РО́КАТАЎ (Фёдар Сцяпанавіч [1735) (1736?),

с. Варанцова, цяпер у межах Масквы — 24.12.1808], рускі жывапісец. Акад. Пецярбургскай АМ (1765). З 1760 вучыўся ў Пецярбургскай АМ, з 1762 яе ад’юнкт. Адзін з першых у рас. мастацтве авалодаў прыёмамі зах.-еўрап. параднага партрэта («Кацярына II», 1763). У шэрагу ранніх партрэтаў, якім уласціва натуральнасць і непасрэднасць вобразаў, працягваў традыцыі рус. партрэтнага жывапісу 1-й пал. 18 ст. («І.​Л.​Галянішчаў-Кутузаў», 1762—64). З 1765 у Маскве. У 1760—70-я г. пісаў інтымныя партрэты, якія вызначаюцца прыглушанасцю агульнага настрою, унутр. адухоўленасцю вобраза, танальна-вытанчанымі адценнямі, няяркім, але інтэнсіўна-кантрастным асвятленнем: «І.​Г.​Арлоў» (1762—65), «В.​І.​Майкаў» (каля 1765), «А.​І.​Варанцоў» (канец 1760-х г.), «А.​П.​Струйская» (1772), «Невядомая ў ружовай сукенцы», «Невядомая ў трохвуголцы» (абодва 1770-я г.) і інш. У творах 1780-х г. паўзмрочнае асвятленне змянілася больш акрэсленымі колеравымі тонамі і мадэліроўкай аб’ёмаў: партрэты В.​Е.​Навасільцавай, В.​Н.​Сураўцавай, Е.​В.​Санці і інш. Позняя творчасць характарызуецца агульным для рас. мастацтва пераходам ад вытанчанасці ракако да яснасці і строгасці класіцызму.

Літ.:

Лапшина Н.П. Ф.​С.​Рокотов. 1959;

Сучков С.В. Ф.​С.​Рокотов. Л., 1976.

Л.​Ф.​Салавей.

Ф.Рокатаў. Партрэт А.​П.​Струйскай. 1772.

т. 13, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)