англійскі жывапісец і паэт. Вучыўся ў Лондане ў рысавальнай школе Х.Сэса (з 1843), у АМ (з 1845), пазней у М.Браўна. Адзін з заснавальнікаў «Брацтва прэрафаэлітаў» (гл.Прэрафаэліты). Адвяргаў «вульгарны празаізм» у тагачасным мастацтве, шукаў тэмы і сюжэты ў мастацтве італьян. прымітываў і паэзіі італьян. сярэдневякоўя, Ранняга Адраджэння (асабліва ў Дантэ), сярэдневяковых легендах і хроніках, творах англ. рамантыкаў, надаваў вобразам адчувальна-пачуццёвы характар і містычную афарбоўку. Жывапісныя работы вызначаюцца парадаксальным спалучэннем інтэнсіўнасці пачуццяў гераінь (пісаў выключна жаночыя персанажы) і знешняй статычнасці, скаванасці поз і жэстаў; аб’яднаннем аб’ёмна выпісаных фігур з умоўным дэкар. фонам (часта ўзор з лісця і кветак); яркай паліхроміяй і тонкай лінеарнасцю кампазіцый, якія папярэднічалі стылю мадэрн: «Дзяцінства Марыі» (1849), «Дабравешчанне» (1850), «Беата Беатрыкс» (1863), «Каханая» (1865—66), «Сон Дантэ» (1870—71) і інш. Размаляваў хол Оксфардскага т-ва ў Лондане (1857), афармляў кнігі, рабіў эскізы вітражоў і пано (з У.Морысам). Літ. творам уласцівы жыццёвасць і пераканаўчасць вобразаў, пластычнасць мовы, дакладнасць метафар, нечаканасць асацыяцый і сакавітасць дэталей: зб-кі «Вершы» (1870), «Балады і санеты» (т. 1—2, 1881). Аўтар п’есы «Трагедыя караля», філас. паэмы «Цяжар Ніневіі» (1856) і інш., перакладаў.
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Антология новой английской поэзии. Л., 1937.