НАЦЮРМО́РТ (франц. nature morte літар. мёртвая прырода),
1) жанр выяўленчага мастацтва (пераважна станковага жывапісу і графікі), прысвечаны адлюстраванню неадушаўлёных прадметаў, размешчаных у адзіным асяроддзі і арганізаваных праз пэўныя эстэт. і сэнсавыя сувязі ў групу. Можа адлюстроўваць і аб’екты жывой прыроды, ізаляваныя ад іх натуральных сувязей і ператвораныя ў рэч (рыба на стале, кветкі ў букеце і інш.), або якія дапаўняюць асн. матыў Н. (выявы птушкі, звера, чалавека).
2) Твор гэтага Жанру. Н. найчасцей складаецца спецыяльна для таго, каб быць адлюстраваным. Гэта абумоўлівае спецыфіку яго кампазіцыі, якая набывае выразна дэманстратыўны характар і з’яўляецца асноваўтваральнай уласцівасцю жанру. Адлюстраванне рэчаў у Н. можа мець самаст. значэнне, падпарадкоўвацца рашэнню дэкар. задач, ствараць складаны сэнсавы падтэкст, што адлюстроўвае сац. становішча, асаблівасці і характар жыцця гаспадара рэчаў, светапогляд мастака і яго адносіны да рэчаіснасці, пэўны сімвалічны змест, асацыяцыі і маст. паралелі і інш. Спецыфіка жанру вызначае павышаную ўвагу да праблем выразнасці маст. формы: архітэктонікі кампазіцыі, структуры і дэталяў аб’ёму, фактуры, характару арганізацыі прасторы ці плоскасці. Вял. ролю ў Н. адыгрываюць традыцыі жанру.
Вытокі Н. ў дэкар., сімвалічным і рытуальным адлюстраванні рэчаў у стараж. мастацтве (фрэскі і рэльефы Егіпта, Грэцыі, Рыма), сярэдневяковым рэліг. мастацтве Еўропы, класічным мастацтве Кітая і Японіі 11—18 ст. Як самаст. жанр склаўся ў эпоху Адраджэння ў Італіі (першы вядомы Н. — «Курапатка са стралой і пальчаткамі» Якопа дэ Барбары, 1504). Н. італьян., ісп. і нідэрл. мастакоў таго часу вызначаліся асаблівай увагай да матэрыяльнага свету рэчаў, ілюзіяністычна дакладнага іх адлюстравання (т. зв. Н.-падманкі).
Пераважна адлюстроўвалі інтэр’еры кухняў і корчмаў (т.зв. бадэгон, у якім аднолькавая ўвага аддавалася і рэчаваму асяроддзю, і персанажам), накрытыя сталы, т.зв. ванітас (тып Н., дзе прадметы, якія сімвалізуюць багацце прыроды і дзейнасці чалавека, супрацьпастаўляюцца элементам, што нагадваюць пра смерць). Станаўленне і росквіт Н. прыпадае на 17 ст., што звязана з ростам цікавасці да побыту, прыватнага жыцця чалавека, пашырэннем метаду маст. асваення свету, развіццём нац. школ жывапісу. У гэты перыяд вызначаліся ўсе асн. разнавіднасці, тэматычныя і іканаграфічныя варыянты Н. («сняданкі», «дэсерты», «рыбы», «кветкі і садавіна», «трафеі палявання», «кладоўкі», «бітая дзічына», «рынкі» і інш.). Стылістычныя асаблівасці італьян. і ісп. Н. у вял. ступені вызначылі маст. рэформы М.Караваджа (творы П.П.Бонцы, М.Кампідольё, Дж.Рэка, Дж.Б.Руапола, Э.Баскеніса, Італія; Х.Санчэса Котана, Ф.Сурбарана, А.Перэды, Іспанія). У кампазіцыях галандскіх мастакоў Н. набыў камерны характар, дэмакратызм і паэтычнасць вобразаў у спалучэнні з дакладнай жывапіснай распрацоўкай прасторы і фактуры рэчаў, пластыкай форм (творы А.Беерэна, Я.Венікса, П. ван дэр Віліге, В.Калфа, П.Класа, В.Хеды, Я.Д. дэ Хема, М.Хондэкутэра і інш). У флам. мастацтве вызначаўся жыццесцвярджальным характарам, манументальнасцю і веліччу гучання, складанасцю і дынамізмам кампазіцый, дэкаратыўнасцю (творы П. дэ Воса, Д.Сегерса, Ф.Снейдэрса, Я.Фейта). Развіваўся таксама ў ням. (Г.Флегель) і франц. (Л.Бажэн, А.Ф.Дэпорт, Ж.Б.Мануае, Ж.Б.Удры) мастацтве. У 18 ст. адной з асн.маст. мэт жанру стала дакладнае ілюзіяністычнае адлюстраванне рэчаў. Н., прызначаныя пераважна для аздаблення інтэр’ераў, набылі дэкар. характар, у іх кампазіцыі пераважалі кветкі і садавіна. Дэмакратызмам і глыбінёй зместу, багаццем кампазіцыйных і каларыстычных вырашэнняў вызначаліся Н. франц. мастака Ж.Б.С.Шардэна. У сярэдзіне 18 ст. ўзнік тэрмін «nature morte», які перадаваў непаважлівыя адносіны да Н. з боку акад. мастацтва, якое аддавала перавагу «жывой натуры» і жанрам, звязаным з яе адлюстраваннем. Рус. нацюрморт 18 ст. вызначаўся натуралістычна-дакладнай перадачай рэчавага асяроддзя (П.Багамолаў, Р.Цяплоў і інш.). У пач. 19 ст. Н. існаваў пераважна ў якасці акад. вывучэння натуры. Пэўны ўздым жанру быў уласцівы асобным творам мастакоў бідэрмеера і рус. мастакоў (Ф.П.Талстой, школа А.Венецыянава). З кампазіцыі Н. знікаюць рукатворныя рэчы, пераважаюць матывы кветак, напісаныя па кампазіцыйных схемах флам.дэкар. Н. 17 ст. У жанры Н. спецыялізаваліся А.Фантэн-Латур (Францыя), У.Харнет, Ч.У.Піль (ЗША), звярталіся да яго Ф.Гоя (Іспанія), Э.Дэлакруа, Г.Курбэ (Францыя) і інш. У 2-й пал. 19 ст. пераважалі крыху мадэрнізаваныя традыц.акад. схемы, франтальныя цэнтрычныя кампазіцыі, Н. эцюднага характару. Супраць уяўлення Н. як замкнёнай кампазіцыі са статычных аб’ектаў выступалі імпрэсіяністы, што часта прадстаўлялі яго ў інтэр’еры або пейзажы як часткі прыроды. Рус. перасоўнікаў быт. рэчы як тэма асобнага твора не цікавілі, лічыліся ўвасабленнем банальнасці жыцця і яго фальшывага бляску. Сярод эцюдаў Н. перасоўнікаў пераважалі «букеты» (І.Крамской, І.Рэпін, В.Сурыкаў, В.Паленаў). У канцы 19 — пач. 20 ст. адбыўся ўздым Н., вырасла яго роля як самаст. жанру. Праз яго мастакі-постімпрэсіяністы рэалізоўвалі новыя шляхі ў мастацтве (П.Сезан у Францыі, В. ван Гог у Галандыі). У 20 ст. да Н., у якім адкрыліся бязмежныя магчымасці распрацоўкі ўласнай стылістыкі, эксперыментаў з формай і раскрыцця ўнутр. сутнасці прадметаў, адлюстравання светаўспрымання канкрэтнага чалавека пачалі звяртацца прадстаўнікі ўсіх маст. кірункаў. У жанры Н. стваралі кампазіцыі Ж.Абей, Э.Афрэ, Ж.Брак, Ф.Геры-Кала, Х.Грыс, Ж.Гузі, А.Дэрэн, П.Дзюкардо, К.Івель, К.Лепап, Р.Магрыт, А.Матыс, Ж.Міро, П.Пікасо (Францыя), Ю.Гес, А.Канальт (Германія), Р.Гутуза, Ф.Казараці, Дж.Марандзі, Дж.Северыні (Італія), Ф.Эліяс (Іспанія), І.Альберт, Дж.Энсар (Бельгія), Б.Кубіша, Э.Філа (Чэхія), Дж.Біл, У.Бэйлі, Э.Уает, Дж.Фіш (ЗША), Жэнь Банянь, Цы Байшы (Кітай), А.Акапян, М.Сар’ян (Арменія), Л.Свемп, Л.Эндзеліна (Латвія), А.Асмёркін, А.Галавін, Н.Ганчарова, І.Грабар, П.Канчалоўскі, К.Каровін, П.Кузняцоў, А.Купрын, М.Ларыёнаў, А.Лянтулаў, І.Машкоў, І.Пуні, К.Пятроў-Водкін, В.Раждзественскі, М.Сапуноў, С.Судзейкін, Р.Фальк, А.Экстэр (Расія) і інш.
На Беларусі Н. вядомы з 16 ст. ў кніжнай графіцы: гравюра «Взор стола на немже бе хлеб посвященный» у кнізе Ф.Скарыны «Зыход», алегарычную ролю адыгрывае прадметнае асяроддзе ў партрэце да яго «Бібліі». Элементы Н. трапляюцца ў ілюстрацыях да «Хронікі ўсяго свету» М.Бельскага (16 ст.), паліванай кафлі 16—17 ст., іканапісе («Нараджэнне Марыі» П.Яўсеевіча з Галынца, 1649; «Тройца», 18 ст., і інш.), сармацкіх партрэтах 16—18 ст. (атрыбуты ўлады, зброя і інш.). У 19 ст. выдатным майстрам Н. быў І.Хруцкі, які праз адлюстраванне рэчаў перадаваў асабістае адчуванне радасці быцця. У 1-й пал. 20 ст. лірычныя Н. стваралі І.Ахрэмчык, В.Волкаў, Я.Красоўскі, Д.Парахня, М.Станюта, М.Тарасікаў і інш. У 2-й пал. 20 ст.бел. Н. узбагаціўся новымі матывамі і вобразна-пластычнымі якасцямі. Пашырыліся тэмы Вял.Айч. вайны, дзе праз свет рэчаў раскрываюцца памяць і смутак народа пра тых, хто загінуў, нац. культурнай спадчыны, т.зв. сялянскі Н. і інш. У 1990-я г.вял. ўвагу ў Н. аддавалі асацыяцыям, сімвалам, знакавай сутнасці рэчаў, фармальным элементам кампазіцыі. У жанры Н. працавалі і працуюць Дз.Алейнік, Б.Аракчэеў, Я.Батальёнак, Э.Балагураў, Г.Бржазоўскі, Н.Варвановіч, Г.Вашчанка, Н.Воранаў, А.Гугель, Ф.Гумен, М.Данцыг, Л.Дударэнка, В.Жолтак, Г.Ізергіна, А.Замай, М.Ісаёнак, Б.Казакоў, А.Карпан, Р.Кудрэвіч, С.Лі, А.Малішэўскі, Б.Малкін, А.Марачкін, В.Маркавец, А.Марыкс, У.Мінейка, Н.Паплаўская, А.Паслядовіч, А.Пашкевіч, Я.Радзялоўская, В.Сахненка, В.Свентахоўская, У.Сулкоўскі, В.Сумараў, У.Тоўсцік, У.Хадаровіч, Я.Харытоненка, А.Шаўчэнка, Л.Шчамялёў, Н.Шчасная, В.Цвірка і інш. Н. ў дэкар.-прыкладным мастацтве стварылі В.Грыдзіна, В.Крывашэева (габелены), М.Байрачны, А.Паддубны, В.Прыешкін, Т.Сакалова, У.Угрыновіч (кераміка) і інш.
Літ.:
Кузнецов Ю.И. Западноевропейский натюрморт. Л.;
М., 1966;
Ракова М.М. Русский натюрморт конца XIX — начала XX в. М., 1970;
Пружан И.Н., Пушкарев В.А. Натюрморт в русской и советской живописи. Л., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́МНІК,
1) у шырокім значэнні — аб’ект, які з’яўляецца часткай культурнай спадчыны краіны, народа, чалавецтва. Паводле тыпалагічных прыкмет вылучаюць археалагічныя помнікі, П. гісторыі, архітэктуры, мастацтва (гл.Помнікі гісторыі і культуры, Мемарыяльныя збудаванні, Манументальнае мастацтва, Манументальная скульптура, Манументальны жывапіс), пісьменнасці (летапісы, казанні, жыціі, словы, хронікі, пасланні, евангеллі, мемуары і інш.). Распрацавана сістэма дзярж. і грамадскіх мерапрыемстваў па ахове П. (гл.Ахова гісторыка-культурнай спадчыны).
2) У вузкім значэнні — твор манум. мастацтва (архітэктура, скульптура, жывапіс) на ўшанаванне памяці пэўнай асобы ці ў гонар знамянальнай падзеі, часцей у выглядзе статуі, бюста, скульпт. групы, калоны, абеліска, арх. збудавання, штучна насыпанага кургана і інш. Звычайна такім П. уласціва функцыя актыўнага грамадскага ўздзеяння, якая выяўляецца не толькі ў іх ідэйнай праграме, але і ў характары іх пастаноўкі і пластычнай трактоўкі. П., разлічаныя, як правіла, на агляд іх вял. колькасцю людзей, адыгрываюць важную ролю ў арг-цыі навакольнай прасторы.
Прататыпамі П. былі стараж. пахавальныя збудаванні (мегаліты, курганы, абеліскі, піраміды, грабніцы, надмагіллі і інш). Асн. кампазіцыйныя тыпы П. склаліся ў ант. мастацтве: алегарычныя ці партрэтныя статуі і скульпт. групы (група тыраназабойцаў Гармодыя і Арыстагітана ў Афінах, 477 да н.э.), конныя статуі (статуя Марка Аўрэлія, 161—180, у 1538 устаноўлена на пл. Капітолія ў Рыме), стэлы, аркі трыумфальныя, трыумфальныя калоны (калона Траяна ў Рыме, 111—114, арх. Апаладор з Дамаска). Сярод П. сярэдневяковай Еўропы найб. вылучаюцца крыжы, якімі адзначалі памятныя месцы, а таксама (пераважна на 3) скульпт. выявы данатараў. Традыцыяй многіх краін (у т. л. дапятроўскай Русі) было ўвекавечванне знамянальных падзей узвядзеннем культавых пабудоў (Васіля Блажэннага храм у Маскве, узведзены ў памяць перамогі над Казанскім ханствам). У Італіі майстры Адраджэння, выкарыстоўваючы стараж.-рым. спадчыну, адрадзілі традыцыі свецкіх П. (конныя статуі кандацьераў Гатамелаты ў Падуі, 1447—53, скульпт. Данатэла, і Калеоні ў Венецыі, 1479—88, скульпт. А. дэль Верок’ё). У эпоху маньерызму з’явіліся тэндэнцыі да пышнай рэпрэзентатыўнасці і ўрачыстасці, у перыяд барока і класіцызму яны ўзмацніліся. П. (пераважна манархам і палкаводцам) часта адыгрывалі важную ролю ў гар. забудове (П. Пятру I у Пецярбургу — «Медны коннік», 1768—78, скульпт. Э.М.Фальканэ). У перыяд ампіру зноў узводзілі арх. манументы, прысвечаныя ваен. перамогам (трыумфальная арка на б.пл. Зоркі, цяпер пл. дэ Голя ў Парыжы, 1806—37, арх. Ж.Ф.Шальгрэн; Аляксандраўская калона ў Пецярбургу, 1830—34; арх. А.А.Манферан). У 2-й пал. 18 ст. і асабліва ў 19 ст. ставілі П. выдатным грамадскім дзеячам і творчым асобам (І.А.Крылову ў Пецярбургу, 1848—55, скульпт. П.К.Клот; І.В.Гётэ і Ф.Шылеру ў г. Веймар, 1857, скульпт. Э.Рычэль); для іх характэрны сімволіка, алегарызм, эклектычная стылістыка. П. канца 19 — пач. 20 ст. адметныя гіганцкімі маштабамі (Віктару Эмануілу II у Рыме, 1885—1911, арх. Дж.Саконі), празмерна грубымі формамі (О.Бісмарку ў г. Гамбург, 1901—06, скульпт. Г.Ледэрэр). У 20 ст. актуальнасць набыла ідэя стварэння арх. і скульпт. мемар. комплексаў, прысвечаных памяці ахвяр 1-й і 2-й сусв. войнаў. Яны ўяўляюць сабой развітыя аб’ёмна-пластычныя прасторавыя кампазіцыі, якія могуць уключаць арх. збудаванні, традыц. мемар. формы (абеліск, стэлу, пліту з рэльефамі і надпісамі, аркі, калоны) 1 манум. скульптуру (статуарную, рэльефную, алегарычнага характару). Многія П. гэтага часу вылучаюцца экспрэсіўнасцю, метафарычнай насычанасцю вобразаў («Зруйнаваны горад» у г. Ротэрдам, 1953, скульпт. В.Цадкін; помнік Я.Сібеліусу ў Хельсінкі, 1961—67, скульпт. Э.Хілтунен), з’явіўся новы тып невыяўл. П., блізкі па духу да архітэктуры малых форм (П. ахвярам 2-й сусв. вайны ў г. Мілан, 1948). Сав. П., прысвечаныя выдатным асобам і падзеям мінулага і сучаснасці, у сукупнасці ўтвараюць вобразны летапіс гісторыі краіны. Першыя сав. П. па характары блізкія да станковай скульптуры, пазнейшым уласцівы манум. формы, якія спрыялі іх уключэнню ў гар. ансамбль ці навакольны ландшафт (Марсава пале ў Пецярбургу, Ю.А.Гагарыну ў Маскве, 1980, скульпт. П.Бандарэнка, і інш.). Пасля Вял.Айч. вайны пашыраны мемар. збудаванні (у Трэптаў-парку ў Берліне, на Піскароўскіх могілках у Пецярбургу, Малахавым кургане ў Валгаградзе), партрэтныя манументы і П. з уключэннем рэальных узораў ваен. тэхнікі (танкі, самалёты і інш.). Сучасныя П. характарызуюцца разнастайнасцю тыпаў, вял. дыяпазонам маст. сродкаў ад рэаліст. да абстрактных.
На Беларусі П. розных відаў (камяні, крыжы, курганы і інш.) вядомы са старажытнасці. З 17 ст.найб. пашыраны надмагіллі. У 19 ст. ставілі бюсты царам і вяльможам [Аляксандру II у б. Саборным (цяпер сквер на пл. Свабоды) скверы ў Мінску, не захаваўся]. У 1908 устаноўлены Ляснянскі мемарыяльны комплекс, у 1912 — П. героям вайны 1812 у Віцебску (арх. І.Фамін), П. Перамогі 1812 у г. Кобрын (арх. Д.Маркаў), Салтанаўская мемарыяльная капліца і інш. У 1920-я г. стваралі П. дзеячам рэв. руху ў духу авангарднага мастацтва (Віцебск, не захаваліся). У 1930—50-я г. пераважалі П.-збудаванні, П.-манументы. якія з’яўляліся сведчаннем перамогі новага грамадскага ладу (помнік Леніну з рэльефнымі фрызамі на пастаменце на пл. Незалежнасці ў Мінску, скульпт. М.Манізер). У пасляваен. гады створаны ансамблі пл. Перамогі з Манументам Перамогі ў Мінску; устаноўлены бюсты і статуарныя П., прысвечаныя героям вайны: С.Грыцаўцу ў Мінску (скульпт. З.Азгур), К.Заслонаву ў Оршы (абодва 1955, скульпт. С.Селіханаў) і інш. У 1960—70-я г. створаны шырока вядомыя мемар. комплексы: помнік Вызваліцелям у Віцебску, Курган Славы Савецкай Арміі—вызваліцельніцы Беларусі, Брэсцкая крэпасць-герой, Хатынь; шматфігурныя скульпт. П. — Манумент у гонар маці-патрыёткі ў Жодзіне, помнік Я.Коласу з літ. персанажамі (скульпт. Азгур, арх. Ю.Градаў, Л.Левін), Я.Купалу са скульпт. групай фантана (абодва 1972, скульпт; А.Анікейчык, Л.Гумілеўскі, А.Заспіцкі, арх. Градаў, Левін) у Мінску, статуарны помнік Ф.Скарыне ў Полацку (1975, скульпт. А.Глебаў, І.Глебаў, Заспіцкі). П. 1980—2000-х г. прысвечаны пераважна дзеячам нац. гісторыі і культуры: статуарныя П. — М.Багдановічу ў Мінску (1981, скульпт. С.Вакар, арх. Ю.Казакоў, Л.Маскалевіч), Сымону Буднаму ў Нясвіжы (1982, скульпт. С.Гарбунова), Рагнедзе і Ізяславу ў Заслаўі (скульпт. А.Арцімовіч, арх. І.Марозаў), Я.Драздовічу ў Мінску (1993, скульпт. І.Голубеў), Ф.Скарыне ў Празе (1996, скульпт. Э.Астаф’еў), Ефрасінні Полацкай у Мінску (1999) і Полацку (скульпт. Голубеў, арх. В.Ягадніцкі), С.Буднаму і В.Цяпінскаму (скульпт. Голубеў), кн. Давыду ў Давыд-Гарадку (скульпт. А.Дранец, арх. Левін), княгіні Соф’і Слуцкай у Слуцку (усе 2000; скульпт. М.Інькоў, арх. М.Лук’янчык), надмагільны помнік В.Тураву ў Мінску (1999, скульпт. М.Якавенка); П.-бюсты кн. Нясвіжскага і М.К.Радзівіла Сіроткі ў Нясвіжы (1992, скульпт. Гумілеўскі), В.Бялыніцкага-Бірулі ў Бялынічах Магілёўскай вобл. і П. Масленікава ў Магілёве (1998, скульпт. У.Лятун). Створаны комплекс «Мінск — горад-герой», мемар. храм-П. «Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі» на т.зв. Востраве мужнасці і смутку (1996, аўтары: Ю.Паўлаў, М.Каралёў, Т.Каралёва-Паўлава, В.Лапцэвіч, Г.Паўлава, А.Паўлаў, Д.Хамякоў), мемарыял на месцы мінскага гета на пл. Юбілейнай (1998—2000, скульпт. Э.Полак, А.Фінскі, арх. Левін) у Мінску, помнік А.Гараўцу ў Віцебску (1995, скульпт. Арцімовіч, Інькоў, М.Канцавы, арх. В.Рыбакоў) і інш.
Л.Г.Лапцэвіч.
Да арт.Помнік. Конная статуя Марка Аўрэлія ў Рыме. 161—180.Помнік князю Давыду ў г. Давыд-Гарадок Брэсцкай вобл. 2000. Скульпт. А.Дранец, арх. Л.Левін.Надмагільны помнік В.Тураву, 1999. Скульпт.
М.Якавенка.
Помнік Ю.А.Гагарыну ў Маскве. 1980. Скульпт. П.Бандарэнка і інш.Помнік Ф.Скарыне ў г. Полацк Віцебскай вобл. 1975. Скульпт. А.Глебаў, І.Глебаў, А.Заспіцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕГІ́ПЕТСтаражытны,
старажытная дзяржава ў ніжнім цячэнні р. Ніл, у паўн.-ўсх. Афрыцы.
Гісторыя. Стараж.-егіп. цывілізацыя налічвае больш за 3 тысячагоддзі. У яе развіцці вылучаюць некалькі асн. этапаў, ці царстваў (Ранняе, Старажытнае, Сярэдняе і Новае), а таксама Позні перыяд і некалькі пераходных эпох. Цары (фараоны), якія правілі краінай, яшчэ ў старажытнасці былі падзелены на 30 дынастый, што таксама лягло ў аснову перыядызацыі гісторыі гэтай цывілізацыі.
Паселішчы на тэр. Е. вядомы з эпохі палеаліту. У 10—6-м тыс. да н.э. вандроўныя плямёны, як мяркуюць, протасеміты, берберы, кушыты і інш., жылі ў стэпах уздоўж Ніла, дэльта і даліна якога былі часткова забалочаны. Змена клімату ў эпоху неаліту вымусіла іх перасяліцца ў пойму Ніла. У 4-м тыс. да н.э. ў выніку змяшання гэтых плямён склаўся егіп. народ. З часам узніклі прымітыўныя дзярж. ўтварэнні, ад якіх пайшлі адм. акругі, т.зв.номы (налічвалася каля 40). Каля сярэдзіны 4-га тыс. да н.э. ўтварыліся 2 буйныя царствы — Верхні Е. і Ніжні Е. Прыкладна каля 3000 да н.э. цар Верхняга Е. Менес захапіў Ніжні Е., заснаваў крэпасць Мемфіс (з 28 ст. да н.э. сталіца Е.) і аб’яднаў абедзве дзяржавы. Пачалася гісторыя адзінай краіны Е.
