РЫ́ЦА, Рыца Вялікая,

возера ў Абхазіі (Грузія), на У ад Гагрскага хр., на выш. 950 м. Пл. 1,49 км². Даўж. 2,5 км, найб. шыр. 1,1 км, сярэдняя глыб. 63 м, найб. 116 м. Катлавіна тэктанічнага паходжання. Возера ўтварылася ў выніку выкліканага землетрасеннем абвалу г. Пшэгішхва, які запрудзіў р. Лашыпсе. Берагі высокія, парослыя букавымі і хваёва-піхтавымі лясамі. У Р. ўпадаюць 6 рэчак, выцякае р. Юпшара (бас. р. Бзыб). Паблізу Р. на выш. 1235 мвоз. Малая Р. (пл. 0,2 км²). Уваходзіць у склад Рыцынскага запаведніка. Раён турызму і адпачынку. Шаша злучае Р. з курортамі Чарнаморскага ўзбярэжжа Каўказа. На беразе возера горнакліматычны курорт. Засн. ў 1946. Клімат субтрапічны вільготны, станоўча ўплывае пры захворваннях органаў дыхання, нерв. і сасудзістай сістэм. Курортная гасцініца, дом адпачынку.

т. 13, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)