тайная вайсковая арганізацыя. Створана ў кастр. 1914 у Варшаве. Дзейнічала пад кіраўніцтвам Ю.Пілсудскага ў Каралеўстве Польскім, Галіцыі, на Украіне, Беларусі і ў Расіі. Адной з мэт ПАВ было захаванне ўлады ў руках Пілсудскага. Паводле некат. звестак, у ПАВ існавала тайная «група белага арла», якая вызначала ўнутр. і знешнюю палітыку Польшчы. У кіраўніцтва ПАВ уваходзілі А.Коц, М.Касцялкоўскі, Б.Мядзінскі, А.Прыстар, Э.Рыдз-Сміглы і інш., якія адначасова з’яўляліся членамі масонскай Вял.нац. ложы Польшчы. У 1930-я — пач. 1940-х г. у СССР органы АДПУ—НКУС фабрыкавалі групавыя справы ПАВ, па якіх былі арыштаваны і засуджаны ў асн. беларусы і палякі. Першая ў БССР справа ПАВ прыдумана ДПУ у 1933. Па ёй у лют. 1934 асуджана 55 чал. на 3—10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. У жн. 1937 у краіне пачалася шырокамаштабная аперацыя «па ліквідацыі польскай агентуры». Да вер. 1938 органамі НКУС арыштавана 21 407 «удзельнікаў ПАВ і паўстанцкіх арг-цый, польскіх шпіёнаў і дыверсантаў», з іх 10 120 беларусаў і 9196 палякаў. У 1937—39 па справах ПАВ прайшла большасць кіраўнікоў Кампартыі Польшчы і КПЗБ, выкліканых у СССР, і былых палітвязняў Польшчы, якія па абмене пераехалі ў Сав. Саюз, а таксама дзярж. дзеячаў, парт., сав., камсам. і прафс. работнікаў польскага паходжання. Фабрыкацыя спраў ПАВ была выкарыстана НКУС і для рэпрэсій палітычных у Зах. Беларусі пасля ўз’яднання яе зБССР у вер. 1939. Сярод арыштаваных і асуджаных па справах ПАВ была частка польскіх шпіёнаў, дыверсантаў і членаў падп.узбр. фарміраванняў, якія вялі антыдзярж. работу супраць сав. ладу. У 1950—90-я г. ўсе беспадстаўна рэпрэсіраваныя па справах ПАВ рэабілітаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫН,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл., на р. Мухавец, у сутоку яе з Дняпроўска-Бугскім каналам. За 46 км ад Брэста. Чыг. станцыя на лініі Брэст—Гомель. Вузел аўтадарог на Мінск, Брэст, Пінск, Ковель, Маларыту. 51,9 тыс.ж. (1998).
Паводле падання, засн. ў 11—12 ст. нашчадкамі кіеўскага кн. Ізяслава. Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1287 як уласнасць кн. Уладзіміра Васількавіча. З 1-й пал. 14 ст. ў ВКЛ. З 1366 уладанне вял.кн. Альгерда і яго нашчадкаў, з 1532 — каралевы Боны Сфорца, Ганны Ягелонкі, Канстанцыі Аўстрыйскай, у канцы 18 ст. — А.В.Суворава. У 14 ст. пабудаваны Кобрынскія замкі. З 1404 цэнтр Кобрынскага княства, з 1519 — староства, у 1520—66 і 1791—1840 — Кобрынскага павета. З 1566 у Брэсцкім ваяв. У 16—18 ст. цэнтр Кобрынскай эканоміі. У 1589—1766 меў магдэбургскае права, герб — шчыт з выявамі св. Ганны і Маці Божай з дзіцем. У сярэдзіне 17 ст. ў К. каля 1700 ж., каля 500 дамоў. Горад моцна пацярпеў у час войнаў сярэдзіны 17 — пач. 18 ст.З 1795 у Рас. імперыі, павятовы горад Слонімскай, з 1797 Літоўскай, з 1801 Гродзенскай губ. У канцы 18 — пач. 19 ст. ў К. ратуша, Спаскі манастыр, Прачысценская, Мікалаеўская і Петрапаўлаўская цэрквы, драўляныя касцёлы. У вайну 1812 тут адбыўся Кобрынскі бой 1812. У 1882 праз К. пракладзена Палеская чыгунка. У 1897 у горадзе 10 355 ж У 1921—39 у Польшчы, цэнтр павета Палескага ваяв., дзейнічаў павятовы к-тКПЗБ, адбыліся дэманстрацыі ў 1931, 1936. Звер. 1939 у Брэсцкай вобл.БССР, з 1940 цэнтр Кобрынскага раёна. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. каля 6900 чал. У горадзе і раёне дзейнічала падполле, партыз. брыгады і атрады. Вызвалены ў ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944. З 7.3.1963 горад абл. падпарадкавання. У 1970—24,9 тыс. ж.
Прадпрыемствы металаапр. (Кобрынскі інструментальны завод «Сітама», рамонтны з-д), лёгкай (прадзільна-ткацкая і швейная ф-кі, ільнозавод), харч. (масласырзавод, Кобрынскі кансервавы завод, птушкафабрыка, хлебазавод), камбінат буд. матэрыялаў, мэблевая ф-ка, друкарня. Кобрынскі ваенна-гістарычны музей. Брацкія магілы сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму. Помнікі: А.В.Сувораву, перамогі 1812, Вызвалення, партызанам, што загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Кобрынскі парк, Дняпроўска-Бугскі канал, Кобрынскі Спаскі манастыр (1497), Кобрынская Мікалаеўская царква (1750), касцёл (1843), Кобрынскі сабор Аляксандра Неўскага (1868), будынак б. сінагогі (2-я пал. 19 ст.), паштовая станцыя (1846), Петрапаўлаўская царква (пач. 20 ст.).
