РАЎНАПРА́ЎЕ ГРАМАДЗЯ́Н,

адзін з асноватворных прынцыпаў канстытуцыяналізму і дэмакратыі, які азначае афіцыйна прызнаную роўнасць грамадзян перад дзяржавай, законам, судом. Р.г. — гэта роўнасць правоў, свабод і абавязкаў грамадзян адной дзяржавы незалежна ад полу, расы, нацыянальнасці, мовы, паходжання, маёмаснага і службовага становішча, месца жыхарства, адносін да рэлігіі, перакананняў, прыналежнасці да грамадскіх аб’яднанняў і інш. Прынцып Р.г. устаноўлены ў эпоху бурж. рэвалюцый, змяніў саслоўныя адносіны ў феад. грамадстве. Канстытуцыйная дактрына сучасных дзяржаў прызнае магчымасць існавання некаторых адрозненняў у правах і абавязках грамадзян, якія маюць натуральны характар: напр., абавязак праходзіць ваен. службу ў большасці дзяржаў свету ўскладаецца толькі на грамадзян мужчынскага полу; асобыя канстытуц. правы з 2-й пал. 20 ст. сталі замацоўвацца за інвалідамі, дзецьмі, прадстаўнікамі нешматлікіх карэнных народаў і да т.п. У шэрагу дзяржаў прыроджаныя грамадзяне валодаюць больш шырокімі правамі, чым натуралізаваныя. Напр., у Беларусі, ЗША, Эстоніі, на Філіпінах прэзідэнтам дзяржавы можа быць толькі грамадзянін па нараджэнні; у Румыніі і Эстоніі натуралізаваныя грамадзяне, у адрозненне ад грамадзян па нараджэнні, могуць быць у шэрагу выпадкаў пазбаўлены грамадзянства. Р.г. замацавана ў раздз. II Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Г.​А.​Маслыка.

т. 13, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯСФЕ́РА (ад бія... + сфера),

абалонка Зямлі, састаў, структура і энергетыка якой абумоўлены сукупнай дзейнасцю і ўплывамі жывых арганізмаў. Першыя ўяўленні пра біясферу сфармуляваў франц. вучоны Ж.​Б.​Ламарк (1802). Тэрмін «біясфера» ўвёў аўстр. геолаг Э.​Зюс (1875). Стварэнне цэласнага вучэння пра біясферу належыць рус. вучонаму У.​І.​Вярнадскаму (1926). Біясфера ўключае арганізмы (каля 3 млн. відаў), іх рэшткі, прыземную ч. атмасферы да вышыні азонавага экрана (20—30 км), усю гідрасферу і верхнюю частку літасферы; усе яны ўзаемазвязаны працэсамі міграцыі рэчыва і энергіі. Ніжняя мяжа біясферы на сушы на глыб. да 3—4 км ад паверхні зямной кары, у Сусветным ак. на 1—2 км ніжэй за дно. У біясферы (паводле Вярнадскага) адрозніваюць 7 розных, але ўзаемазвязаных тыпаў рэчываў: жывое рэчыва (расліннае, жывёльнае і мікраарганізмы), біягеннае рэчыва (прадукты жыццядзейнасці жывых арганізмаў — гаручыя выкапнёвыя, вапнякі і інш.), косныя рэчывы (горныя пароды магматычнага, неарган. паходжання, вада і інш.), біякосныя рэчывы (прадукты распаду і перапрацоўкі горных і асадкавых парод жывымі арганізмамі), радыеактыўнае рэчыва, рассеяныя атамы і рэчыва касм. паходжання (метэарыты, касм. пыл). Асн. функцыя біясферы — выкарыстанне сонечнай энергіі (фотасінтэз) і біялагічны кругаварот рэчываў і энергіі, які забяспечвае развіццё ўсіх жыццёвых працэсаў. Жывыя арганізмы (жывое рэчыва) і іх жыццёвае асяроддзе арганічна звязаны паміж сабой і ўтвараюць сістэмы глабальнага, рэгіянальнага і лакальнага ўзроўняў. У рэгіянальных і лакальных сістэмах вылучаюць структурныя адзінкі біясферы: біёмы, біягеацэнозы (экасістэмы), прыродныя зоны на раўнінах і вышынныя (вертыкальныя) прыродныя паясы ў гарах. Біясфера мазаічная паводле структуры і саставу адлюстроўвае геахім. і геафіз. неаднароднасць аблічча Зямлі (мацерыкі і акіяны, прыродныя зоны і паясы, раўніны і горы і інш.) і нераўнамернасць у размеркаванні жывога рэчыва. Больш за 90% усяго жывога рэчыва біясферы прыпадае на наземную расліннасць. Агульная маса жывога рэчыва ў Б. ацэньваецца ў 1,8—2,5∙10​12 т (у пераліку на сухое рэчыва) і складае нязначную ч. масы біясферы (3∙10​18 т). На стан біясферы моцна ўплывае гасп. дзейнасць чалавека. Антрапагеннае ўздзеянне стымулюе пераход біясферы ў якасна новы стан — наасферу. Ахова біясферы прадугледжвае сістэму мерапрыемстваў: вядзенне біясфернага маніторынгу, арганізацыю біясферных запаведнікаў і інш., накіраваных на захаванне арганізмаў і біягеацэнозаў. Праводзіцца комплексная міжнар. праграма «Чалавек і біясфера». Гл. таксама Ахова прыроды, Забруджванне навакольнага асяроддзя.