У перыяд Ранняга царства (30—28 ст. да н.э., I—II дынастыі) удасканальваліся каменныя і медныя прылады працы, пашырыўся менавы гандаль, развівалася ірыгацыйная гаспадарка. Фарміраваўся дзярж. апарат, вылучыліся номы на чале з намархамі. Вяліся войны з кушытамі (нубійцамі) на Пд, лівійцамі на ПнЗ, бедуінамі Сінайскага п-ва на ПнУ. На царскі трон прэтэндавалі 2 роды, якія пакланяліся багам Верхняга Е. Гору і Сету, перамаглі прыхільнікі Гора, якія сталі апекунамі царскай улады. Значнага прагрэсу дасягнула ткацкае рамяство, пачаўся выраб папірусу для пісьма.
У час Старажытнага царства (28—23 ст. да н.э., III—VI дынастыі) дзяржава зведала эканам. і культ. ўздым. Адзінства Е. ўвасаблялася ва ўладзе фараона, які быў неабмежаваным гаспадаром усёй краіны. Побач з абшчынным узнікла прыватнае землеўладанне, умацаваўся бюракратычны апарат, створана пастаяннае войска. Неабмежаваная ўлада фараонаў выявілася ў буд-ве пахавальняў-пірамід (Хеопса, Хефрэна, Мікерына і інш.). Распаўсюдзіўся культ бога Ра, фараоны называлі сябе яго сынамі. У гэты перыяд узмацніліся паліт. і эканам. сувязі Е. з Фінікіяй і краінай Куш (Нубія). Фараоны Снофру і Сахура рабілі ваен. набегі на Фінікію, адкуль дастаўлялі драўніну для буд-ва караблёў. З Куша паступалі золата, слановая косць, жывёла, духмяныя рэчывы, рабы. З цягам часу ўлада фараонаў прыйшла ў заняпад і дзяржава распалася на номы.
Першая пераходная эпоха (23—21 ст. да н.э., VII—XI дынастыі). Пасля смерці фараона Піопі II, які панаваў 94 гады, пачаўся доўгі перыяд паліт. раздробленасці і барацьбы за трон. Ён характарызаваўся эканам. і культ. заняпадам, сац. хваляваннямі, якія часам набывалі форму нар. паўстанняў супраць намархаў. Вялікім уплывам у гэты час карысталіся правіцелі Геліопаля, якія падпарадкавалі цэнтр. Е. і дэльту Ніла, а таксама правіцелі Фіваў у Верхнім Е. У выніку войнаў перамог фіванскі правіцель Ментухатэп I, які ў сярэдзіне 21 ст. да н.э. зноў аб’яднаў краіну пад сваёй уладай.
Сярэдняе царства (21—18 ст. да н.э., XII—XIII дынастыі). У часы XI дынастыі адноўлена цэнтр. адміністрацыя, але сапраўднае развіццё Е. прыпала на перыяд XII дынастыі. У выніку рэформ вырас аўтарытэт фараона і абмежавана незалежнасць намархаў, ліквідавана спадчыннасць службовых пасад; сталіца перанесена ў цэнтр Е., побач з Фаюмскім аазісам, дзе праведзены вялікія меліярац. работы. Развіваўся замежны гандаль (з Крытам, Пунтам, Сірыяй, М. Азіяй і Месапатаміяй), створана прафес. армія, пабудавана сістэма ўмацаванняў ва ўсх.ч. дэльты Ніла і ў ніжняй Нубіі. На гэты перыяд прыпадае росквіт л-ры і мастацтва.
Другая пераходная эпох а (18—16 ст. да н.э., XIV—XVIII дынастыі). Негатыўным вынікам ліквідацыі Сенусертам III спадчыннасці дзярж. пасад стаў арганізац. хаос, які праявіўся пасля смерці апошняга фараона XII дынастыі Аменемхета III. Нестабільнасць цэнтр. улады ў перыяд XIII—XIV дынастый выклікала аслабленне Е. Каля 1650 да н.э. краіна трапіла ў залежнасць ад семіцкіх плямён гіксосаў, якія заснавалі сталіцу ва ўсх.ч. дэльты Ніла (Аварыс) і панавалі як XV і XVI дынастыі. У сярэдзіне 16 ст. да н.э. фіванскія ўладары перамаглі гіксосаў і зноў аб’ядналі краіну.
Новае царства (16—11 ст. да н.э., XVIII—XX дынастыі). З прыходам да ўлады XVIII дынастыі пачаўся перыяд найвыш. магутнасці Е. Тутмос I і Тутмос III пашырылі межы краіны, стварылі імперыю, якая займала тэр. ад Еўфрата на Пн да 4-га парога на Ніле на Пд. Гэта ўвяло Е. у сферу інтарэсаў інш. блізкаўсх. дзяржаў, стала прычынай пастаянных канфліктаў за панаванне ў Сірыі і Палесціне. У распараджэнні фараона засталася адносна невял. ч. зямель. Спроба змяніць гэтую сітуацыю складала сутнасць т.зв. рэформы Аменхатэпа IV. Пасля яе ліквідацыі ўлада перайшла да арміі (XIX дынастыя). Цары Сеці I і Рамсес II працягвалі імперскую палітыку папярэднікаў. Дагавор Рамсеса II з хетамі (каля 1260 да н.э.) забяспечыў Е. доўгі перыяд стабільнасці, паспрыяў развіццю манум. храмавага буд-ва. Эканам. і паліт. роля храмаў вырасла яшчэ больш, дамінуючае значэнне меў дзярж. культ Амона фіванскага. Сталіца дзяржавы перанесена ва ўсх.ч. дэльты Ніла (Пер-Рамсес). У часы Мернептаха і Рамсеса III пачалася серыя абарончых войнаў з т.зв. народамі мора (група ваяўнічых плямён, што прыйшлі з Пн) і лівійцамі. Войнам спадарожнічалі ўнутр. барацьба за ўладу і глыбокі эканам. крызіс (інфляцыя, бунты). У часы XX дынастыі гэтыя негатыўныя з’явы ўзмацніліся. Рост значэння арміі і эканам. незалежнасці вышэйшых саноўнікаў і храмаў побач з абмежаванымі магчымасцямі цэнтр. улады ў часы панавання Рамсеса XI прывёў да грамадз. вайны і адхілення фараона ад улады арміяй, а таксама абвяшчэння надзвычайнага становішча. У Е. ўзніклі 2 цэнтры ўлады: Таніс (цары XXI дынастыі, 11—10 ст. да н.э.) і Фівы (т.зв. дзяржава Амона пад кіраўніцтвам жрэчаскай дынастыі).
Трэцяя пераходная эпоха (11—7 ст. да н.э., XXI—XXV дынастыі) і Позні перыяд (7—4 ст. да н.э., XXVI—XXX дынастыі). У 10 ст. да н.э. значны ўплыў у аслабленай дзяржаве мелі лівійскія пасяленцы, якія з часоў лівійскіх войнаў Мернептаха і Рамсеса III жылі ў шматлікіх калоніях, асабліва ў Ніжнім Е. Лівійскі правадыр Шэшонк легальна ўзяў уладу ў 945 да н.э. і заснаваў XXII дынастыю. Паліт. і эканам. сітуацыя ў краіне была нестабільная. Барацьбу за ўладу паміж лівійскімі правадырамі выкарысталі заваёўнікі з Пд (Куш) і завалодалі Е. (XXV дынастыя, т.зв. эфіопская). У 671 да н.э.паўн. Е. часова трапіў пад уладу асірыйцаў. Выкарыстаўшы канфлікты паміж асірыйскімі і кушыцкімі заваёўнікамі, уладары Саіса Неха I і Псаметых 1 захапілі ўладу ў краіне. Пачаўся апошні перыяд росквіту Е. — панаванне XXVI дынастыі (т.зв. саіскі рэнесанс). Ён характарызаваўся паліт. незалежнасцю, эканам. і культ. адраджэннем. Е. праводзіў актыўную знешнюю палітыку ў Азіі, паспяхова адбіваў уварванні вавіланян. У 525 да н.э. напад на перс. цара Камбіса паклаў канец незалежнасці Е. Ён ператварыўся ў сатрапію Перс. імперыі (за выключэннем кароткага перыяду незалежнасці ў часы XXIX і XXX дынастый). У выніку паходу Аляксандра Македонскага Е. трапіў пад уладу Македоніі (332 да н.э.). У 305 да н.э. македонскі намеснік заснаваў уласную дынастыю (гл.Пталамеі), якая правіла ў Е. да рым. заваявання ў 30 да н.э.Аўгуст уключыў Е. у Рымскую імперыю і ператварыў яго ў правінцыю. У 639—641 н.э. Е. заваяваны араб. войскамі халіфа Умара.
Пра вывучэнне гісторыі і культуры Е. гл. ў арт.Егіпталогія.
Асвета. Школы ў Стараж. Е. прызначаліся для навучання будучых дзярж. чыноўнікаў — пісцоў. У перыяд Стараж. царства яны існавалі пры палацы фараона, пазней з’явіліся школы пры храмах, а ў перыяд Новага царства — і пры буйных дзярж. установах. Тут займаліся хлопчыкі ва ўзросце ад 5 да 16 гадоў. Перш за ўсё яны вучыліся чытаць і пісаць на паліраваных пласцінках вапняку, разграфлёных у лінейку ці клетку. У Фівах карысталіся груба абчасанымі каменнымі асколкамі. Школьнікі вучыліся выводзіць на іх іерогліфы ці скарапісныя знакі, рабіць невял. малюнкі, а пазней перапісвалі ўрыўкі тэкстаў. Авалодаўшы пісьмом, вучань атрымліваў доўгі вузкі скрутак папірусу, на якім пісаў пэндзлікам чырвонымі і чорнымі фарбамі. Кожны пісец быў таксама графічным мастаком. Вялікая ўвага аддавалася лічэнню: вучням прапаноўваліся задачы, якія мелі вузкапрактычны характар (вылічэнне аб’ёму свірнаў, плошчы поля, вызначэнне неабходнай колькасці рабочай сілы і інш.). Яны павінны былі ведаць законы і ўлажэнні, гісторыю і геаграфію, разбірацца ў асновах тэхнікі. Апрача вучэбных прадметаў у школах навучалі гімнастычным практыкаванням, плаванню, добрым манерам. У школах пры храмах разам з агульнымі прадметамі давалі рэліг. адукацыю, навучалі астраноміі і медыцыне. Вучні звычайных школ жылі дома. Дзяцей вышэйшай знаці ў юным узросце адлучалі ад сям’і і аддавалі ў ваен. школы, дзе рыхтавалі вайсковых начальнікаў.
Прыродазнаўчыя навукі. Тэхніка. Матэм. і астр. веды ў Стараж. Е. мелі чыста эмпірычны, дастасавальны характар і выкарыстоўваліся ў ірыгацыі, будаўніцтве і дзярж. кіраўніцтве. Егіпцяне ўпершыню ўвялі дзесятковую сістэму лічэння, у эпоху Сярэдняга царства ўзніклі элементарныя алгебраічныя ўяўленні, Найб.стараж. прылады працы палеаліту — рубілы з крэменю і рагавіку. У 4-м тыс. да н.э. пачалося выкарыстанне абсідыяну (вулканічнага шкла), першыя с.-г. прылады (матыкі, сярпы і інш.) выраблялі з каменю, дрэва і косці. У гэты ж час з’явіўся ганчарны круг, развіваліся керамічная і ткацкая вытворчасць, выраб фаянсу, з 3-га тыс. да н.э. — шкла. У 2-м тыс. да н.э. з’явіліся жалезныя вырабы, упрыгожанні з золата і серабра. Ужо ў дадынастычную эпоху пачалі будаваць каналы і дамбы. Для абваднення палёў выкарыстоўвалі журавель, пазней — водапад’ёмнае кола. У эпоху Ранняга царства з’явіўся плуг. Асн.буд. матэрыяламі былі гліна і трыснёг. Пры ўзвядзенні палацаў фараонаў і крэпасцей выкарыстоўвалі цэглу-сырэц, храмы і царскія пахавальні (піраміды) будавалі з каменю, апрацоўваць які егіпцяне навучыліся дасканала. Асноўныя шляхі зносін праходзілі па р. Ніл. Вялікія лодкі рознай формы і прызначэння будавалі з дадынастычнай эпохі. Для зносін з інш. краінамі карысталіся марскімі суднамі. У 18 ст. да н.э. з’явіўся колавы транспарт. Гандлёвыя і ваен. экспедыцыі егіпцян у Сірыю, па р. Ніл у Куш, экватарыяльныя раёны Афрыкі і інш. абумовілі назапашванне і пашырэнне геагр. ведаў. Бальзаміраванне памерлых спрыяла развіццю анатамічных ведаў і ўзбагачэнню хірургічнага вопыту. Егіпецкія ўрачы рабілі трэпанацыю чэрапа, пламбіравалі зубы, накладвалі хірургічныя шыны. Аднак зусім рэалістычныя ўяўленні перапляталіся з верай у магію і вядзьмарства. Муміфікацыя, выраб духмяных рэчываў, лакаў і фарбаў спрыялі развіццю хіміі. Веды стараж. егіпцян значна паўплывалі на развіццё антычнай, а значыць і еўрапейскай, навукі.
Міфалогія і рэлігія. Карані рэліг. вераванняў стараж. егіпцян у культах мясц. багоў, якія шанаваліся ў выглядзе розных жывёл, а пазней — людзей (Анубіс, Баст, Гор, Хатар, Себек) у асобных гарадах ці номах, што ўваходзілі ў склад Е. ў дагіст. часы. Апрача іх існавала група божастваў прыроды, якіх ушаноўвалі на тэр. ўсяго Е.: Ра (Сонца), Хапі (Ніл), Нун (акіян). У працэсе фарміравання дзяржавы і паліт. барацьбы за вяршэнства ў краіне божаствы ўз’яднаных рэгіёнаў падпарадкоўваліся (тады ўзнікала якое-н. гал. бажаство), атаясамліваліся або злучаліся ў сямейныя саюзы: трыяды (божаствы Дэльты — Асірыс, Ісіда і Гор; Птах, Сехмет і Нефертум; Амон-Ра, Мут і Хансу ў Фівах), энеады (9 божастваў, шанаваных у Геліопалі), агдаады (8 божастваў, шанаваных у Гермопалі). Егіпцяне пакланяліся таксама жывёлам, якія лічыліся ўвасабленнем божастваў (бык Апіс у Мемфісе, баран і гусь у Фівах). Падобны зоамарфізм божастваў, верагодна, бярэ пачатак у племянным фетышызме і татэмізме.
Сярод шматлікіх рэліг. асяродкаў, якія выпрацавалі ўласную тэагонію, тэалогію і касмагонію, найб. значную ролю ў фарміраванні рэліг. вераванняў егіпцян адыграў Геліопаль — цэнтр культу бога сонца Атума, які пасля атаясамлівання з богам Ра быў прызнаны стваральнікам багоў, сусвету і людзей. Ён даў пачатак першай пары багоў: Шу (паветра) і Тэфнут (вільгаць), якія стварылі другую пару: Геб (зямля) і Нут (неба). Іх дзецьмі былі Сет, Гор, Нефтыда, Ісіда і Асірыс (культ апошняга як ўладара краіны памерлых распаўсюдзіўся на ўвесь Е.). Міф пра смерць Асірыса, яго цудоўнае ўваскрэсенне і нараджэнне Гора, мсціўцы за свайго бацьку, у канцы Стараж. царства набыў характар дзярж. рэлігіі. Гэта сістэма вераванняў спрабавала растлумачыць рух Сонца, з ёй было звязана перакананне ў боскасці фараонаў, якіх з гэтага часу пачалі называць сынамі бога Ра. Гегемонія Фіваў у перыяд Сярэдняга царства спрыяла ўзвышэнню бога Амона, які пасля атаясамлівання яго ў перыяд Новага царства з богам Ра стаў называцца Амон-Ра. Калі эканам.-паліт. магутнасць жрэцтва стала пагражаць уладзе фараонаў, Аменхатэп IV, каб аслабіць яе, увёў монатэістычны культ бога сонца Атона. Догматы гэтага культу выкладзены ў гімне да новага божаства, які прыпісваўся самому фараону. Пасля яго смерці фіванскія жрацы вярнулі культу Амона былое значэнне. У выніку аслаблення паліт. адзінства краіны ў Позні перыяд пэўнае значэнне набылі культы мясц. багоў (Баст, Нейт), а ў эліністычны перыяд культы Серапіса і Ісіды распаўсюдзіліся нават па-за межамі Е.
Сістэма рэліг. вераванняў стараж. егіпцян была моцна звязана з культам памерлых і верай у паслясмяротнае існаванне. Лічылася, што замагільнае жыццё з’яўляецца працягам зямнога, а свет памерлых знаходзіцца «на Захадзе» або сярод зорак і падобны на Е. Шлях да яго быў поўны перашкод і небяспекі, пераадолець якія дапамагалі закляцці і магічныя формулы, выбітыя на сценах пахавальні (піраміды) або выпісаныя на скрутках папірусу, што клаліся ў магілу. Апошнім этапам быў суд Асірыса. Пасля суда памерлы або трапляў у краіну Асірыса, або яго паядаў дэман. Умовай прадаўжэння жыцця ў замагільным свеце было забеспячэнне цела ад знішчэння, адсюль звычай бальзаміраваць трупы і змяшчаць іх у добраўпарадкаваныя пахавальні. Неад’емным элементам рэліг. вераванняў стараж. егіпцян была магія. У штодзённым жыцці варажба, храмавыя прароцтвы, каляндарныя прадказанні вырашалі сумненні і кіравалі паводзінамі людзей. Амулеты і магічныя дзеянні павінны былі засцерагаць іх ад небяспекі і ў свеце жывых, і ў свеце памерлых.
Літаратура. Найб. старажытныя літ. помнікі Е. ўзніклі ўжо ў самы ранні перыяд існавання дзяржавы. Тэксты на егіп. мове выбівалі на стэлах і сценах пахавальняў, пісалі на астраконах і папірусах, карыстаючыся іерагліфічным, іератычным і дэматычным пісьмом (гл.Егіпецкае пісьмо). Узнікненне егіп. л-ры прыпадае на першыя стагоддзі Стараж. царства, яе росквіт, т.зв. класічны перыяд, — на эпоху Сярэдняга царства. Важнае месца займала рэлігійная літаратура, да якой належыць большая частка літ. помнікаў, у т. л. творы, звязаныя з культам памерлых. У эпоху Стараж. царства жрацы Геліопаля апрацавалі для фараонаў збор закляццяў, магічных формул і малітваў, якія павінны былі забяспечыць ім пасмяротнае жыццё на ўзор зямнога («Тэксты пірамід»), У далейшым права карыстання рэліг. тэкстамі было пашырана і на вышэйшых саноўнікаў; для іх быў апрацаваны новы збор — «Тэксты саркафагаў». Да часоў Новага царства належыць «Кніга памерлых» — новая апрацоўка рэліг. тэкстаў, створаная фіванскімі жрацамі для заможнай часткі егіп. грамадства. Апрача малітваў і заклінанняў у гэты твор уключана стараж. сістэма егіп. касмагоніі, тэагоніі, тэалогіі, а таксама т.зв. негатыўная споведзь (прызнанне ў сваёй бязгрэшнасці, якое рабілі душы памерлых на судзе Асірыса). У пахавальню клалі апісанне Царства памерлых («Кніга дзвюх дарог», «Кніга падземнай краіны», «Кніга брам», «Кніга пячор»). Найб. пашыраным жанрам была дыдактычная літаратура, якая ў форме павучанняў, сентэнцый, прыслоўяў знаёміла егіпцян з прынцыпамі этыкі, заснаванымі на практычнай жыццёвай мудрасці («Павучанні Кагемні», «Павучанні Харджэдэфа», «Павучанні Птахатэпа»). Да перыяду Сярэдняга царства належаць «Павучанні Наферці» і «Павучанні Аменемхета» (паліт. завяшчанне сыну Сенусерту I). Яны з’яўляюцца працягам песімістычнай плыні ў егіп. л-ры, да якой належыць і адзін з яе найцікавейшых літ. помнікаў — філас. трактат «Спрэчка расчараванага са сваёй душой». «Павучанні Хеці, сына Дуауфа» ўяўляюць сабой сатыру на ўсе прафесіі, але пахвалу працы пісца. «Павучанні Аменемопе» (Новае царства) некат. даследчыкі лічаць крыніцай біблейскіх «Прытчаў цара Саламона». Апошнія помнікі гэтага жанру адносяцца да пач. Рымскай эпохі. Уласна мастацкая літаратура зарадзілася ўжо ў перыяд Стараж. царства, але пераважная ч. яе помнікаў належыць да больш позніх эпох. Найб. раннімі паэт. жанрамі былі песні («Песня арфіста»), гімны ў гонар багоў («Гімн Нілу», «Гімн Атону», прыпісваліся Аменхатэпу IV) або фараонаў (Сенусерта III, Сярэдняе царства). У надмагільных надпісах часоў Стараж. царства сустракаюцца фрагменты любоўнай лірыкі; захавалася некалькі зборнікаў ад часоў яе росквіту (Сярэдняе і Новае царствы). Да розных эпох належаць тэксты, якія сведчаць пра існаванне драмы: т.зв. «Драматычныя тэксты» юбілейных цырымоній (Сярэдняе царства), фрагменты алегарычнай драмы «Вяртанне Сета», у якой выказаны пратэст супраць панавання персаў (Позняя эпоха), «Жальбы Ісіды і Нефтыды», звязаныя з містэрыямі ў гонар Асірыса (Грэч. эпоха). Папулярным жанрам была аповесць, якая развілася з аўтабіягр. надпісаў канца Стараж. царства: «Прыгоды Сінухета», «Пацярпелы крушэнне», «Красамоўны селянін», а таксама «Апавяданне пра дзівосныя здарэнні» (Сярэдняе царства). У наступны перыяд створаны апавяданні фантаст. («Праўда і Крыўда», «Два браты»), міфалагічныя («Гор і Сет»), гіст. («Спрэчка цара Апопе з Секененрам». «Кадэшская паэма») і падарожныя («Прыгоды Венамона»). У Познюю эпоху ўпершыню ў сусв. л-ры з’явіліся 4 байкі пра жывёл у форме філас. дыялогу («Сонечнае вока»). Да жанру гістарычнай літаратуры належаць аўтабіяграфіі, шматлікія дзярж. і прыватныя дакументы (дэкрэты фараонаў, інструкцыі, судовыя пратаколы), гадавікі Тутмоса III з апісаннем яго ваен. перамог, т.зв. стэла Ізраіля, якая праслаўляла перамогу Мінептаха над палесцінскімі плямёнамі. На часы Новага царства прыпадае росквіт эпісталярнага жанру. Навуковая літаратура ўключае мед., матэм. і геам. папірусы, якія сведчаць пра высокі ўзровень развіцця дакладных навук у Е. Панаванне чужаземных уладароў (перс., грэч., рымскіх) паступова прывяло да знікнення л-ры на роднай мове. З 2 ст.н.э. яе замяніла копцкая, а з сярэдзіны 7 ст.араб.л-ра.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Мастацтва Е., цесна звязанае з рэлігіяй, у т. л. з замагільным культам, увасабляла ўяўленне аб непарушнасці сац. ладу і звышчалавечай велічы абагаўлёнага фараона. Пошукі эфектыўнай маст. мовы прывялі да стварэння першага канона. Былі асэнсаваны і выпрацаваны асн. сродкі пластычных мастацтваў: аб’ём, маса, апора, скляпенне, рытм — у архітэктуры; плоскасць, лінія, сілуэт, колеравая пляма — у рэльефе і жывапісе; тэкстура і фактура каменя і дрэва — у скульптуры. У Е. былі выпрацаваны класічныя арх. формы і тыпы (піраміда, абеліск, калона), віды выяўл. мастацтва (круглая скульптура, рэльеф, манум. жывапіс і інш.). Асн. прынцыпы мастацтва Е. пачалі складвацца каля 3000—2000 да н.э.Гал. роля належала архітэктуры (грабніцы-мастабы). Яе прынцыпы манументальнасці і статычнасці ўплывалі на развіццё скульптуры і жывапісу, якім таксама ўласціва геам. абагульненасць, сіметрыя і статыка, строгая франтальнасць (палетка фараона Нармера, статуя фараона Хасехема). У перыяд Стараж. царства гэтыя маст. прыёмы набылі стылістычную завершанасць. Быў выпрацаваны новы тып пахавальні фараона — піраміда, у якой прастата формы ў спалучэнні з велізарнымі памерамі стварала велічны арх. вобраз (піраміды ў Сакары і Гізе). Вакол пірамід ствараліся замагільныя комплексы (памінальныя храмы, злучаныя доўгімі крытымі калідорамі з уваходнымі павільёнамі, сфінксы, мастабы прыдворных, шэраг падземных збудаванняў). У размалёўках і рэльефах на сценах грабніц з сюжэтамі жыцця ў царстве памерлых выяўляюцца пачуццё рытму, прыгажосць абагульненай контурнай лініі, сілуэта, лакальнай колеравай плямы (рэльефы грабніц Ці і Ахатэпа ў Сакары). Вял. развіццё атрымаў скульптурны партрэт (статуі фараона Хефрэна, пісца Каі). У эпоху Сярэдняга царства піраміды страцілі грандыёзнасць. Найб. пашырэнне набылі скальныя грабніцы з 2- ці 4-калонным порцікам. Памінальныя храмы часта аддзяляліся ад грабніц, мелі падоўжную восевую кампазіцыю (храм Ментухатэпа I у Дэйр-эль-Бахры). Паскорыўся рост гарадоў, дзе будавалі мураваныя (з цэглы-сырцу) палацы з памяшканнямі, аздобленымі размалёўкамі, з калонамі і порцікамі, галерэямі, унутр. дварамі. У выяўл. мастацтве ўзмацніліся тэндэнцыі да рэалістычнасці, большай кампазіц. свабоды і спробы перадачы аб’ёму, індывідуальнасці ў падыходзе да выяўлення чалавека, насычалася каляровая гама (партрэтныя галовы і статуі фараонаў Сенусерта III і Аменемхета III, 19 ст. да н.э.). У эпоху Новага царства мастацтва Е. зведала росквіт. Змрочныя. драм. вобразы змяніліся вытанчана-арыстакратычнымі, узмацнілася імкненне да дэкар. пышнасці. У архітэктуры атрымалі развіццё папярэднія тэндэнцыі. У храме царыцы Хатшэпсут у Дэйр-эль-Бахры, часткова высечаным у скалах, строгія лініі карнізаў і калон кантрастуюць упарадкаванасцю з хаатычнымі расколінамі скал. Мякка мадэліраваныя статуі, рэльефы і размалёўкі надаюць храму гарманічную яснасць. У рэльефах лініі сталі больш вытанчанымі, удасканалілася апрацоўка каменю. Асаблівае развіццё атрымаў паглыблены рэльеф з тонкай гульнёй святлаценяў. У насценных размалёўках з’явіліся свабода рухаў і ракурсаў, тонкасць каляровых суадносін, у кампазіцыю шырока ўводзіцца пейзаж (размалёўкі грабніц у Фівах). У наземных храмах асн. элементамі сталі разгорнутыя па падоўжнай восі адкрыты двор, абнесены каланадай, гіпастыль з радамі манум. лотаса- ці папірусападобных калон і свяцілішча са статуямі багоў; уваход у храм афармляўся 2 пілонамі, перад якімі ставілі абеліскі і статуі (храмы ў Карнаку і Луксоры). У 1-й пал. 14 ст. да н.э. ў выніку рэлігійнай рэформы Эхнатона ў мастацтве Е. адбыліся значныя змены. Яму стала ўласціва палемічная абвостранасць вобразаў, амаль гратэскавая трактоўка індывід. рыс фараона і членаў яго сям’і. Скульпт. партрэты характарызуюцца арыстакратычнай вытанчанасцю і класічнай яснасцю вобразаў (партрэты Эхнатона і яго жонкі Неферціці, скульпт. Тутмес, а таксама галава Неферціці з майстэрні ў Ахетатоне). У сярэдзіне 14 ст. да н.э. гэтыя тэндэнцыі працягваліся, але набылі адценне халоднасці (знаходкі з грабніцы Тутанхамона — залатая маска, трон, пасудзіны, куфэркі з рэльефамі і размалёўкамі). У 2-й пал. 14 ст. да н.э. назіраецца імкненне да параднай пышнасці і цяжкаважкасці форм (гіпастыль храма ў Карнаку). Зноў пашырыўся скальны тып храма (Абу-Сімбел). У выяўл. мастацтве ўзмацнілася ідэалізацыя вобразаў фараонаў (статуі Рамсеса II у Абу-Сімбеле). Высокага ўзроўню дасягнула дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (пасудзіны з шыферу, алебастру, крышталю, залатыя ўпрыгожанні з інкрустацыяй каштоўнымі камянямі і інш.). Вырабы вылучаюцца строгай вытанчанасцю форм і дэкар. маляўнічасцю, тонкасцю апрацоўкі. Для перыяду апошняга росквіту мастацтва Е. (7 ст. да н.э.) характэрны зварот да старых традыцый, эклектычнае спалучэнне маст. прыёмаў розных эпох. Старанна апрацаваныя і адпаліраваныя статуі і рэльефы пазначаны ўнутр. адасобленасцю. Некат. творы маюць выразную партрэтную характарыстыку (статуя Мантуэмхета). Пасля заваявання краіны Аляксандрам Македонскім (4 ст. да н.э.) мастацтва Е. ўключылася ў сферу эліністычнага мастацтва, пазней — Стараж. Рыма. Культавая архітэктура гэтага часу сумяшчае ант. і стараж.-егіп. формы, мае рысы эклектызму (храм бога Гора ў Эдфу, 237—57 да н.э.). Сплаў стараж.-егіп. і рым. традыцый — фаюмскія партрэты. З пераходам Е. пад уладу Візантыі (канец 4 ст. да н.э.) склаўся адзін з мясц. варыянтаў раннехрысціянскай культуры — копцкае мастацтва.
