САВАНАРО́ЛА ((Savonarola) Джыралама) (21.9.1452, г. Ферара, Італія —23.5.1498),
фларэнційскі рэліг.-паліт. дзеяч, паэт. З 1475 чл. ордэна дамініканцаў, з 1479 прапаведаваў у гарадах Паўн. Італіі. З 1491 прыёр кляштара Сан-Марка ў Фларэнцыі, дзе аднавіў строгія нормы манаскага жыцця. Выкрываў тыранію Медычы, сац. кантрасты, асуджаў свецкі характар гуманіст. культуры, крытыкаваў палітыку і лад жыцця рымскіх пап, патрабаваў рэформ у каталіцкай царкве ў духу вяртання да апостальскага ідэалу. Пасля падзення тыраніі Медычы (1494) спрыяў усталяванню ў Фларэнцыі рэсп. ладу ў інтарэсах сярэдніх гарадскіх пластоў. Абапіраючыся на фанатычныя групы моладзі, урачыста спальваў прадметы раскошы і кнігі, якія супярэчылі хрысц. маралі. Дзейнасць С. выклікала канфлікт з папам Аляксандрам VI, які ў 1497 адлучыў С. ад царквы. У 1498 у час хваляванняў у Фларэнцыі С. схоплены, абвінавачаны ў ерасі і пакараны смерцю.
Літ.:
Херманн Х. Савонарола: Еретик из Сан-Марко: Пер. с нем. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКУАРЦЫ́НА ((Squarzina) Луіджы) (н. 18.2.1922, г. Ліворна, Італія),
італьянскі рэжысёр і драматург. Скончыў Нац. акадэмію драм. мастацтва ў Рыме (1946). У 1952 арганізаваў і ўзначаліў (сумесна з В.Гасманам) «Тэатр італьянскага мастацтва» ў Рыме, з 1962 кіраўнік (з І.К’езай) «Тэатра стабіле» ў Генуі, у 1977—84 — «Тэатра стабіле» ў Рыме. Паставіў спектаклі ў драм. і оперных т-рах («Ла Скала» ў Мілане, Рымскай оперы): «Гамлет» У.Шэкспіра (1952, сумесна з Гасманам), «Дачка Іорыо» Г. Д’Анунцыо (1957), «Федра» І.Піцэці (1959), «Фальстаф» Дж.Вердзі (1960), «Чалавек і звышчалавек» Б.Шоу і «Кожны па-свойму» Л.Пірандэла (1961), п’есы К.Гальдоні, Ф.Дастаеўскага і інш. Аўтар п’ес «Тры чвэрці месяца» (1953), «Сусветная выстаўка» (1955), «Дзяўчына з Раманьі» («Раманьёла», 1957), «Пяць дзён у порце» (1968, сумесна з В.Фаджы). «8 верасня» (1972, сумесна з Э. дэ Бернартам і Р.Дзанграндзі) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТА́НТА МІЖЗЕМНАМО́РСКАЯ,
палітычная групоўка Вялікабрытаніі, Аўстра-Венгрыі і Італіі супраць Расіі і Францыі. Аформлена ў 1887 двума сакрэтнымі пагадненнямі: 1-м — паміж Вялікабрытаніяй і Італіяй (12 лют.), Аўстра-Венгрыяй і Вялікабрытаніяй (24 сак.); 2-м — паміж Аўстра-Венгрыяй і Вялікабрытаніяй (12 снеж.), Вялікабрытаніяй і Італіяй (16 снеж.). 1-е пагадненне фармальна захоўвала статус-кво ў басейнах Міжземнага, Адрыятычнага, Чорнага, Эгейскага мораў і на ўзбярэжжы Паўн. Афрыкі, 2-е мела на мэце захаваць становішча, якое існавала на той час у М.Азіі, чарнаморскіх пралівах і ў Балгарыі (Вялікабрытанія імкнулася ўмацаваць свае пазіцыі ў Егіпце, Італія — у Трыпалітаніі і Кірэнаіцы, Аўстра-Венгрыя — на Балканах). Стварэнню Антанты Міжземнаморскай садзейнічаў канцлер Германіі Бісмарк, які разлічваў умацаваць становішча Аўстра-Венгрыі адносна Расіі, далучыць да Траістага саюза 1882 Вялікабрытанію і перашкодзіць збліжэнню Францыі і Італіі. У выніку ўзмацнення ў канцы 19 ст. англа-герм. саперніцтва і аўстра-італьян. супярэчнасцяў Антанта Міжхемнаморская страціла сваю сілу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУНЕЛЕ́СКІ, Брунелеска (Brunelleschi, Brunellesco) Філіпа (1377, г. Фларэнцыя, Італія — 15.4.1446), італьянскі архітэктар, скульптар і вучоны. Адзін з заснавальнікаў архітэктуры Адраджэння і стваральнікаў тэорыі перспектывы. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі. Сярод работ: грандыёзны 8-гранны купал сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ (1420—36), які стаў арх. дамінантай Фларэнцыі, першым буйным помнікам рэнесансавага дойлідства і дасягненнем інж. думкі ў Італіі; арачная лоджыя Выхавацельнага дома (1421—44), перакрытыя лёгкімі рабрыстымі купаламі і расчлянёныя ордэрам цэнтрычныя інтэр’еры Старой сакрысціі царквы Сан-Ларэнца (1422—28) і капэлы Пацы (з 1429), у якіх Брунелескі ўпершыню ўвасобіў у арх. вобразах маст. ўяўленні эпохі гуманізму; цэрквы Сан-Ларэнца (1422—46) і Санта-Спірыта (з 1444). Сваімі творамі зрабіў прыклад у вольным выкарыстанні ант.арх. формаў для вырашэння функцыян., ідэйных і канструкцыйна-буд. задач свайго часу.