Літ.:

Вернадский В.И. Химическое строение биосферы Земли и ее окружения. 2 изд. М., 1987;

Никитин Д.П., Новиков Ю.В. Окружающая среда и человек 2 изд. М., 1986;

Сытник К.М., Брайон А.В., Гордецкий А.В. Биосфера, экология, охрана природы: Справ. пособие. Киев, 1987.

Г.​А.​Семянюк.

Агульная структура біясферы.

т. 3, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ДГАШЧЦКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Bydgoskie),

у цэнтральнай частцы Польшчы. Пл. 10 349 км², нас. 1,1 млн. чал. (1992). Адм. ц.г. Быдгашч. Паверхня раўнінная, ландшафт азёрны. На Пн Тухольская раўніна і Краенскае паазер’е (часткі Паморскага паазер’я), на Пд Гнезненскае і Куяўскае паазер’і (ускраіны Велікапольскага паазер’я). Пашыраны марэнны рэльеф (да 206 м над узр. м.). У сярэдняй частцы тэр. Быдгашчацкага ваяводства цягнецца стараж. Тарунска-Эберсвальдская даліна. Клімат умераны, сярэднія т-ры студз. -2,5 °C, ліп. 18 °C, ападкаў каля 550 мм за год (менш, чым на астатняй тэр. Польшчы). Гал. рэкі Вісла (з прытокамі Брда і Вда) і Нотаць (бас. Одры) злучаны Быдгашчцкім каналам. Шмат азёр ледавіковага паходжання, найб. Гопла, Хажыкоўскае, Пакоскае, вадасховішча — воз. Караноўскае. Глебы пераважна падзолістыя і бурыя, найб. урадлівыя чорныя — у Куявах. Пад лесам 30% тэр., вял. масівы на Пн (Тухольскія бары). Гаспадарка прамыслова-аграрная. Развіты маш.-буд., электронная, харч., дрэваапр. і папяровая, хім., лёгкая прам-сць. Найб. прамысл. цэнтры Быдгашч, Інавроцлаў, Хайніцы, Свеце і інш. Пад с.-г. ўгоддзямі 57% тэрыторыі. Вырошчваюць на Пн жыта, авёс, бульбу, кармавыя травы, на Пд цукр. буракі, рапс, пшаніцу. Гадуюць свіней, буйн. раг. жывёлу, авечак. Чыг., аўтамаб., водны транспарт. Турызм.

т. 3, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕУ́ЦКІЯ АСТРАВЫ́ (Aleutian Islands),

архіпелаг на Пн Ціхага ак. (ЗША, штат Аляска). Дугападобны ланцуг са 110 астравоў і мноства скал (даўж. 1740 км) паміж п-авамі Аляска і Камчатка. Пл. 37,8 тыс. км². Нас. 7,5 тыс. чал. (1980) — алеуты, амерыканцы. Утвараюць 4 групы а-воў: Лісіныя, Андрыянаўскія, Пацучыныя, Блізкія. Большасць а-воў вулканічнага паходжання, вяршыні ўкрыты снягамі. Дзеючых вулканаў 25; самы высокі вулкан Шышалдзіна (2860 м) на в-ве Унімак. Клімат марскі субарктычны, вільготны. Зіма цёплая, са снегападамі і частымі адлігамі. Лета халаднаватае, з туманамі. Сярэдняя т-ра самага халоднага месяца (лютага) -1,4 °C, самага цёплага (жніўня) 11,9 °C. Ападкаў 1500 мм за год. Частыя штормы. Глебы субпалярныя, дзярнова-тарфяністыя і гарнатундравыя. Расліннасць: субарктычныя лугі, горныя тундры. Жывёльны свет: лісіца, марская выдра і сівуч (амаль знішчаны); на скалах птушыныя кірмашы, у прыбярэжных водах морж, цюлень і інш. Рыбалоўства. Пушны промысел. Зверагадоўля (блакітны пясец). Гал. населены пункт — Адак (на аднайм. в-ве). Ваенна-марская база ЗША Датч-Харбар (на в-ве Уналашка). Адкрыты ў 18 ст. рус. экспедыцыяй В.​Берынга і А.​Чырыкава. Да 1867 належалі Расіі, прададзены разам з Аляскай ЗША.

