МЕТАГАЛА́КТЫКА,

сукупнасць галактык, скопішчаў галактык і інш. пазагалактычных аб’ектаў; найб. з вядомых сістэм нябесных цел. Асн. структурнай адзінкай М. з’яўляюцца групы і скопішчы галактык, якія маюць да некалькіх тысяч галактык, але могуць быць і асобныя галактыкі. Мае ячэістую структуру — галактыкі і скопішчы галактык знаходзяцца на мяжы вял. прасторавых ячэек, памеры якіх каля 100 Мпк, таўшчыня сценак 3—4 Мпк. Вял. скопішчы галактык знаходзяцца ў вузлах такой структуры. У прасторы паміж галактыкамі існуе міжгалактычны газ. Найважнейшая ўласцівасць М. — яе расшырэнне. Усе скопішчы галактык аддаляюцца адно ад аднаго са скорасцю, прапарцыянальнай іх адлегласці ад назіральніка (гл. Расшырэнне Сусвету). Паняцце М. мае гіпатэтычны характар і часцей ужываецца для вызначэння часткі Сусвету, якую назіраюць. Гл. таксама Касмалогія.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 10, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАН у архітэктуры,

1) выкананае ў вызначаным маштабе графічнае адлюстраванне гарыз. праекцыі будынка (або аднаго з яго паверхаў ці памяшканняў), арх. канструкцый, дэталей, комплексу будынкаў, населенага пункта ці асобных яго частак. Падзяляюцца на натурныя (зробленыя на аснове арх. абмераў) і праектныя (створаныя ў працэсе праектавання арх. збудаванняў). На П. могуць быць паказаны азеляненне тэрыторыі, схема трансп. сеткі ў горадзе і інж. камунікацый у ім і інш. З’яўляецца важнай характарыстыкай формы, памераў і канфігурацыі збудавання. П. выкарыстоўваліся з даўніх часоў (Стараж. Грэцыя, Рым). На Беларусі схематычныя П.-абрысы пачалі выкарыстоўваць з 17 ст. 2) Характарыстыка размяшчэння асобных ч. будынка або ансамбля на ўзроўні зямлі (у шматпавярховых будынках і ў комплексах, размешчаных на складаным рэльефе — на розных узроўнях).

С.​А.​Сергачоў.

т. 12, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКУРО́Р (франц. procureur ад лац. procurare клапаціцца),

службовая асоба органаў пракуратуры, надзеленая паўнамоцтвамі па ажыццяўленні пракурорскага нагляду. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Закона «Аб Пракуратуры Рэспублікі Беларусь» ад 29.1.1993 П. у межах сваёй кампетэнцыі прымае ўдзел у суд. разглядзе цывільных і крымін. спраў, спраў аб адм. правапарушэннях у выпадках, калі гэта прадугледжана законам або прызнана неабходным самім П., апратэстоўвае супярэчныя закону або неабгрунтаваныя рашэнні, прыгаворы, вызначэнні і пастановы судоў. Аб’ём і межы паўнамоцтваў П., які ўдзельнічае ў суд. разглядзе спраў, вызначаюцца працэсуальным правам. П. незалежны ў ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў і кіруецца заканадаўствам; аднак ён не можа займацца паліт. дзейнасцю і ў сваёй службовай дзейнасці не павінен быць звязаны рашэннямі паліт. партый і грамадскіх аб’яднанняў, якія дамагаюцца паліт. мэт.

Г.​А.​Маслыка.

т. 12, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІЗНЯ́ТЫ,

нараджэнне (амаль адначасовае) двух і болей дзяцей у чалавека і млекакормячых жывёл, для якіх характэрна аднаплоднасць. Блізняты могуць быць аднаяйцавыя (моназіготныя), развіваюцца з адной аплодненай яйцаклеткі — зіготы, і двух’яйцавыя (дызіготныя), развіваюцца з двух ці болей адначасова аплодненых яйцаклетак. Аднаяйцавыя блізняты заўсёды аднаполыя, маюць аднолькавы генатып, групу крыві і надзвычай высокую ступень падабенства. Двух’яйцавыя блізняты могуць быць адна- і разнаполыя, іх генатыпічнае і вонкавае падабенства не большае, чым паміж іншымі братамі і сёстрамі (сібсамі). Суадносіны паміж мона- і дызіготнымі блізнятамі ў чалавека вызначаюцца прыкладна як 1 і 2, нараджэнне двайнят у сярэднім складае 1 на 100 родаў (ад 0,6 у Японіі да 4,5 у Афрыцы), трайнят — прыкладна на 10 тыс., чацвярнят — на 1 млн.; вядомы выпадкі нараджэння 5 і 6 блізнят; шматплоднасць больш уласціва прадстаўнікам негроіднай расы, менш мангалоідам. Зніжэнне нараджэння блізнят у апошнія дзесяцігоддзі звязваюць з уплывамі сац.-быт. фактараў.