Літ.:
Данилова И.Е. Брунеллески и Флоренция. М., 1991.
Ф.Брунелескі. Купал сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі. 1420—36.Ф.Брунелескі. Капэла Пацы ў Фларэнцыі. Інтэр’ер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРО́К’Ё (Verrocchio) Андрэя дэль [сапр.Чоні
(Cioni) Андрэады Мікеле ды Франчэска; 1435 ці 1436, г. Фларэнцыя, Італія — 7.10.1488], італьянскі скульптар, жывапісец і ювелір ранняга Адраджэння. Вучыўся ў ювеліра Верок’ё, чыё імя ўзяў сабе. Зазнаў уплыў Дэзідэрыо да Сетыньяна і А.Палаёла. Майстэрня Верок’ё ў Фларэнцыі была цэнтрам маст. жыцця. Адсюль выйшлі Леанарда да Вінчы, П.Перуджына і інш. Выканаў шэраг твораў па заказах сям’і Медычы (надмагілле Джавані і П’ера Медычы, 1472; статуя Давід, 1473—75; «Дама з кветкамі», бюст Джуліяна Медычы, абедзве каля 1475, і інш.),
якія вылучаюцца арыстакратычнай вытанчанасцю, крохкай гармоніяй ліній і аб’ёмаў. Аўтар кампазіцыі «Нявер’е Фамы» (1476—83) на фасадзе будынка Арсанмікеле ў Фларэнцыі, помніка кандацьеру Б.Калеоні (1479—83) у Венецыі і інш. Жывапіс Верок’ё вызначаецца дакладнасцю малюнка, дасканалай мадэліроўкай формаў, панарамнасцю пейзажных фонаў («Мадонна», каля 1470; «Хрышчэнне», пасля 1470, у сааўт. з Леанарда да Вінчы, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАНЬІ́НІ, Гвагнін (Guagnini) Аляксандр (1534, г. Верона, Італія — 1614), польскі гісторык. З 1550-х г. у Польшчы. Служыў ротмістрам у войску ВКЛ. З 1561 удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558—83, камендант Віцебска. Пасля ў Кракаве, дзе ў 1578 выдаў на лац. мове «Хроніку Еўрапейскай Сарматыі», якая на Беларусі была вядома ў выданні на польск. мове (Кракаў, 1611). Кніга багата ілюстравана, у ёй шмат звестак па гісторыі і геаграфіі Польшчы і ВКЛ, апісаны гарады і крэпасці Беларусі, матэрыяльная і духоўная культура, звычаі і абрады насельніцтва Беларусі, пераважна Верхняга Падняпроўя. Пры перавыданні Гваныні дадаў звесткі пра Лівонскую вайну з паходам Стафана Баторыя на Пскоў (1581) уключна. Нягледзячы на шматлікія запазычанні ў тэксце, асабліва ў М.Стрыйкоўскага, які служыў пад камандай Гваныні, ёсць у кнізе і новыя матэрыялы. Хроніка Гваныні была перакладзена на чэш., ням. і італьян. мовы.