Княства Андора (каталанскае Principat d’Andorra, ісп. Principado de’Andorra, франц. Principauté d’Andorre), дзяржава на ПдЗ Еўропы ва ўсх. Пірэнеях паміж Іспаніяй і Францыяй. Пл. 465 км², нас. 64 тыс. чад. (1993). Сталіца — г.Андорала-Вела. Афіц. мова каталанская, выкарыстоўваецца таксама ісп. і французская. Насельніцтва: іспанцы (61%), андорцы (30%), французы (6%) і інш. Большасць вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 137 чал. на 1 км². У адм.-тэр. адносінах Андора падзяляецца на 7 абшчын. Афіцыйна Андора — суверэннае парламенцкае княства, фактычна — рэспубліка. Заканадаўчы орган — аднапалатны Ген. савет, які выбіраецца ўсеаг. прамым галасаваннем на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Выканаўчы савет (урад) з 5 міністраў. Узбр. сіл не мае. Існуюць невял. паліцэйскія фарміраванні для аховы грамадскага парадку.
Прырода. Размешчана на паўд. схілах Пірэнеяў у даліне р. Валіра і яе прытокаў (бас.р. Эбра), акружанай гарамі выш. 800—2942 м. Шмат азёраў ледавіковага паходжання. Сярэднія т-ры студз. ў гарах -15 °C, у даліне Валіры і на Пд Андоры -2 °C, ліп. — да 20 °C, ападкаў 1000—2000 мм за год. Частыя засухі. Па схілах гор шыракалістыя (дуб, граб, бук, каштан; займаюць 30% тэр.) і ялова-піхтавыя лясы, вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. Карысныя выкапні: свінцовыя, жал. і сярэбраныя руды, шыферныя сланцы, каштоўныя і вырабныя камяні, ёсць мінер. воды.
Гісторыя. Першае ўпамінанне ў крыніцах адносіцца да 805. У сярэднія вякі тэр. Андоры — феад. ўладанне ў асн. графаў дэ Фуа і епіскапаў Урхельскіх; паводле пагаднення 1278 іх сумесны сюзерэнат. Пазней правы графаў дэ Фуа перайшлі да франц. каралёў. З 1419 дзейнічае Ген. савет — найстарэйшы (пасля ісландскага) парламент у Еўропе. У 1866 уведзена канстытуцыя, з 1867 улада епіскапа абмежавана. У жыцці і звычаях народа Андоры захоўваюцца перажыткі дафеад. і феад. адносін (абшчынная ўласнасць на зямлю, звычаёвае права і інш.). У 1933 уведзена ўсеагульнае выбарчае права для мужчын, у 1970 — і для жанчын. У 1981 падпісаны дэкрэт аб «рэформе інстытутаў» (раздзяленні ўлады), якім прадугледжана акрамя Ген. савета стварэнне Выканаўчага савета. Пасля парламенцкіх выбараў у 1992 Ген. савет і ўрад узначаліў лідэр рэфармістаў О.Рыба-Рэйг. На рэферэндуме ў сак. 1993 прынята новая канстытуцыя. 2.6.1993 падпісаны дагаворы аб добрасуседстве, дружбе і супрацоўніцтве з Францыяй і Іспаніяй, якія першыя прызналі суверэнітэт Андоры. Да гэтага моманту, знаходзячыся пад двайным пратэктаратам Францыі і епіскапа Урхельскага, Андора плаціла ім абодвум сімвалічную даніну грашамі і натурай. Паліт. партыі: Саюз і прагрэс, Дэмакр. саюз і інш.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — абслугоўванне турыстаў (больш за 10 млн.чал. штогод, 250 атэляў). Развіты лячэбна-аздараўленчы і горны турызм (асабліва лыжны). Бальнеалагічны цэнтр Андоры — г. Лес-Эскальдэс. Валавы ўнутр. прадукт — 760 млн.дол. (1992). Прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. тытунёвай), лёгкай прам-сці. ГЭС магутнасцю 26,5 МВт. Развіты саматужныя і дапаможныя промыслы — выраб сувеніраў, вытв-сць драўнянага вугалю, лесанарыхтоўкі. У сельскай гаспадарцы спалучаюцца пашавая жывёлагадоўля і земляробства. Разводзяць авечак (больш за 25 тыс. галоў). Падс.-г. культурамі 4% тэр. краіны. Вырошчваюць ячмень, жыта, кукурузу, бульбу, агародніну, тытунь (20% пасяўной пл.), вінаград, аліўкавыя дрэвы. Транспарт аўтамабільны, аўтамагістралі злучаюць Андору з Іспаніяй і Францыяй. Экспарт: электраэнергія, свінцовая руда, воўна, аўчыны, тытунь, соль, керамічныя вырабы, драўняны вугаль. Імпарт: прамысл. і харч. тавары. Гал. знешнегандлёвыя партнёры — Францыя, Іспанія і Вялікабрытанія. Андора — міжнар. фінансавы цэнтр. Грашовыя адзінкі — франц. франк і ісп. песета.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НКА (Міхаіл Іванавіч) (1.6.1804, с. Наваспаскае Смаленскай вобл. — 15.2.1857),