Музыка. Асн. крыніцы звестак пра музыку Стараж. Е. канца 4 — пач. 3-га тыс. да н.э. — інструменты, іканаграфічныя матэрыялы (барэльефы і інш. выявы), тэксты гімнаў і песнапенняў, сведчанні стараж.-грэч. і рым. гісторыкаў, філосафаў. З інструментаў вядомы бразготкі, у т. л. сістры, калатушкі, свісткі, флейты. У 3000 — каля 1700 да н.э. існавалі трысняговыя свірэлі дудкі*, падоўжаныя флейты уфата, трубы, дугавыя арфы, барабаны, трашчоткі. Ладавая аснова, верагодна, пентатоніка. У перыяд Стараж. і Сярэдняга царстваў узнікла піктаграфічная (малюнкавая) натацыя і першыя працы па касмалагічнай тэорыі сувязі музыкі з нябеснымі свяціламі. Музыка суправаджала прыдворныя і храмавыя рытуалы, была адным са сродкаў развясельвання розных слаёў насельніцтва. Асаблівае значэнне мела храмавая музыка, звязаная найперш з культам багоў Асірыса, Ісіды і Тота, якіх лічылі творцамі муз. мастацтва. Было пашырана музіцыраванне пры дварах, у багатых гараджан і нар. творчасць (пераважна відовішчы, прысвечаныя багам, дзе хар. песні, жаночыя песні-плачы і танцы чаргаваліся з шэсцямі і драм. эпізодамі). У 3-м тыс. да н.э. пашырылася хейраномія (адна з ранніх форм кіравання хорам). У эпоху Стараж. царства паявіліся прафес. (звычайна прыдворныя) музыканты (Хемрэ, Хуфу-Анх і інш.). У перыяд Новага царства ўзмацніліся азіяцкія ўплывы, асабліва сірыйскі. Муз. інструментарый узбагаціўся габоямі, вуглавымі арфамі, лірамі, лютнямі, кіфарамі і інш., больш дасканалая канструкцыя якіх прывяла да выкарыстання практычна поўнага храматычнага гукарада. У 332 да н.э. — 395 н.э. шырока бытавалі аўлас, папярочная флейта, букцыны, розныя ліры, губны гармонік, барабаны, званочкі і інш., у 3 ст. да н.э. ў Александрыі вынайдзены папярэднік сучаснага аргана — гідраўлас. Некат. егіпецкія музыканты працавалі ў Грэцыі і Рыме, а грэч. музыканты — у Е., што спрыяла развіццю муз. мастацтва гэтых краін.
Літ.:
Струве В.В. История Древнего Востока. 2 изд. Л., 1941;
Бикерман Э. Хронология Древнего мира: Пер. с англ.М., 1975;
Стучевский И.А. Рамсес II и Херихор: Из истории Древнего Египта эпохи Рамессидов. М., 1984;
Котрелл Л. Во времена фараонов: Пер. с англ.М., 1982;
Монтэ П. Египет Рамсесов: Пер. с фр.М., 1989;
Жак К. Египет великих фараонов: Пер. с фр.М., 1992;
Шмелев И.П. Феномен Древнего Египта. Мн., 1993;
Hornung E. Grundzüge der ägyptischen Geschichte Darmstadt, 1978;
Bowman A.K. Egypt after the Pharaohs. 332 B.C. — A.D. 642. London, 1986;
Grimal N. Histoire de l’Égypte Ancienne. Paris, 1988;
Лукас А. Материалы и ремесленные производства Древнего Египта: Пер. с англ.М., 1958;
Кинк Х.А. Как строились египетские пирамиды. М., 1967;
Лауэр Ж.Р. Загадки египетских пирамид;
Пер. с фр.М., 1966;
Нейгебауер 0. Точные науки в древности: Пер. с англ.М., 1968;
Матье М. Древнеегипетские мифы. М.; Л., 1956;
Коростовцев М.А. Религия Древнего Египта. М., 1976;
Липинская Я., Марциняк М. Мифология Древнего Египта: Пер. с пол. М., 1983;
Kákosy L. Zauberei im alten Ägypten. Budapest, 1989;
Dunand F., Zivie-Coche Ch. Dieux et hommes en Égypte 3000 av. J.-C. — 395 apr. J.-C. Paris, 1991;
Traunecker C. Les dieux de l’Égipte. Paris, 1992;
Niwiński A. Mity i symbole starożytnego Egiptu. Warszawa, 1992;
Яго ж. Bóstwa, kulty i rytuały starożytnego Egiptu. Warszawa, 1993;
Фараон Хуфу и чародеи: Сказки, повести, поучения Древнего Египта. М., 1958;
Коростовцев М.А. Путешествие Ун-Амуна в Библ. М., 1960;
Лирика Древнего Египта: [Пер. с егип.] М., 1965;
Поэзия и проза Древнего Востока. М., 1973;
Повесть Петеисе III: Древнеегип. проза. М., 1978;
Сказки и повести Древнего Египта. Л., 1979;
Лирическая поэзия Древнего Востока. М., 1984;
Тураев Б.А. Египетская литература. Т. 1. М., 1920;
История всемирной литературы. Т. 1. М., 1983;
Культура Древнего Египта. М., 1976;
Матье М.Э. Искусство Древнего Египта. М., 1970;
Павлов В.В., Ходжаш С.И. Художественное ремесло Древнего Египта. М., 1959;
Всеобщая история архитектуры. Т. 1. М., 1970.
Дз.І.Малюгін (гісторыя), Н.К.Мазоўка (асвета, міфалогія і рэлігія, літаратура).
Да арт.Егіпет Старажытны. Галава царыцы Неферціці з майстэрні ў Ахетатоне. XVIII дынастыя. 1-я чвэрць 14 ст. да н.э.Да арт.Егіпет Старажытны. Храм царыцы Хатшэпсут у Дэйр-эль-Бахры. XVIII дынастыя. Дойлід Сенмут, Пач. 15 ст. да н.э.Да арт.Егіпет Старажытны. Тыповы рабаўладальніцкі маёнтак (рэканструкцыя). Верагодна, эпоха Новага царства.Да арт.Егіпет Старажытны. Палетка фараона Нармера з Іераконпаля. I дынастыя. Каля 3000 г. да н.э.Да арт.Егіпет Старажытны. Піраміды ў Гізе. 1-я пал. 3-га тысячагоддзя да н.э.Да арт.Егіпет Старажытны. Спінка параднага трона фараона Тутанхамона.Да арт.Егіпет Старажытны. Залатая маска фараона Тутанхамона. 14 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́БЛІЯ (грэч. biblia літар. кнігі),
зборнік твораў стараж. пісьменства, св. пісанне іудзейскай (Стары запавет) і хрысц. (Стары і Новы запаветы) рэлігій. Першая анталогія выбраных кніг (кн. пра станаўленне Сусвету і чалавечага грамадства, хронікі, кодэксы, паэт. медытацыі, маральна-філас. трактаты, прароцтвы, прытчы, афарызмы, апіяграфіі, малітвы, гімны і інш.), аб’яднаных у адным пераплёце паводле храналагічнага і тэматычнага прынцыпаў, зместу і сімвалічнага сэнсу. Складалася на працягу 1-га тыс. да н.э. — 2 ст.н.э. на тэр. Палесціны (стараж. Ізраільска-Іудзейскае царства) і ў месцах яўрэйскай дыяспары на арамейскай, стараж.-яўрэйскай і стараж.-грэч. мовах. Поўная Біблія складаецца з 2 частак — Старога запавету (50 кніг, з іх 39 кананічных, якія выкарыстоўваюцца ў літургічнай службе, і 11 некананічных, прызнаных хрысц. царквой карыснымі для духоўнага выхавання) і Новага запавету [27 кніг; 4 Евангеллі (паводле Матфея, Марка, Лукі, Іаана), зборнік з 22 твораў пад агульнай назвай Апостал, Апакаліпсіс (Адкрыццё Іаана Багаслова)]. Паводле багаслоўскага тлумачэння, слова «запавет» азначае наказ Бога «выбранаму народу» (стараж. яўрэям), а праз яго — усяму чалавецтву. Іудзейская Біблія складаецца з 39 кананічных кніг: Закон, або Пяцікніжжа, прыпісваецца Майсею, Прарокі (кн. Ісаі, Ераміі, Езекііль, Данілы і 12 «малых прарокаў», кн. Ісуса Навіна, Суддзяў, 4 кнігі Царстваў), Пісанні (кн. Руф, 1-я і 2-я Параліпаменом, Ездры, Неяміі, Эсфір, Іова, Псалтыр, Прытчы Саламона, Эклезіяст, Песня песням, Плач Ераміі). Старазапаветная частка хрысц. (праваслаўнай і каталіцкай) Бібліі ў дадатак да кананічных уключае таксама некананічныя кнігі: 1—3-ю Ездры, Тавіта, Юдзіф, Прамудрасць Саламона, Прамудрасць Ісуса Сірахава, прарока Баруха, 1—3-ю кн. Макавеяў. Кананічныя кн. Старога запавету напісаны стараж.-яўр. і часткова арамейскай мовамі, некананічныя — стараж.-грэч. мовай. На т.зв. александрыйскай гаворцы стараж.-грэч. мовы напісаны Новы запавет, за выключэннем Евангелля паводле Матфея, напісанага на сірыйска-халдзейскай гаворцы стараж.-яўр. мовы. У Бібілію не ўвайшлі апокрыфы. Першы збор старазапаветнай часткі Бібіліі стварылі ў 2 ст. да н.э. ў Александрыі на стараж.-грэч. мове 70 перакладчыкаў (Септуагінта — семдзесят — стаў асн. крыніцай пазнейшых выданняў біблейскіх кніг). У 386—406 багаслоў Еранім зрабіў лац. пераклад Бібліі-Вульгату (агульнадаступная), якая легла ў аснову каталіцкай рэдакцыі Бібліі. У Бібліі адлюстраваны драм. шлях развіцця чалавечай духоўнасці. Яна пачынаецца з кн. Быццё (сімвалічная выява ўзнікнення Сусвету, рассялення народаў, станаўленне грамадства і дзяржавы), а заканчваецца Апакаліпсісам — сімвалічным малюнкам «канца свету». У аснове біблейскай філасофіі гісторыі тэадыцэя (апраўданне жыцця і яго крыніцы — Бога перад тварам сусветна-гіст. зла); правідэнцыялізм (гіст. падзеі, з’яўляючыся выяўленнем людской волі, на касм. узроўні прадвызначаныя Богам), месіянства (вера ў прыход Збавіцеля, у яго царства на Зямлі, упэўненасць у тым, што пакліканыя Богам народы і людзі аб’ектыўна выконваюць боскае прадвызначэнне), эсхаталагізм (перакананне ў тым, што гіст. працэс меў свой пачатак і будзе мець сваё завяршэнне). Большасць кніг Старога запавету ёсць гісторыя стараж. ізраільска-іудзейскай тэакратычнай дзяржавы (часткова інш. рэгіёнаў Блізкага Усходу), стараж.-яўр. культуры і старазапаветнай царквы. Новы запавет — гэта аповесць пра зямное жыццё і вучэнне Ісуса Хрыста, яго апосталаў, пра станаўленне хрысц. царквы і прароцтва пра богачалавецтва пасля канца гісторыі.
У 4—13 ст. узніклі шматлікія рэгіянальныя пераклады Бібіліі. У 9 ст.слав. асветнікі браты Кірыла і Мяфодзій пераклалі Біблію на стараслав. мову. Гэты пераклад лёг у аснову рукапісных біблейскіх кніг, што бытавалі на ўсх.-слав. землях, у т. л. на Беларусі. Першы рукапісны звод Бібіліі на царк.-слав. мове ўкладзены ў Ноўгарадзе (1499) па ініцыятыве архіепіскапа Генадзія («Генадзіеўская біблія»). Першую друкаваную Біблію ў слав. свеце выдалі чэхі (1488). На Беларусі спісы біблейскіх кніг з’явіліся пасля хрышчэння Русі (988). Некаторыя з іх, верагодна, рыхтаваліся Рагнедай Рагвалодаўнай, Ефрасінняй Полацкай. Свае скрыпторыі (цэнтры па перапісцы кніг) мелі бел. гарады, манастыры, епіскапскія кафедры. Пра біблейска-выдавецкую традыцыю сярэдневяковай Беларусі сведчаць высокамаст. ілюстраваныя помнікі рукапісных евангелляў і псалтыроў. Першым зборам царкоўнаслав. рукапісных кніг Бібліі на Беларусі стаў багата аздоблены «Дзесятаглаў», створаны ў 1502—07 у Вільні і Супраслі асветнікам Мацеем Дзесятым. Разам з «Пяцікніжжам», перапісаным дзякам Фёдарам у 1514, «Дзесятаглаў» склаў поўны збор Бібліі. У 1517—19 Ф.Скарына выдаў 23 ілюстраваныя кнігі першай бел. Бібліі пад агульнай назвай «Библия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славнаго града Полоцка, Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». Каля 1522 Скарына надрукаваў у Вільні «Малую падарожную кніжку», у якой аб’яднаны Псалтыр, Часасловец (малітвы), урачыстыя гімны (каноны і акафісты, некаторыя з іх — паэт. творы Скарыны). У 1525 ён жа выдаў «Апостал». Напісаныя Скарынам 50 прадмоў і 62 пасляслоўі да сваіх кніг — першыя на Беларусі каментарыі да Бібліі, у якіх тлумачыцца паходжанне кожнай кнігі, іх аўтарства, асаблівасці зместу, вобразаў і сімвалаў, іх значэнне для рэліг., маральнага і грамадскага выхавання. Свецкае выданне Бібліі Скарынам паўплывала на развіццё кніжна-выдавецкай біблейскай традыцыі на Беларусі (гл.Брэсцкая біблія). Прадаўжальнікам кнігавыдавецкай справы Скарыны быў В.Цяпінскі. Каля 1580 ён пераклаў на старабел. мову і выдаў «Евангелле» (паводле Матфея, Марка і частку Евангелля паводле Лукі). Вопыт Скарыны выкарысталі І.Фёдараў і П.Мсціславец, якія выдалі ў Маскве «Апостал» (1564). У 1566 яны пераехалі на Беларусь, на сродкі Р.Хадкевіча выдалі «Евангелле вучыцельнае» (Заблудаў, 1568—69); Фёдараў выдаў таксама «Псалтыр з Часаслоўцам» (1569). Мсціславец выехаў у Вільню і ў друкарні Мамонічаў выдаў «Евангелле напрастольнае», «Псалтыр» і «Часоўнік» (1575—76). Фёдараў у канцы 1572 — пач. 1573 пераехаў у Львоў, выдаў там «Апостал» (1574), пазней у друкарні К.Астрожскага ў Астрогу — «Псалтыр» і «Новы запавет» (1580), а таксама поўную слав. друкаваную кірылічным шрыфтам «Астрожскую біблію» (1581). У канцы 16—17 ст. Вільня і мяст. Еўе (каля Вільні) заставаліся асяродкамі выдання біблейскіх кніг на царк.-слав. мове. З 2-й чвэрці 17 ст. дзейнічалі новыя цэнтры выдання біблейскіх кніг — друкарні: Куцеінскага манастыра пад Оршай, С.Собаля ў Буйнічах пад Магілёвам, магілёўская М.Вашчанкі, брацкая Магілёва, Супрасльскага манастыра. У канцы 18 ст. віленскія друкарні перадрукавалі з маскоўскіх выданняў «Евангелле» (1790), «Евангелле вучыцельнае» (1794), «Псалтыр» 1795 (2-е выд. 1796). З канца 18 ст. да 1917 на Беларусі біблейскія кнігі не друкаваліся. Толькі уніяцкая царква выдала шэраг катэхізісаў, малітоўнікаў і падручнікаў, якія знаёмілі вернікаў са зместам Бібліі. Першыя практычныя крокі да перакладу Новага запавету на сучасную бел. мову зроблены ў Зах. Беларусі і Польшчы. Традыцыя перакладу і выдання Бібліі аднавілася ў Зах. Беларусі (пераклад і выданне на бел. мове Новага запавету прапаведнікам Л.Дзекуць-Малеем і А.Луцкевічам у 1920—30-я г.), за мяжой [выданне ксяндза П.Татарыновіча ў 1954 у Рыме, выданне бел. Бібліі ў перакладзе гісторыка і філолага Я.Станкевіча ў Нью-Йорку (1950—60-я г., 1970, 1973)], замежныя выданні біблейскіх кніг у перакладзе пастара Я.Пятроўскага (Гейневіл, 1984, 1987). У 1990—95 апублікаваны бел. пераклады біблейскіх кніг В.Сёмухі, А.Клышкі; выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя» ажыццёўлена факсімільнае перавыданне «Бібліі» Скарыны (т. 1—3, 1990—91).
Біблія — адзін з самых багатых і складаных помнікаў сусв. культуры, многія старонкі якога насычаны глыбокай жыццёвай мудрасцю і вызначаюцца вял.маст. сілай. Асаблівасцямі Бібліі як помніка культуры з’яўляюцца сінкрэтызм (адзінства рэальнасці і міфа, гісторыі і тэалогіі, гіст. фактаў і цудаў, філасофіі і паэзіі, даследавання і прароцтва, навук. і аксіялагічнага падыходаў да ацэнкі ідэй, фактаў, ідэалаў) і сімвалізм (погляд на гіст. падзеі як на знакавае выяўленне духоўных сэнсаў). Біблія паўплывала на экзістэнцыялісцкую філасофію гісторыі. Біблейскія сюжэты, матывы, вобразы і сімвалы шырока выкарыстоўвае сусв.л-ра, выяўл., тэатр., муз. мастацтва і кіно. У бел. л-ры вобразныя і сімвалічныя сістэмы Бібліі выявіліся ў 12—18 ст. у творчасці Кірылы Тураўскага, Скарыны, М.Сарбеўскага, М.Сматрыцкага, І.Пацея, братоў Л. і С.Зізаніяў, А.Філіповіча і універсальная — у паэзіі і аратарскай прозе Сімяона Полацкага. Біблейскія матывы фалькларызаваліся ў нар. творчасці (чарадзейныя казкі, абрадавыя песні, легенды), у тэатр. і інш. мастацтве, бел. л-ры (творчасць Я.Купалы, З.Бядулі, У.Караткевіча, інш.бел. пісьменнікаў).
Біблія ці яе часткі перакладзены больш як на 1250 моў і дыялектаў практычна ўсіх краін свету. Існуе шырокая сетка т-ваў, аб’яднанняў, асацыяцый, агенцтваў па вывучэнні Бібліі, яе перакладзе, выданні, распаўсюджванні. Вывучэннем Бібліі займаюцца біблеістыка, герменеўтыка, тэалогія і інш. навукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАРАТЫ́ЎНА-ПРЫКЛАДНО́Е МАСТА́ЦТВА,
творчасць па стварэнні маст. рэчаў, пераважна для побыту (посуд, мэбля, дробная пластыка, прылады працы, маст. тканіны, адзенне, ювелірныя вырабы і інш.); раздзел дэкаратыўнага мастацтва. Творы Д.-п.м. класіфікуюць паводле матэрыялу (метал, кераміка, шкло, косць, тэкстыль, дрэва) ці тэхнікі выканання (ліццё, чаканка, коўка, разьба, інкрустацыя, размалёўка, ткацтва, пляценне, вышыўка). Д.-п.м. вырашае практычныя і маст. задачы, садзейнічае маст. арганізацыі прадметнага асяроддзя, якое адпавядае эстэт. запатрабаванням чалавека. Творы Д.-п.м. неаддзельныя ад матэр. культуры сучаснай ім эпохі, звязаны з яе звычаямі, этнічнымі і нац. асаблівасцямі, сац.-групавымі адрозненнямі. Эстэт. каштоўнасць вырабаў Д.-п.м., мэтазгоднасць і выразнасць форм дасягаюцца канстр. і пластычнымі магчымасцямі матэрыялу, разнастайнасцю прыёмаў яго апрацоўкі. Сродкі розных відаў выяўл. мастацтва (скульптуры, жывапісу, графікі) і арнамент выкарыстоўваюць у Д.-п.м. для стварэння дэкору і для формаўтварэння вырабаў (посуд у выглядзе расліны, жывёлы, чалавека, фігурныя дэталі мэблі і інш.). У прадметах утылітарнага характару дэкор можа адсутнічаць, эстэт. якасці дасягаюцца выразнасцю формы вырабу, што падкрэслівае яго прызначэнне. Адзінства маст. і утылітарнай функцый, формы і дэкору выяўляюць сінт. характар Д.-п.м.
