ГЕРАНЁНСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у канцы 15—18 ст. каля в. Геранёны Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны, верагодна, на мяжы 15—16 ст. Квадратны ў плане (27×27 м), з мураванымі цыліндрычнымі вежамі (дыям. 8 м) па вуглах. Быў абкружаны ровам і земляным валам (выш. 9—10 м, шыр. каля 15 м, даўж. па перыметры больш за 700 м). У канцы 16 ст. да паўд. сцяны замка прыбудаваны палац (у 1565 палац у Геранёнскі замак быў яшчэ драўляны). Паводле інвентара замка за 1765 палац 2-павярховы, на 12 акон, на 1-м паверсе знаходзіліся розныя службы, на 2-м — парадныя пакоі. Уезд у замак быў з У і трымаўся пад абстрэлам з верхняй часткі брамы і з прылеглых да яе гародняў. Справа ад брамы бастыёнападобны выступ фланкіраваў агнём мост і бліжэйшыя подступы да брамы. Такі элемент абароны — адзін з першых вядомых на Беларусі і датуецца пач. 16 ст. Дадатковай перашкодай на шляху да замка быў абнесены мураванай сцяной Геранёнскі Мікалаеўскі касцёл, які прымыкаў непасрэдна да абарончага рова перад брамай. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак разбураны рус. войскам, але, верагодна, хутка быў адноўлены. У 1708 у Геранёнскі замак з атрадам шведскага войска знаходзіўся польскі кароль Станіслаў Ляшчынскі. Пасля Паўн. вайны 1700—21 замак прыйшоў у заняпад. У сярэдзіне 19 ст. Н.​Орда замаляваў толькі руіны Геранёнскага замка выш. да 1-га паверха.

Літ.:

Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.

Геранёнскі замак. Рэканструкцыя па матэрыялах М.​Ткачова. Мастак Я.​Кулік.

т. 5, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ПРА́ВА,

кірунак у юрыспрудэнцыі і філасофіі права ў 1-й пал. 19 ст. (асабліва ў Германіі). Узнікла на мяжы 18—19 ст. Заснавальнік Г.Гуга. Найб. вядомыя яе прыхільнікі Ф.К.Савіньі і Г.Ф.Пухта. Філас.-прававыя погляды прадстаўнікоў школы сфарміраваліся ў ідэйна-тэарэт. барацьбе з дактрынай натуральнага права, асабліва з палажэннем пра неабходнасць карэннага пераўтварэння паліт. і дзярж. ладу ў адпаведнасці з «прыродай чалавека» і «патрабаваннямі розуму» шляхам прыняцця законаў. Выступленне супраць натуральна-прававой дактрыны надало ідэям гістарычнай школы права кансерватыўны кірунак, што выявілася ў абароне прыгнёту, манархічнай дзяржаўнасці, партыкулярызму феад. права, у адмове ад шэрагу прагрэсіўных на той час паліт. ідэй (тэорыя дагаворнага паходжання дзяржавы, ідэя падзелу ўлад, права народа на рэвалюцыю і інш.). Прадстаўнікі гістарычнай школы права прапаведавалі ўзаемасувязь права і аб’ектыўных працэсаў развіцця грамадскага жыцця, спантаннае, незалежнае ад чалавечай волі ўзнікненне юрыд. нормаў і інстытутаў, узаемадзеянне паміж правам і грамадскімі патрэбамі, што складаюцца стыхійна. Яны абгрунтавалі палажэнне аб тым, што пазітыўнае права не ёсць нешта знешняе адносна грамадства, а карэніцца ў ім самім і залежыць ад умоў грамадскага развіцця. Паводле Гуга, права (падобна мове) не ўносіцца ў грамадства заканадаўцам, а развіваецца самастойна праз стварэнне пэўных формаў сувязі паміж людзьмі. Савіньі бачыў у эвалюцыі права рух нар. духу, г.зн. плаўнае раскрыццё яго субстанцыі па аналогіі з развіццём жывога арганізма з зародка. Пухта сцвярджаў пра бессэнсоўнасць штучнага канструявання і навязвання людзям розных прававых сістэм, якія не прымаюцца грамадствам у выніку адарванасці ад яго асноў. Поглядам прадстаўнікоў гістарычнай школы права ўласціва і пэўная абсалютызацыя пачаткаў нац. самабытнасці, ролі нар. духу і інш.