Сучасныя метады дыягностыкі дазваляюць устанавіць шматплоднасць у самыя раннія тэрміны цяжарнасці. Па даных гемелалогіі (навукі пра блізнят) асн. ролю ў вызначэнні шматплоднасці мае спадчыннасць. Па мацярынскай лініі перадаюцца ў спадчыну дызіготныя блізняты, па бацькоўскай — моназіготныя. Унутрывантробнае і пасляродавае развіццё блізнят вызначаецца шэрагам асаблівасцяў. У 70—75% выпадках аднаяйцавым блізнятам уласціва наяўнасць адной плацэнты і аднаго харыёна, у дызіготных блізнят яны асобныя для кожнага плода. Больш частыя (у 2 разы) у блізнят прыроджаныя заганы развіцця, магчымы выпадкі хімерызму, у аднаяйцавых — недаразвіццё або адсутнасць сэрца, спалучэнне крывяносных сістэм, няпоўнае раздзяленне тулаваў (гл. Сіямскія блізняты) і інш. У генетыцы вывучэнне ролі і ўзаемаадносін спадчыннасці і асяроддзя ў зменлівасці прыкмет і фарміраванні асобы (чалавека) складае сутнасць «блізнятнага метаду». У жывёлагадоўлі штучнаму рэгуляванню плоднасці свойскіх і інш. карысных жывёл надаецца гасп. значэнне.

Р.​У.​Дэрфліо.

Блізняты аднаяйцавыя (злева) і двух’яйцавыя.
Да арт. Блізняты. Схематычнае адлюстраванне размяшчэння аднаяйцавых (1) і двух’яйцавых (2) блізнят у матцы.

т. 3, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭГРА́ЦЫЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ,

працэс узаемнага прыстасавання, гасп. і паліт. аб’яднання нац. гаспадарак дзвюх і больш краін для ажыццяўлення міждзярж. эканам. палітыкі. Засн. на глыбокіх устойлівых інтэрнац. узаемасувязях і міжнар. падзеле працы, узаемадзеянні эканомік на розных узроўнях і ў разнастайных формах. На мікраўзроўні ажыццяўляецца шляхам узаемадзеяння прадпрыемстваў і фірмаў розных краін на аснове фарміравання эканам. адносін паміж імі, у т. л. стварэнне філіялаў за мяжой; на міждзярж. узроўні — эканам. аб’яднанняў накшталт транснац. карпарацый (ТНК) і інш. гасп. комплексаў. Развіццё інтэграцыйных сувязей выклікае неабходнасць міждзярж. або наддзярж. рэгулявання, накіраванага на ўзгадненне сумеснай эканам., навук.-тэхн., сац., валютна-фін. і інш. палітыкі, свабоднага перамяшчэння прадукцыі (тавараў, паслуг), капіталу і прац. рэсурсаў паміж краінамі. У выніку могуць стварацца гасп. комплексы з адзінай валютай, фін. фондамі, інфраструктурай, агульнай эканам. стратэгіяй і агульнымі органамі кіравання. І.э. можа быць у форме зоны свабоднага гандлю (адмяняюцца гандл. абмежаванні паміж краінамі-ўдзельніцамі) або мытнага саюзу, які можа быць дапоўнены плацежным саюзам (узаемная канверсаванасць валют і функцыянаванне адзінай разліковай грашовай адзінкі). Больш складанымі формамі І.э. з’яўляюцца агульны рынак (гл. Еўрапейскае эканамічнае супольніцтва), эканам. і валютны саюз, які ўключае ўсе інш. формы інтэграцыі і мае агульную эканам. і валютна-фін. палітыку.