рускі кампазітар. Заснавальнік рус.муз. класікі. Паходзіў са стараж.бел. шляхецкага роду герба «Тшаска». Музыцы вучыўся ў Дж.Філда і Ш.Маера, але ў асн. авалодаў тэхнікай кампазіцыі і інструментоўкі самастойна. У 1820-я г. вядомы як піяніст і спявак. Да таго ж часу адносяцца і яго першыя творы (камерна-інстр., аркестравыя, фп., вакальныя). У 1830—34 удасканальваў муз. адукацыю ў Італіі і Германіі (у Берліне займаўся ў тэарэтыка З.Дэна), дзе знаёміўся змуз. жыццём буйнейшых еўрап. гарадоў, вывучаў мастацтва бельканта. Сталы перыяд яго творчасці адкрывае опера «Жыццё за цара» (1836, пазней ставілася пад назвай «Іван Сусанін»), дзе ён выступіў як наватар у галіне муз. драматургіі: упершыню ў рус. музыцы ўвасобіў метад цэласнага сімф. развіцця опернай формы, поўнасцю адмовіўся ад размоўных дыялогаў. Ідэя патрыятызму ўвасоблена ў паслядоўным муз.-драматург. развіцці, заснаваным на крышталізацыі і разгортванні тэмы заключнага хору «Слаўся» — велічнага нар. гімна. У 1837—39 служыў капельмайстрам Прыдворнай пеўчай капэлы ў Пецярбургу. У канцы 1830 — пач. 1840-х г. створаны «Вальс-фантазія» (1839 для фп., арк.рэд. 1845 і 1856), музыка да трагедыі Н.Кукальніка «Князь Холмскі» (1840), найлепшыя рамансы «Начны зефір», «У крыві гарыць агонь жадання», «Я помню дзіўнае імгненне» на вершы А.Пушкіна, у якіх дасягнуў поўнай гармоніі музыкі і тэксту; элегія «Сумненне» і вак. цыкл «Развітанне з Пецярбургам» на словы Кукальніка. Першы ўзор рус. нар.-эпічнай оперы — «Руслан і Людміла» паводле Пушкіна (паст. 1842), у якой Глінка заснаваў драматургію на чаргаванні казачна-маляўнічых эпізодаў-карцін, прасякнутых сімф. развіццём. У оперы арганічна спалучаюцца фантаст. і рэальныя вобразы, рус.нар. песеннасць і мелодыка народаў Усходу. У 1844 жыў у Парыжы, у 1845—47 — у Іспаніі. Пад уражаннем паездкі стварыў «іспанскія уверцюры» — «Арагонская хота» (1845) і «Ноч у Мадрыдзе» (1848), дзе выкарыстаў свае запісы ісп.нар. песень і танцаў і зрабіў пачатак распрацоўкі ісп. фальклору ў еўрап. музыцы. У 1848 напісаў найб. значны сімф. твор «Камарынскую», у якой раскрыў спецыфічныя асаблівасці нац.муз. мыслення, сінтэзаваў багацце нар. музыкі і высокае прафес. майстэрства. З 1852 жыў у Расіі і за мяжой, займаўся літ. дзейнасцю, вывучаў стараж.муз. лады. Памёр у Берліне. Творчасць Глінкі дала магутны імпульс развіццю рус.муз. культуры, зрабіла вял. ўплыў на фарміраванне розных нац. кампазітарскіх школ. З 1960 праводзіцца конкурс вакалістаў імя Глінкі. Выдадзены поўны збор яго муз. твораў у 18 тамах (1955—69). У Беларусі ставіліся опера «Іван Сусанін» (1891, 1954, 1984), фрагменты «Руслана і Людмілы» (1887), выконваюцца яго сімф. і камерныя творы.
Літ. тв.: Литературное наследие. Т. 1. Автобиографические и творческие материалы; Т. 2. Письма и документы. Л.; М., 1952—53; Полн. собр. соч.: Лит. произв. и переписка. Т. 1—22(б). М., 1973—77.
Літ.:
Асафьев Б. М.И.Глинка. Л., 1978;
Канн-Новикова Е. М.И.Глинка. Вып. 1—3. М.; Л., 1950—55;
Ливанова Т., Протопопов В. Глинка. Т. 1—2. М., 1955;
Одоевский В.Ф. Музыкально-литературное наследие. М., 1956;
Стасов В.В. Избранные статьи о М.И.Глинке. М., 1955;
Серов А.Н. Избранные статьи. Т. 1. М.; Л., 1950;
Ларош Г.А. Избранные статьи о Глинке. М., 1953;
Памяти Глинки, 1857—1957: Исслед. и материалы. М., 1958;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЁРСКІ РАЁН.
На ПнЗ Віцебскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,8 тыс.км². Нас. 33,3 тыс.чал. (1998), гарадскога 36%. Сярэдняя шчыльн. 19 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Міёры. Уключае г.Дзісна, 497 сельскіх населеных пунктаў, 11 сельсаветаў: Даўгінаўскі, Дварнасельскі, Завуццеўскі, Мікалаёўскі, Новапагосцкі, Павяцкі, Перабродскі, Туркоўскі, Узмёнскі, Чэраскі, Язненскі.