Р.​А.​Жмойдзяк.

т. 1, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎЧА́РКІ,

група парод службовых сабак. Пашыраны ва ўсім свеце. Гадуюць для пастухоўскай, каравульнай, вышуковай і інш. службы. Вызначаюцца моцнай канстытуцыяй, прапарцыянальным складам цела, багатым шэрсным покрывам. Смелыя, вынослівыя сабакі, якія лёгка дрэсіруюцца. Вядомыя пароды: каўказская, сярэднеазіяцкая, паўднёваруская, шатландская (колі) і інш. Найб. пашыраная — нямецкая аўчарка, на аснове якой створаны ўсх.-еўрап. тып.

Нямецкая аўчарка — адна з лепшых вартавых сабак, моцная, з добра развітой мускулатурай, выш. ў карку ў сярэднім каля 60 см. Вызначаецца развітым інстынктам аховы гаспадара, яго рэчаў, двара, жывёлы і інш. Усходнееўрапейская аўчарка буйнейшая за ням., з больш сухім і моцным складам цела, выш. ў карку 62—70 см; галава клінападобная, вушы стаячыя, хвост шаблепадобны; масць цёмна- і светла-шэрая, чорная з падпалінамі, рыжая розных адценняў. Каўказская, сярэднеазіяцкая і паўднёваруская аўчаркі — пастухоўскія пароды стараж. паходжання, з масіўнай шырокай галавой, грубым касцяком, магутнымі лапамі; вушы вісячыя, хвост серпападобны. Выш. ў карку 60—65 см. Гадуюць іх пераважна ва ўсходнееўрап. і сярэднеазіяцкіх краінах. У многіх краінах свету пашыраны даўгашэрсны і барадаты колі, у прыдунайскіх краінах — чорныя кудлатыя пулі і пумі, белыя кувасы, камандоры і інш.

Аўчаркі: 1 — нямецкая; 2 — бельгійская; 3 — сярэднеазіяцкая; 4 — каўказская; 5 — даўгашэрсны колі; 6 — барадаты колі.

т. 2, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ БАСЕ́ЙН (Great Basin),

нагор’е ва ўнутраным поясе Кардыльераў Паўн. Амерыкі, на З ЗША. Абмежавана хр. Сьера-Невада і Каскаднымі гарамі на З Скалістымі гарамі на У. Пл. больш за 500 тыс. км².

У рэльефе спалучэнне кароткіх хрыбтоў (выш. да 3982 м) і вялізных катлавін (басейнаў) тэктанічнага паходжання, днішчы якіх ляжаць на выш. 1200—1500 м (Даліна Смерці на выш. 85 м ніжэй за ўзр. м.). Карысныя выкапні: медныя, кобальтавыя і вальфрамавыя руды, кухонная і глаўберава соль. Клімат пераважна субтрапічны, рэзка кантынентальны, засушлівы, на Пн умераны. Сярэднія т-ры ліп. 20—22 °C (макс. 56,7 °C), студз. 0—2 °C (мінім. -30 °C, у гарах да -60 °C). Ападкаў каля 200 мм за год. Б. ч. тэр. бяссцёкавая, арашаецца кароткімі часовымі водапатокамі. Гал. рэкі — Снейк і Гумбальт, буйныя азёры — Вял. Салёнае возера, Юта і інш. Пашыраны бурыя глебы, шэразёмы, саланчакі і саланцы (у катлавінах), горна-карычневыя (у гарах). Ландшафты паўпустынь і пустынь: на Пн (ад 37° паўн. ш.) — злакава-палынная расліннасць, на Пд — участкі з кактусамі і агавамі. Больш вільготныя схілы ўкрыты крывалессем з хвоі і ядлоўцу. Жывуць у Вялікім Басейне паўзуны — грымучыя змеі, яшчаркі-ядазубы і фрыназомы. На арашальных плошчах — земляробства.