Д.-п.м. ўзнікла на ранняй стадыі развіцця грамадства і на працягу стагоддзяў было адной з важных галін маст. творчасці, уласцівай усім народам. Найб.стараж. творы Д.-п.м. адлюстроўвалі разнастайныя ўяўленні чалавека пра сусвет і навакольнае асяроддзе, вызначаюцца ўвагай да эстэтыкі матэрыялу, змястоўнасцю вобразаў, рацыянальнасцю форм, падкрэсленых дэкорам. З узнікненнем класавага грамадства з’явіліся творы Д.-п.м., што адлюстроўвалі густы і ідэалогію пануючых класаў. Быт. мэтазгоднасць у іх часта адсутнічала, вылучаліся багацце матэрыялу і дэкору, апошні нярэдка станавіўся самамэтай і траціў сувязь з формай. Д.-п.м. кожнай гіст. эпохі развівалася ў агульным рэчышчы маст. стыляў, характэрных для інш. відаў мастацтва.
На тэр. Беларусі найб.стараж. ўзоры Д.-п.м. адносяцца да позняга палеаліту (каля 30 тыс.г. назад). У неаліце з пераходам да аселага жыцця мастацтва ўзнялося на больш высокую ступень. Знойдзены арнаментаваныя касцяныя вырабы, упрыгожанні з косці, бурштыну, дробныя пластычныя заа- і антрапаморфныя выявы з каменю, керамічны посуд, аздоблены наколкамі, нарэзкамі, грабеньчатым і ямкавым арнаментам. У канцы неаліту і ў бронзавым веку арнамент ускладніўся, пашырэнне набыла салярная сімволіка. Больш разнастайнымі сталі формы глінянага посуду, які аздабляўся арнаментам у выглядзе паскаў, ялінкавых узораў з насечак, пракрэсленых рысак. З адкрыццём выплаўкі медзі і бронзы пашырыліся метал. ўпрыгожанні. Разнастайнасцю вызначаецца Д.-п.м. жалезнага веку: гліняныя статуэткі жывёл, фібулы, скроневыя кольцы, пярсцёнкі, пацеркі, бранзалеты, вырабы з бісеру і інш. ўпрыгожанні, аздобленыя арнаментам, часам выемчатымі эмалямі. З падзелам грамадства на класы Д.-п.м. вылучылася ў самаст. галіну маст. дзейнасці. Майстры-рамеснікі, што працавалі ў гарадах і пры княжацкіх дварах, спецыялізаваліся ў асобных відах рамёстваў. Шырокае развіццё набылі разьба па косці, разьба па дрэве, ліццё мастацкае, ювелірнае мастацтва. Вырабляліся прадметы побыту, зброя, посуд, дробная пластыка (абразкі, шахматныя фігуркі), тканіны, абклады да кніг і абразоў, крыжы (гл.Крыж Ефрасінні Полацкай) і інш. Выкарыстанне ганчарнага круга спрыяла пашырэнню ганчарства і паляпшэнню якасці вырабаў. У аздабленні твораў пераважаў тэраталагічны стыль, а таксама разнастайны арнамент геам. і расл. характару, звычайна гравіраваны. У 10—12 ст. Д.-п.м. развівалася ў агульным рэчышчы мастацтва Кіеўскай Русі, адчуваўся ўплыў Візантыі. У 14—16 ст. Д.-п.м. звязана з зах.-еўрап. мастацтвам, больш разнастайным стаў дэкор. У 15 ст. ўзніклі першыя рамесныя аб’яднанні — цэхі (цэх шкларобаў у Гродне), у якіх у 16 ст. канцэнтравалася асн.ч. рамеснікаў. Стварэнне цэхаў садзейнічала развіццю Д.-п.м., узбагачэнню асартыменту і дэкору вырабаў. Дасягнула росквіту ювелірнае мастацтва, развівалася шкларобства, ружэйная справа, выраб паліхромнай рэльефнай кафлі з геам., расліннымі, геральдычнымі кампазіцыямі. У 17—18 ст. Д.-п.м. зазнала ўплыў барока, творы набылі дынамічную кампазіцыю, дэкар. пышнасць, пластычнасць і экспрэсіўнасць форм. Плоскасны характар дэкору саступіў месца аб’ёмнасці і шматпланавасці, шырока ўжываўся багаты раслінны арнамент у спалучэнні з дынамічна выгнутымі ракавінападобнымі элементамі, вітымі калонкамі, фігурнымі выявамі і інш. Многія віды Д.-п.м. актыўна ўключаліся ў інтэр’ер, набылі манум.-дэкаратыўны характар. Пашырыліся коўка мастацкая, чаканка, рэльефная паліхромная кафля, росквіту дасягнула аб’ёмна-ажурная разьба (беларуская рэзь). Многія бел. майстры-ювеліры, разьбяры, цаніннікі, збройнікі працавалі ў Маск. дзяржаве. У 18 ст. ўзнікаюць мануфактуры шкларобчыя, ткацкія, фаянсавыя, а таксама жалеза- і медналіцейныя заводы. Вядомасць набылі слуцкія паясы, карэліцкія шпалеры, урэцка-налібоцкае шкло. Часта прадукцыя выраблялася паводле зах.-еўрап. узораў, але пад уплывам мясц.нар. мастацтва набывала своеасаблівую інтэрпрэтацыю: больш рэалістычна трактаваўся дэкор, уводзіліся элементы нар. мастацтва. У канцы 18 — пач. 19 ст. пад уплывам класіцызму характар Д.-п.м. стаў больш стрыманы, ураўнаважаны, у дэкор уключыліся выявы ант. матываў, ваен. атрыбутыкі, картушаў і інш. Масавае буд-ва ў гарадах выклікала пашырэнне маст. ліцця і кавальства ў архітэктуры. У 19 — пач. 20 ст. Д.-п.м. характарызуецца моцным узаемаўплывам 2 кірункаў: прамысл. і народнага. Ручныя цэхавыя і мануфактурныя рамёствы прыходзяць у заняпад, на базе мануфактур і нар. промыслаў узнікаюць прадпрыемствы маст. прамысловасці, што напаўнялі рынак таннай, але часта маламастацкай, эклектычнай прадукцыяй. Пашырэнне прамысл. прадукцыі адмоўна ўплывала на нар.маст. промыслы, некат. з іх заняпалі (напр., набойка, пернікарства). Адначасова развівалася традыц.народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, пашырыліся яго віды, звязаныя з аздабленнем нар. жылля. Развіццю яго садзейнічалі адкрытыя земствамі на аснове мясц. промыслаў рамесніцкія школы і майстэрні, дзе рыхтавалі кваліфікаваных спецыялістаў. Аднак у цэлым Д.-п.м. пач. 20 ст. перажывала крызіс, які паглыбіўся ў сувязі з 1-й сусв. вайной. Пошукамі новага стылю вызначаецца Д.-п.м. 1920-х г. У 1919 створаны спец. керамічныя майстэрні ў Віцебску і Магілёве, ткацка-вышывальная ў Слуцку, дрэваапрацоўчая ў Гомелі, пабудавана 1-я чарга Аршанскага льнокамбіната (1928—37). Аднак слабаразвітая прам-сць не магла задаволіць патрэбы насельніцтва ў зручных і прыгожых прадметах Д.-п.м., іх маст. ўзровень часта быў недастаткова высокі. Недахоп прамысл.маст. вырабаў часткова кампенсавалі творы народных мастацкіх промыслаў. Патрэбу ў керамічным посудзе гасп. і маст. прызначэння задавальнялі традыц. ганчарныя цэнтры: у Бабінавічах, Благаўцы, Гарадку, Гарадной, Дуброўне, Крэве, Міры, Копысі, Поразаве, Пружанах, Івянцы, Ракаве і інш. (гл.Бабінавіцкая кераміка, Дубровенская керамікаі г.д.). Нар. майстры аб’ядноўваліся ў арцелі, у 1938 арганізаваны Белмастпрамсаюз. Да канца 1940-х г. створана прамысл. база для развіцця Д.-п.м., адноўлены разбураныя ням.-фаш. захопнікамі прадпрыемствы маст. прам-сці. Пачалі працаваць Віцебскі дывановы камбінат (1946), Мінскі фаянсава-фарфоравы завод (1951), аднавілі работу Аршанскі льнокамбінат, шклозаводы ў Барысаве і Бярозаўцы (Лідскі р-н). Мастакі звярталіся да класічнай спадчыны, традыц. форм і дэкору. Аднак такое спалучэнне было часам эклектычнае, творы, асабліва выставачныя, вызначаліся залішняй пампезнасцю, складанасцю і надуманасцю форм, празмерным мех. выкарыстаннем арнаменту. З пач. 1960-х г. пашыраецца вытв-сць вырабаў Д.-п.м., прызначаных для штодзённага побыту. Барацьба супраць параднасці, састарэлых і нежыццёвых форм адыграла значную ролю ў абнаўленні і развіцці маст. прам-сці, пашырыла і зацвердзіла важнае значэнне Д.-п.м., але адначасова выклікала пашырэнне твораў занадта спрошчаных. У сярэдзіне 1960-х г. лаканізм саступае месца адлюстраванню сучаснасці, творчаму засваенню нац. традыцый, разнастайнасці і багаццю форм, каларыстыкі, дэкору. 1960—70-я г. — якасна новы перыяд у развіцці Д.п.м. Пасля рэарганізацыі Белмастпрамсаюза ў ф-кі Упраўлення маст. прам-сці Мін-вамясц. прам-сці БССР (1960) пашырыўся асартымент і тэматыка маст. вырабаў, павысілася іх якасць. Палепшылася і пашырылася вытв. база Д.п.м.: рэарганізаваны вытв. цэхі Маст. фонду БССР, пачаўся выпуск прадукцыі на Брэсцкім дывановым камбінаце (1963—65), павялічаны магутнасці шклозавода «Нёман» і Барысаўскага хрусталёвага завода, Аршанскага льнокамбіната. Для падрыхтоўкі спецыялістаў адкрылася аддзяленне Д.-п.м. ў Бел.тэатр.-маст. ін-це (1961). Асн. прынцыпам Д.-п.м. становіцца прастата геам. форм, функцыянальнасць, строгасць, умелае выкарыстанне дэкар. уласцівасцей матэрыялу, яго натуральнай прыгажосці ў спалучэнні з разнастайнасцю і смеласцю дэкар. рашэнняў. Развіваюцца маст. шкло, фарфор, маст. кераміка, маст. тканіны. Д.-п.м. актыўна ўключаецца ў грамадскі інтэр’ер, набывае манум. характар (гл.Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва), у сувязі з гэтым развіваюцца новыя ці адраджаюцца забытыя яго віды: габелен, коўка мастацкая, чаканка. Майстры Д.-п.м. актыўна звяртаюцца да індывід. творчых вырашэнняў, новых відаў і жанраў. Дэманстрацыяй дасягненняў, праблем і тэндэнцый развіцця з’явілася рэсп. выстаўка Д.-п.м. «Гармонія і асяроддзе» (1986). Яна засведчыла прыкметны працэс станкавізацыі, часам нават адмовы ад прыкладной функцыі і імкненне да стварэння ўзораў скульптурна-пластычнага, жывапіснага, манум.-дэкар. характару. Многія майстры бяруцца за вырашэнне агульначалавечых, філас. задач, падуладных раней толькі станковым відам мастацтва. Складанае становішча перажывае Д.-п.м. з канца 1980-х г. Спыніў дзейнасць Маст. фонд БССР, што пазбавіла прафесійнае Д.-п.м. эканам. базы, выключыла са сферы манум.-дэкар. мастацтва, вымусіла майстроў пераходзіць на стварэнне невял. рэчаў масавага побыту.
Літ.:
Чекалов А.К. Основы понимания декоративно-прикладного искусства. М., 1962;
Моран А. История декоративно-прикладного искусства от древнейших времен до наших дней: Пер. с фр.М., 1982;
Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1984;
Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Падвеска. 11 ст. Бронза.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Люстра. 18 ст. Урэцкае шкло.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Фрагмент слуцкага пояса. 18 ст.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Флеты і келіх. Пач. 18—1-я чвэрць 19 ст. Шкло.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Царскія вароты. 18 ст. Саломапляценне.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Шафа. 18 ст. Разьба па дрэве.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. В.Прыешкін. Дэкаратыўнае пано «Жнівень». 1981. Шамот, глазура.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Н.Сухаверхава. Габелен «Сонечны». 1983.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Л.Мягкова. Кампазіцыя «Птушыны двор». 1980. Шкло.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У.Жохаў. Кампазіцыя «Сёння на світанні». 1985. Шкло.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. М.Гатальскі. Вазы з серыі «У пушчах Палесся». 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВІЛО́НА-АСІРЫ́ЙСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
культура народаў, што насялялі ў 4−1-м тыс. да н.э. Месапатамію (Двухрэчча Тыгра і Еўфрата, тэр. сучаснага Ірака) і стварылі буйныя дзяржавы — Шумер, Акад, Вавілонію і Асірыю.
Матэрыяльная культура Месапатаміі мела дастаткова высокі ўзровень. З 3-га тыс. да н.э. тут вядомы ліццё і коўка металаў, чаканка і філігрань. У ваен. тэхніцы выкарыстоўваліся калясніцы (пач. 2-га тыс.), панцыры з медных пласцінак (сярэдзіна 2-га тыс.), мячы, каменныя і наплаўныя масты і інш. У 7 ст. да н.э. ў Асірыі пабудаваны першы каменны акведук. Для практычнага гасп. выкарыстання распрацоўваліся сістэмы мер, метады вызначэння плошчаў і аб’ёмаў, што садзейнічала развіццю шумера-вавілонскай матэматыкі. Вавілонскія матэматыкі карысталіся шасцідзесяцярычнай сістэмай лічэння. На яе аснове былі створаны табліцы дзялення і множання лікаў, квадратаў і кубаў лікаў і іх квадратных і кубічных каранёў; маглі рашаць квадратныя ўраўненні, карысталіся правілам, якое зараз наз.Піфагора тэарэмай. Хімія ў вавіланян мела выключна дастасавальны характар: захаваліся рэцэпты вырабу бронзы, прыгатавання шматколернай палівы для керамікі. У сувязі з мараплаваннем развівалася астраномія. Вавілонскія астраномы адрознівалі планеты і зоркі. Кожная планета (акрамя Меркурыя) мела сваю назву, праводзіліся назіранні планет, быў адкрыты сарас — прамежак часу, праз які сонечныя і месяцавыя зацьменні паўтараюцца ў пэўнай паслядоўнасці. Адносна высокі ўзровень дасягнуты і ў медыцыне: сістэматызацыя захворванняў і лекавых сродкаў, анатамічныя апісанні асобных частак цела чалавека, хірургічныя аперацыі (ампутацыя, зрошчванне касцей і інш.).
Зачаткам гісторыі як навукі ў Вавілоне лічыцца «Спіс цароў», дзе выкладзены гіст. падзеі ад моманту, «калі царственнасць спусцілася з неба», і да больш позніх цароў. Спіс складзены каля 2100 да н.э. для абгрунтавання абсалютнасці царскай улады. Вяліся таксама спісы найб. прыкметных падзей, рабілася датаванне. Быў звычай закладваць у фундамент будынкаў для будучых пакаленняў царскія надпісы з апісаннем дзеянняў цароў. З сярэдзіны 8 ст. да н.э. вёўся рэгулярны летапіс. Да першых прац навук. характару адносяцца спісы знакаў пісьма (напачатку малюнкавых, потым клінапісных) і пераліку тэрмінаў, запісаных з дапамогай такіх знакаў. Упершыню яны былі складзены каля 3000 да н.э.
Міфы, што дайшлі да нас, адлюстроўваюць уяўленні народаў, якія займаліся ірыгацыйным земляробствам, жывёлагадоўляй і паляваннем. Паводле міфаў, свет створаны або багіняй-маці, або (у позніх міфах) мужчынскім бажаством (Энліль, Мардук); унутры зямлі знаходзіцца змрочны горад мёртвых. Вавілонскі міф 2-га тыс. да н.э. апавядае пра барацьбу старэйшых багоў (іх узначальвае пачвара — багіня Тыямат — «Мора») з малодшымі (на чале з богам Мардукам). Прыкметнае месца займае міф пра патоп і адзінага чалавека, які выратаваўся, — мудрага Зіусудру (шумерскае; акадскае — Утнапішты). Канкрэтныя рысы міфу надалі параўнаўча частыя ў Двухрэччы разбуральныя навадненні. Цыкл міфаў г. Урук звязаны з імёнамі герояў Энмеркара, Лугальбанды і Гільгамеша. Да нашага часу дайшлі пераважна запісы афіц. версій міфаў, прасякнутыя ідэяй чалавечага бяссілля перад багамі.
Рэлігіястараж. плямён Двухрэчча прайшла складаную эвалюцыю ад першасных культаў — фетышызму, татэмізму, анімізму праз політэізм да фарміравання монатэізму. У вераваннях шумера-акадскіх плямён спачатку пераважалі абшчынныя культы. З утварэннем рабаўладальніцкай Акадскай дзяржавы ўзніклі культы агульнадзярж. багоў Ана, Энліля і Энкі. З ператварэннем Вавілона ў цэнтр дзяржавы гал. богам стаў Мардук. У Асірыі быў пашыраны той жа пантэон багоў, дапоўнены асобнымі мясц. божаствамі, сярод якіх вярхоўным лічыўся Ашур — заступнік аднайм. горада Асірыі. Вавілона-асірыйская рэлігія ўключала таксама земляробскія культы, у прыватнасці культ бога Думузі (Тамуза), які памірае і ўваскрасае; у ёй былі пашыраны дэманалогія, магія, астральныя культы і да т.п. З вавілона-асірыйскай рэлігіі многае запазычылі наступныя рэлігіі, у прыватнасці іудаізм і хрысціянства.
Літаратура народаў Двухрэчча ў 1-й пал. 3-га тыс. да н.э. была вусная. Верагодна, менавіта ў гэты час узнікла частка шумерскіх эпічных песень пра герояў г. Урук — Энмеркара, Лугальбанду і Гільгамеша, якія дайшлі ў запісах 19—18 ст. да н.э., а таксама пра багіню Інін. 24—21 ст. да н.э. — перыяд росквіту гіст.-гераічнага эпасу на шумерскай і акадскай мовах пра дзейнасць і ваен. паходы цароў Саргана і Нарамсіна. Да 22 ст. да н.э. можна аднесці ўзнікненне акадскай эпічнай паэмы пра Гільгамеша, у якой з вял.маст. сілай расказваецца пра трагічны чалавечы лёс і пошукі бессмяротнасці. Да канца 3-га тыс. да н.э., відаць, адносяцца асн. вядомыя шумерскія літ. тэксты — афарыстычныя павучанні, пакаянныя псалмы, літургічныя «плачы», пахавальныя элегіі і інш. Класічная акадская (вавілонская) л-ра 16—12 ст. да н.э. складаецца з вял. касмаганічнага эпасу з 7 песень, у якіх апісваецца стварэнне свету з хаосу, а таксама барацьба старэйшага і малодшага пакаленняў багоў. Вял. колькасць акадскіх і частка шумерскіх тэкстаў, што дайшлі да нашага часу, захоўваліся ў Ніневійскай бібліятэцы асірыйскага цара Ашурбаніпала. Арыгінальныя літ. помнікі ў Асірыі амаль не ствараліся. Самаст. жанрам асірыйскай л-ры лічацца царскія аналы, напісаныя рытмічнай прозай, у якіх намаляваны яскравыя карціны ваен. паходаў і бітваў. Помнікі старой вавілонскай, а часткова і шумерскай, пераважна культавай, л-ры перапісваліся да I ст. да н.э. на жывой арамейскай мове. Амаль уся л-ра народаў стараж. Двухрэчча — вершаваная.
У маст. культуры стараж, свету важнае месца займаюць пластычныя мастацтвы плямён і народаў Месапатаміі 4—1-га тыс. да н.э. Тут складваліся і развіваліся многія формы архітэктуры, скульптуры і інш. формы ўвасаблення ў мастацтве чалавека і навакольнага свету, характэрныя для наступных эпох. Мастацтва 5—4-га тыс. да н.э. — гэта культавыя пасудзіны з гліны, расфарбаваныя геам. узорам і стылізаванымі выявамі птушак, звяроў і людзей, статуэткі з гліны. З сярэдзіны 4-га тыс. да н.э. тут з’явіўся ганчарны круг, развівалася буд-ва храмаў, сцены якіх часам аздабляліся геям. Мазаічнымі ўзорамі. У канцы 4 — пач. 3-га тыс. да н.э. развівалася круглая скульптура, дасягнула росквіту мастацтва гліптыкі. У эпоху ўзвышэння Шумера вызначальную ролю адыгрывала храмавая архітэктура, развіваўся тып шматступеньчатай вежы (зікурата) з «жыллём Бога» наверсе (зікурат у г. Ур, 22—21 ст. да н.э.). Дробная пластыка Шумера з каменю і бронзы вызначалася схематычнасцю, выявы на рэльефах былі плоскасныя і статычныя (т.зв. штандар з г. Ур — мазаіка з ракавін і лазурыту з батальнымі сцэнамі, каля 2600 да н.э.). Выдатныя залатыя прадметы з «царскіх» грабніц — арнаментаваны шлем, дыядэма і кінжал з ножнамі філіграннай работы і інш. Нешматлікія помнікі перыяду аб’яднання Месапатаміі пад уладай дынастыі Акада (24—22 ст. да н.э.) сведчаць пра ўзмацненне культу ўладара. Пры захаванні ўмоўных прыёмаў у рэльефах заўважаюцца памкненні да большай свабоды кампазіцыі, аб’ёмнасці фігур, увасаблення прыроды (стэла ў гонар перамогі Нарамсіна з батальнымі сцэнамі, статуя правіцеля Гудэа з г. Лагаш). Дасканаласці дасягнула тэхніка маст. апрацоўкі бронзы — ліццё, чаканка, гравіроўка. У аб’яднанай дзяржаве III дынастыі Ура (канец 22—21 ст. да н.э.) ва ўмовах жрэцкага бюракратычнага рэжыму ў маст. майстэрнях ствараліся гал. чынам рэльефы з кананічнымі сцэнамі пакланення божаствам. З 18 ст. да н.э. (перыяд узвышэння Вавілона) захавалася мала помнікаў: дыярытавая стэла з рэльефнымі выявамі і выкладаннем законаў цара Хамурапі; размалёўкі палаца ў Мары з культавымі сцэнамі і выявамі багоў і інш. Новы этап у развіцці мастацтва Месапатаміі звязаны з узвышэннем Асірыі. На мастацтва Асірыі (складвалася ў 2-м тыс. да н.э.) паўплывала культура стараж. плямён хурытаў, хетаў, дзяржавы Акад; развіваліся архітэктура, манум дэкар. і прыкладное мастацтва. Цэнтрамі рэгулярных па планіроўцы гарадоў сталі палацы-крэпасці са шматлікімі памяшканнямі вакол адкрытых двароў; парадныя арачныя парталы ўпрыгожваліся паабапал гарэльефамі ў выглядзе крылатых чалавека-быкоў «шэду». Сярод найб. значных комплексаў — палац Саргана II у Дур-Шарукіне (сучасны г. Харсабад) з храмамі, у т. л. свяцілішча з вежай-зікуратам. Для пластыкі Асірыі характэрны манум. рэльефы (часам фарбаваныя) з фрызавымі кампазіцыямі. Гіпертрафіраваная трактоўка мускулатуры і прапорцый чалавечага цела ў рэльефах 9 — пач. 8 ст. да н.э. (палац Ашурнасірпала II у Кальху) змянілася ў 2-й пал. 8 — пач. 7 ст. да н.э. рэльефамі больш свабоднай кампазіцыі апавядальнага характару (палац Сінахерыба ў Ніневіі). Рэльефы 7 ст. да н.э. вылучаюцца жыццёвай выразнасцю вобразаў, дынамізмам (сцэны палявання на львоў у палацы Ашурбаніпала ў Ніневіі). Нешматлікім помнікам круглай скульптуры (каменныя статуі цароў) уласцівы строгая кананічнасць, манументальнасць, арнаментальна-дэкар. трактоўка валасоў, адзення, атрыбутаў (статуі Ашурнасірпала II, Саламанасара III з Ашура). Пра жывапіс Асірыі можна меркаваць па фрагментах фрэсак з палаца ў Тыль-Барсібе («Два асірыйскія саноўнікі», «Паляванне на льва» і інш., 9—8 ст. да н.э.). Развіваліся таксама маст. ткацтва, разьба па косці і дрэве, апрацоўка металу. Пасля падзення Асірыі (канец 7 ст. да н.э.) мастацтва Вавілона зноў перажыло кароткачасовы росквіт (7—6 ст. да н.э., т.зв. новававілонскі перыяд), створаны цудоўны ансамбль г.Вавілон. Пасля заваявання Вавілона дзяржавай Ахеменідаў (539 да н.э.) і яго ўключэння ў дзяржаву Селеўкідаў (канец 4 ст. да н.э.) вавілонская культура зазнала ўплыў персідскага, а пазней і эліністычнага мастацтва.