Большая ч.тэр. раёна размешчана ў межах плоскай Полацкай нізіны, паўн.-зах.ч. — на адгор’ях Браслаўскай грады. 80% тэрыторыі на выш. 120—140 м, найвыш. пункт 211 м (за 5 км на ПнЗ ад в. Пераброддзе). Агульны нахіл паверхні зПд на Пн да даліны р.Зах. Дзвіна. Карысныя выкапні: торф, сапрапелі, гліны і суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, пяскі. Сярэдняя т-растудз. -7,2 °C, ліп. 17,5 °C. Ападкаў 586 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Найб. рэкі: Зах. Дзвіна і яе прытокі Дзісна з Авутай, Волта, Мёрыца, Вята, Друйка. Шмат азёр. Найб.з іх: Абстэрна, Ельня, Набіста, Важа, Орцы, Вялікае Язна, Ілава, Мёрскае, Шчоўна, Чэрас. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя забалочаныя (49,9%), дзярнова-падзолістыя (34%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (9,2%). Пад лесам 26,5% тэр. раёна. Лясныя ўчасткі размеркаваны раўнамерна, пераважна з хвоі, елкі, бярозы, чорнай вольхі, трапляюцца асінавыя, шэраальховыя, дубовыя, ясянёвыя. Пад балотамі 16,6% тэр. раёна. Найб. балотныя масівы Ельня, Мох, Стрэчна, Буянава, Кіслаўскае 2-е. Заказнікі гідралагічныя рэсп. значэння — Ельня і Балота Мох, мясц. значэння — Жада (Стрэчна), Пожанькі, Жарсцвянка, Крупаўшчына, Ліпаўка. Помнікі прыроды: рэсп. значэння — Дуброва чыстая ў Язненскім лясніцтве; мясц. значэння — астравы Гарадзішча і Церанцейка, валун каля в. Кублішчына, крыніца «Святая вада» каля в. Вісяты.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 84,3 тыс.га, з іх асушаных 33,5 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 23 калгасы, 3 саўгасы, 40 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, збожжавая і зернебабовая гаспадарка, ільнаводства; вырошчваюць рапс, кармавыя буракі, бульбу. Прадпрыемствы харч. (мясныя, каўбасныя, малочныя вырабы, кансервы садавіна-агароднінныя, рыбныя і інш.), буд. матэрыялаў (цэгла), пачатковай апрацоўкі лёну (ільновалакно), камбікормавай, дрэваапр. (піламатэрыялы) прам-сці. Па тэр.. раёна праходзяць: чыгунка Друя—Варапаева; аўтадарогі Браслаў—Полацк, Верхнядзвінск—Шаркаўшчына, Дзісна—Лужкі, Дзісна—Германавічы; нафта- і нафтапрадуктаправод Полацк—Вентспілс (Латвія). Суднаходства па Зах. Дзвіне. У раёне 17 сярэдніх, 9 базавых, 9 пач. школ, школа-інтэрнат, вучэбна-вытворчы камбінат, 24 дашкольныя ўстановы, 35 дамоў культуры і клубаў, 42 б-кі, 4 бальніцы, амбулаторыя, 2 паліклінікі, 33 фельч.-ак. пункты, санаторый. Гіст.-этнагр. музей. Помнікі архітэктуры: царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Галомысла; сядзіба (1810—20-я г.) у в. Дзедзіна, царква (сярэдзіна 19 ст.) і касцёл (1-я пал. 20 ст.) у в. Ідолта, Мікалаеўская царква (канец 19 ст.) у в. Калінавая, сядзіба (19 — пач. 20 ст.) у в. Камянполле, Троіцкая царква (пач. 20 ст.) у в. Кублішчына, Троіцкая царква (1774) і сядзіба (2-я пал. 18 — пач. 19 ст.) у в. Лявонпаль, царква (пач. 20 ст.) у в. Ніўнікі, Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Новы Пагост, Пакроўская царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Сцефанполле, Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Узмёны, Крыжаўзвіжанская царква (1864—67) у в. Цвеціна, Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Чэрасы, Праабражэнская царква (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Язна. За 0,8 км ад в. Лявонпаль па дарозе на г. Верхнядзвінск, помнік гісторыі — мемарыяльная калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 — асн. закона Рэчы Паспалітай (канец 18 ст.). Выдаецца газ. «Сцяг працы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАШКОРТАСТА́Н, Рэспубліка Башкортастан, Башкірыя,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 143,6 тыс.км². Нас. 4048 тыс.чал. (1994), гарадскога 64%. Сярэдняя шчыльн. 28 чал. на 1 км². Жывуць башкіры, рускія, татары, чувашы, марыйцы, украінцы, мардва, удмурты і інш. Сталіца — г.Уфа. Найб. гарады: Стэрлітамак, Салават, Нафтакамск, Акцябрскі, Беларэцк, Ішымбай, Кумертау, Туймазы.
Прырода. Тэрыторыя Башкортастана займае ўсх. ўскраіну Усх.-Еўрапейскай раўніны, Перадуралле, горную паласу Паўд. Урала і ўзгоркава-раўнінную ч. Зауралля. На З рэльеф раўнінны, на ПдЗ Бугульмінска-Белебееўскае ўзвышша (выш. да 418 м), на Пд адгор’і Агульнага Сырта, на ПнУ Уфімскае плато (выш. да 632 м), паміж імі, на р. Белая, Ніжнябельская ўзгоркава-хвалістая раўніна. На У сістэма мерыдыянальных хрыбтоў Паўд. Урала (выш. да 1640 м, г. Ямантау); на Пд хрыбты зніжаюцца і пераходзяць у Зілаірскае плато. Пашыраны карст. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, вугаль, каменная соль; радовішчы жалеза, медзі, цынку, золата. Клімат кантынентальны, з умерана цёплым летам і суровай зімой. Сярэдняя т-растудз. ад -14 °C да -17 °C, ліп. 16—20 °C. Ападкаў 300—600 мм за год. Частыя сухавеі і пылавыя буры, зімой бураны. Гал. рака — Белая (1420 км, амаль уся ў межах Башкортастана) з прытокамі Нугуш, Сім, Уфа, Дзёма, на Пдр. Сакмара. Шмат дробных азёраў. Большая ч. раўніннай неўзаранай тэр.пад лесастэпавай і стэпавай кавыльна-разнатраўнай расліннасцю на чарназёмных глебах. Пад лясамі 40% тэрыторыі. На Пн Перадуралля — мяшаныя лясы на шэрых лясных і дзярнова-падзолістых глебах. На Паўд. Урале рэзка праяўляецца вышынная пояснасць: пояс дубова-ліпавых лясоў змяняецца піхтава-яловым. Запаведнікі: Башкірскі, Шульган-Таш. Прыродны нац. парк.