В.​І.​Боўш.

т. 5, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГАР’Я́НЦ (Армен Багратавіч) (28.9.1918, г. Андыжан, Узбекістан — 24.3.1976),

бел. мастак т-ра. Засл. дз. маст. Беларусі (1955). Скончыў Ленінградскае маст.-пед. вучылішча (1939). Працаваў у т-рах Ташкента, Вільні і інш. З 1953 гал. мастак Дзярж. рус. драм. т-ра Беларусі, з 1962 гал. мастак Бел. т-ра імя Я.​Купалы. З 1958 выкладаў таксама ў Бел. тэатр.-маст. ін-це. Творчасці Грыгар’янца ўласцівы глыбокае разуменне жанравай асновы спектакля, выразнасць зрокавых вобразаў, арган. адзінства традыцыйнага і наватарскага. Сярод лепшых спектакляў: «Кароль Лір» У.​Шэкспіра (1953), «Аптымістычная трагедыя» У.​Вішнеўскага (1957), «Беспасажніца» А.​Астроўскага (1962) у Рус. т-ры; «Каварства і каханне» Ф.​Шылера (1953), «Салавей» З.​Бядулі (1956), «Забыты ўсімі» Назыма Хікмета (1958), «Чацвёрты» К.​Сіманава (1962), «Я, бабуся, Іліко і Іларыён» Н.​Думбадзе і Р.​Лордкіпанідзе (1965), «Людзі на балоце» паводле І.​Мележа (1966, з Б.​Герлаванам), «Трыбунал» А.​Макаёнка (1971), «У ноч зацьмення месяца» М.​Карыма (1972), «Забыць Герастрата!» Р.​Горына (1974), «Гульня з кошкай» І.​Эркеня (1976) у т-ры імя Я.​Купалы; «Багема» Дж.​Пучыні і «Рыгалета» Дж.​Вердзі (1968) у Дзярж. т-ры оперы і балета. Маст. і рэж. спектакляў «Матухна Кураж і яе дзеці» Б.​Брэхта (1962, Рус. т-р) і «Цудоўная дудка» В.​Вольскага (1968, Бел. рэсп. т-р юнага гледача). Мастак кінафільмаў «Палеская легенда» (1957), «Чырвонае лісце» (1958, абодва з У.​Белавусавым) і інш.

П.​А.​Карнач.

А.Грыгар’янц. Эскізы касцюмаў да спектакля «Матухна Кураж і яе дзеці» Б.​Брэхта.
А.Грыгар’янц. Эскіз дэкарацый да спектакля «Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча.

т. 5, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫД-ГАРАДО́К,

горад у Столінскім р-не Брэсцкай вобл., прыстань на р. Гарынь. За 35 км ад г. Столін, 280 км ад г. Брэст, 41 км ад чыг. ст. Гарынь на лініі Лунінец — Сарны. 7,2 тыс. ж. (1997).

Паводле археал. звестак, Давыд-Гарадок узнік у пач. 12 ст. У летапісах упамінаецца з 14 ст. У 14—18 ст. існаваў Давыд-Гарадоцкі замак. У канцы 14—16 ст. цэнтр Давыд-Гарадоцкага княства. З 1522 належаў каралеве Боне, з 1558 — Радзівілам. З 1579 цэнтр ардынацыі, з 1586 уваходзіў у Клецкую ардынацыю. Гараджане ўдзельнічалі ў Давыд-Гарадоцкім паўстанні 1648—50. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 спалены, прыйшоў у заняпад. З 1793 у Рас. імперыі, у 1795—96 цэнтр Давыд-Гарадоцкага павета, меў герб; з 1796 мястэчка Мазырскага пав. Мінскай губ. У 1897 — 7815 ж. З 1921 у Польшчы, мястэчка ў Столінскім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, 11,7 тыс. ж. З 1940 горад, цэнтр Давыд-Гарадоцкага раёна Пінскай (з 1954 — Брэсцкай) вобл. З 7.7.1941 да 9.7.1944 акупіраваны ням-фаш. войскамі, якія загубілі ў горадзе 402 чал. У кастр. 1943 партызаны разграмілі ням.-фаш. гарнізон (гл. Давыд-Гарадоцкія баі 1943). З 1961 у Столінскім р-не. У 1970 — 8,9 тыс. жыхароў.