Фарміраванне інтэграцыйных працэсаў ажыццяўляецца на аснове ўзаемных пагадненняў, што маюць прававую базу. Сярод іх вылучаюцца: Еўрап. саюз, Паўн.-Амер. пагадненне аб свабодным гандлі (ЗША, Канада, Мексіка), Азіяцка-Ціхаакіянская эканам. садружнасць (яе членамі з’яўляюцца 18 краін, у т. л. Аўстралія, Канада, Кітай і інш.), Садружнасць Незалежных Дзяржаў (СНД). Рэспубліка Беларусь праводзіць шматвектарную знешнюю палітыку, але гал. ўвагу аддае інтэграцыйным сувязям з краінамі СНД. У адпаведнасці са Статутам Саюза Беларусі і Расіі найважнейшай задачай у эканам. сферы з’яўляецца стварэнне ўмоў для свабоднай эканам. інтэграцыі гасп. суб’ектаў, дасягненне вышэйшага ўзроўню І.э. дзвюх краін.

У.​Р.​Залатагораў, М.​Р.​Лобач.

т. 7, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ КАМПА́НІЯ,

кампанія (акц. т-ва, карпарацыя, аб’яднанне прадпрымальнікаў), дзейнасць якой аказвае прыярытэтны ўплыў на развіццё нац. эканомікі. Паводле віду дзейнасці адрозніваюць Н.к.: вытворчыя (перапрацоўваюць сыравіну і матэрыялы ў гатовую прадукцыю з мэтай яе рэалізацыі; могуць быць шматгаліновымі — спалучаць выпуск прадукцыі розных галін; гандлёвыя (ажыццяўляюць гандл. дзейнасць); транспартныя (аказваюць трансп. паслугі); будаўнічыя (займаюцца пераважна буд-вам); фінансавыя (спецыялізуюцца на крэдытаванні пэўных галін або прадпрыемстваў, правядзенні фін. аперацый); інвестыцыйныя (спецыялізуюцца на прыцягненні часова свабодных грашовых сродкаў дробных і сярэдніх інвестараў праз выпуск уласных каштоўных папер і размяшчэнні мабілізаваных сродкаў у каштоўныя паперы інш. юрыд. асоб для атрымання прыбытку); страхавыя (ажыццяўляюць разнастайную страхавую дзейнасць); лізінгавыя (купляюць абсталяванне і здаюць яго ў арэнду); кансалтынгавыя (прадастаўляюць паслугі па даследаванні стану рынку, распрацоўцы і ажыццяўленні маркетынгавых праграм, выкарыстанні новых метадаў менеджменту, эканам. абгрунтаванні інвестыцыйных і інавацыйных праектаў, пошуку партнёраў і інш.; у айч. практыцы — таксама па рэгістрацыі фірм; могуць спецыялізавацца па функцыянальных, рэгіянальных і інш. прыкметах); інжынірынгавыя (аказваюць паслугі па арганізацыі канкрэтнай вытв-сці, выбары і асваенні абсталявання, прыцягваюць інш. пастаўшчыкоў абсталявання і падрадныя фірмы, дапамагаюць выкарыстоўваць інавацыйныя метады і перадавы замежны вопыт) і інш. Паводле спосабаў стварэння Н.к. могуць быць асацыіраваныя (маюць долю ўдзельніцтва і істотна ўплываюць на фін. палітыку) і аднаасобныя (пакет акцый належыць адной асобе). Кампанія, у склад актываў якой уваходзяць кантрольныя пакеты акцый інш. кампаній, наз. холдынгавая; кампанія, якая не можа свабодна прадаваць свае акцыі іншаземцам, — кампанія з абмежаванымі акцыямі. Ад Н.к. адрозніваюць транснацыянальныя кампаніі, што ажыццяўляюць асн. частку сваіх аперацый па-за межамі краіны, у некалькіх краінах. У наш час існуюць шматнацыянальныя кампаніі і карпарацыі з айч. арыентацыяй. На развіццё Н.к. уплываюць працэсы глабалізацыі, рост адкрытасці эканомікі, якія мяняюць іх ролю і месца ў эканам. сістэме, уцягваюць у інтэграцыйныя працэсы.

Л.​М.​Нехарошава.