Гісторыя. Паводле археал. звестак тэр. Башкортастана засялялася з часоў верхняга палеаліту. Першае апісанне башкіраў пакінуў араб. падарожнік Ібн Фадлан (921). У 10—13 ст.башк. плямёны качавалі ў Прыураллі ад Волгі да Табола; займаліся жывёлагадоўляй, паляваннем, рыбалоўствам, бортніцтвам; адбываўся пераход ад радавых да феад. адносін. У 13 ст. землі башкіраў заваявалі мангола-татары і ўключылі ў Залатую Арду. З 2-й пал. 15 ст. Башкортастан стаў васалам Нагайскай Арды, Казанскага і Сібірскага ханстваў. Пасля разгрому Казанскага ханства большасць насельніцтва Башкортастана прыняла рас. падданства (1557), захаваўшы сваю рэлігію — іслам. Феад.-калан. прыгнёт, захоп башк. земляў рус. памешчыкамі і заводчыкамі выклікалі паўстанні (гл.Башкірскія паўстанні 17—18 ст.). На чале зСалаватам Юлаевым башкіры ўдзельнічалі ў Сялянскай вайне 1773—75пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова. З 18 ст. ў Башкортастане развіваецца горназаводская прам-сць. У 1798 рас. ўрад абвясціў башкіраў ваен. саслоўем, у 1863 прыраўняў іх у правах да сельскіх жыхароў. Пасля сял. рэформы 1861 у Башкортастане хуткімі тэмпамі развіваўся капіталізм. Буйным гандл.-адм. цэнтрам стаў г. Уфа. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у шэрагу гарадоў Башкортастана створаны Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Адначасова ў г. Уфа ў крас. 1917 на мусульм. з’ездзе башкіраў і татараў створаны Нац. савет. Летам 1917 нац. рух, які разгарнуўся пераважна на ўсходзе, узначаліў Башк.абл. савет. У снеж. 1917 у Арэнбургу, захопленым казацкімі войскамі А.І.Дутава, Башк. ўстаноўчы сход стварыў Башк.нац. ўрад на чале зЗ.Валідавым і М.Манатавым. 5.7.1918 Уфу захапілі белагвардзейцы (гл.Уфімская дырэкторыя) і стварылі башк. белае войска. Насельніцтва Башкортастана, незадаволенае рэжымам А.В.Калчака і яго заявамі пра ліквідацыю башк. аўтаноміі, павярнула на бок сав. улады. 20.3.1919 утворана Башкірская АССР са сталіцай у Стэрлітамаку (т.зв. Малая Башкірыя), падпісана Пагадненне Рас. рабоча-сял ўрада зБашк. урадам аб сав. аўтаноміі. Апазіцыйна настроеныя нац. сілы разглядалі гэта як тактычны ход і спрабавалі ізаляваць Башкортастан ад РСФСР. У 1922 да рэспублікі далучана б. Уфімская губ. (Вялікая Башкірыя), сталіца перанесена ў г. Уфа.
11.10.1990 абвешчана Рэспубліка Башкортастан у складзе Рас. Федэрацыі. 31.3.1992 Башкортастан разам зінш. рэспублікамі падпісаў дагавор аб федэрацыі з Расіяй, а з 1993 узяў пад кантроль эканам. і паліт. жыццё як незалежная рэспубліка.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: нафтаздабыўная, нафтаперапр., нафтахім. (вытв-сць гумава-тэхн. вырабаў, дубільных рэчываў, лакаў і фарбаў), машынабудаванне і металаапрацоўка (аўтасамазвалы, буд. машыны, машыны для ўнясення ў глебу ўгнаенняў, энерга- і трансп. машынабудаванне, станкабудаванне, вытв-сць горна-нафтавага абсталявання, эл.-тэхн. вырабаў). Развіты металургія чорных і каляровых металаў, хім. (сінт. каўчук, вытв-сць каталізатараў і каўстычнай соды), лясная і дрэваапр. (піламатэрыялы, запалкі, папера), лёгкая (гарбарна-абутковая, тэкст.), харч. (масларобная, спіртавая, цукр., вітамінная, плодаагароднінная) прам-сць. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы). Здабыча бурага вугалю, меднай руды, золата. Вырошчваюць збожжавыя (яравая пшаніца, жыта, авёс, ячмень, кукуруза). Пасевы тэхн. культур (цукр. буракі, сланечнік). Садаводства. Малочна-мясная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінні) і мяса-воўнавая авечкагадоўля. Птушкагадоўля. Пчалярства. Па тэрыторыі Башкортастана праходзяць чыг. магістралі Самара—Уфа—Чэлябінск, шэраг мерыдыянальных адгалінаванняў чыг. ліній (Магнітагорск—Беларэцк); аўтамаб. шаша Самара—Чэлябінск. Суднаходства па рэках Белая і Уфа. Сетка нафта- і газаправодаў: Туймазы—Уфа, Ішымбай—Уфа, Ішымбай—Орск, Туймазы—Салават і інш. Курорты Аксакава, Алкіна, Шафранава, Чэхава, Краснаусольскі, Янгантау і інш.