Літ.:
Витебская старина /Сост. А.П.Сапунов. Т. 4. Витебск, 1885.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЦЫ ((Gozzi) Карла) (13.12.1720, г. Венецыя, Італія — 4.4.1806),
італьянскі драматург. Граф. Быў ваенным. Выступіў супраць драматургіі К.Гальдоні і франц. асветнікаў. Падтрымліваў традыцыі Адраджэння. Стварыў новы жанр — філас.тэатр. казку (ф’яба). Першая з іх — «Любоў да трох апельсінаў» (паст. 1760). У казках 1760-х г. «Воран», «Кароль-алень», «Прынцэса Турандот», «Жанчына-змяя», «Забеіда», «Блакітная пачвара», «Шчаслівыя жабракі», «Зялёная птушка», «Дзэім, кароль джынаў, альбо Верная раба» развіваў свой трагікамічны казачны стыль, спрабаваў, нягледзячы на рэформу т-ра, захаваць традыцыі камедыі дэль артэ. Яго ф’ябы адметныя паэтычнасцю, яркасцю і аптымізмам нар. казачнай фантастыкі. Аўтар 23 п’ес, напісаных пад уплывам ісп. «камедыі плашча і шпагі», у т. л. «Любоўнае зелле» (1777), паэмы «Дзіўная Марфіза» (1772), кн. ўспамінаў «Непатрэбныя мемуары» (1797). Казкі Гоцы паўплывалі на л-ру рамантызму і тэатр 20 ст. П’есы «Кароль-алень», «Прынцэса Турандот», «Зялёная птушка» неаднаразова ставіліся і тэатрамі Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́МШЫ ((Gramsci) Антоніо) (23.1.1891, г. Алес, вобл. Сардзінія, Італія — 27.4.1937),
італьянскі паліт. дзеяч, філосаф, гісторык. Вучыўся ў Турынскім ун-це (1911—14). У 1913—21 чл.Італьянскай сацыялістычнай партыі, адзін з кіраўнікоў яе левага крыла. З 1919 выдаваў час. «L’Ordine Nuovo» («Новы лад»), які заснаваў разам з У.Тэрачыні і П.Тальяці. Адзін з заснавальнікаў (1921) і ген. сакратар (з 1924) Італьян.Камуніст. партыі. У 1922—23 удзельнічаў у працы Камуністычнага інтэрнацыянала. Дэп. парламента (1924—26). Выступаў за паліт. саюз з інш. партыямі — праціўнікамі фашызму. У 1926 арыштаваны, у чэрв. 1928 асуджаны на 20 гадоў зняволення (пазней тэрмін скарочаны). У зняволенні напісаў «Турэмныя сшыткі», у якіх даследаваў сац.-паліт. гісторыю Рысарджымента, марксізм як светапогляд і вучэнне, тэорыю прыродазнаўства, крытыкаваў погляды на культуру Б.Крочэ і інш. Фашызм вызначаў як «несанкцыянаванае законам насілле з боку капіталіст. класа».
Тв.:
Рус.пер. — Избр. произведения. М., 1980.
Літ.:
Григорьева И.В. Исторические взгляды Антонио Грамши. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛЬ МО́НАКА ((Del Monaco) Марыо) (27.7.1915, г. Фларэнцыя, Італія — 16.10.1982),
італьянскі спявак (драм. тэнар); буйнейшы прадстаўнік мастацтва бельканта сярэдзіны 20 ст. Вучыўся ў Пезарскай кансерваторыі. У 1943—73 на опернай сцэне, спяваў у лепшых т-рах свету («Ла Скала», «Ковент-Гардэн», «Метраполітэн-опера», Парыжская опера; у 1959 у спектаклях «Кармэн» Ж.Бізэ і «Паяцы» Р.Леанкавала ў Вял. т-ры ў Маскве). Валодаў голасам вял. дыяпазону з унікальным па насычанасці барытанальным тэмбрам, дакладным адчуваннем муз. стылю і фактуры вобраза, дарам свабоднага пераўвасаблення. Найб. вядомасць набыў у трагічных і героіка-драм. партыях: Атэла, Радамес, Манрыка, Эрнані, Альвара («Атэла», «Аіда», «Трубадур», «Эрнані», «Сіла лёсу» Дж.Вердзі), Каварадосі («Тоска» Дж.Пучыні), дэ Грые («Манон Леско» Пучыні і «Манон» Ж.Маснэ), Турыду («Сельскі гонар» П.Масканьі), Паліён («Норма» В.Беліні). Здымаўся ў муз. фільмах («Джузепе Вердзі», 1953, і інш.).
Літ. тв.: Рус.пер. — Моя жизнь, мои успехи. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТЫ́ ЗАПА́С,
цэнтралізаваны рэзервовы фонд золата ў злітках і манетах, які належыць дзярж. казначэйствам або цэнтр. банкам, а таксама міжнар. валютна-крэдытным арг-цыям. З 1970-х г. практычна замарожаны; выкарыстоўваецца ў некаторых выпадках як забеспячэнне крэдытаў замежных дзяржаў або міжнар. арг-цый, а краінамі, што сталі на шлях развіцця, — для атрымання замежнай валюты шляхам продажу металу на рынках золата, аўкцыёнах, фін. органам інш. краін. Пэўная частка дзярж. З.з. вылучаецца для прам-сці або прадаецца прыватным асобам (як правіла, у выглядзе залатых манет). Асн. частка З.з. ў сярэдзіне 1990-х г. прыпадала на прамыслова развітыя краіны (77% ад сусветных), на 130 краін, што сталі на шлях развіцця (13%). У першай пяцёрцы па З.з. знаходзіліся ЗША — 8,1 тыс.т, Германія — 3,7 тыс.т, Францыя — 3,2 тыс.т, Італія —2,6 тыс.т, Швейцарыя — 2,6 тыс.т (усяго 20,2 тыс.т). Агульныя сусв. афіцыйныя З.з. ў 1980 складалі 35,8 тыс.т, у 1994—34,2 тыс.т. Гл. таксама Золатавалютныя рэзервы.