Літ.:
Очерки по истории техники Древнего Востока. М.; Л., 1940;
Вайман А.А. Шумеро-вавилонская математика III — І тыс. до н.э.М., 1961;
Нейгебауер О. Точные науки в древности: Пер. с англ.М., 1968;
Кленгель-Брандт Э. Путешествие в древний Вавилон: Пер. с нем. М., 1979;
Клочков И.С. Духовная культура Вавилонии: человек, судьба, время: Очерки. М., 1983;
Дандамаев М.А. Вавилонские писцы. М., 1983;
Матвеев К., Сазонов А. Земля Древнего Двуречья: (Мифы, легенды, находки и открытия). М., 1986;
Козырева Н.В. Древняя Ларса: Очерки хоз. деятельности. М., 1988;
Оппенхейм А. Древняя Месопотамия: Портрет погибшей цивилизации: Пер. с англ. 2 изд. М., 1990.
Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Зікурат у г. Ур. 22—21 ст. да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Статуя саноўніка Эбіх-іля з Мары. Фрагмент. Сярэдзіна 3-га тыс. да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Статуя правіцеля Гудэа з г. Лагаш. 22 ст. да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Рэльеф з палаца Саргана II у Дур-Шарукіне. 8 ст. да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Так званы штандар з г. Ур. Фрагмент. Каля 2600 да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Рэльеф з палаца Ашурнасірпала II у Кальху. 883—859 да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. «Шэду» з палаца цара Саргана II у Дур-Шарукіне. 712—707 да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Шлем з г. Ур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́Н (франц. roman, ням. Roman, ад лац. romanus рымскі; у часы позняга сярэдневякоўя — твор, напісаны на раманскай мове),
празаічны (часам вершаваны) твор; жанр эпічнай л-ры (гл.Эпас). У аснове Р. ляжыць аповед пра прыватны лёс чалавека ў грамадстве і ў свеце. Р. ўласціва свабодная празаічная форма апавядання, спалучэнне высокай патэтыкі з празаічна-прыземленым паказам жыцця, арган. зліццё эпасу, драмы і лірыкі. Мае розныя формы аповеду: апавяданне ад першай асобы — сказавая форма; дыялагічная форма і аб’ектыўнае апавяданне ад трэцяй асобы. Як эпічная форма л-ры, Р. убірае, сінтэзуе і ўзнаўляе шматгранны свет жывой і нежывой прыроды, паказвае ўсё багацце складаных падзей і вострых жыццёвых сітуацый, што рэалізуюцца праз паводзіны людзей, іх учынкі (выяўляюцца ў дыялогах), у паглыбленым даследаванні ўнутр. свету чалавека. Р. даступна адлюстраванне сац. структуры грамадства, паказ гіст. мінулага народа, маст. аналіз глыбінь чалавечага інтэлекту і псіхікі, узнаўленне нораваў і побыту, стварэнне жывапісных карцін прыроды. У цэнтры гэтага маст. цэлага знаходзіцца чалавек, які з’яўляецца ядром той маст. сістэмы, што называецца Р. Уся гісторыя Р. — гэта гісторыя маст. выяўлення, асэнсавання і спасціжэння сутнасці і характару ўзаемаадносін чалавека і грамадства, чалавека і свету прыроды. Само ж маст. асэнсаванне ў Р. абумоўлена як статусам рэальнай асобы, сац. прыроды грамадства, характарам узаемаадносін грамадства і асобнага чалавека, так і ступенню навук. спасціжэння сац. структуры грамадства і прыроднай сутнасці чалавека.
Р. узнік у антычнай л-ры, выкарыстаўшы быт. варыянты традыц. міфічных сюжэтаў («Дафніс і Хлоя» Лонга, «Залаты асёл» Апулея, «Эфіопіка» Геліядора). У сярэднія вякі раманныя тэндэнцыі і асаблівасці нёс у сабе рыцарскі раман, у якім гал. месца адводзілася аналізу псіхалогіі рыцара, які гераічна змагаўся дзеля асабістай славы і праслаўлення каханай. У 16 ст. на бел. мову перакладзены рыцарскія раманы «Аповесць пра Баву», «Аповесць пра Трышчана». У 17 ст. створаны Р. «Дон Кіхот» М.Сервантэса, звязаны з ідэйна-філас. пошукамі, з духам эпохі. Гэты твор разам з Р. «Гарганцюа і Пантагруэль» Ф.Рабле сталі папярэднікамі пазнейшага рэаліст. Р. Новая хваля гуманіст. ідэй у эпоху Асветніцтва (асабліва 18 ст.) стварыла спрыяльныя ўмовы для творчасці раманістаў розных літ. кірункаў і індывідуальнасцей (Д.Дэфо, А.Р.Лесаж, А.Ф.Прэво, Ж.Ж.Русо, С.Рычардсан, Дж.Свіфт). Станаўленню рэаліст. Р. садзейнічалі В.Скот, Т.Смолет, Г.Філдынг. У 19 ст.асн. жанрам л-ры становіцца рэаліст. Р. У творчасці А.Бальзака, В.Гюго, Ч.Дзікенса, Э.Заля, Г.Мапасана, Стэндаля, У.Тэкерэя, Г.Флабера, рус. раманістаў М.Гогаля, Ф.Дастаеўскага, Л.Талстога, І.Тургенева Р. дасягнуў найвышэйшага маст. ўзроўню, шырока выявіў свае жанравыя магчымасці, ідэйна-тэматычнае і жанравае багацце. У 20 ст. Р. развіваўся, удасканальваўся, набываў рэаліст. традыцыі ў творчасці Дж.Голсуарсі, Г.Уэлса, Г.Грына, Ч.П.Сноу, С.Моэма, А.Франса, Р.Ралана, Р.Мартэна дзю Гара, Ф.Марыяка, Дж.Лондана, Т.Драйзера, Ф.С.Фіцджэральда, Э.Хемінгуэя, У.Фолкнера, Дж.Э.Стэйнбека, Т. і Г. Манаў, Э.М.Рэмарка, Г.Бёля, Г.Граса, Х.Лакснеса, С.Лагерлёф, Я.Гашака і інш.Рэаліст. традыцыі Р., падпарадкаваныя сацыяліст. ідэям, развівалі М.Горкі, А.Талстой, М.Шолахаў, Л.Лявонаў, А.Фадзееў, Ю.Бондараў. У 2-й пал. 20 ст. ў сусв.літ. працэс актыўна ўвайшоў лацінаамерыканскі Р. (М.А.Астурыяс, А.Карпенцьер, Х.Картасар, Г.Гарсія Маркес). Адначасова ўзнікалі мадэрнісцкія (Дж.Джойс, Ф.Кафка, М.Пруст; гл. ў арт.Мадэрнізм) і экзістэнцыялісцкія (Ж.П.Сартр, А.Камю) плыні Р. Трансфармацыю жанру зазнаў Р. у тэорыі і практыцы аўтараў «новага рамана». У канцы 20 ст. для Р. характэрна выкарыстанне міфалагічных сюжэтаў і вобразаў, стварэнне сімвалічных сітуацый, імкненне да ўзбуйнення і завастрэння ідэйнага зместу, надання твору абрысаў прыпавесці (Абэ Коба, Веркор, У.Голдынг, Гарсія Маркес, М.Фрыш). Сучасны Р. знаходзіцца ў стане актыўнага творчага ўзаемадзеяння розных рэаліст. і мадэрнісцкіх тэндэнцый.
Бел. Р. узнік у 20 ст. на глебе рэв. руху, барацьбы народа за сац. і нац. вызваленне, на хвалі сцвярджэння чалавекам сваёй нац. і чалавечай годнасці. Яго ўзнікненне і развіццё мае выразна акрэсленую грамадска-сац. абумоўленасць. Першыя творы раманнага жанру ў бел. л-ры: 1-я ч. рамана Ц.Гартнага «Сокі цаліны» «Бацькава воля» (1916), Ядвігіна Ш. «Золата» (1920, незаконч.), 1-я ч. трылогіі Я.Коласа «На ростанях» «У палескай глушы»; яго Р. у вершах «Новая зямля» (абодва 1923). Усе гэтыя Р. створаны на грунтоўнай жыццёвай аснове, маюць сац.-быт. характар, актыўнага рэальнага героя. На хвалі рэв. пераўтварэнняў у грамадстве, актывізацыі духоўнага жыцця створаны Р. «Сцежкі-дарожкі» (1927), «Вязьмо» (1932) М.Зарэцкага, «Зямля» (1928), «Бацькаўшчына» (1931), «Трэцяе пакаленне» (1935) К.Чорнага, «Драпежнікі» (1928—30, незаконч.) Я.Нёманскага, «Запіскі Самсона Самасуя» А.Мрыя, «Амок» Я.Маўра, «Сын» (усе 1929), «Салаўі святога Палікара» (1940) Р.Мурашкі, «Язэп Крушынскі» З.Бядулі (кн. 1—2, 1929—32), «Мядзведзічы» (кн. 1, 1932) К.Крапівы, «Віленскія камунары» (1933, апубл. 1963), «Камароўская хроніка» (1937, апубл. 1966) М.Гарэцкага, «Пустадомкі» (1933—35, апубл. 1990) Л.Калюгі, «Праз гады» П.Галавача, «На чырвоных лядах» (абодва 1934) М.Лынькова, «Калі ўзыходзіла сонца» (1935—36, апубл. 1957) С.Баранавых, «Будучыня» (1938) Э.Самуйлёнка. Як самы малады жанр нац. л-ры, Р. імкнуўся стаць сапраўдным люстрам нар. жыцця, узбагачаўся тэматычна і стылёва, паглыбляўся філасофска і псіхалагічна, больш актыўна выяўляў адносіны аўтара да жыцця і часу. Побач з cau.-быт. з’яўляецца сатыр. Р., прыгодніцкі Р., Р. з глыбокім псіхал. пранікненнем у чалавечыя характары, з панарамна-эпапейным даследаваннем жыцця. Асаблівая роля ў станаўленні і развіцці бел. Р. належыць К.Чорнаму. Яго герой увасабляе не толькі ўвесь свет і сваю прыналежнасць да гэтага свету, адказнасць за яго. У звычайным бел. мужыку К.Чорны бачыць увасабленне і Эжэні Грандэ, і Івана Карамазава, і Андрэя Балконскага. К.Чорны надаў нац. Р. эпічную і філас. сталасць, паглыбіў маст. гістарызм і псіхалагізм: «Вялікі дзень» (1941—44, нясконч., апубл. 1947), «Пошукі будучыні» (1943, апубл. 1950), «Млечны шлях» (1944, апубл. 1954).
Рэпрэсіі 1930-х г., Вял. Айч. вайна і гады ням.-фаш. акупацыі, пасляваен. часы жорсткай ідэалаг. рэгламентацыі і дыктату на дзесяцігоддзі парушылі нармальнае развіццё Р. Нават лепшыя творы тых гадоў (І.Шамякін «Глыбокая плынь», 1947—48, «У добры час», 1953, «Крыніцы», 1956; І.Мележ «Мінскі напрамак», 1950—52, П.Пестрак «Сустрэнемся на барыкадах», 1951—54; М.Лынькоў «Векапомныя дні», 1958) нясуць на сабе адзнакі зададзенасці, схематызму, спрошчанасці, ідэалізацыі.
У 1960-я г. пачаўся новы перыяд у развіцці бел. Р. Ён становіцца гал. жанрам л-ры. Р. сталі эстэтычна падуладныя гісторыя і сучаснасць, трагедыя і высокія ўзлёты чалавечага духу, падзеі выключныя і звычайны будзень, сац. канфлікты, штодзённыя адносіны людзей, паэзія прыгожых асабістых узаемаадносін, чароўны свет прыроды. Ва ўмовах грамадскіх сац. змен у 2-й пал. 1950-х г. Р. па-новаму асэнсоўваў і пераасэнсоўваў далёкую і больш блізкую гісторыю, шукаючы там адказ на надзённыя пытанні. З’явіліся разгорнутыя шматтомныя эпічныя палотны Мележа («Людзі на балоце», 1961; «Подых навальніцы», 1965; «Завеі, снежань», 1976), М.Лобана («На парозе будучыні», 1961; «Шэметы», 1963, «Гарадок Устронь», 1967—68), А.Чарнышэвіча («Засценак Малінаўка», 1961—64), В.Адамчыка («Чужая бацькаўшчына», 1977; «Год нулявы», 1982; «І скажа той, хто народзіцца», 1985; «Голас крыві брата твайго», 1990). Натхнёны сучаснасцю, Р. сягае і ў далёкую гісторыю, шукаючы там прыклады высокага служэння радзіме і народу (У.Караткевіч «Каласы пад сярпом тваім», 1965, «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», 1966, «Чорны замак Альшанскі», 1979; А.Лойка «Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае», 1990; Г.Далідовіч «Кліч роднага звона», 1997). Р. звярнуўся найбольш да падзей Вял.Айч. вайны. Жорсткая праўда, драматызм і трагізм гучання, сцвярджэнне высокіх духоўных якасцей, адмаўленне вайны ў творах Я.Брыля «Птушкі і гнёзды» (1963), В.Быкава «Знак бяды» (1982), «Кар’ер» (1986), Шамякіна «Зеніт» (1987), І.Навуменкі «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1973), «Смутак белых начэй» (1979), І.Чыгрынава «Плач перапёлкі» (1970), «Апраўданне крыві» (1976), «Свае і чужынцы» (1983), «Вяртанне да віны» (1992), Б.Сачанкі «Вялікі Лес» (1979—83), М.Аўрамчыка «Падзямелле» (1983). Творчасць Быкава тыпамі герояў, звычайнасцю і прастатой узноўленых драм. і трагічных падзей, стрымана-аналітычнай манерай аповеду развівае магутную празаічную плынь, пачатую К.Чорным. Творы Шамякіна «Сэрца на далоні» (1963), «Снежныя зімы» (1968), «Атланты і карыятыды» (1974), «Вазьму твой боль» (1978), І.Пташнікава «Мсціжы» (1970), «Алімпіяда» (1984), В.Карамазава «Пушча» (1978), В.Казько «Неруш» (1981), «Бунт незапатрабаванага праху» (2000), Далідовіча «Гаспадар-камень» (1984), «Заходнікі» (1992), А.Кудраўца «Сачыненне на вольную тэму» (1984), А.Карпюка «Карані» (1986), Н.Гілевіча «Родныя дзеці» (1985), М.Кусянкова «Явар з калінаю» (1994), «Арляк і зязюля» (1997) узнімаюць розныя праблемы, закранаюць розныя сферы нар. жыцця. Р. набыў жанравую сталасць і стылявую разнастайнасць, узбагаціў нац. традыцыі і зрабіў наватарскія адкрыцці. Побач з шырокімі эпічнымі палотнамі, што закранаюць розныя сферы нар. жыцця (Мележ, Лобан, Караткевіч), развіваецца Р. сац.-псіхалагічны (Пташнікаў, Кудравец), Р. лёсу (Брыль, Быкаў, Казько), Р. гісторыка-біягр. (Лойка, В.Коўтун), навукова-фантаст. (В.Гігевіч), раман-падзея (Шамякін, А.Асіпенка). Сучасны бел. Р. знаходзіцца ў пошуку новых філас. ідэй, характараў, жанравых магчымасцей.
Літ.:
Белинский В.Г. Разделение поэзии на роды и виды // Собр. соч.М., 1978. Т. 3;
Грифцов Б.А. Теория романа. М., 1927;
Чичерин А.В. Возникновение романа-эпопеи. М., 1958;
Фокс Р. Роман и народ: Пер. с англ.М., 1960;
Декс П. Семь веков романа: Пер. с фр.М., 1962;
Судьбы романа. М., 1975;
Кожинов В.В. Происхождение романа. М., 1963;
Бахтин М.М. Вопросы литературы и эстетики. М., 1975;
Днепров В. Черты романа XX в. М.; Л., 1965;
Адамовіч А.М. Беларускі раман. Мн., 1961;
Яго ж. Горизонты белорусской прозы. М., 1974;
Дзюбайла П.К. Беларускі раман.
Гады 70-я. Мн., 1982; Беларуская савецкая проза: Раман і аповесць. Мн., 1971; Каваленка В.А., Мушынскі М.І., Яскевіч А.С. Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы. Мн.,1972; Матрунёнак А.П. Псіхалагічны аналіз у сучасным беларускім рамане. Мн., 1972; Яго ж. Псіхалагічны аналіз і станаўленне беларускага рамана. Мн., 1975; Жураўлёў В.П. Якуб Колас і паэтыка беларускага рамана. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЛІЯ, Рэспубліка Карэлія,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Мяжуе на З з Фінляндыяй, на У абмываецца Белым м., на Пд Ладажскім і Анежскім азёрамі. Пл. 172,4 тыс.км². Нас. 795 тыс.чал. (1997), гарадскога 75%. Сярэдняя шчыльн. 4,6 чал. на 1 км². Жывуць карэлы (10%), рускія (74,3%), беларусы (7%), украінцы (3,6%), фіны (2,3%), вепсы (0,8%) і інш. Сталіца — г.Петразаводск. Найб. гарады: Кондапага, Сегежа, Костамукша, Сортавала, Беламорск, Кем, Мядзведжагорск.
Прырода. Размешчана на ПнЗеўрап.ч. Расіі. Паверхня К. — узгорыстая раўніна, якая сфарміравалася ў выніку дзейнасці ледавіка; прымеркавана Да Балтыйскага шчыта. Шматлікія грады і ўзгоркі чаргуюцца з нізінамі і западзінамі. На ПнЗ хрыбет Манселькя (выш. да 576 м), з Пн на Пд цягнецца Заходне-Карэльскае ўзв. (да 417 м), на Пд — Алонецкае ўзв. (да 313 м). Узбярэжжы Белага м., Ладажскага і Анежскага азёр заняты нізінамі. Карысныя выкапні: тытанамагнетытавыя і жал. руды, граніт, мармур, слюда, кварцыты, пегматыты, даламіты, палявы шпат, торф. Клімат пераходны ад марскога да кантынентальнага: мяккая працяглая зіма, халаднаватае кароткае лета. Сярэдняя т-растудз. ад -9 °C да -13 °C, ліп. 14—16 °C. Колькасць ападкаў павялічваецца з Пн на Пд ад 400 да 600 мм за год. Рэкі парожыстыя, кароткія, з быстрым цячэннем, багатыя гідраэнергіяй. Гал. рэкі — Кем, Водла, Выг, Суна, Шуя. На р. Суна — вадаспад Ківач. Больш за 40 тыс. азёр (18% тэрыторыі). Буйныя азёры: Ладажскае, Анежскае, Тапвозера, Сегвозера, Пявозера, Выгвозера і інш.Беламорска-Балтыйскі канал. Шмат балот. Пераважаюць падзолістыя, падзоліста-глеевыя і тарфяна-балотныя глебы. Пад лесам каля 53% тэрыторыі. Запасы драўніны 849 млн.м³ (1996). На Пн і ў цэнтры пашыраны хваёвыя лясы, на Пд — яловыя і лісцевыя (карэльская бяроза, вольха, асіна). Разнастайны жывёльны свет. Водзяцца буры мядзведзь, лось, паўн. алень, воўк, ліс, заяц-бяляк і інш. На азёрах, рэках і ўзбярэжжы Белага м. шмат вадаплаўных птушак. Запаведнікі: Костамукшскі і Ківач.
Гісторыя. Тэр. К. заселена ў 7—6-м тыс. да н.э. У 3—2-м тыс. да н.э.гал. заняткамі жыхароў былі рыбалоўства і паляванне. Першыя пісьмовыя звесткі пра плямёны карэлаў (гл.Карэла) адносяцца да канца 1-га тыс.н.э. У 9 — пач. 12 ст. К. ўваходзіла ў склад Кіеўскай Русі, пасля яе распаду падпарадкавана Ноўгараду. З 12 ст. ў К. зараджаюцца феад. адносіны, у 12—15 ст. складваецца карэльская народнасць. З 13 ст. К. — аб’ект агрэсіі шведаў, якія ў пач. 17 ст. захапілі Прыладажжа (вернута Расіі паводле Ніштацкага мірнага дагавора 1721). У Паўночную вайну 1700—21 на тэр. К. пабудаваны Алонецкі і Пятроўскі металург. з-ды, якія забяспечвалі рас. армію і флот гарматамі. У 1769—71 адбылося буйное выступленне горназаводскіх сялян (Кіжскае паўстанне). У 1811 зах. К. ўключана ў склад Вял. княства Фінляндскага. Пасля адмены прыгоннага права (1861) з’явіліся лесапільныя заводы з паравымі рухавікамі, павялічылася колькасць прамысл. і сезонных рабочых, пашырыліся нарыхтоўкі і сплаў лесу; па Анежскім воз. і Белым м. пачаўся рух параходаў.
У 1917—18 у К. ўстаноўлена сав. ўлада. Зах. К. ў 1917—40 была ў складзе Фінляндыі. 8.6.1920 з населеных карэламі мясцовасцей Алонецкай і Архангельскай губ. утворана аўт. вобласць — Карэльская прац. камуна, ператворана 25.7.1923 у Карэльскую АССР у складзе РСФСР. У выніку савецка-фінляндскай вайны 1939—40зах. К. ўключана ў СССР. 31.3.1940 утворана Карэла-Фінская ССР. У Вял.Айч. вайну б.ч. К. акупіравана ням. і фін. войскамі. 16.6.1956 Карэла-Фінская ССР ператворана ў Карэльскую АССР. З ліст. 1991 наз. Рэспубліка К. У сак. 1992 падпісаны новы федэратыўны дагавор з Рас. Федэрацыяй.
Гаспадарка. Гал. галіны прам-сці — лясная, дрэваапр. (лесанарыхтоўкі, лесапілаванне, вытв-сць мэблі, буд. дэталей, лыж) і цэлюлозна-папяровая. На долю ляснога комплексу прыпадае каля 43% агульнага аб’ёму. прамысл. прадукцыі. У 1996 нарыхтавана 3,2 млн. шчыльных м³ дзелавой драўніны, выпрацавана 428 тыс.м² піламатэрыялаў, 242 тыс.т цэлюлозы, 552 тыс.т паперы. Асн. цэнтры дрэваапр. прам-сці: Петразаводск, Сортавала, Мядзведжагорск, Беламорск, Сегежа, Кем. Цэлюлознапапяровыя прадпрыемствы ў гарадах Кондапага, Сегежа, Піткяранта. Вял. значэнне мае здабыча жал. руды (6,1 млн.т, 1996, Костамукшскі горнаабагачальны камбінат), мармуру, граніту, пегматытаў, кварцытаў, слюды. Вытв-сць электраэнергіі 4,7 млрд.кВт∙гадз (1995). ГЭС на рэках Суна, Выг, Кем і інш.; Петразаводская ЦЭЦ. Машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць абсталявання для лясной, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці, трактароў, суднаў, станкоў, радыё- і выліч. тэхнікі, рамонт суднаў і інш.трансп. сродкаў) у гарадах Петразаводск, Беламорск, Мядзведжагорск, Вяртсіля. Каляровая металургія прадстаўлена Надвоіцкім алюмініевым з-дам. Прадпрыемствы прам-сці буд. матэрыялаў у гарадах Кондапага, Петразаводск, Піткяранта, Сортавала. З галін харч. прам-сці найб. развіты рыбная, мясная, малочная, хлебабулачная. Ёсць прадпрыемствы лёгкай прам-сці (швейная, трыкат., абутковая, валюшна-лямцавая ф-кі). Саматужныя промыслы (вырабы з карэльскай бярозы, вышыўкі). Пад с.-г. ўгоддзямі 207 тыс.га (1,2% тэрыторыі), у т. л. пад ворывам 79 тыс.га. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Збор (тыс.т. 1995) збожжавых — 4, бульбы — 154,4, агародніны — 19,1. Малочна-мясная жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1995) буйн. раг. жывёлы — 82,1, свіней — 37,9. Авечкагадоўля. Птушкагадоўля. Пушны промысел. Рыбалоўства (селядзец, навага, сігавыя). Даўж. чыгунак 2,1 тыс.км, аўтадарог 13,4 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 7,5 тыс.км. Па тэр. К. праходзяць чыгункі С.-Пецярбург—Петразаводск—Мурманск, Сортавала—Суаярві—Костамукша; аўтадарогі С.-Пецярбург—Петразаводск—Мурманск, Сортавала—Костамукша. Суднаходства па Белым м., Ладажскім і Анежскім азёрах, Беламорска-Балтыйскім канале. Даўж.ўнутр. суднаходных шляхоў 3,6 тыс.км. Порт — г. Беламорск. Курорты: Марцыяльныя Воды, Сортавала. Турызм (Кіжы, Валаамскія а-вы і інш.).
