ШЧУ́КІН Барыс Васілевіч (17.4.1894, Масква — 7.10.1939),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1936). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1916), Аляксандраўскае ваен. вучылішча (1918). З 1920 у 3-й Студыі Маскоўскага Маст. акад. т-ра (з 1926 Т-р імя Я.​Вахтангава). Яго творчасці былі ўласцівы арганічнасць, пачуццё жыццёвай праўды, імправізацыйная свабода, спалучэнне прыёмаў буфанады і гратэску з глыбокім драматызмам. Этапнымі ў развіцці рас. тэатр. мастацтва сталі створаныя ім ролі: Ягор Булычоў («Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага), Кюрэ («Цуд святога Антонія» М.​Метэрлінка), Тарталья («Прынцэса Турандот» К.​Гоцы), Палоній («Гамлет» У.​Шэкспіра), Павел Суслаў («Вірынея» Л.​Сейфулінай і В.​Праўдухіна). Як адзін з рэжысёраў удзельнічаў у пастаноўцы п’ес «Тэмп» М.​Пагодзіна (1930), «Гамлет» Шэкспіра (1932), «Чалавечая камедыя» (паводле А. дэ Бальзака, 1934) і інш. Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1941.

Літ.:

Бачелис Т. Великий советский артист Б.​В.​Щукин. М., 1956;

Б.​В.​Щукин: Статьи. воспоминания, материалы. М., 1965.

Б.В.Шчукін.

т. 17, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)