Прадпрыемствы металаапр. (Давыд-Гарадоцкі электрамеханічны завод), харч. прам-сці. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква (2-я пал. 17 ст.). Археал. помнікі — гарадзішча (12—14 ст.), каля Давыд-Гарадка грунтавы могільнік (1—5 ст.), селішча жал. веку, эпохі Кіеўскай Русі і позняга сярэдневякоўя.

т. 5, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЕ́ЗНЫЯ РУДЫ,

прыродныя мінеральныя агрэгаты, якія маюць у сабе жалеза ў выгаднай для здабычы колькасці. Галоўныя рудныя мінералы: аксіды жалеза — магнетыт, гематыт, мартыт; гідрааксіды — гётыт і гідрагётыт; карбанаты — сідэрыт; сілікаты — шамазіт, цюрынгіт. Прамысл. Ж.р. маюць 16—72 % жалеза. У плаўку ідзе абагачаны да 60—70% канцэнтрат (гл. Абагачэнне карысных выкапняў, Агламерацыя). Карысныя прымесі: нікель, кобальт, марганец, вальфрам, малібдэн, хром, ванадый і інш. Шкодныя прымесі: сера, фосфар, цынк, свінец, мыш’як, медзь. У залежнасці ад паходжання вылучаюць Ж.р. эндагенныя (магматычныя, гідратэрмальныя, вулканагенна-асадкавыя і інш.), экзагенныя (асадкавыя пластавыя, радовішчаў выветрывання і інш.) і метамарфагенныя (жалезістыя кварцыты і інш.). Прамысл. тыпы класіфікуюць паводле пераважнага руднага мінералу (магнетытавыя, гематытавыя, сідэрытавыя і г.д.). Найб. запасы і аб’ёмы здабычы Ж.р. прыпадаюць на дакембрыйскія жалезістыя кварцыты, менш пашыраны асадкавыя буражалезняковыя, а таксама скарнавыя, гідратэрмальныя і карбанатытавыя магнетытавыя руды. Адрозніваюць Ж.р. багатыя (больш за 50% Fe) і бедныя (менш за 25% Fe); бедныя падзяляюцца на лёгка- і цяжкаабагачальныя. Па агульных запасах Ж.р. краіны СНД займаюць 1-е месца ў свеце (больш за 100 млрд. т), на 2-м месцы Бразілія (34 млрд. т). Ж.р. выкарыстоўваюцца для выплаўкі чыгуну, сталі і ферасплаваў, невялікая колькасць — як прыродная фарба (вохра) ці як уцяжарвальнік свідравальных раствораў. На Беларусі ў зах. ч. выяўлены радовішчы Ж.р. у пародах крышт. фундаменту (г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл., г. Стоўбцы Мінскай вобл.), а таксама шэраг рудапраяўленняў. Ж.р. ў іх прадстаўлены жалезістымі кварцытамі (Аколаўскае радовішча жалезных руд, Рубяжэвіцкае рудапраяўленне), ільменітмагнетытавымі рудамі (Навасёлкаўскае радовішча і інш.) і магнетытавымі метасаматытамі.

Літ.:

Геология и полезные ископаемые кристаллического фундамента и нижней части платформенного чехла Беларуси. Мн., 1996.

У.​Я.​Бардон.