Літаратура. Развіваецца з пач. 1920-х г. на фінскай і рускай мовах. Фарміравалася на своеасаблівым спалучэнні вусна-паэт. традыцый спевакоў рунаў і казачнікаў, карэла-фін. эпасу «Калевала» і рус. фальклору. У яе станаўленні ўдзельнічалі карэльскія, рус. і фін. пісьменнікі. У 1926 засн. Карэльская асацыяцыя пралет. пісьменнікаў з рус., фін. і карэльскай секцыямі. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў К. Адзін з заснавальнікаў л-ры К. — паэт Я.Віртанен. У 1930-я г. адбывалася інтэнсіўнае станаўленне розных літ. жанраў: лірычнай паэзіі [Л.Хело (Т.Гутары), М.Рутанен, І.Кутасаў], драмы [Р.Руска (Нюстрэм)], рамана (О.Іагансан), аповесці (В.Чэхаў), нарыса і апавядання (С.Норын). Маст. асэнсаванне гіст. мінулага, падзей рэвалюцыі і грамадз. вайны — асн. змест даваен, і пасляваен. л-ры К. Шматграннасць жыцця сучаснікаў, непаўторнасць і самабытнасць карэльскага краю ў творах пісьменнікаў-фінаў У.Вікстрэма (раманы «Уперад, працоўны народ», 1954; новая рэд., кн. 1—3, 1957—65; «Суомі ў полымі», 1968), І.Саарынена (зб. паэзіі «Мая Карэлія», 1965; «Лісткі памяці», 1969), Т.Суманена (кн. паэзіі «Простыя словы», 1968; «Сэрца чалавечае», 1980), пісьменнікаў-карэлаў Я.Ругоева, М.Якала (тэтралогія «Водападзел», 1949—66), М.Лайне (зб-кі вершаў «З пакалення ў пакаленне», 1974; «Ветраны вечар», 1981), А.Тыманена, рус. пісьменнікаў А.Лінеўскага (гіст. тэтралогія «Беламор’е», 1952—65), А.Сцяпанава (раманы «Сваякі», 1969; «Яака Саку — чалавек з народа», 1973; «Удовы», 1983), Дз.Гусарава («За мяжой міласэрнасці», 1977), А.Аўдышава (зб-кі вершаў «Край азёрны, край лясны», 1964; «Заанежжа», 1984) і інш.Л-ра апошніх дзесяцігоддзяў скіравана на раскрыццё сац.-этычных праблем, ёй уласцівы эпічнасць, паглыблены псіхалагізм, філасафічнасць, нац. каларыт: паэзія І.Сіманенкава, В.Сергіна, Ю.Лінніка, проза П.Перту, Сцяпанава, драматургія П.Барыскова, А.Іванова, Сцяпанава, Тыманена, публіцыстыка У.Усланава. Развіваюцца дзіцячая л-ра (Ю.Ніканава, У.Данілаў), фалькларыстыка, літ.-знаўства, перакладчыцкая дзейнасць.
Творчыя сувязі л-р Беларусі і К. зарадзіліся ў 1930-я г.: асабістыя кантакты Купалы і Віртанена, публікацыі твораў Купалы на фін. мове ў перыяд, друку. Адзін з першых перакладчыкаў эпасу «Калевала» — бел. пісьменнік М.Машара. На фін. мову перакладзены асобныя творы Я.Коласа, В.Быкава (перакладчык У.Руханен). На бел. мове выдадзены кніга карэльскіх нар. казак «Чаму вада ў моры салёная» (1984), асобныя творы Вікстрэма, Лайне, Ругоева, Суманена, А.Хійры і інш. у перакладах Я.Лапаткі, У.Правасуда, Я.Сіпакова і інш.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Ад эпохі неаліту і бронз. веку на тэр. К. захаваліся наскальныя малюнкі з выявамі жывёл, чалавека, антрапаморфных істот, сцэн палявання і бітваў выразаныя з рогу галовы ласёў і схематычныя фігуркі чалавека. Пасля ўваходу ў склад Стараж. Русі маст. культура К. развівалася ў рэчышчы агульнарасійскай. У культавым і жыллёвым буд-ве дамінавала драўлянае дойлідства: клецепадобныя цэрквы з гарыз. кампазіцыйнай воссю (Лазараўская Мурамскага манастыра, канец 14 ст.), вертыкальна арыентаваныя шатровыя (Успенская ў Кондапазе, 1774), маляўнічыя шматкупальныя (цэрквы комплексу Кіжы) і інш. Жылыя дамы будаваліся «брусам» (прамавугольны ў плане дом-двор пад агульным дахам) і «кашалём» (квадратны ў плане дом-двор з 2-схільным рознай даўжыні дахам). Пабудовы багата аздабляліся разьбою. З 14 ст. вядомы іканапіс, які развіваўся як архаізаваная галіна наўгародскай школы іканапісу («Апостал Пётр»). У 15—16 ст. вызначыліся мясц. асаблівасці: стрыманасць манеры пісьма і колеравай гамы, спрошчанасць малюнка і кампазіцыі, абагульненасць і лаканізм трактоўкі формы, эмацыянальная адухоўленасць вобразаў («Пётр і Павел», 15 ст.; «Вогненнае ўзыходжанне прарока Ільі», 16 ст.). У 16—19 ст. пад уплывам растова-суздальскай і маск. іканапісных школ склалася некалькі кірункаў іканапісу К. ад манументальна-лапідарных да вытанчаных па малюнку. У 18 ст. пачалося мураванае буд-ва, якому ўласцівы ўплывы барока, пазней класіцызму (ансамбль Круглай плошчы ў г. Петразаводск, 1775, арх. Е.С.Назараў; перабудовы 1787—89 і 1839). У архітэктуры канца 1930—50-х г. выкарыстоўваліся ордэрныя элементы (Рус.муз.-драм.т-р К. ў Петразаводску, арх. С.Бродскі і інш., скульпт. С.Канёнкаў) і дэкар. матывы нар. архітэктуры. У 1960—80-я г. ўзводзіліся простыя па кампазіцыі прамысл. і грамадскія будынкі. У 1920—30-я г. пачало фарміравацца прафес.выяўл. мастацтва. У жывапісе 1950—80-х г.найб. пашыраны пейзаж, часта з жанравымі матывамі (В.Аўдышава, Б.Паморцаў, С.Юнтунен), партрэт (Г.Стронк, Ф.Ніемінен), нацюрморт (Л.Ланкінен). З 1950-х г. развіваецца графіка (Стронк, Т.Юфа і інш.), з 1960-х г. — партрэтная і жанравая скульптура (Л. і Г.Ланкінены, Э.Акулаў і інш.). У дэкар.-прыкладным і нар. мастацтве здаўна развіта выемчастая і ажурная разьба па дрэве, што ўпрыгожвае дамы, гасп. пабудовы, храмы, мэблю, посуд і інш. Пашырана вышыўка.
Музыка. Адзін з найб.стараж. пластоў муз. фальклору К. — рунічны (песні-руны; сямейна-быт., эпічныя, гіст. песні, балады, галашэнні, песні-імправізацыі іойку і інш.). Вядомы таксама лірычныя песні, прыпеўкі. Сярод гар. жанраў — піірылейкі (кругавыя песні), рытмаінтанацыйнай асновай блізкія да еўрап. танцаў (вальс, полька, мазурка). Сярод інструментаў — струнна-смычковыя ёўхіка, версіканель; струнна-шчыпковы кантэле; духавыя торві (пастухоўская труба з бяросты), ліру; званочкі. Прафес.муз. культура развіваецца з пач. 1920-х г. Сярод кампазітараў: Г.Вавілаў, Л.Вішкароў, А.Голанд, Р.Зялінскі, П.Казінскі, В.Канчакоў, В.Кошалеў, Б.Напрэеў, Э.Патлаенка, Р.Пергамент (аўтар першай нац. камічнай оперы «Кумоха», 1959), К.Раўтыо, Г.-Р.Сінісала (аўтар першага нац. балета «Сампо», 1959), кампазітар і фалькларыст В.Гудкоў. У К. працуюць: Муз.т-р (з 1955), сімф. аркестр Карэльскага радыё і тэлебачання (з 1933), ансамбль песні і танца «Кантэле» (з 1936), Карэльская філармонія (з 1939), філіял С.-Пецярбургскай кансерваторыі (з 1967), муз. вучылішча (з 1938). У 1937 засн. Саюз кампазітараў.
Тэатр У 1918—22 у Петразаводску працаваў рус.т-р (Нац.т-р драмы). У 1920—30-я г. паявіліся шматлікія самадз.рус., фін. і карэльскія драм. гурткі, аматарскія т-ры («Карэльская сцэна і інш.). У 1929 створаны т-ррус. драмы, у 1932 — фін.драм.т-р (заснавальнік Р.Нюстрэм), які ставіць спектаклі сусв., у т. л.фін. і рус., класікі, творы сучасных драматургаў. Працуюць таксама драм.т-р Карэліі, Рус.драм.т-р, Т-р лялек і інш. Сярод тэатр. дзеячаў: Л.Томберг, Д.Карпава, Т.Ланкінен, Т.Ромпайнен, В.Суні, В.Тамашэўская, С.Туарыла, В.Фінагеева, Ю.Хумпі, П.Чаплыгін, А.Шыбуева.
Літ.:
Плотников В.И. Изобразительное искусство Советской Карелии. Л., 1961;
Смирнова Э.С. Живопись Обонежья XIV—XVI вв. М., 1967;
Савватеев Ю.А. Рисунки на скалах. Петрозаводск, 1967;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПАЛАЗНА́ЎСТВА,
галіна бел.літ.-знаўства, прысвечаная вывучэнню творчасці Я.Купалы.
Першы зб. вершаў паэта «Жалейка» (1908) стаў падзеяй у бел. л-ры і выклікаў водгукі. Ядвігін Ш. у газ. «Минское эхо» (9.7.1908) даў агульную ацэнку кнізе, але не ўбачыў яе наватарства і самабытнасці. У.Самойла характарызаваў зборнік як «сонца жывой сапраўднай паэзіі», адзначаў, што «беларуская песня з галіны этнаграфіі пераходзіць у галіну літаратуры; беларускі народ з аб’екта фалькларыстычнага вывучэння ператвараецца ў суб’ект нацыянальнай самасвядомасці» («Минский курьер», 23.8.1908). Ён высока ацаніў і паэму «Адвечная песня», а паэзію Я.Купалы лічыў каштоўнейшым скарбам, дзе поўна і глыбока адлюстроўваецца душа бел. народа. У гэтым ён бачыў не толькі нац., але і агульначалавечае значэнне паэзіі Я.Купалы («Наша ніва», 16.9.1910). На «Адвечную песню» змясціў водгукі бел., рус., польск. і літ. друк. Польскі пісьменнік З.Пяткевіч сцвярджаў, што ліра Я.Купалы плача штучнымі слязамі. Гнеўны адказ на гэта даў А.Бульба, які падкрэсліваў глыбока нар. характар творчасці Я.Купалы, назваў яе стогнам набалелай душы (тамсама). У рэцэнзіі на зб. «Гусляр» (1910) Бульба адзначаў панаванне ў творах фантазіі, якая абумовіла багацце форм, настрояў (тамсама, 21.10.1910). Цікавыя думкі пра паэзію Я.Купалы ў той час выказвалі С.Палуян, Л.Гмырак. Самую грунтоўную ацэнку творчасці Я.Купалы даў М.Багдановіч. Ён адзначаў не толькі велічыню таленту Я.Купалы, але і яго гнуткасць, здольнасць да ўсебаковага развіцця. Вызначальным у форме купалаўскіх вершаў ён лічыў рытм. Высокая ацэнка творчасці Я.Купалы М.Горкім, А.Пагодзіным, І.Свянціцкім, Д.Дарашэнкам, Л.Гірам, В.Вегняровічам, С.Руднянскім, Е.Янкоўскім, А.Чэрным сведчыла пра значны рэзананс, які выклікала паэзія песняра не толькі на Беларусі. Сістэматычнае вывучэнне творчасці Я.Купалы пачалося ў 1920-я г. У «Гісторыі беларускай літаратуры» М.Гарэцкага паэт ахарактарызаваны як лірык, у якога на першым плане грамадзянскія матывы. Гарэцкі скіроўваў увагу на творчае пераасэнсаванне Я.Купалам фальклору. Я.Карскі таксама падкрэсліваў лірычную прыроду таленту Я.Купалы, аднак да творчасці паэта ставіўся досыць абмежавана: вылучаў у ёй толькі сумныя тоны, адмаўляў наяўнасць агульначалавечых тэм і матываў. У сувязі з 20-годдзем творчай дзейнасці Я.Купалы і наданнем яму звання нар. паэта Беларусі (1925) з’явіўся шэраг літ.-крытычных артыкулаў, дзе яго творчасць разглядалася ў розных аспектах. «Маладнякоўцы» вылучалі ў купалавай паэзіі матывы змагання, заклік да працоўных узняцца да Сонца з «санлівых нізін». Спробу даследаваць філас. матывы лірыкі Я.Купалы зрабіў А.Бабарэка ў арт. «З далін на ўзвышшы» («Маладняк», 1926, № 10), дзе акцэнтаваў увагу на тонкім адчуванні паэтам «моцы жыцця». Першая спроба перыядызацыі творчасці Я.Купалы — арт. М.Піятуховіча «Асноўныя этапы ў развіцці лірыкі Янкі Купалы» («Полымя», 1925, № 4). У зб. «Жалейка» аўтар бачыў эмбрыён далейшых гал матываў творчасці паэта. На яго думку, асабліва падрабязна распрацавана ў зборніку тэма сялянскай беднасці, а ў кн. «Гусляр» выявілася даволі акрэсленая сістэма агульнафілас. светапогляду Я.Купалы.У зб. «Шляхам жыцця» (1913) спалучалася паглыбленне сац. матываў з верай у здзяйсненне сваіх ідэалаў. У зб. «Безназоўнае» (1925) Я.Купала ўяўляўся аўтару песняром Кастр. рэвалюцыі. Піятуховіч намагаўся спалучыць сацыялагічны падыход з эстэт. ацэнкамі твораў. На думку А.Вазнясенскага («Узвышша», 1927, № 1), паэмы Я.Купалы — узор спалучэння рамантызму і класіцызму. Дзякуючы гэтаму паэт уводзіў бел. л-ру ў «агульнае рэчышча літаратуры еўрапейскай». Драм. творы Я.Купалы разглядаў І.Замоцін («Узвышша», 1927, № 1), на думку якога пісьменніку найб. удаюцца п’есы рэальна-быт. характару. На рамант. пачатак у творчасці Я.Купалы звяртаў увагу М.Байкоў. Калі ён параўноўваў Я.Купалу з Т.Шаўчэнкам, то іх паэзію звязваў з т. зв.нац. рамантызмам. Ц.Гартны лічыў, што сімвалізм купалавай паэзіі нёс службу рамантызму, які адыгрываў станоўчую ролю, бо гучаў нотамі закліку да пратэсту. У 1928 выйшаў зб. «Янка Купала ў літаратурнай крытыцы», у 1932 у Вільні — кн. А.Луцкевіча «Янка Купала як прарок Адраджэння». К. 1920—30-х г. не заўсёды вызначалася навук. падыходам, у ім моцнай была вульгарна-сацыялагічная трактоўка. Паэта абвінавачвалі ў нацыяналізме, у адрыве ідэй нац. вызвалення ад вызвалення класавага, груба папракалі ў ідэалізацыі мінулага, у падробцы пад нар. песню, у рэакцыйным рамантызме (Л.Бэндэ, А.Кучар. М.Клімковіч і інш.). Да вытокаў творчасці Я.Купалы звярнуўся Я.Казека ў арт. «З невычарпальнай крыніцы» («Полымя рэвалюцыі», 1936, № 5), у якім аналізаваў арганічнае засваенне фальклору ў паэтыцы Я.Купалы. У 1940 паявіліся артыкулы, дзе творчасць Я.Купалы разглядалася больш аб’ектыўна, з улікам складанасці эпохі, у якую ён тварыў. Даследчыкі скіроўвалі ўвагу на яго рэалізм — працяг лепшых рэаліст. традыцый Ф.Багушэвіча (Я.Шарахоўскі). Імкнучыся хутчэй пераадолець погляды крытыкаў-вульгарызатараў, даследчыкі не пазбеглі іншай крайнасці і пераход паэта да сав. творчасці бачылі як прамое пераўтварэнне рэв.-дэмакр. рэалізму ў сацыяліст. рэалізм (Н.Перкін, Шарахоўскі, І.Ляндрэс і інш.). Важнае метадалагічнае значэнне меў арт. Ю.Пшыркова «Дарэвалюцыйныя паэмы Янкі Купалы» («Полымя рэвалюцыі», 1940, № 12), дзе аўтар вёў палеміку з вульгарызатарамі, паказаў неправамернасць адрыву тэмы мінулага ад сучаснасці і даказваў, што менавіта тэма мінулага дазваляе Я.Купалу адлюстраваць сучасныя сац. адносіны ў гіст. аспекце. У 1943 у Маскве і Ташкенце выйшлі зб-кі «Памяці Янкі Купалы». Яны ўключалі арт. і даклады Я.Коласа, К.Чорнага, С.Гарадзецкага і інш., дзе давалася рознабаковая характарыстыка творчасці Я.Купалы, адзначаўся яе высокі грамадз. сэнс і гуманіст. накіраванасць.
Спадчына Я.Купалы прываблівала шырынёй праблем, невычэрпным багаццем маст. сродкаў. Выходзілі працы, прысвечаныя асаблівасцям паэтыкі Я.Купалы (М.Лужанін, 1947), эстэтычным поглядам паэта (Перкін, 1952). Пшыркоў у арт. «Янка Купала — рэдактар «Нашай нівы» («Беларусь», 1946, № 5—6) даў змястоўную і аб’ектыўную характарыстыку нашаніўскага перыяду дзейнасці паэта. У манаграфіі Я.Мазалькова «Янка Купала» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950) творчасць паэта разглядалася як маст. адзінства. Значных поспехаў дасягнула К. ў 1950—60-я г. пасля выдання Збору твораў песняра ў 6 т. (1952—54, 1961—63). Увагу даследчыкаў прыцягвалі літ.-эстэт. погляды Я.Купалы, сувязь яго з літ.-грамадскім рухам у перыяд рэвалюцыі 1905—07, асаблівасці творчага метаду і стылю маладога паэта (В.Івашын, 1953), вывучаліся асобныя жанры (М.Ярош, 1959). У 1952 і 1955 выйшлі зборнікі матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці паэта. Адметныя ў іх артыкулы Я.Коласа, М.Лынькова, В.Таўлая. Больш шырокай стала тэматыка даследаванняў, больш глыбокім асэнсаванне асобных твораў. З’явіліся работы пра творчыя сувязі Я.Купалы з рус., укр., літ., польск., чэш. л-рамі (С.Александровіч, Івашын, М.Ларчанка, К.Корсакас, М.Барсток), вывучаліся моўнае багацце і слоўнае майстэрства паэта, сувязь яго творчасці з фальклорам (У.Юрэвіч, В.Бечык), перакладчыцкая спадчына (Дз.Палітыка, М.Булахаў). Выйшлі зб-кі «Любімы паэт беларускага народа» (1960), «Народны паэт Беларусі» (1962) з новымі матэрыяламі пра жыццё і творчасць паэта. У кн. Р.Бярозкіна «Свет Купалы» (1965) даследавана сістэма вобразнага мыслення, падкрэслена спалучэнне рэалізму і рамантызму ў творчасці Я.Купалы. Гуманізм і народнасць творчасці паэта адлюстраваны ў манаграфіі Івашына «Ля вытокаў сацыялістычнага рэалізму» (1963). Рэв.-дэмакр. асновы творчасці паэта падкрэсліў А.Макарэвіч у кн. «Ад песень і думак народных» (1965) і «Фальклорныя матывы ў драматургіі Янкі Купалы» (1969). Фальклорныя традыцыі ў яго паэзіі разглядаў М.Грынчык («Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі», 1969). Манаграфія І.Навуменкі «Янка Купала: Духоўны воблік героя» (1967, 2-е выд. 1980) адзначыла ўзаемапранікненне ў творчым метадзе паэта рамант. і рэаліст. пачаткаў. У 1970-я г. К. адметнае пільнай увагай да прыроды творчага метаду Я.Купалы, небеспадстаўным аспрэчваннем тэзіса пра рэаліст. кірунак яго творчасці. Шмат прац прысвечана рамант. пачатку ў творчасці паэта, праблеме ідэалу, жанрава-стылявым асаблівасцям, пытанням тыпалогіі (А.Лойка, В.Каваленка, У.Калеснік, У.Казбярук, У.Конан, М.Арочка), структуры верша (Грынчык, І.Ралько). Па-ранейшаму цікавіць даследчыкаў тэма традыцый і наватарства паэзіі Я.Купалы («Янка Купала і беларуская паэзія» Яроша, 1971). Новыя аспекты выявіліся з выхадам кніг Р.Гульман «Тэксталогія твораў Янкі Купалы» (1971), А.Есакова «Янка Купала і беларускі тэатр» (1972), І.Жыдовіча «Янка Купала — публіцыст» (1972). Да 90-годдзя Я.Купалы і Я.Коласа выйшаў зб. «Народныя песняры» (1972). Філас. падыходам характарызуюцца эсэ Р.Семашкевіча «Янка Купала і Эпімах-Шыпіла» (1967), «Не загаснуць зоркі ў небе...»: «Янка Купала ў «Нашай ніве» (1981), дзе прасочваецца станаўленне Я.Купалы як мастака. Важная падзея — выданне ў 1972—76 навук. каменціраванага Збору твораў Я.Купалы ў 7 т. Развіццю К. спрыяў 100-гадовы юбілей паэта. Апубл. шмат артыкулаў у перыёдыцы і зборніках («Песні беларускай валадар», 1981; «Разам з народам», 1983, і інш.); выйшлі манаграфіі А.С.Майхровіча «Янка Купала і Якуб Колас: Пытанні светапогляду» (1982), Яроша «Пясняр роднай зямлі» (1982), зб. дакументаў і матэрыялаў «Пуцявінамі Янкі Купалы» (1981, складальнік Г.Кісялёў). В.Рагойша ў кн. «Напісана рукой Купалы» (1981) падагуліў свае купалазнаўчыя росшукі. Творчасць песняра папулярызуе кн. Юрэвіча «Янка Купала» (1983).
Казбярук у манаграфіі «Рамантычны пошук» (1983) даследуе рамант. і неарамант. прынцыпы ў паэзіі Я.Купалы. Ідэйна-маст. і стылявым асаблівасцям зб. «Спадчына» прысвечана праца В.Гапавай «Перачытваючы «Спадчыну» Янкі Купалы» (1983). Падзеяй у культурна-грамадскім жыцці стала дакумент.-маст. кніга А.Лойкі «Янка Купала» (1982, на рус. мове ў серыі «Жыццё выдатных людзей», на бел. мове «Як агонь, як вада...», 1984, новая рэд. 1992). Своеасаблівым падрахункам развіцця К. стаў энцыклапедычны даведнік «Янка Купала» (1986), у якім разглядаецца пераважная большасць твораў паэта, асвятляецца іх змест, тэматычная і сюжэтная накіраванасць, прааналізаваны выяўл. сродкі, прыведзена інфармацыя пра першую публікацыю, іх пераклады і інш. У канцы 1980-х г. апублікаваны многія раней забароненыя творы Я.Купалы (А.Сабалеўскі, Я.Саламевіч, Б.Сачанка і інш.). Усе матэрыялы пра Я.Купалу за 1905—85 сабраны ў бібліягр. слоўніку «Беларускія пісьменнікі» (т. 3, 1994). Большасць з іх змешчана ў зб. Я.Купалы «Жыве Беларусь!» (1993, складальнік Рагойша). Вопыт сучаснага прачытання твораў Я.Купалы, звужэнне кола яго творчасці ў 1930-я г., супярэчлівасць думкі паэта, шматмернасць яго вобразаў, тыпалагічную блізкасць да твораў М.Метэрлінка, К.Гамсуна, Г.Гаўптмана, Ж.П.Сартра, А.Камю, Ф.Кафкі, Дж.Джойса раскрыў у манаграфіі «Драматургічная спадчына Янкі Купалы» (1994) П.Васючэнка. Па-новаму прачытаў, пераасэнсаваў творы Я.Купалы «Адвечная песня», «Сон на кургане», «Магіла льва», «Над ракою Арэсай», «Безназоўнае», «Тутэйшыя», вершы 2-й пал. 1930-х г. У.Гніламёдаў у дапаможніку для настаўнікаў «Янка Купала» (1995). Вял. укладам у К. стала выданне першага каменціраванага, нанава выверанага 9-томнага Поўнага збору яго твораў (т. 1—5, 1995—99). Вял. работу па прапагандзе жыцця і творчасці песняра, укладанні бібліягр. даведнікаў, падрыхтоўцы зб-каў успамінаў, альбомаў, буклетаў і інш. праводзіць Купалы Янкі літаратурны музей, які выдаў зборнікі, дзе па-сучаснаму асэнсаваны і пастаўлены многія праблемы К.: «Янка Купала і Якуб Колас у літаратурным працэсе Беларусі» (1993), «Янка Купала і «Наша ніва» (1997), «Янка Купала — публіцыст» (1998). Значным укладам у К. стала выданне 8-томнага «Слоўніка мовы Янкі Купалы» (т. 1—2, 1997—99).