Культура. У 1992 у Башкортастане больш за 2,5 тыс. дашкольных дзіцячых устаноў (каля 250 тыс. дзяцей), больш за 3,2 тыс.агульнаадук. школ (больш за 588 тыс. вучняў); 72 сярэднія спец.навуч. ўстановы (каля 64 тыс. навучэнцаў); у 9 ВНУ больш за 53 тыс. студэнтаў. Навук. даследаванні вядуцца ў НДІ і інш.навук. установах.
Літаратура Башкортастана фарміравалася на аснове вуснай нар. творчасці (эпічныя паданні, гіст. і быт. песні, казкі, легенды) і цюрк. пісьмовых помнікаў Прыуралля і Паволжа. Да фальклору набліжаны вершы і песні першага башкірскага паэта Салавата Юлаева. У 1-й пал. 19 ст. паэзія мела пераважна рэліг. суфійскі характар (Т.Ялсыгул, Ш.Закі і інш.). Ідэямі асветніцтва прасякнута творчасць пісьменнікаў 2-й пал. 19 ст. М.Акмулы, М.Бікчурына, М.Умітбаева. Прынцыпы крытычнага рэалізму сцвярджаліся ў творах М.Гафуры, А.Тагірава, Д.Юлтыя, Ш.Бабіча і інш.Л-ра 1930-х г. развівалася па шляху сац. рэалізму (аповесці і раманы С.Агіша, Б.Бікбая, І.Насыры, Х.Даўлетшынай, А.Бікчэнтаева, Тагірава, З.Біішавай, вершы і паэмы Юлтыя, С.Кудаша, Р.Нігматы, М.Сюндзюкле, драмы А.Мірзагітава, І.Абдуліна). Паэзія Т.Арслана, М.Карыма, Х.Карыма, Н.Наджмі, проза Агіша, Кудаша і інш. прысвечаны падзеям Вял.Айч. вайны. У апошнія дзесяцігоддзі плённа развіваюцца дзіцячая літаратура, літаратуразнаўства, крытыка, драматургія (А.Кірэеў, Нігматы, Г.Рамазанаў, М.Карым, Наджмі, Мірзагітаў). Актывізацыі башкіра-бел. літ. сувязяў садзейнічаў 3-і пленум ССП СССР (10—16.2.1936), прысвечаны пытанням башкірскай і бел. л-р. Творы бел. л-ры перакладалі Сюндзюкле, Кудаш, Х.Карым, Г.Аміры, Нігматы, Х.Бікулаў, Рамазанаў і інш.
На тэр. Башкортастана ў Капавай пячоры (Шульганташ) выяўлены палеалітычныя наскальныя размалёўкі. У могільніках 1-га тыс. да нашай эры — 1-га тыс. нашай эры знойдзены кераміка, пацеркі, падвескі, металічныя спражкі з арнаментам і стылізаванымі выявамі жывёл. З пранікненнем ісламу тут пачалі будаваць маўзалеі (Кэшэнэ і Хусейн-хана, абодва 14 ст.), мячэці (с. Стара-Тушкірова, 17—18 ст.). У 16—18 ст. узніклі гарады Стэрлітамак, Белебей, Бірск, Уфа, у якіх з 19 ст. будаваліся драўляныя і мураваныя дамы ў стылі класіцызму, у канцы 19 — пач. 20 ст. — эклектычнага характару. У збудаваннях 1930—50-х г. выкарыстоўваліся элементы класіцыстычнай архітэктуры. З 1960-х г. забудова гарадоў вядзецца комплексна, будынкі сучаснага стылю, простых, лаканічных формаў. У традыц.нар. мастацтве башкіраў здаўна развіты ўзорыстае ткацтва (заслоны, сурвэткі, ручнікі, бязворсавыя дываны), вышыўка тамбурам (налобныя павязкі-«харусы», фіранкі-«шаршаў»), зеляны. У аплікацыях на суконным абутку, цісненнях па скуры, чаканцы і насечках па метале пераважаюць арнаменты, агульныя паводле паходжання зцюрк. і манг. народамі. Пашыраны драўляны посуд («коўш-іжаў») з разьбой і размалёўкай, з 19 ст. — арх. разьба. Першы башкірскі мастак К.Даўлеткільдзееў. Сярод жывапісцаў 1940—80-х г.З.Гаянаў, Б.Дамашнікаў, А.Бурзянцаў, А.Панцялееў, Р.Нурмухаметаў, А.Лутфулін, Ф.Кашчэеў, А.Сітдыкава; сярод скульптараў — Т.Нячаева, Б.Фузееў, Р.Фатыхаў; сярод графікаў — Р.Гумераў, В.Дзіянаў, Э.Саітаў. У 1920 у г. Уфа адкрыты Маст. музей (з 1954 імя М.Несцерава), у 1926 — маст. вучылішча (цяпер Уфімскае вучылішча мастацтваў). У 1933 засн. Саюз мастакоў, у 1938 — Саюз архітэктараў Башкортастана.