т. 6, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАЗЫ́ЧАННІ ў мове,

лексічныя, марфалагічныя, фанетычныя і інш. сродкі пэўнай мовы, што перайшлі з інш. моў у выніку моўнага ўзаемадзеяння. Абумоўлены сац.-эканам., дзярж.-паліт. і культ. зносінамі паміж народамі. Пранікаюць непасрэдна з моў-крыніц і праз пасрэдніцтва інш. моў вусным (размоўныя кантакты) і пісьмовым (кнігі, афіц. дакументы, перапіска) шляхам. Найб. актыўна праяўляюцца ў галіне слоўнікавага складу. Падпарадкоўваюцца законам фанетыкі, граматыкі, правілам словаўтварэння і семантычнай сістэмы мовы-рэцэптара. Паводле ступені асіміляцыі падзяляюцца на цалкам асвоеныя (словы, у фанетыка-марфал. афармленні і семантыцы якіх не застаецца нічога, што паказвала б на іх іншамоўнае паходжанне: бел. «блакітны», «булка», «дзірван», «салата», «школа» і інш.) і часткова асвоеныя (экзатызмы). Асобны разрад З. складаюць варварызмы, якія ў адрозненне ад экзатызмаў амаль заўсёды знаходзяцца па-за літ. мовай і не адлюстроўваюцца ў слоўніках.

У 14—18 ст. у бел. мову трапілі многія паланізмы («відэлец», «маёнтак») і пераважна праз польск. пасрэдніцтва — германізмы («дах», «ланцуг») і лацінізмы («градус», «апарат»). Ад старажытнасці бел. мове вядомы літуанізмы («клуня», «свіран»), цюркізмы («аркан», «торба»), грэцызмы («астраномія», «эпіграма»), чэшскія («праца», «мешчанін»), франц. («марш», «тарыф»), італьян. («канцэрт», «лютня») і інш. З. У наш час іншамоўная лексіка трапляе ў бел. ў асноўным праз рус. мову. Значную частку слоўнікавага складу бел. мовы ўтвараюць інтэрнацыяналізмы. У сваю чаргу бел. мова таксама паўплывала на суседнія: польскую (krynica — крыніца), літоўскую (kroupa — «крупы») і інш. У меншай ступені З. характэрны для граматыкі і фанетыкі. Асаблівая інтэнсіфікацыя З. назіраецца пры двухмоўі.

Літ.:

Булыка А.М. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII стст. Мн., 1980.

А.​М.​Булыка.

т. 6, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

З’Е́ЗДЫ КПСС,

вярхоўны орган Камуністычнай партыі Савецкага Саюза. У адпаведнасці з Канстытуцыяй СССР 1977 КПСС адводзілася роля кіруючай сілы сав. грамадства, ядра яго паліт. сістэмы, дзярж. і грамадскіх арг-цый. Паводле Статута КПСС з’езды склікаліся не радзей аднаго разу ў 5 гадоў, нечарговыя — па ініцыятыве ЦК або па патрабаванні не менш як ⅓ агульнай колькасці членаў партыі, прадстаўленых на апошнім з’ездзе. Дата з’езда і парадак апавяшчаліся не пазней як за паўтара месяца да з’езда, нечарговыя з’езды склікаліся ў двухмесячны тэрмін. З’езд заслухоўваў і зацвярджаў справаздачу ЦК, Цэнтр. рэвіз. камісіі (ЦРК) і інш. цэнтр. арг-цый, пераглядаў, зменьваў і зацвярджаў Праграму і Статут КПСС, вызначаў лінію партыі па пытаннях унутр. і знешняй палітыкі, разглядаў і вырашаў найважнейшыя пытанні парт. і дзярж. жыцця, выбіраў ЦК і ЦРК. Указ рас. Прэзідэнта ад 20.8.1991 аб дэпартызацыі ў РСФСР дзярж. устаноў нанёс удар па манаполіі КПСС. У жн. 1991 дзейнасць КПСС на тэр. Расіі прыпынена. Даты з’ездаў: 1-ы (1898, Мінск), 2-і (1903, Брусель—Лондан), 3-і (1905, Лондан), 4-ы (1906, Стакгольм), 5-ы (1907, Лондан), 6-ы (1912, Прага), 7-ы (1917, Петраград), 8-ы (1919; гэты і ўсе наступныя адбываліся ў Маскве), 9-ы (1920), 10-ы (1921), 11-ы (1922), 12-ы (1923), 13-ы (1924), 14-ы (1925), 15-ы (1927), 16-ы (1930), 17-ы (1934), 18-ы (1939), 19-ы (1952), 20-ы (1956), 21-ы (1959), 22-і (1961), 23-і (1966), 24-ы (1971), 25-ы (1976), 26-ы (1981), 27-ы (1986), 28-ы (1990).