К. на Захадзе пачалося ў 1910 (артыкулы З.Пяткевіча і Ч.Янкоўскага ў варшаўскіх газ.). Пасля творчасць і жыццё Я.Купалы аналізавалі ў Чэхаславакіі (Т.Грыб, Ф.Грышкевіч, А.Чэрны), Польшчы (А.Баршчэўскі), Германіі (А.Адамовіч, Я.Запруднік, Х.Ільяшэвіч, Я.Карскі, М.Куліковіч, М.Маскалік, С.Станкевіч), ЗША (Ю.Віцьбіч, М.Кавыль, М.Панькоў, В.Тумаш), Канадзе (К.Акула, В.Жук-Грышкевіч, У.Сядура, С.Хмара), Італіі (П.Татарыновіч, В.Сянкевіч), Англіі (А.Макмілін, А.Надсон), у Аўстраліі, Бельгіі, Францыі і інш. Абаронены доктарскія дысертацыі, якія выйшлі кнігамі, Жук-Грышкевічам (Атава, 1952), Маскалікам (Мюнхен, 1959), В.Арэхва (Мюнхен, 1970). З успамінамі пра Я.Купалу выступілі Ю.Віцьбіч, Я.Кіпель, Куліковіч, І.Плашчынскі, І.Рытар, А.Савёнак, З.Станкевіч, М.Шыла і інш. У 1982 у ЗША выйшлі зб. ўспамінаў «Янка Купала і Якуб Колас» (складальнік А.Калубовіч) і кн. С.Станкевіча «Янка Купала: На 100-я ўгодкі ад нараджэння».
Літ.:
Янка Купала: Семінарый. Мн., 1963;
Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг.Мн., 1975;
Яго ж. Беларускае савецкае літаратуразнаўства. Мн., 1979;
Александровіч С.Х., Александровіч В.С. Беларуская літаратура XIX — пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытыч. матэрыялаў. Мн., 1978;
Сіненка Г.Д.Насуперак канону. Мн., 1997. С. 273—275, 316—317, 324—368;
Колас Г. Карані міфаў: Жыццё і творчасць Янкі Купалы. Мн., 1998;
Янка Купала ў літаратурнай крытыцы і мастацтвазнаўстве: Бібліягр.Мн., 1980;
Янка Купала: Да 100-годдзя з дня нараджэння: Біябібліягр. паказ. Мн., 1984;
Кіпелі В. і З. Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе: Бібліягр. Ньо-Ёрк, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЗАНТЫ́Я, Візантыйская імперыя,
дзяржава ў 4 — сярэдзіне 15 ст., якая ўзнікла ў выніку распаду Рымскай імперыі ў яе ўсх. частцы. Сталіца — г.Канстанцінопаль. У перыяд найвышэйшага росквіту займала тэр. Балканскага п-ва, М. Азіі, Сірыі, Палесціны, Егіпта, Італіі, астравоў Міжземнага м., Паўн. Афрыкі, ч. Пірэнейскага п-ва, Закаўказзя, Крыма. У 3 ст. пачалося адасабленне ўсх. частак Рымскай імперыі, якія вызначаліся высокім узроўнем развіцця эканомікі і дзе крызіс рабаўладальніцкай гаспадаркі меў менш вострыя формы. Напады варвараў, сац. рухі і ўнутр. міжусобіцы ў зах.ч. Рымскай імперыі пагражалі існаванню ўсёй дзяржавы. Гэта прымусіла імператара Канстанціна І [324—337] перанесці паліт. цэнтр імперыі на Усход. Прыняцце ім хрысціянства паспрыяла перамяшчэнню сюды і цэнтра ідэйнага жыцця. Новая сталіца імперыі, Канстанцінопаль, была засн. на месцы стараж. мегарскай калоніі Візантый (адсюль пазнейшая назва імперыі). Доўгі час сталіца імперыі наз. Новым Рымам. Самі візантыйцы называлі сябе рымлянамі (па-грэчаску рамеямі), а імперыю — рамейскай. Візант. імператары наз. васілеўсамі («царамі») рамеяў. Канчатковы падзел Рымскай імперыі адбыўся ў 395, пасля смерці апошняга імператара адзінай рымскай дзяржавы Феадосія I. Імператарам Усх. (Візант.) імперыі стаў Аркадзій [395—408], Зах. — яго брат Ганорый [396—423]. На тэр. Візантыі жылі грэкі, сірыйцы, копты, армяне, грузіны, яўрэі, элінізаваныя малаазійскія плямёны, фракійцы, ілірыйцы, дакі, готы, славяне, арабы, печанегі, полаўцы і інш.Гал. роля ў эканоміцы, паліт. жыцці і культуры Візантыі належала грэч. насельніцтву. Дзярж. мова імперыі ў 4—6 ст. лацінская, з 7 ст. грэчаская.
Ранні перыяд у гісторыі Візантыі (4 — сярэдзіна 7 ст.) характарызаваўся разлажэннем рабаўладальніцкага ладу і пачаткам фарміравання феадалізму. Асаблівасці аграрных адносін у ранняй Візантыі — захаванне значнай колькасці свабоднага сялянства, шырокае распаўсюджанне каланата і доўгатэрміновай арэнды, больш інтэнсіўная, чым на Захадзе, раздача рабам участкаў зямлі на правах пекулія. У 7 ст. праца калонаў і рабоў у буйных памесцях стала выцясняцца працай вольных сялян — арандатараў. Гарады Візантыі 4—5 ст. у асноўным заставаліся ант. рабаўладальніцкімі полісамі, новыя гарады, што ўзніклі пасля 5 ст., былі ўжо гандлёва-рамеснымі і адм. цэнтрамі. Візантыя вяла ажыўлены гандаль з Індыяй, Цэйлонам, Кітаем, Іранам, Сярэдняй Азіяй, Аравіяй, Эфіопіяй, Брытаніяй, Скандынавіяй; доўгі час была гегемонам у гандлі з зах.-еўрап. дзяржавамі па Міжземным м. У 7 ст., калі гарады-полісы канчаткова заняпалі, цэнтр грамадскага жыцця перамясціўся ў вёску. У 4—5 ст. Візантыя была цэнтралізаванай ваен.-бюракратычнай манархіяй. Уся ўлада належала імператару (васілеўсу), дарадчым органам пры ім быў Сенат. Усё свабоднае насельніцтва падзялялася на саслоўі. Сур’ёзнай грамадскай сілай з 5 ст. сталі своеасаблівыя паліт. партыі — дзімы. Пануючай рэлігіяй Візантыі з 4 ст. стала хрысціянства. У 4—7 ст. тут выпрацавана хрысц. дагматыка, склалася царк. іерархія. З канца 4 ст. пачалі ўзнікаць манастыры. У выніку барацьбы розных плыняў у хрысціянстве (арыянства, нестарыянства і інш.) пануючым у Візантыі з 6 ст. стала праваслаўе (пры імператару Юстыніяне I). З 370-х г. імперыя пастаянна абаранялася ад нападаў варвараў, якія ў 400 ледзь не захапілі Канстанцінопаль; у 570—80-я г. яна адбіла націск остготаў. Пры імператару Юстыніяне І [527—565] Візантыя дасягнула апагея сваёй паліт. і ваен. магутнасці. Першыя гады яго праўлення адзначаны буйнымі нар. рухамі (паўстанне самарыцян у Палесціне 529—530, паўстанне «Ніка» 532 у Канстанцінопалі). Пры Юстыніяне праведзена кадыфікацыя грамадз. права, узмацнілася цэнтралізацыя дзяржавы, створана моцная армія, адбіты націск персаў на У, славян на Пн, ажыццёўлены значныя заваяванні на З. Пры пераемніках Юстыніяна ў Візантыі настаў перыяд заняпаду. У канцы 6 ст. выступленні нар. нізоў адбываліся ў Канстанцінопалі, хваля сял. паўстанняў пракацілася па Егіпце, не спыняліся масавыя рухі ва ўсх. правінцыях — пастаянных асяродках ерасей і сепаратызму. У пач. 7 ст. пагрозлівы характар набылі хваляванні ў візант. арміі. У часы імператара Фокі [602—610] унутр. смуты перараслі ў грамадз. вайну, якая ахапіла М. Азію, Сірыю, Палесціну, Егіпет. На рубяжы 6—7 ст. Візантыя страціла значную ч. сваіх уладанняў на Захадзе і Усходзе.
З сярэдзіны 7 ст. ў Візантыі інтэнсіўна развіваецца феадалізм. У 8 — 1-й пал. 9 ст. ў вёсках пераважалі свабодныя сял. абшчыны. Гарады па-ранейшаму былі ў заняпадзе. У 7—8 ст. важныя змены адбыліся ў адм. сістэме: дыяцэзы і правінцыі былі заменены ваен.-адм. акругамі — фемамі, уся ваен. і грамадз. ўлада ў якіх належала камандзіру фемнага войска — страцігу. Свабодныя сяляне-страціёты, якія складалі войска, залічваліся ўрадам у разрад спадчынных уладальнікаў зямельных участкаў. Фемны лад быў сведчаннем дэцэнтралізацыі дзяржавы. Разам з тым ён спрыяў умацаванню ваен. патэнцыялу імперыі ў часы Льва III [717—741 ] і Канстанціна V [741—775], дазволіў дамагчыся поспеху ў войнах з арабамі і балгарамі. У 8 — 1-й пал. 9 ст. ў Візантыі пачаўся шырокі рэліг.-паліт. рух — іканаборства. Яго ўзначалілі імператары Ісаўрыйскай дынастыі, якія імкнуліся ўзняць прэстыж цэнтр. улады і аслабіць уплыў царк. іерархаў і манаства. У сярэдзіне 7 ст. ў Зах. Арменіі зарадзіўся нар.-ерэтычны рух паўлікіян, які з замкнёнай ерэтычнай секты перарос у 9 ст. ў масавы антыфеад. рух. Антыфеад. паўстанне Фамы Славяніна ў 821—825 ахапіла тэр. М. Азіі, ч. Фракіі і Македоніі. 2-я пал. 10 ст. — перыяд стварэння ў Візантыі цэнтралізаванай феад. манархіі з моцнай дзярж. уладай, разгалінаваным бюракратычным апаратам кіравання. Асн. формай эксплуатацыі сялянства стала цэнтралізаваная рэнта, якая спаганялася ў выглядзе шматлікіх падаткаў. Фарміраванне асн. інстытутаў феадалізму ў Візантыі завяршылася ў 11—12 ст. Сяляне ператварыліся ў феадальна-залежных людзей (парыкаў), свабодныя абшчыны захаваліся толькі на ўскрайках імперыі. Паступова пашырылася пронія (форма ўмоўнага феад. землеўладання). Урад раздаваў феадалам правы экскусіі (асобная форма імунітэту). З 2-й пал. 9 ст. пачаўся ўздым візант. гарадоў, якія набываюць рысы, характэрныя для гарадоў сярэдневяковага тыпу. Асн. фігурай у гар. рамеснай вытв-сці становіцца свабодны рамеснік, уладальнік невял. майстэрні. Візант. мараплаўства і гандаль, нягледзячы на канкурэнцыю арабаў і нарманаў, адыгрывалі гал. ролю ў бас. Міжземнага м.Візант. царква пры патрыярху Фоцію (858—867) стала адстойваць ідэю раўнапраўя духоўнай і свецкай улады, заклікала да інтэнсіўнай хрысціянізацыі суседніх народаў, спрабавала ўвесці праваслаўе ў Маравіі, правяла хрысціянізацыю Балгарыі. Паліт. і дагматычныя рознагалоссі паміж канстанцінопальскім патрыярхам і папскім прастолам прывялі ў 1054 да афіц. разрыву (схізмы) паміж усх. і зах. цэрквамі. Канчатковы падзел цэркваў адбыўся пасля 1204. Знешняя палітыка Візантыі пры імператарах Македонскай дынастыі (867—1056) характарызавалася пастаяннымі войнамі. Візантыя адваявала ў арабаў Верхнюю Месапатамію, ч. Сірыі і М. Азіі, Крыт, Кіпр, вярнула пад свой пратэктарат Грузію і Арменію, заваявала Балгарыю. Пасля асады Канстанцінопаля кіеўскім кн. Алегам (907) Візантыя вымушана была заключыць у 911 гандл. дагавор, які спрыяў развіццю гандл. сувязей Русі і Візантыі па шляху з «варагаў у грэкі». Русь дапамагла імператару Васілію II задушыць мяцеж Фокі Варды [987—989]. У 1030—80-я г. Візантыю скаланулі ўнутр. смуты, барацьба правінцыяльных феадалаў супраць сталічнай знаці і чыноўніцтва. Пагоршылася і знешнепаліт. яе становішча: у выніку разгрому візант. арміі войскамі сельджукаў у 1071 пры Манцыкерце Візантыя страціла Арменію і ч. М. Азіі; на працягу 11 ст. яна вымушана была адбіваць націск печанегаў; да 1071 нарманы заваявалі Паўн. Італію. Зацяжны крызіс завяршыўся кансалідацыяй усіх сіл імперыі вакол дынастыі Камнінаў (1081—1185). Яны ўмацавалі дзяржаву і армію, адваявалі ў сельджукаў амаль усё Малаазійскае ўзбярэжжа, часова падпарадкавалі Сербію і Венгрыю, змагаліся за гегемонію ў Італіі, прадухілілі канфлікты з удзельнікамі 1-га і 2-га крыжовых паходаў. Але ў 1176 візант. армія была разгромлена сельджукамі каля Мірыякефалона, у 1185 нарманы захапілі Дзірахій і Фесалонікі. На ўсіх сваіх межах Візантыя вымушана была перайсці да абароны. Выкарыстаўшы нар. паўстанне ў Канстанцінопалі (1181), да ўлады прыйшоў прадстаўнік бакавой галіны Камнінаў Андронік І [1183—85]. Але ваен. няўдачы, незадаволенасць гараджан, тэрор у адносінах да вышэйшай феад. знаці выклікалі новы мяцеж. Улада перайшла да дынастыі Ангелаў (1185—1204), праўленне якой азнаменавала заняпад унутр. і знешняй магутнасці Візантыі. Узмацніліся феад. раздробленасць, незалежнасць кіраўнікоў правінцый ад цэнтр. улады, заняпалі гарады, аслабелі армія і флот. Пачаўся распад імперыі: у 1187 адпала Балгарыя, у 1190 — Сербія; Венецыя выцясняла з Візантыі сваіх канкурэнтаў Геную і Пізу. У канцы 12 ст. абвастрыліся супярэчнасці паміж Візантыяй і Захадам: папства імкнулася падпарадкаваць візант. царкву рымскай курыі. Уплывовыя сілы на Захадзе дамагліся, каб 4-ы крыжовы паход (1202—04) быў накіраваны не на Палесціну і Сірыю, а ў Канстанцінопаль, які і быў захоплены 13.4.1204 войскамі крыжаносцаў на чале з Баніфацыем Манферацкім. Візант. імперыя часова перастала існаваць.
На заваяванай крыжаносцамі тэр. Візантыі была засн. Лацінская імперыя (1204—61). Лаціняне душылі ў Візантыі грэч. культуру, італьян. гандляры перашкаджалі адраджэнню візант. гарадоў. Супраціўленне мясц. насельніцтва не дазволіла крыжаносцам пашырыць сваю ўладу на Балканскі п-аў і М. Азію. Тут узніклі незалежныя грэч. дзяржавы Нікейская імперыя (1204—61), Трапезундская імперыя (1204—1461) і Эпірскае царства (1204—1337). У 1261 нікейскі імператар Міхаіл VIII Палеалог пры падтрымцы грэч. насельніцтва Лацінскай імперыі адваяваў Канстанцінопаль, аднавіў Візант. імперыю і засн. новую дынастыю Палеалогаў (1261—1453). Апошнія стагоддзі існавання некалі вял. імперыі азмрочаны значнымі стратамі тэрыторыі, нестабільнасцю эканомікі, бясконцымі феад. ўсобіцамі і ўзмацненнем тур. пагрозы. 29.5.1453 туркі-асманы на чале з султанам Мехмедам II Фатыхам пасля двухмесячнай асады захапілі і разрабавалі Канстанцінопаль. У 1460 заваёўнікі пакарылі Марэю, у 1461 — Трапезундскую імперыю.
Імперыя спыніла сваё існаванне, яе тэр. ўвайшла ў склад Асманскай імперыі.
Візантыйская культура. У гісторыі візант. цывілізацыі адметнае месца належыць візант. культуры — значнаму этапу еўрап. і сусв. культуры. У Візантыі існавала моўная і канфесійная супольнасць. Пры ўсёй шматэтнічнасці імперыі гал. яе этнічным ядром былі грэкі, у культ. жыцці дамінавала грэч. мова. У Візантыі панавала хрысц. рэлігія ў форме праваслаўя. Культуру Візантыі ад культур зах.-еўрап. краін адрознівала наяўнасць элементаў усх. цывілізацый, што рабіла яе сувязным звяном паміж Усходам і Захадам. Гал. тыпалагічныя асаблівасці візант. культуры: плённы сінтэз грэка-рым., усх. і зах. культур з перавагай першай, працяглае і ўстойлівае захаванне ант. традыцый, адрозненне правасл. рэлігіі ад каталіцкай, панаванне дзярж. дактрыны і дамінуючая роля Канстанцінопаля. Усё гэта спрыяла цэнтралізацыі візант. культуры, захаванню свецкай гар. культуры і адукаванасці. Візант. цывілізацыя зрабіла вял. ўплыў на развіццё культур многіх краін сярэдневяковай Еўропы (Паўд. Італія, Сіцылія, Далмацыя, дзяржавы Балканскага п-ва, Стараж. Русь, народы Закаўказзя, Паўн. Каўказа, Крыма). Гэта выявілася ў рэлігіі і філасофіі, грамадскай думцы і касмалогіі, пісьменнасці і адукацыі, паліт. ідэях і праве, ва ўсіх галінах мастацтва — л-ры і дойлідстве, жывапісе і музыцы.
Асвета. Захаваўшы традыцыі ант. адукаванасці, асвета ў Візантыі да 12 ст. знаходзілася на больш высокім узроўні, чым у інш. краінах Еўропы. Пач. адукацыю (навучанне чытаць і пісаць) тут атрымлівалі ў прыватных школах граматыстаў на працягу 2—3 гадоў. Да 7 ст.навуч. праграма грунтавалася пераважна на міфалогіі язычніцкіх рэлігій, пазней — на хрысц. Псалтыры. Сярэднюю адукацыю («энкікліяс педыа») атрымлівалі пад кіраўніцтвам настаўніка — граматыка або рытара па ант. дапаможніках. У праграму навучання ўваходзілі арфаграфія, грамат. нормы, вымаўленне, прынцыпы вершаскладання, красамоўства, часам — тахіяграфія (мастацтва скарочанага пісьма) і ўмельства складаць дакументы. Да вучэбных прадметаў адносілася і філасофія, пад якой разумеліся самыя розныя дысцыпліны (багаслоўе, арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка, логіка, этыка, палітыка, эканоміка, вучэнне аб навакольнай прыродзе). У праграмы некат. школ уключалася гісторыя. У Візантыі былі манастырскія школы. У 4—6 ст. функцыянавалі вышэйшыя школы (у Афінах, Александрыі, Бейруце, Антыёхіі, Газе, Кесарыі Палесцінскай), што засталіся з эпохі антычнасці. Створаная ў 425 вышэйшая школа ў Канстанцінопалі (аўдыторый) паступова выцесніла астатнія вышэйшыя школы. Паводле легенды, будынак канстанцінопальскай школы ў 726 спалены імператарам Львом III разам з настаўнікамі і кнігамі. З сярэдзіны 9 ст. пачынаюцца спробы аднаўлення вышэйшай школы. Магнаўрская школа (у Канстанцінопалі), якой кіраваў Леў Матэматык, рыхтавала вышэйшых свецкіх і духоўных саноўнікаў. Яе праграма абмяжоўвалася прадметамі агульнаадук. цыкла. У сярэдзіне 11 ст. ў Канстанцінопалі адкрыты юрыд. і філас. школы, што рыхтавалі чыноўнікаў. У 12 ст. вышэйшая школа аддадзена пад апякунства царквы, на яе ўскладзена задача барацьбы з ерасямі. У канцы II ст. адкрыта Патрыяршая школа, у праграму якой уваходзіла тлумачэнне Свяшчэннага пісання і рытарычная падрыхтоўка. У школе, створанай у 12 ст. пры царкве св. Апосталаў у Канстанцінопалі, апрача традыц. прадметаў, выкладалі медыцыну. Пасля 1204 вышэйшая школа ў Візантыі спыніла сваё існаванне. Дзярж. школы ўсё больш выцясняліся школамі пры манастырах, дзе пасяліліся вучоныя.
Антычныя б-кі не перажылі ранневізант. перыяд.Александрыйская бібліятэка разбурана ў 391; публічная б-ка ў Канстанцінопалі (засн. каля 356) згарэла ў 475. Пра б-кі больш позніх часоў вядома мала. Існавалі б-кі імператара, патрыярха, манастыроў, вышэйшых школ і прыватных асоб.
Тэхніка. Візантыя атрымала ў спадчыну ант. тэхніку сельскай гаспадаркі (драўляны бясколавы плуг, малацільны волак, у які запрагалі жывёлу, штучнае арашэнне) і рамёствы, што дало магчымасць ёй да 12 ст. заставацца перадавой дзяржавай Еўропы ў манументальным буд-ве, суднабудаванні (з 9 ст. стаў выкарыстоўвацца косы ветразь), ювелірным, шаўкаткацкім рамёствах і інш. Аднак імкненне да захавання ант. традыцый запавольвала тэхн. прагрэс і выклікала адставанне (з 12 ст.) большасці візант. рамёстваў ад зах.-еўрапейскіх (выраб шкла, карабельнае рамяство, тэкст.вытв-сць).
Матэматыка і прыродазнаўчыя навукі. Візант. матэматыка 4—6 ст. зводзілася ў асноўным да тлумачэння і распаўсюджвання твораў ант. аўтараў (Эўкліда, Архімеда, Арыстоцеля і інш.). Даследаваліся задачы квадратуры круга і падваення куба. У некат. пытаннях візант. навука пайшла далей за антычную: Іаан Філапон (6 ст.) прыйшоў да высновы пра незалежнасць скорасці падзення цел ад іх масы; Анфімій з Тралаў прапанаваў новае тлумачэнне дзеяння запальных люстраў. Хуткае развіццё прыродазнаўчых навук пачалося з сярэдзіны 9 ст. і асабліва ў 13—14 ст. Вучоны-энцыклапедыст Леў Матэматык (9 ст.) упершыню выкарыстаў літары ў якасці алгебраічных сімвалаў. Даследчык твораў Дыяфанта Максім Плануд (13 ст.) напісаў «Арыфметыку на ўзор індыйцаў», выкарыстаўшы ў ёй арабскія лічбы, а яго вучань Мануіл Масхопулас даследаваў магічныя квадраты, карыстаючыся пры гэтым элементамі камбінаторнага аналізу. У 14 ст. Іаан Педыясім напісаў «Геаметрыю» і трактат аб падваенні куба, а Ісаак Аргір — «Геадэзію» і трактат аб здабыванні квадратных каранёў. Даследаванні па астраноміі грунтаваліся на традыцыях араб. і перс. вучоных, аб чым сведчыць зводная праца Феодара Мелітыяніта «Астраномія ў трох кнігах» (1361). У 14 ст. Нікіфар Грыгара прапаноўваў рэформу календара і прадказваў зацьменні Сонца. Астр. назіранні падпарадкоўваліся патрабаванням астралогіі, якая ў Візантыі была вельмі пашырана. У касмалогіі біблейскія ўяўленні спалучаліся з дасягненнямі эліністычнай навукі (уяўленне пра шарападобнасць Зямлі, элементы геліяцэнтрычнай сістэмы свету і інш.). Хімія давала практычныя навыкі для вырабу фарбавальнікаў, каляровай палівы, шкла і інш. У ранневізант. перыяд была пашырана алхімія, магчыма, з ёй звязана адно з буйнейшых вынаходстваў канца 7 ст. — т.зв. «грэчаскі агонь» (лёгкаўзгаральная сумесь нафты, салетры і інш., якая выкарыстоўвалася ў ваен. справе). У 4 ст. ўрач Арыбасій з Пергама стварыў мед. энцыклапедыю, урач Нікшба — падручнік па хірургіі, Сімяон Сіф склаў кнігу аб уласцівасцях ежы (11 ст.), Нікалай Мірэпс — дапаможнік па фармакалогіі (13 ст.). У Канстанцінопалі існавалі бальніцы са спец. аддзяленнямі (хірург. і інш.), а таксама мед. вучылішчы пры гэтых бальніцах. Пачатак геаграфіі ў Візантыі паклалі афіц. апісанні абласцей, гарадоў, царк. дыяцэзаў. Каля 535 Іерокл склаў «Сінекдэм» — апісанне 64 правінцый і 912 гарадоў, якое лягло ў аснову больш позніх геагр. твораў. Захаваліся апісанні падарожжаў купца Касмы Індыкаплова (6 ст.) у Аравію, Усх. Афрыку, на Цэйлон, Іаана Фокі (12 ст.) — у Палесціну, Андрэя Лівадзіна (14 ст.) — у Палесціну і Егіпет, Канана Ласкарыса (канец 14 або пач. 15 ст.) — у Германію, Скандынавію і Ісландыю. Візантыйцы ўмелі складаць геагр. карты.
