ЭСТРАГЕ́НЫ (ад новалац. oestros цечка + ...ген),
жаночыя палавыя гармоны. Сінтэзуюцца ў жан. і мужч. арганізме: яечніках, плацэнце, семянніках, семянных семявых* пузырках, кары наднырачнікаў, нырках, печані, тлушчавай тканцы. Асн. Э. — эстрадыёл (найб. актыўны), таксама яго вытворныя — эстрон і эстрыёл. Сакрэцыю Э. стымулюе фалікуластымулявальны гармон.
Паводле хім. будовы — стэроіды. Дзейнічаюць на рэцэптары ў клетках маткі, похвы, яечнікаў, малочных залоз, гіпофіза і інш., павялічваюць сінтэз нуклеінавых к-т, бялку. Удзельнічаюць у фарміраванні першасных і другасных палавых прыкмет, забяспечваюць рэпрадуктыўны працэс і інш. Колькасць Э. у крыві жанчын цыклічна мяняецца (дасягае максімуму перад авуляцыяй). У самак птушак Э. ўплываюць на форму і афарбоўку пер’я. Эстрагеннай актыўнасцю валодаюць некат. рэчывы расл. паходжання (фітаэстрагены), напр., флаваноіды. Атрыманы сінт. Э. нестэроіднай структуры — сінэстрол і інш. Увядзенне Э. кастрыраваным самкам жывёл выклікае цечку. У медыцыне выкарыстоўваюцца пры недахопе іх у арганізме (напр., слабасць родавай дзейнасці), для гармонатэрапіі раку прастаты, малочнай залозы.
І.М.Семяненя.
т. 18, кн. 1, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)