Сярод найб.стараж. жанраў башкірскага муз. фальклору эпічныя кубаіры (быліны) і баіты (сюжэтныя песні-казкі), вясельныя галашэнні (сенляу) і велічанні (цяляк), працяжныя (азанкюй) і кароткія (кыска-кюй) песні, такмакі (песні-танцы тыпу прыпевак). Пашырана меладычнае аднагалоссе, элементы шматгалосся пры гарлавых спевах — узляу. Нар.муз. інструменты — курай, кубыз, дамбра. Прафес. музыка развіваецца з 1920-х г. У 1940-я г.паст. першыя нац. оперы («Хакмар» М.Валеева, «Мэргэн» і «Ашказар» А.Эйхенвальда) і балет «Жураўліная песня» Л.Сцяпанава і З.Ісмагілава (1944). Уклад у развіццё сімф., камерна-інстр. і вак. жанраў зрабілі З. і Л.Ісмагілавы, Х.Ахметаў, Р.Муртазін, Н.Сабітаў, Х.Заімаў, Т.Карымаў, Р.Газізаў, Р.Хасанаў, Д.Хасаншын і інш. Працуюць (1995): Башк.т-р оперы і балета, філармонія, хар. капэла, Башк. ансамбль нар. танца, Ін-т мастацтваў, муз. вучылішча; Саюз кампазітараў (з 1940).
У 1919 у Башкортастане створаны першы прафес.тэатр. калектыў (цяпер Башкірскі акад.т-р драмы). Ставіліся нац.фалькл. і гіст.-рэв. п’есы, у 1920—30-я г. — творы рус. і зах.-еўрап. класікі, башк. драматургаў (М.Гафуры, Х.Ібрагімава, А.Тагірава, Д.Юлтыя). У гады Вял.Айч. вайны створаны спектаклі: «Вайна» К.Мэргэна, «На беразе Белай» Р.Нігматы, «Нашэсце» Л.Лявонава і інш. У 1950—80-я г. рэпертуар т-раў узбагаціўся п’есамі М.Карыма, Н.Наджмі, Н.Асанбаева, А.Атнабаева, Р.Ішмурата, А.Мірзагітава, І.Юмагулава і інш. аб мінулым і сучасным жыцці башк. народа. У Башкортастане 3 нац., 2 рус.драм. і лялечны т-ры.
Р.А.Жмойдзяк (прырода, гаспадарка).
Да арт.Башкортастан. А.Сітдыкава. Зброя Батыра. 1974.Да арт.Башкортастан. Зелян (жаночы расшыты халат). Пач. 20 ст.Да арт.Башкортастан. А.Лутфулін. Тры жанчыны. 1968.Да арт.Башкортастан. З.Гаянаў. Час уборкі. 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРШТЫ́Н (ням. Bernstein),
янтар, мінерал класа арган. злучэнняў, выкапнёвая акамянелая смала хвойных дрэў верхнемелавога—палеагенавага перыядаў. Аморфны вуглевадарод, каркасны палімер. Прыкладная хім. формула C10H16O4. Трапляецца ў выглядзе зерняў, жаўлакоў і пласцін памерам ад некалькіх мм да 50 см у папярочніку. Звонку мае шчыльную непразрыстую шэрую ці бурую скарынку прадуктаў акіслення. Колер жоўты і карычневы розных адценняў, аранжавы, малочна-белы, зеленаваты і інш. Празрысты або замутнены. Бляск шкляны або смалісты. Цв. 2—3. Крохкі. Шчыльн. каля г/см³. Дыэлектрык. Т-ра плаўлення 250—300 °C, лёгка згарае.
Частка бурштыну мае т.зв. інклюзы — уключэнні насякомых і раслінных рэшткаў (такія ўзоры высока цэняцца). Утвараецца ў працэсе фасілізацыі (акамянення) смалы ў выніку полікандэнсацыі смаляных кіслот і тэрпенаў і наступнага пераадкладання з пахаваннем у прыбярэжна-марскіх, лагунных і дэльтавых адкладах. Каштоўны ювелірна-вырабны камень. Для атрымання суцэльных масаў бурштынавая дробязь апрацоўваецца пад ціскам пры павышаных т-рах. Некандыцыйны бурштын — сыравіна для вытв-сці бурштынавых кіслот, масла, каніфолі, лакаў, фарбаў і інш.Асн. радовішчы па берагах Балтыйскага м. ў Расіі (Калінінградская вобл.), Германіі, Польшчы, а таксама ў Італіі, Бірме, Канадзе, ЗША, Мексіцы і інш.
У Беларусі вылучаюцца 3 перспектыўныя на бурштын раёны: Зах.-Беларускі, Мікашэвіцка-Жыткавіцкі і найб. перспектыўны Палескі (асабліва т.зв. Драгічынская плошча). Адклады на глыб. 15—80 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛТЫ́ЙСКІ ШЧЫ́Т, Фенаскандыя,
дадатная структура на ПнЗУсходне-Еўрапейскай платформы (кратона), у якой дакембрыйскія пароды крышт. фундамента выходзяць на паверхню Зямлі. Займае ПдУ Скандынаўскага п-ва, Кольскі п-аў і Карэлію. На ПнЗ абмежаваны ўтварэннямі каледонскай складкавасці Скандынавіі, якія насунуты на пароды шчыта, на ПнУ на іх развіта познакембрыйскае тэктанічнае покрыва (працяг Ціманскай сістэмы), на Пд і ПдУ фундамент апускаецца пад платформавы чахол Рускай пліты.