Філасофія. Асн. ідэйныя крыніцы візант. філасофіі — Біблія і грэч. класічная філасофія (у асноўным Платон, Арыстоцель, стоікі). У 4—7 ст. у філасофіі панавалі 3 кірункі: неаплатанізм (Ямвліх, Юліян Адступнік, Прокл), што ва ўмовах крызісу ант. свету адстойваў уяўленне аб гарманічным адзінстве Сусвету; гностыка-маніхейскі дуалізм, які зыходзіў з уяўлення пра непрымірымы раскол Сусвету на царствы Дабра і Зла; хрысціянства. Асноўным у развіцці багаслоўя 4—7 ст. было сцвярджэнне вучэння аб Тройцы і богачалавецтве Хрыста. Прызнаючы існую розніцу паміж «зямным» і «нябесным», хрысціянства дапускала магчымасць звышнатуральнага (дзякуючы дапамозе богачалавека) пераадолення гэтага расколу (Афанасій Александрыйскі, Васілій Вялікі, Грыгорый Назіянзін, Грыгорый Ніскі). У сферы касмалогіі паступова ўсталявалася біблейскае ўяўленне аб тварэнні. Антрапалогія (Немесій, Максім Спаведнік) зыходзіла з уяўлення аб чалавеку як цэнтры светабудовы і трактавала яго як мікракосм — мініяцюрны адбітак Сусвету. У этыцы цэнтр. месца займала праблема выратавання. Зазнаўшы моцны ўплыў неаплатанізму, філасофія, асабліва містыка (Псеўда-Дыянісій Арэапагіт), зыходзіла з магчымасці не столькі карпаратыўнага (праз царкву), колькі індывідуальнага (праз асабістае «абожанне» — фіз. дасягненне чалавекам боскасці) выратавання. Працягваючы традыцыі александрыйскай школы (Клімент Александрыйскі, Арыген), філосафы прызнавалі важнасць ант.Культ. спадчыны.
Завяршэнне станаўлення візант. багаслоўя супадае з заняпадам гарадоў у 7 ст. Таму перад філас. думкай Візантыі паўстала задача не творчага развіцця, а захавання культ. каштоўнасцей ва ўмовах напружанай эканам. і паліт. сітуацыі. Іаан Дамаскін прынцыпам сваёй дзейнасці абвяшчаў кампілятыўнасць. Разам з тым ён імкнуўся да стварэння сістэм выкладання хрысц. веравучэння з уключэннем у праграму абвяржэння ерасей. Яго «Крыніца ведаў» — першая філас.-багаслоўская «сума», якая зрабіла вял. ўплыў на зах. схаластыку. Асн. ідэйныя дыскусіі 8—9 ст. спрэчкі іканаборцаў і іконапаклоннікаў былі працягам багаслоўскіх дыскусій 4—7 ст. Праціўнікі іканаборства (Іаан Дамаскін, Феодар Студыт) разглядалі абразы як матэрыяльныя вобразы нябеснага свету, як пасрэдніцкае звяно, што звязвае «верх» і «ніз». На 2-ю пал. 9—10 ст. прыпадае дзейнасць эрудытаў, якія імкнуліся адрадзіць антычнасць. З 11 ст.філас. барацьба набывае новыя рысы ў сувязі з зараджэннем візант. рацыяналізму. Паслядоўныя містыкі (Сімяон Багаслоў) супрацьпастаўлялі халоднай сістэме эмацыянальнае «зліццё» з бажаством; рацыяналісты знаходзілі ў багаслоўскай сістэме процілегласці. Міхаіл Псел паклаў пачатак новых адносін да ант. спадчыны як да цэласнай з’явы. Яго паслядоўнікі (Іаан Італ, Яўстрацій Нікейскі, Соцірых), апіраючыся на фармальную логіку, ставілі пад сумненне шэраг багаслоўскіх дактрын. Распад Візантыі пасля 1204 на шэраг дзяржаў выклікаў абвостранае адчуванне трагічнасці ўласнага становішча. 14 ст. — час новага ўздыму містыкі (ісіхазм — Грыгорый Сінаіт, Грыгорый Палама). Страціўшы надзею на захаванне сваёй дзяржавы, не верачы ў рэформы, ісіхасты абмяжоўвалі этыку рэліг. самаўдасканаленнем, распрацоўвалі фармальныя «псіхафізічныя» метады малітвы, якія адкрывалі шлях да «абожання». Адносіны да ант. традыцыі становяцца дваістымі: з аднаго боку, у аднаўленні стараж. інстытутаў бачылі апошнюю магчымасць ажыццяўлення рэформаў (Пліфан), з другога — веліч антычнасці спараджала пачуццё адчаю, уласнай творчай бездапаможнасці (Георгій Схаларый).
Гістарычная навука. У візант.гіст. навуцы 4 — сярэдзіне 7 ст. яшчэ захоўваліся ант. традыцыі, панаваў язычніцкі светапогляд. Вострая сац.-паліт. і ідэалаг. барацьба ў Візантыі ў гэты перыяд знайшла адлюстраванне ў творах гісторыкаў як свецкага (Аміян Марцэлін, Яўнапій, Алімпіядор, Засім, Прыск Панійскі, Пракопій Кесарыйскі, Агафій Мірынейскі, Менандр Праціктор, Феафілакт Сімаката), так і царк. кірункаў. Стварэнне хрысц.гіст.-філас. канцэпцыі звязана з дзейнасцю Яўсевія Кесарыйскага і яго паслядоўнікаў (Сакрат, Сазамен, Феадарыт Юрскі, Явагрый), паводле якіх гісторыя не вынік сукупных чалавечых намаганняў, а тэлеалагічны працэс. У хроніцы 6 ст. Іаана Малалы зарадзілася імкненне да глабальнага ахопу гісторыі чалавецтва, што знайшло свой працяг у сусв. хроніках 8—9 ст. Вядомасцю карысталіся «Хранаграфія» Феафана Спаведніка, «Брэвіярый» («Кароткая гісторыя») патрыярха Нікіфара і хроніка Георгія Амартола. У творах гісторыкаў 11—12 ст. (Міхаіл Псел, Нікіфар Врыеній, Ганна Камніна, Іаан Кінам, Нікіта Ханіят) выразна выявілася аўтарская пазіцыя, апавяданне набліжана да сучаснасці, храналагічны прынцып выкладання адыходзіў на задні план, характарыстыкі дзеючых асоб набывалі індывід. афарбоўку. Пасля лац. заваявання Візантыі гістарыяграфія працягвала развівацца ў Нікейскай імперыі («Хроніка» Георгія Акрапаліта). У гістарыяграфіі позняй Візантыі выразна выяўляліся гуманіст. рысы: цікавасць да чалавечай асобы, да прыроды, сусвету. Побач з біблейскай канцэпцыяй гіст. працэсу развіваліся новыя гіст.-філас. тэорыі, у прыватнасці тэорыя заканамернай змены сусв. манархій. Апошняе стагоддзе існавання імперыі і яе гібель апісаны ў творах гісторыкаў Георгія Сфрандзі, Духі, Лаоніка Халкакандзіла, Міхаіла Крытавула.
Юрыдычная навука. Характэрныя для культуры Візантыі традыцыяналізм і імкненне да сістэматызацыі найб. выразна выявіліся ў юрыд. навуцы. Пачатак гэтаму пакладзены сістэматызацыяй рым. права, складаннем збораў цывільнага права; найб. значны з іх Corpus juris civilis (6 ст.), на якім пазней і грунтавалася візант. права. Задача правазнаўцаў абмяжоўвалася ў асноўным тлумачэннем і пераказам збораў. У 6—7 ст. гэты зборнік права часткова перакладзены з лац. на грэч. мову. Падобныя пераклады ляжаць у аснове кампілятыўнага зборніка Васілікі (9 ст.), які часта перапісваўся з каментарыямі. Складаліся і розныя даведачныя дапаможнікі, у т. л. «сінопсісы», дзе артыкулы па асобных пытаннях права размяшчаліся ў алфавітным парадку. Юрыд. навука Візантыі вывучала таксама кананічнае права, якое грунтавалася на пастановах (правілах) царк. сабораў. Уздым юрыд. навукі пачаўся ў 11 ст., калі ў Канстанцінопалі была засн. вышэйшая юрыд. школа. Спроба абагульніць практыку канстанцінопальскага суда зроблена ў 11 ст. ў зборніку суд. рашэнняў, т.зв. «Піры» («Вопыт»), У 12 ст. правазнаўцы Візантыі (Іаан Занара, Арысцін, Феодар Валсамон), імкнучыся ўзгадніць нормы кананічнага і рым. права, выпусцілі шэраг тлумачэнняў да правіл царк. сабораў. У Візантыі існаваў натарыят. У 13—14 ст. асобныя правінцыяльныя канцылярыі выпрацоўвалі лакальныя тыпы фармуляраў для складання дакументаў.
Літаратура. У ранневізант. перыяд захоўваліся традыцыі стараж.-грэч. л-ры, якая ўсё больш трапляла пад уплыў хрысціянства. Ант. традыцыі выразна прасочваюцца ў свецкай паэзіі і прозе (Нон Панапалітанскі, Агафій Мірынейскі, Павел Сіленцыярый, Георгій Пісіда). У патрыстычнай л-ры (Васілій Кесарыйскі, Грыгорый Назіянзін, Грыгорый Ніскі, Іаан Златавуст) ідэі ранняга хрысціянства спалучаліся з неаплатанічнай філасофіяй, ант. рытарычныя формы — з новым ідэйным зместам. Хрысц. ідэалогія ўсталёўвалася ў гімнаграфіі (Яфрэм Сірын, Раман Салодкапевец), агіяграфіі (Афанасій Александрыйскі, Паладый Яленапольскі), хранаграфіі (Іаан Малала). У 7—9 ст.ант. традыцыі амаль знікаюць, развіваецца пераважна рэліг.л-ра. Асн. жанры прозы — хроніка (Феафан Спаведнік) і жыціе; у перыяд іканаборства асаблівы ўздым перажывае агіяграфічная л-ра (Нікіта з Амніі). У паэзіі выступаюць Андрэй Крыцкі, Іаан Дамаскін, Феодар Студыт. Свецкую тэматыку распрацоўваюць Іаан Граматык, Ігнацій Антыяхійскі, паэтэса Касія. Да 9 ст. адносяць афармленне рэліг. рамана «Варлаам і Іаасаф». З сярэдзіны 9 ст. ствараюцца літаратуразнаўчыя зборы («Мірыябібліён» Фоція — першая спроба крытыка-бібліягр. л-ры), слоўнікі (Суда). Сімяон Метафраст склаў збор візант. жыцій. У 9—12 ст. у л-ры Візантыі з’яўляюцца перадрэнесансавыя тэндэнцыі: цікавасць да складанага чалавечага характару, суб’ектыўнае светаўспрыманне, станоўчыя адносіны да антычнасці; развіваюцца свецкая паэзія (Хрыстафор Мітыленскі, Феодар Продрам), гераічны эпас («Дыгеніс Акрыт») і эратычны раман (Нікіта Яўгеніян, Яўстафій Макрэмваліт). Вядучыя пісьменнікі 11—12 ст. — Феафілакт Балгарскі, Яўстафій Салунскі, Міхаіл Ханіят, Нікіта Ханіят, Нікалай Месарыт. Вял. значэнне набыла выкрывальная л-ра (ананімныя «Філапатрыс» і «Тымарыён»). Узнікаюць новыя формы арганізацыі літ. творчасці — літ. гурткі, якія аб’ядноўваюцца вакол уплывовага мецэната. Познавізант. л-ру вызначае кампілятыўнасць, у ёй пануе багаслоўская палеміка. Распад імперыі абумовіў з’яўленне ў л-ры трагічных матываў (пісьменнікі-гуманісты Пліфан, Мануіл Хрысалор, Вісарыён Нікейскі, Феодар Метахіт). Сярод фалькл. помнікаў «Радоскія любоўныя песні» і сатыр. творы «Апавяданне для дзяцей пра чатырохногіх», «Птушкалоў». Падзенне візант. сталіцы апісана ў паэт. «Манодыі на ўзяцце Канстанцінопаля» Іаана Яўгеніка.
Архітэктура. На архітэктуру Візантыі ранняга перыяду значна ўплывала культура Б. Усходу — М.Азіі, Сірыі, Палесціны. У часы Канстанціна пачалося масавае буд-вахрысц. храмаў. У 4—5 ст. склаліся 2 іх тыпы: базіліка і цэнтрычны купальны. У 5 ст. пабудаваны новыя крапасныя сцены, шматпавярховыя дамы ў Канстанцінопалі. У 6 ст. ў час росквіту візант. мастацтва пры Юстыніяне з’явіліся Вял. палац у Канстанцінопалі (каля 528), іпадром, аркі, тэрмы, акведукі. У купальнай базіліцы найб. паслядоўна адлюстраваліся характэрныя для 6 ст. тэндэнцыі да грандыёзнасці і велічнай святочнасці (Канстанцінопальскі Сафійскі сабор). Блізкія па асэнсаванні маст. вобраза і арганізацыі прасторы рысы ўвасобіліся ў архітэктуры царквы св. Ірыны ў Канстанцінопалі (530-я г.) — базілікі, перакрытай двума купаламі, размешчанымі па восі сярэдняга нефа. Развівалася буд-ва крыжова-купальных храмаў (царква св. Апосталаў у Канстанцінопалі). Важным цэнтрам тагачаснай архітэктуры была Равена — сталіца остгоцкай дзяржавы Тэадорыха; тут узведзены палац Тэадорыха, базіліка Сант-Апалінарэ Нуова, арыянскія цэрквы і баптыстэрыі, царква Сан-Вітале з багатым інтэр’ерам і сціплым вонкавым выглядам (547). Архітэктура 7 ст. вызначалася больш сціплымі памерамі і кампазіцыяй (царква Успення ў Нікеі). У перыяд найвышэйшага росквіту візант. мастацтва (9—12 ст.) канчаткова склаўся тып крыжова-купальнага храма: Неа («Новая») 5-купальная царква, пабудаваная Васіліем I у Канстанцінопалі (881); царква Мірэлеён (10 ст.) і інш. Пазней развіваліся варыянты гэтага тыпу. У класічным варыянце крыжова-купальнага храма купал узводзіўся пры дапамозе ветразяў на стаячых апорах: цэрквы манастыра Ліпса, Мірэлеён (10 ст.), манастыр Пантакратара (у 12 ст.) у Канстанцінопалі, царква Божай Маці ў Салоніках (1028) і інш. На тэр. Грэцыі быў пашыраны тып храма з купалам на тромпах (храм Каталікон у манастыры Хосіяс Лукас у Факідзе, 11 ст., і інш.). Царк. архітэктура 14—15 ст. у асноўным паўтарала старыя тыпы (цэрквы Фетые і Мала-Гюрані ў Канстанцінопалі, 14 ст.; царква Апосталаў у Салоніках, 1312—15). У Містры пабудаваны цэрквы з рысамі базілікі і крыжова-купальнага храма. У архітэктуры сярэднявечча выкарыстоўваліся некат. матывы італьян. дойлідства і свецкія рэнесансавыя тэндэнцыі (царква Панагіі Парыгарытысы ў Арце, каля 1295; палац Тэкфур-серай у Канстанцінопалі, 14 ст.; палац уладароў Містры, 13—15 ст., і інш.).
Выяўленчае мастацтва. Фарміравалася на аснове раннехрысц. і перадвізант. мастацтва 3—5 ст. Абсалютная перавага жывапісу над аб’ёмнай скульптурай стала характэрнай рысай мастацтва Візантыі. Арх.-пейзажны фон змяняецца абстрактна-ўрачыстым залатым; выявы становяцца плоскаснымі, прапорцыі і колеравы лад набываюць умоўны, сімвалічны характар. У шэрагу твораў заўважаліся жыццёвыя назіранні, рысы якіх увасобіліся ў мазаіках 4—6 ст.: цэрквы св. Георгія ў Салоніках (канец 4 ст.), Сан-Вітале ў Равене (каля 547), Панагіі Канакарыі на Кіпры (6 ст.). У перыяд іканаборства цэрквы ўпрыгожвалі хрысц. сімваламі і дэкар. размалёўкамі. У перыяд «македонскага рэнесансу» (9—10 ст.) завяршаецца фарміраванне іерархічнай сістэмы маст. афармлення храма: фрэскі, мазаікі, іканастас уключаліся ў цэласную кампазіцыю крыжова-купальнай пабудовы і адлюстроўвалі хрысц. мадэль сусвету (мазаікі ў саборы св. Сафіі ў Канстанцінопалі, 9—11 ст., царкве Успення ў Нікеі, 9 ст., абраз св. Панцеляймона, 10 ст.). У кніжнай мініяцюры назіраецца наследаванне ант. узорам («Парыжская псалтыр», 10 ст.). «Камнінаўскі» перыяд адметны развіццём правінцыяльных школ, яркім каларытам, віртуознасцю манеры, разнастайнасцю вобразаў: мазаікі ў манастырах Хосіяс Лукас у Факідзе, Неа Моні на в-ве Хіяс, Дафні каля Афін, саборы ў Тарчэла, фрэскі ў царкве Панагіі Кувелітысы ў Касторыі, у пячорных цэрквах Кападокіі (усе 11 — 12 ст.). Пра скульптуру 9—15 ст. даюць уяўленне рэльефныя абразы і дэкар. разьба. Развіваецца дэкар.-прыкладное мастацтва: шматколерная перагародчатая эмаль, ткацтва, вырабы з металу і слановай косці. Позні перыяд мастацтва Візантыі характарызуецца стылістычнай шматаблічнасцю правінцыйных школ, узмацненнем свецкага пачатку, адлюстраваннем гіст. і тагачасных падзей. Перыяд найвышэйшага яго ўздыму, т.зв. «палеалогаўскі рэнесанс», адметны захапленнем ант. традыцыямі, эмацыянальным багаццем вобразаў, увядзеннем элементаў пейзажу і архітэктуры ў жывапісныя кампазіцыі: мазаікі ў цэрквах манастыра Хора ў Канстанцінопалі, Апосталаў у Салоніках (пач. 14 ст.), фрэскі ў цэрквах Перыўлепта і Пантанаса ў Містры (2-я пал. 14 — 1-я пал. 15 ст.).
Музыка. Вытокі візант. музыкі ў перс., копцкай, яўр., арм. песеннасці, познагрэч. і рым. меласе. Яна аб’ядноўвала элементы сірыйскага, слав. і араб.муз. мастацтва. У літ. крыніцах ёсць звесткі пра вандроўных спевакоў-музыкантаў (гістрыёнаў, мімаў). Пры імператарскім двары гучала свецкая музыка — акламацыі (прывітальныя воклічы і вершаваныя ўслаўленні), харавыя поліхраніі (мнагалецці) і эўфеміі (святочныя акламацыі, часткі прыдворнай літургічнай службы); музыка інстр. ансамбляў (трубачоў, цымбалістаў), ігра на гідраўласе, пнеўматычным аргане. У натаваных помніках захавалася выключна культавая музыка, чыста вакальная і аднагалосая. Найб.стараж. віды культавых спеваў — літургічны рэчытатыў і псалмодыя. З 4 ст. пашырыліся трапары, якія паступова (6—7 ст.) выцеснілі псалмодыю. У 5—6 ст. пачаўся росквіт гімнатворчасці (Раман Салодкапевец). У 7—8 ст. узоры канона стваралі гімнографы Андрэй Крыцкі, Касма Маюмскі. Іаан Дамаскін, пазней Іосіф Гімнограф і інш. адыгралі вял. ролю ў фарміраванні актоіха, у якім гімны змяшаліся ў адпаведнасці з сістэмай асмагласся. З 9 ст. важнейшы цэнтр гімнатворчасці — Студыцкі манастыр у Канстанцінопалі, дзе служыў распеўшчык Феодар Студыт. З 10 ст. стаў пашыраным жанр стыхіры. Новы ўздым гімнічнага мастацтва ў 14—15 ст. звязаны з дзейнасцю Іаана Кукузеля ў Афонскім манастыры. Помнікі візант. музыкі захаваліся ў розных відах натацыі. У 8 ст. пачало складвацца неўменнае пісьмо (гл. ў арт.Нотнае пісьмо). Для пазначэння рытму, дынамікі і характару выканання існавалі хейранамічныя знакі (умоўная жэстыкуляцыя для кіравання хорам). Праблема расшыфроўкі ранневізант. натацыі поўнасцю не вырашана. Асн. прынцыпы сярэдне- і познавізант. натацыі ў 1920—30-я г. раскрылі Г.Тыльярд і Э.Велес. Візант. тэорыя музыкі была схаластычная, адарваная ад жывой практыкі, аўтары трактатаў абмяжоўваліся інтэрпрэтацыямі познаант. спадчыны.
Літ.:
Лев Диакон. История: Пер. с греч. М., 1988;
Михаил Пселл. Хронография: Пер. с греч. М., 1978;
Прокопий Кесарийский. Война с персами;
Война с вандалами;
Тайная история: Пер. с греч. М., 1993;
Комнина А. Алексиада: Пер. с греч М., 1965;
Советы и рассказы Кекавмена: Сочинение визант. полководца XI в.: Пер. с греч. М., 1972;
Робер де Клари. Завоевание Константинополя: Пер. с фр.М., 1986;
Памятники византийской литературы IV—IX вв. М., 1968;
Памятники византийской литературы IX—XIV вв. М., 1969;
Византийский временник. Т. 1—55. СПб.;
М., 1894—1994;
История Византии. Т. 1—З. М., 1967;
Курбатов Г.Л., Фролов Э. Д., Фроянов И.Я. Христианство: Античность. Византия. Древняя Русь. Л., 1988;
Культура Византии, IV — первая половина VII в. М., 1984;
Культура Византии, вторая половина VII—XII в. М., 1989;
Культура Византии, XIII — первая половина XV в. М., 1991;
Удальцова З.В. Византийская культура. М., 1988;
Липшиц Е.Э. Право и суд в Византии в IV—VIII вв. Л., 1976;
Яе ж. Законодательство и юриспруденция в Византии в IX—XI вв.: Ист.-юридич. этюды. Л., 1981;
Византийская литература. М., 1974;
Аверинцев С.С. Поэтика ранневизантийской литературы. М., 1977;
Лихачева В.Д. Искусство Византии IV—XV вв. 2 изд. Л., 1986;
Лазарев В.Н. История византийской живописи. [Кн. 1—2. 2 изд.]. М., 1986;
Банк А.В. Прикладное искусство Византии IX—XII вв.: Очерки. М., 1978;
Герцман Е.В. Византийское музыкознание. Л., 1988;
Bury J.B. A history of the later roman empire. London, 1989;
Runciman S. The Byzantine theocracy. London, 1980;
Dvornik F. Early Christian and Byzantine political philosophy. Vol. 1-2. Washington, 1967;
Да арт.Візантыя. Царква манастыра Хосіяс Лукас у Факідзе. 11 ст.Да арт.Візантыя. Царква Сан-Вітале ў Равене. Інтэр’ер. 526—547.Да арт.Візантыя. Інтэр’ер базілікі Сант-Апалінарэ Нуова ў Равене. 533— 549.
Да арт.Візантыя. Імператрыца Феадора з прыбліжанымі. Мазаіка царквы Сан-Вітале ў Равене. Фрагмент. Каля 547.Да арт.Візантыя. Давід, які іграе на ліры. Мініяцюра т.зв. «Парыжскай псалтыры». 1-я пал. 10 ст.Да арт.Візантыя. Царква Апосталаў у Салоніках. 1312—15.Да арт.Візантыя. Хрыстос. Мазаіка сабора св. Сафіі ў Канстанцінопалі. 13 ст.Да арт.Візантыя. Маці Божая Адзігітрыя. Мазаіка царквы манастыра Хора ў Канстанцінопалі. 14 ст.