і Польскім каралеўстве. Сваё паходжанне выводзілі ад Карыбута, сына вял. князя ВКЛ Альгерда. Больш верагодна, што паходзілі ад князёў Нясвіцкіх з Валыні. Родапачынальнік кн. Міхайла Васілевіч Збаражскі (? — пасля 1516) валодаў замкам Вішнявец (адсюль прозвішча) у Крамянецкім пав. на Валыні. Вішнявецкім належалі вял. зямельныя ўладанні на Украіне і Беларусі, у т. л. Брагінская воласць (з 1509). У 16 ст. Вішнявецкія падзяліліся на 2 галіны: старэйшую [пайшла ад старосты прапойскага, чачэрскага і варнянскага кн. Івана Міхайлавіча (? — 1542)] і малодшую [пайшла ад старосты рэчыцкага князя Аляксандра Міхайлавіча (? — 1555)]. Першая галіна ў мужчынскім родзе згасла ў 1744, другая — у 1673. Найб. Вядомыя: Дзмітрый Іванавіч (? — 1563), гл. Вішнявецкі Дз.І. Адам Аляксандравіч (? — 1622), уладальнік Брагіна, дзе ў 1601—03 знаходзіўся Лжэдзмітрый І, які абвясціў сябе царэвічам Дзмітрыем. Удзельнічаў у паходах Ілжэдзмітрыя І і Лжэдзмітрыя II на Маскву. Канстанцін Канстанцінавіч (1564—1641), ваявода белзскі (1636), рускі (1638), староста чаркаскі (1623) і крамянецкі. Пазнаёміў Ілжэдзмітрыя І са сваім сваяком Юрыем Мнішкам. Удзельнічаў у паходах Ілжэдзмітрыя (1604—05) і каралевіча Уладзіслава (1617—18) на Маскву. Іерамія Міхал Міхайлавіч (1612—20.8.1651), ваявода рускі (1646), староста гадзяцкі, канеўскі, пшэмыскі. Адзін з буйнейшых магнатаў на Украіне. Удзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Выступаў супраць цэнтралізацыі ўлады ў Рэчы Паспалітай. Патрабаваў ад караля рашучых дзеянняў па задушэнні вызв. вайны 1648—51 на Украіне, у выніку якой страціў большасць сваіх маёнткаў. На пачатку вызв. вайны на Украіне фактычна ўзначаліў процідзеянне паўстанцам-казакам і сялянам. Міхал (31.7.1640—10.11.1673), кароль польскі і вял. князь ВКЛ [1669—73]. Гл. Міхал Вішнявецкі. Януш Антоній (1678—18.1.1741), староста пінскі, падчашы ВКЛ (1697), маршалак надворны ВКЛ (1699), кашталян (1702) і ваявода (1704) віленскі, ваявода (1706) і кашталян (1726) кракаўскі. Міхал Сервацы (13.5.1680—16.9.1744), брат Януша Антонія, гетман польны ВКЛ (1702—03, 1707—35), гетман вялікі ВКЛ (1703—07, з 1735), кашталян (1703—06) і ваявода (1706—07, з 1735) віленскі, канцлер ВКЛ (з 1720), рэгіментар войска ВКЛ (1730). Пісьменнік і паэт. Апошні мужчына ў родзе Вішнявецкіх.
А.П.Грыцкевіч.
т. 4, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)