Складзены з моцна метамарфізаваных парод архею і пратэразою, прарваных шматлікімі інтрузіямі, у т. л. гранітаў (утвараюць вял. масівы). У пародах фундамента Балтфыйскага шчыта вылучаецца шэраг комплексаў, якія адпавядаюць дакембрыйскім этапам тэктагенезу: дасвекафена-карэльскі (узрост больш за 2,6—2,7 млрд. гадоў), свекафена-карэльскі (1,75 млрд. гадоў), гоцкі (1,75—1 млрд. гадоў, калі б.ч. тэрыторыі шчыта прайшла этап платформавага развіцця), дальсландскі (каля 1 млрд. гадоў) і байкальскі, калі складкавасць закранула крайні ПнУ. Апошняму платформаваму этапу развіцця Балтыйскага шчыта ўласцівы разломна-глыбавыя тэктанічныя рухі, каледонская інтрузіўная дзейнасць, узнікненне грабена Осла, Батнічнай і Беламорскай дэпрэсій, упадзін Ладажскага і Анежскага азёраў, глыбокая дэнудацыя. У антрапагенавы перыяд Балтыйскі шчыт — цэнтр неаднаразовага зледзянення Еўропы і далёкага ледавіковага разносу крышт. парод. У межах Балтыйскага шчыта буйныя радовішчы жалезных (Кіруна, Аленягорск, Каўдор) і медна-нікелевых рудаў (на Кольскім п-ве), апатытаў (Хібіны), нефеліну, слюдаў, рэдказямельных мінералаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРА́ЦЫЯ ВАЕ́ННАЯ,
сукупнасць узгодненых і ўзаемазвязаных па мэце, месцы і часе баявых дзеянняў войскаў аднаго або розных відаў паводле адзінай задумы і плана. Паводле маштабу бываюць стратэгічныя, франтавыя (флоту, акругі ППА, групы армій), армейскія (флатыліі, корпуса, эскадры); у залежнасці ад сіл і сродкаў — агульнавайсковыя (агульнафлоцкія), паветраныя, проціпаветраныя, паветрана-дэсантныя, сумесныя і самастойныя; па характары баявых дзеянняў — наступальныя і абарончыя.
Першыя элементы аперацыі ваеннай як формы вядзення баявых дзеянняў выявіліся ў войнах канца 18 — пач. 19 ст., калі значна павялічылася рухомасць войскаў, баявыя дзеянні сталі весціся на шырокіх франтах адначасова на некалькіх напрамках, на вял. глыбіню і ўзнікла неабходнасць больш аператыўнай каардынацыі гэтых дзеянняў. На тэр. Беларусі прыкметы аперацыі ваеннай выявіліся, напр., у дзеяннях рус. войскаў супраць франц. у 1812, калі цэнтр., паўд. і паўн. групоўкам была пастаўлена задача аб’яднацца на р. Бярэзіна з мэтай акружэння і разгрому рэшткаў арміі Напалеона I. Буйнейшыя аперацыі ваенныя 2-й сусв. вайны: дзеянні войскаў гітлераўскай Германіі супраць Польшчы (1939) і Францыі (1940); сав. войскаў у аперацыі пад Масквой, Сталінградам і на Курскай дузе, Беларускай, Берлінскай і інш.; саюзнікаў — Нармандская дэсантная аперацыя (1944) і інш.
На сучасным этапе характар аперацыі ваеннай змяніўся; павялічыліся глыбіня і шырыня наступлення і абароны, пабольшалі задачы і тэмпы наступлення, больш сціслым стаў час вядзення баявых дзеянняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРАЦО́ЎКА МЕТА́ЛАЎ ЦІ́СКАМ,
сукупнасць тэхнал. працэсаў, у выніку якіх адбываецца пластычная дэфармацыя загатовак без парушэння іх суцэльнасці пад уздзеяннем прыкладзеных вонкавых сіл. Асн. віды апрацоўкі металаў ціскам: пракатка, прасаванне, валачэнне, коўка, штампоўка, гібка; абсталяванне: пракатныя станы, прэсы, валачыльныя станы, молаты, гібачныя машыны.
Апрацоўваюць ціскам большасць металаў і сплаваў, за выключэннем крохкіх (напр., чыгуноў), пераважна ў гарачым стане (пры т-ры больш высокай, чым т-рарэкрышталізацыі). Пасля халоднай апрацоўкі (робіцца звычайна пры пакаёвай т-ры) пластычныя ўласцівасці металаў узнаўляюць адпалам. Часам выкарыстоўваюць і цёплую апрацоўку (пры прамежкавых т-рах). Апрацоўка металаў ціскам дае магчымасць павысіць трываласць, зменшыць шурпатасць паверхні (напр., абкаткай ролікамі) вырабаў, паменшыць расход металу, лягчэй механізуецца і аўтаматызуецца.
Тэорыя апрацоўкі металаў ціскам займаецца вызначэннем намаганняў, што абумоўліваюць пластычнае дэфармаванне; разлікам памераў і формаў загатовак; вывучае заканамернасці пластычнага цячэння металаў, уплыў апрацоўкі металаў ціскам на мех. і фіз. ўласцівасці металаў. Звязана з дасягненнямі фізікі металаў і пластычнасці тэорыі. Заснавана рус. вучоным Дз.К.Чарновым, развіта і выкладзена ў працах рус. і бел. Вучоных С.І.Губкіна, А.І.Цэлікава, А.П.Чакмарова, Г.М.Паўлава, В.П.Севярдэнкі, В.С.Смірнова, В.М.Чачына, А.В.Сцепаненкі і інш. На Беларусі работы ў галіне апрацоўкі металаў ціскам вядуцца ў Фіз.-тэхн. ін-це АН, Бел.політэхн. акадэміі і інш.