т. 11, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТЫТУЦЫ́ЙНЫЯ ПРАВЫ́, СВАБО́ДЫ І АБАВЯ́ЗКІ ГРАМАДЗЯ́Н РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

асабістыя, паліт., сац.-эканам., сац.-культ. правы і абавязкі грамадзян, замацаваныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, законамі і міжнар. абавязацельствамі дзяржавы; аснова прававога статусу грамадзяніна, узаемаадносін дзяржавы і асобы. Выкладзены ў раздз. Канстытуцыі «Асоба, грамадства, дзяржава». Да асабістых правоў і свабод адносяцца: права на жыццё (жыццё чалавека абараняецца дзяржавай ад любых проціпраўных замахаў; смяротная кара да яе поўнай адмены як выключная мера пакарання можа прымяняцца за асабліва цяжкія злачынствы і толькі па прыгаворы суда); права на свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы (абмежаванне або пазбаўленне асабістай свабоды магчыма ў выпадках і парадку, устаноўленых законам; асоба, узятая пад варту, мае права на суд. праверку законнасці яе затрымання або арышту; ніхто не павінен быць падвергнуты бесчалавечнаму або зневажальнаму абыходжанню ці пакаранню); права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў асабістае жыццё; права на недатыкальнасць жылля і інш. законных уладанняў грамадзян, на свабоду перамяшчэння і выбар месца жыхарства ў межах краіны, права пакідаць яе і бесперашкодна вяртацца назад; права на свабоду вызнаваць любую рэлігію, або не вызнаваць ніякай, выказваць і распаўсюджваць свае перакананні ў адносінах да рэлігіі, прымаць удзел у набажэнствах, рытуалах, абрадах, не забароненых законам; права на ўступленне ў шлюб і стварэнне сям’і. У палітычныя правы і свабоды ўваходзяць: свабода поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне (ніхто не можа быць прымушаны да выказвання сваіх перакананняў або адмовы ад іх; манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі і цэнзура недапушчальны); права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджанне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі пра дзейнасць дзярж. органаў, грамадскіх аб’яднанняў, паліт., эканам., культ. і міжнар. жыццё. пра стан навакольнага асяроддзя; права на свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак і правы інш. грамадзян; права на свабоду аб’яднанняў; права на ўдзел у вырашэнні дзярж. спраў як непасрэдна, так і праз сваіх прадстаўнікоў або шляхам абмеркавання на рэферэндумах, сходах і інш. вызначанымі законам спосабамі; права свабодна выбіраць і быць выбранымі ў дзярж. органы на аснове ўсеагульнага, роўнага, прамога або ўскоснага выбарчага права пры тайным галасаванні, мець доступ да любых пасад у дзярж. органах; права накіроўваць асабістыя або калектыўныя звароты ў дзярж. органы і атрымліваць адказы па сутнасці ў вызначаны законам тэрмін. У галіне сацыяльна-эканамічных правоў Канстытуцыя гарантуе: права на працу і выбар прафесіі, род заняткаў і работы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, праф. падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэбнасцей, а таксама на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы і гарантаванае атрыманне платы за сваю працу; права на дапамогу па беспрацоўю; права на абарону сваіх эканам. і сац. інтарэсаў, на забастоўку; права на адпачынак, на ахову здароўя, сац. забеспячэнне і жыллё; права на ўласнасць і абарону яе дзяржавай (прымусовае адчужэнне маёмасці дапускаецца толькі па матывах грамадскай неабходнасці пры захаванні ўмоў і парадку, вызначаных законам, са своечасовым і поўным кампенсаваннем кошту адчужанай маёмасці, а таксама паводле пастановы суда); права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і на пакрыццё шкоды, прычыненай парушэннем гэтага права. Сацыяльна-культурнымі правамі з’яўляюцца: права на адукацыю, на захаванне сваёй нац. прыналежнасці і карыстанне роднай мовай, на ўдзел у культ. жыцці, што забяспечваецца агульнадаступнасцю каштоўнасцей айч. і сусв. культуры, развіццём сеткі культ,асв. устаноў; права на свабоду маст., навук. і тэхн. творчасці.

Канстытуцыя абвяшчае і гарантуе роўнасць усіх перад законам без усякай дыскрымінацыі, роўную абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян. Абмежаванне правоў і свабод дапускаецца толькі ў прадугледжаных законам выпадках, у інтарэсах нац. бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод інш. асоб. Ніхто не можа карыстацца прывілеямі і перавагамі, што супярэчаць закону. Кожны, хто знаходзіцца на тэр. краіны, абавязаны: выконваць яе Канстытуцыю, законы і з павагай ставіцца да яе традыцый, паважаць годнасць, правы, свабоды, законныя інтарэсы інш. асоб, берагчы гіст.-культ., духоўную спадчыну і інш. нац. каштоўнасці, ахоўваць прыроднае асяроддзе. Грамадзяне краіны абавязаны ўдзельнічаць у фінансаванні дзярж. выдаткаў шляхам выплаты дзярж. падаткаў, пошлін, інш. плацяжоў. Абарона Айчыны — свяшчэнны абавязак кожнага яе грамадзяніна. Ніхто не можа быць прымушаны да выканання абавязкаў, якія не прадугледжаны Канстытуцыяй і законамі, ці да адмаўлення ад сваіх правоў.