т. 4, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЮЦЫНА́ЦЫІ (ад лац. hallucinatio трызненне, прывід),

стан уяўнага (несапраўднага) успрымання чалавекам чаго-небудзь як рэальна існуючага ў навакольным асяроддзі без уздзеяння знешніх раздражняльнікаў. Паводле І.​П.​Паўлава, у аснове галюцынацый ляжаць парушэнні функцый кары галаўнога мозга. Найчасцей галюцынацыі ўзнікаюць пры псіхічных захворваннях.

Адрозніваюць галюцынацыі: зрокавыя, слыхавыя, нюхальныя, тактыльныя і інш.; простыя (успышкі святла, шоргат, стук) і складаныя (вобразы людзей, гаворка); сапраўдныя галюцынацыі і псеўдагалюцынацыі (менш выразныя і ў меншай ступені звязаныя з пачуццём рэальнасці; адсутнічаюць у дзіцячым узросце). Да галюцынацый не адносяць ілюзіі. Зрокавыя галюцынацыі характэрныя для псіхозаў інфекц. і інтаксікацыйнага паходжання. Пры белай гарачцы, напр., хворыя бачаць дробных жывёл (мышэй, змей), адчуваюць поўзанне па скуры насякомых, уяўную прысутнасць пачвар, страшыдлаў, забойцаў. Слыхавыя галюцынацыі больш частыя пры шызафрэніі. Нярэдка яны тояць сац. небяспеку, таму што могуць мець імператыўны (загадвальны) змест і накіроўваць хворага на агрэсіўныя дзеянні. У хранічных алкаголікаў слыхавыя галюцынацыі часцей «каментарныя» («галасы» абмяркоўваюць стан ці дзеянні хворага). Нюхальныя і тактыльныя галюцынацыі ўвасабляюцца ў адчуванні несапраўдных пахаў (напр., гнілі, парфумы, газы і г.д.) і дотыкаў да скуры (насякомых, вільгаці, паветраных патокаў і інш.). Шэраг рэчываў (галюцынагены) здольныя выклікаць галюцынацыі штучна, што ўласціва наркаманіі.

Ф.​М.​Гайдук.

т. 5, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛЬМІНТО́ЗЫ [ад гельмінты + ...оз(ы)],

глісныя хваробы, глісныя інвазіі, хваробы чалавека, жывёл і раслін, выкліканыя паразітычнымі чарвямі (гельмінтамі): трэматодамі, монагінеямі, цэстодамі, нематодамі і скрэбнямі. У чалавека вядома больш за 150 гельмінтозаў, якія падзяляюцца на 3 групы: геагельмінтозы, біягельмінтозы і кантактныя.

Геагельмінтозы выклікаюць паразіты, што развіваюцца ў глебе, заражэнне адбываецца пры невыкананні правіл асабістай гігіены; біягельмінтозы выклікаюць гельмінты, якія развіваюцца ў целе прамежкавага гаспадара, заражаюцца імі пры ўжыванні ў ежу прадуктаў жывёльнага паходжання (мяса, рыбы); кантактныя гельмінтозы (яйцы паразітаў хутка выспяваюць) перадаюцца праз кантакт з хворым. Гельмінты паразітуюць у страўнікава-кішачным тракце, крыві, печані, лёгкіх, у нырках, галаўным мозгу, мышцах, скуры, касцях. Выдзяляюць шкодныя рэчывы, сенсабілізуюць арганізм, паглынаюць харч. рэчывы, вітаміны і мікраэлементы. На Беларусі ў чалавека найб. пашыраны гельмінтозы: анкіластамідозы, аскарыдоз, энтэрабіёз, трыхінелёз, трыхацэфалёз, апістархоз, фасцыялёз, дыфелабатрыёз; у раслін — бульбяная нематода; у жывёл — дыкрацэліёз, парамфістаматыдозы, фасцыялёз, маніезіёз, гіменалепідыдозы, аскарыдозы, дыктыякаулёзы, странгілаідозы, трыхацэфалёз, макракантарынхоз. Сажалкавай рыбагадоўлі шкодзяць батрыяцэфалёз, філаметроз, лігулёз, дактылагіроз, дыпластаматоз, гіралактылёз. Прыкметы гільментозаў: затрымка росту і развіцця, у чалавека — схудненне, зніжэнне інтэлекту, у жывёл — зніжэнне прадукцыйнасці, дрэнны апетыт, парушэнне каардынацыі рухаў. Лячэнне хім. прэпаратамі і хірургічнае.