т. 7, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯЛЁНАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА,

сістэма планавых мерапрыемстваў па стварэнні, зберажэнні і выкарыстанні зялёных насаджэнняў; састаўная ч. горадабудаўніцтва. Выконвае структурна-планіровачныя, сан.-гігіенічныя, рэкрэацыйныя, дэкар.-маст. функцыі.

Паводле прызначэння аб’екты З.б. падзяляюць на насаджэнні агульнага карыстання (паркі, сады, скверы, бульвары, пасадкі на вуліцах, плошчах і інш.) і абмежаванага карыстання (насаджэнні на тэр. школ, бальніц, дзіцячых садоў, дамоў адпачынку і санаторыяў, прамысл. прадпрыемстваў, сядзіб калгаснікаў, вакол вадаёмаў і інш.). Элементамі З.б. лічаць: масівы, групы, адзіночныя пасадкі, жывыя агароджы, газоны, кветкавае афармленне, алеі; да іх далучаюць таксама добраўпарадкаванне азялененых тэрыторый: дарожна-сцяжынкавыя сеткі, аб’екты паркавага дэкору (вазы, скульптуры, фантаны і інш.), быт. абслугоўвання (лаўкі, навесы, альтанкі, павільёны і інш.). Пры распрацоўцы праектаў садоў і паркаў улічваюць дынаміку росту дрэў, стан і афарбоўку іх крон у залежнасці ад пораў года. У сістэму зялёных насаджэнняў уваходзяць і загарадныя паркі (леса-, луга-, гідрапаркі, гіст., этнагр., мемарыяльныя) і зоны адпачынку. У комплексе З.б. асобна вылучаюць азеляненне, ландшафтную архітэктуру, садова-паркавае мастацтва.

На Беларусі ў З.б. выкарыстоўваюць прыёмы планіроўкі і забудовы жылых раёнаў у адзінстве з прыродным ландшафтам. З улікам патрабаванняў З.б. створаны паркі імя Я.​Купалы ў Мінску, культуры і адпачынку ў Брэсце, Гомелі, Магілёве, Бабруйску, Жлобіне, Оршы, парк «Юбілейны» ў Гродне, бульвары і інш. Плошча зялёных насаджэнняў у Мінску 3216,4 га, што складае 19 м² на 1 чал. (1997); работы па З.б. вядзе акц. прадпрыемства «Мінскзелянбуд».

Літ.:

Боговая И.О., Теодоронский В.С. Озеленение населенных мест. М., 1990;

Горохов В.А. Городское зеленое строительство. М., 1991.

Т.​П.​Вадап’янава.

Да арт. Зялёнае будаўніцтва. Цэнтральная плошча г. Маладзечна.

т. 7, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯНЬКЕ́ВІЧ (Рамуальд Сымонавіч) (1.2.1811, Завілейскі пав. Віленскай губ. — 11.9.1868),