Г.​А.​Маслыка.

т. 7, с. 597

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕМЛЕКАРЫСТА́ННЕ,

карыстанне зямлёй ва ўстаноўленым звычаем або законам парадку. Паводле зямельнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб’ектам гэтага права можа быць зямельны ўчастак, дадзены землекарыстальніку па рашэнню кампетэнтнага органа дзярж. кіравання. У гэтым сэнсе З. заўсёды мае вытворны і залежны характар ад права дзярж. уласнасці на зямлю, з’яўляецца мэтавым і платным. Суб’ектамі гэтага права для мэт, якія ўказаны ў заканадаўстве аб зямлі, могуць быць: грамадзяне Беларусі; прамысл., трансп. і інш. нясельскагасп., дзярж., каап., грамадскія прадпрыемствы, установы і арг-цыі; рэліг. арг-цыі; сумесныя прадпрыемствы, міжнар. аб’яднанні з удзелам бел. і замежных юрыд. асоб. Землекарыстальнікі маюць права: выкарыстоўваць зямлю ў адпаведнасці з умовамі яе прадастаўлення; выкарыстоўваць ва ўстаноўленым парадку існуючыя на зямельным участку карысныя выкапні, торф, а таксама інш. карысныя ўласцівасці зямлі; ставіць неабходныя будынкі і збудаванні (па ўзгадненню з Саветам дэпутатаў, які даў зямлю); уласнасці на пасевы с.-г. культур і атрыманую с.-г. прадукцыю; атрымліваць пры спыненні права З. пакрыццё кошту зямельных паляпшэнняў, праведзеных за ўласны кошт; перадаваць у часовае карыстанне зямельны ўчастак або яго частку ў прадугледжаных заканадаўствам выпадках і парадку. Асн. абавязак землекарыстальнікаў — забяспечыць выкарыстанне зямлі ў адпаведнасці з яе мэтавым прызначэннем і ўмовамі яе прадастаўлення. Акрамя таго, яны абавязаны эфектыўна выкарыстоўваць дадзеную ім зямлю, павышаць яе ўрадлівасць, прымяняць прыродаахоўныя тэхналогіі вытворчасці, не дапускаць пагаршэння экалагічнай абстаноўкі на тэрыторыі ў выніку сваёй гасп. дзейнасці, ажыццяўляць комплекс мерапрыемстваў па ахове зямель: своечасова ўносіць зямельны падатак або арэндную плату за зямлю; не парушаць правы ўласнікаў і землеўладальнікаў, а таксама інш. землекарыстальнікаў, у т. л. арандатараў. Зямельны ўчастак даецца землекарыстальнікам у пастаяннае або часовае карыстанне. Пастаянным прызнаецца карыстанне зямлёй без загадзе вызначанага тэрміну. Часовае карыстанне можа быць кароткатэрміновым (да 3 гадоў) і доўгатэрміновым (ад З да 10 гадоў). У выпадку вытв. неабходнасці гэтыя тэрміны могуць быць прадоўжаны на перыяд. які не перавышае адпаведных тэрмінаў. Падставы спынення і пераходу права карыстання зямлёй прадугледжаны Кодэксам аб зямлі. Карыстанне зямельным участкам на ўмовах арэнды рэгулюецца зямельным і арэндным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