Літ.:

Гинецинская Т.А., Добровольский А.А. Частная паразитология. М., 1978;

Найт Р. Паразитарные болезни: Пер. с англ. М., 1985.

Р.​Г.​Заяц.

т. 5, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НЕЗІС (грэч. genesis),

філасофская катэгорыя, якая абазначае ўзнікненне, паходжанне, станаўленне аб’ектаў і з’яў, што развіваюцца. Першапачаткова стасаваўся да ўяўленняў аб паходжанні прыроды, быцця. Гэты аспект назіраўся яшчэ ў міфалогіі (багі як стваральнікі космасу), а потым у філасофіі (Геракліт, І.​Кант, Г.​Гегель) і канкрэтна-навук. галінах ведаў (касмаганічная гіпотэза Канта—Лапласа, атамістыка Дж.​Дальтона і інш.). З 19 ст. катэгорыя генезісу пачынае адыгрываць важную метадалагічную ролю ў навук. пазнанні, асабліва ў навуках аб працэсах развіцця (тэорыя паходжання відаў праз натуральны адбор у біялогіі). Гэта прывяло да ўсталявання генетычнага метаду як асобнага метаду пазнання і ўзнікнення навук. дысцыплін, што вывучаюць пераважна генетычныя аспекты з’яў і працэсаў (генетычная псіхалогія, генетычная сацыялогія і інш.). У сучаснай навуцы асэнсавана неабходнасць злучэння генетычнага (дыяхроннага) і структурна-функцыянальнага (сінхроннага) даследавання аб’ектаў. У рамках апошняга, у прыватнасці, у розных варунках агульнай тэорыі сістэм (Ю.​А.​Абрамаў, Л.​Берталанфі, Дж.​Клір, Э.​М.​Сарока, А.​І.​Уёмаў, Ю.​А.​Урманцаў) робяцца спробы па мадыфікацыі структурна-функцыянальнага падыходу з тым, каб было магчымым вывучэнне генезісу і развіцця структур. Выключна важную ролю набываюць праблема глабальнай эвалюцыі і праблема генеалогіі формаў свядомасці.

У.​К.​Лукашэвіч.

т. 5, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫВЁЛЫ,

арганізмы, якія складаюць адно з царстваў арган. свету. Існуюць 2 узроўні арганізацыі Ж.: аднаклетачныя (прасцейшыя) і шматклетачныя. У сусв. фауне налічваецца 1,5—2 млн. відаў Ж.; у фауне Беларусі больш за 430 відаў пазваночных і да 20 тыс. відаў беспазваночных. Насяляюць сушу, паветра, воднае і глебавае асяроддзе, многія — паразіты. Адрозніваюцца ад інш. эўкарыётаў адсутнасцю (за невял. выключэннем) цэлюлозных клетачных абалонак. Ж. — гетэратрофы (жывяцца гатовымі арган. рэчывамі, неарган. злучэнні непасрэдна не асімілююць), размнажаюцца дзяленнем, пачкаваннем, яйцамі, жыванараджэннем і інш., здольныя да актыўнага перамяшчэння.

Некалькі дзесяткаў відаў Ж прыручаны чалавекам або разводзяцца ў няволі; шэраг Ж. належаць да паляўніча-прамысловых (собаль, пясец, ліс і інш.). Многія Ж выкарыстоўваюцца як лабараторныя (марскія свінкі, трусы і інш.). Пастаўшчыком бялку жывёльнага паходжання служаць с.-r. Ж У выніку ўздзеяння чалавека на жывую прыроду, пагаршэння экалагічных умоў, знішчэння дзікіх Ж. узнікла пагроза для існавання многіх відаў (у сярэднім у свеце штодзённа знікае 1 від або падвід). На Беларусі ахова Ж. рэгулюецца адпаведнымі законамі (гл. Ахова жывёл) і палажэннямі зямельнага. воднага і ляснога заканадаўстваў, міжнар. пагадненнямі і інш.; рэдкія і знікаючыя віды занесены ў Чырв. кнігу.

т. 6, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)