ДЗЯРЖЫ́НСК,

горад абл. падпарадкавання ў Мінскай вобл., цэнтр Дзяржынскага р-на. На чыг. лініі (ст. Койданава) і аўтадарозе Мінск—Баранавічы. За 38 км ад Мінска. 24,6 тыс. ж. (1996).

Вядомы з 12 ст. як г. Крутагор’е. У 12—13 ст. пабудаваны Койданаўскі замак. У пісьмовых крыніцах упамінаецца з 1442 як г. Койданава (назва паходзіць ад імя паўлегендарнага татарскага военачальніка Койдана, які нібыта быў тут разбіты ў 13 ст. ці знаходзіўся на службе ў войску ВКЛ у 14 ст.). З 1483 належаў кн. В.М.Вярэйскаму. магнатам Гаштольдам, з 1539 — вял. кн. ВКЛ Жыгімонту I Старому. У 1550—1831 належаў Радзівілам. З 1831 дзярж. маёмасць. Быў буйным цэнтрам кальвінізму, у 17 ст. пабудаваны Койданаўскі кальвінскі збор. У 1588 мястэчка. З 1793 у Рас імперыі, цэнтр воласці Мінскага пав. У вайну 1812 каля Койданава адбылася Койданаўская бітва 1812. У 1871 праз мястэчка пракладзена чыгунка. У канцы 19 — пач. 20 ст. 2 вучылішчы, 2 яўр. школы, царква, касцёл, кальвінскі збор, сінагога, мясц. прамысловасць. У 1897—4744 ж. У 1899 пабудавана Койданаўская запалкавая фабрыка «Дружына». З 1924 цэнтр Койданаўскага раёна (у 1932—37 нац. польскі). У 1932 горад перайменаваны ў Дзяржынск. У 1937—39 у Мінскім р-не, потым цэнтр Дзяржынскага раёна. У Вял. Айч. вайну з 28.6.1941 да 7.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Дз. і раёне 17 606 чал., дзейнічала Дзяржынскае патрыятычнае падполле. У 1970—11,5 тыс. жыхароў.

Прам-сць: маш.-буд. і металаапр. (з-ды доследна-мех., эксперым.-мех., маторарамонтны і інш.), лёгкая (швейная і тэкст. ф-кі, ільнозавод) і харч. Дзейнічае Дзяржынскі гісторыка-краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры — касцёл апекі Божай (2-я пал. 18 ст.), Пакроўская царква (1851). Памятны знак у гонар 850-годдзя заснавання Крутагор’я—Койданава—Дз. (1996). Помнік у гонар вызвалення горада.

Брацкая магіла чырвонаармейцаў, брацкія могілкі сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Гарадзішча жал. веку, эпохі Кіеўскай Русі і позняга феадалізму.

А.І.Валахановіч (гісторыя).

Фрагмент забудовы горада Дзяржынск.

т. 6, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)