У дакласавым грамадстве ворныя землі былі абшчыннай уласнасцю і перыядычна размяркоўваліся паміж членамі абшчыны так, што кожны земляроб апрацоўваў сваімі сіламі палі, перададзеныя ў яго часовае карыстанне. Пры рабаўладальніцкім ладзе асн. землекарыстальнікамі былі рабаўладальнікі, якія выкарыстоўвалі ў сваіх латыфундыях прымусовую працу рабоў. Побач з гэтым існавала і дробнае З. вольных сялян. Пры феадалізме ў Беларусі З. мела некалькі форм: З. феад. дзяржавы і шляхты апіралася на феад. зямельную ўласнасць і асабіста залежных ад іх феадальна-абавязаных сялян. З развіццём панскай фальварковай гаспадаркі пашыралася З. феадалаў. Напярэдадні скасавання прыгону доля фальварковай ворнай зямлі ў маёнтках буйна- і сярэднепамесных уласнікаў у некат. губернях Беларусі дасягала больш за 60%. З. сялян, якія мелі надзелы панскай або дзярж. зямлі, у пэўных межах стварала ўмовы для развіцця дробнай сял. гаспадаркі. Існавала З. сялян на чыншавым праве пры захаванні асабістай свабоды, але з унясеннем феад. аброку. З. вольных людзей, старавераў, праваслаўных арандатараў, якія былі асабіста свабоднымі, мелі права пераходу з аднаго месца на другое, але павінны былі ўносіць грашовы аброк або адпрацоўваць за карыстанне панскай або дзярж. зямлёй. У познефеад. перыяд на правах прыватнай уласнасці зараджалася З. купцоў, мяшчан, сялян. Пасля сялянскай рэформы 1861 сістэма З. апіралася на права прыватнай зямельнай уласнасці, надзельнае землеўладанне сялян або на дагавор арэнды зямлі, якая пачала займаць усё большую долю ў сельскай гаспадарцы. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Беларусі былі вельмі пашыраны прадпрымальніцкая, капіталіст. і паўфеад. харчовая сял. формы арэнднага З. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 сістэма З. грунтавалася на грамадскай уласнасці на сродкі вытв-сці, у т. л. на зямлю, і сацыяліст. сістэму гаспадарання. Пераход да буйной калектыўнай гаспадаркі, калектывізацыя прывялі да стварэння калгасаў і саўгасаў, якім б.ч. зямель с.-г. прызначэння была перададзена дзяржавай на вечнае і бясплатнае З.

В.​М.​Заркоў, В.​П.​Панюціч.

т. 7, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАБЛІ́ВАЕ,

філасофская катэгорыя, якая адлюстроўвае адрозненне адзінкавых рэчаў і з’яў, што маюць агульныя ўласцівасці; мера і спосаб аб’яднання агульнага і адзінкавага ў адной з’яве. Напрыклад, паняцце «беларус» выступае як агульнае ў адносінах да кожнага чалавека бел. нацыянальнасці і як асаблівае да паняцця «славянін»; апошняе выступае як агульнае ў адносінах да паняцця «беларус» і як асаблівае да паняцця «чалавек». Аналагічна ў адносінах да асобнага чалавека бел. нацыянальнасці асаблівае (напр., беларус) з’яўляецца агульным, а ў адносінах да яшчэ большай агульнасці (чалавек) яно можа быць адзінкавым. Узаемасувязь адзінкавага, асаблівага і агульнага мае важнае метадалагічнае значэнне. У працэсе пазнання яна можа рэалізоўвацца ў 2 кірунках: шляхам узыходжання ад адзінкавага да асаблівага і ад яго да ўсеагульнага, а таксама ад усеагульнага і агульнага да асаблівага і ад яго да адзінкавага.

А.​А.​Лазарэвіч.

т. 2, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІСЕКСУА́ЛЬНАСЦЬ (ад бі... + лац. sexualis палавы),

1) у сексапаталогіі — палавая цяга да асоб абодвух палоў.

2) Гермафрадытызм. У першым значэнні бісексуальнасць можа быць вынікам незавершанасці фарміравання псіхасексуальнай арыентацыі або сродкам «аховы» (жаданне гомасексуаліста выдаць сябе за гетэрасексуала). Вылучаюць некалькі тыпаў бісексуальных паводзін: бісексуальнасць пубертатнага перыяду, калі падлетак яшчэ не выявіў сваёй эратычнай перавагі і можа эксперыментаваць у абодвух кірунках; чаргаванне гетэра- і гомасексуальных паводзін на аснове ўсведамлення індывідам двух якасна розных сексуальных «сцэнарыяў»; сітуацыйна абумоўленая, або псеўдабісексуальнасць, напр. ва ўмовах вымушанай палавой ізаляцыі (армія, турма і інш.). Бісексуальнасць існуе таксама як паралельныя гома- і гетэрасексуальныя паводзіны, калі афіцыйны гетэрасексуальны шлюб сумяшчаецца з тайнымі гомасексуальнымі прыхільнасцямі мужа ці жонкі. Часцей гэта адбываецца як вынік позняй сексуальнай ідэнтыфікацыі мужа ці жонкі. Часам бісексуальнасць развіваецца ў выніку раўнадушша да полу партнёра.

т. 3, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)