бел. фалькларыст і этнограф, археолаг, педагог. Скончыў Віленскі ун-т (1830). Настаўнічаў у прыватных дамах, Росенскай пав. школе, у доме кн. Друцкіх-Любецкіх у Луніне на Піншчыне, дзе карыстаўся іх багатай б-кай. Даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру народа — запісваў песні, казкі, паданні, легенды, абрады і звычаі. У нарысе «Народныя песні, сабраныя на Піншчыне і перакладзеныя Р.​Зянькевічам» (1847) апублікаваў і класіфікаваў паводле нар. календара творы калядныя, вясновага і летняга цыклаў. У зб. «Народныя песні Піншчыны» (Коўна, 1851) змясціў 219 песень пераважна вясельных, калядных, купальскіх, жніўных і інш. Зрабіў апісанне некат. абрадаў (упершыню шырока абрад «Куста»), вераванняў, гульняў, а таксама некат. відаў вясковай працы. На агульнаслав. фоне даследаваў побыт, норавы, звычаі, фальклор, закранаў пытанне генезісу нар. песень у працы «Пра ўрочышчы і звычаі жыхароў Піншчыны, а таксама пра характар іх песень» (1852—53). У Ашмянскім пав. рабіў абмеры курганоў і гарадзішчаў, апісваў іх выгляд, прывёў мясц. назвы, нар. паданні пра іх у працы «Пра курганы і гарадзішчы Ашмянскага павета» (1848). Стварыў археал. карту Ашмянскага пав. Вывучаў Крэўскі замак, легенды пра яго. Пісаў вершы (зб. «Рыфмаваныя спробы», Вільня, 1856), даследаваў польскую л-ру, праблемы педагогікі. Паасобныя рукапісы З. ў аддзеле рукапісаў Б-кі АН Літвы ў Вільнюсе.

Літ.:

Каратынскі В. Рамуальд Зянькевіч // Творы. 2 выд. Мн., 1994;

Каханоўскі Г. Пінская барва ў славянскай вясёлцы // Мастацтва Беларусі. 1986. № 6;

Саламевіч І.У. Р.​С.​Зянькевіч // Полымя. 1968. № 9;

Каханоўскі Г.А., Малаш Л.А., Цвірка К.А. Беларуская фалькларыстыка: Эпоха феадалізму. Мн., 1989. С. 172—183.

У.​Саламевіч.

Р.С.Зянькевіч.

т. 7, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́ЎСКІ (Вацлаў Леанардавіч) (7.6.1880, б. фальварак Лябёдка Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. — 7.12.1943),

бел. паліт. і грамадскі дзеяч. Д-р тэхнал. н. (1909). Скончыў Пецярбургскі тэхнал. ін-т (1904). Да 1913 на навук. і выкладчыцкай рабоце ў Пецярбургу. У 1902 адзін з заснавальнікаў Бел. рэв. грамады, Беларускай сацыялістычнай грамады (у 1904—05 чл. яе ЦК). У 1903 узначаліў «Круг беларускай народнай прасветы і культуры». У 1906—14 кіраваў дзейнасцю бел. выд-ва «Загляне сонца і ў наша аконца», супрацоўнічаў з газ. «Наша доля» і «Наша ніва». У 1913—15 на грамадскай і выдавецкай працы ў Вільні. У сак.—вер. 1915 старшыня Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Удзельнік Усебел. з’езда 1917. У 1918 міністр асветы ва ўрадзе БНР. У 1919 заг. літ.-выдавецкага аддзела Мінскага губ. камісарыята асветы Літ.-Бел. ССР. З восені 1919 чл. Часовага бел. нац. к-та, чл. прэзідыума Цэнтр. бел. школьнай рады, выдавец час. «Рунь». З сак. 1920 рэктар Мінскага бел. пед. ін-та. З кастр. 1920 дырэктар дэпартамента гандлю ва ўрадзе Сярэдняй Літвы. Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1921 адышоў ад паліт. дзейнасці. У 1922—39 праф. Варшаўскага політэхн. ін-та. З восені 1939 выкладчык Віленскага ун-та. У Вял. Айч. вайну з 17.11.1941 бургамістр (старшыня) г. Мінска. Адначасова з 1942 чл. Гал. рады (у ліп.—ліст. 1943 часовы кіраўнік) Беларускай народнай самапомачы, у 1943 старшыня Беларускай рады даверу і нам. старшыні Беларускага навуковага таварыства. Паводле афіц. версіі, забіты сав. партызанамі.

Літ.:

Вацлаў Іваноўскі, 1880—1943. Мн., 1990;

Turonek J. Waclaw Iwanowski i odrodzenie Białorusi. Warszawa, 1992.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 7, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)