сістэма перадачы інфармацыі пры дапамозе вузлоў на шнурах рознай даўжыні і колеру, якія былі прымацаваны да інш. шнура ці палкі. Існавала ў шэрагу народаў Паўд. Амерыкі. Узнікла ў вобласці Цэнтр. Андаў і дасягнула росквіту ў эпоху інкаў (15—16 ст.). На думку некаторых вучоных, кіпу змяшчаюць складаныя гіст. і паэтычныя тэксты. Але большасць даследчыкаў лічыць, што яны не мелі іншага прызначэння, акрамя запісу самых простых даных уліковага характару. Падобны прынцып перадачы інфармацыі выкарыстоўваўся і пры стварэнні «пісьма» вампум (шнуры з нанізанымі ракавінкамі розных колераў), што было пашырана ў індзейцаў Паўн. Амерыкі. Вузлавое пісьмо існуе ў Паўд. Амерыцы і на яп. а-вах Рукю і ў наш час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫМЯРЗА́ННЕ РАСЛІ́Н,
гібель раслін або адміранне іх частак у выніку ўтварэння лёду ў тканках пад дзеяннем нізкіх тэмператур. Вада ў раслінных клетках і міжклетніках пачынае замярзаць пры т-ры ніжэй за -1 °C, што паступова прыводзіць да гібелі клеткі. Ступень пашкоджання пасеваў залежыць ад віду, сорту і фізіял. стану раслін. Сярод азімых найб. устойлівае да нізкіх т-р жыта. На Беларусі вымярзанне раслін назіраецца ў маласнежныя зімы пры т-ры паветра ніжэй за -22 °C. У асабліва халодныя зімы вымярзаюць азімыя збожжавыя культуры, пладовыя дрэвы і кусты. Бульба, памідоры, фасоля, агуркі, гарбузы вымярзаюць пры т-ры -2 °C. Лёгка вымярзае большасць інтрадукаваных раслін. Каб папярэдзіць вымярзанне пасеваў, выводзяць марозаўстойлівыя сарты, выкарыстоўваюць правільную агратэхніку, рэгулююць водны і паветраны рэжым глебы на меліяраваных аб’ектах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕСЕНТУКІ́,
горад у Расіі, у Стаўрапольскім краі, у даліне р. Падкумак. Засн. ў 1798 як ваенна-памежны рэдут. 87,1 тыс.ж. (1992). Чыг. ст. Прадпрыемствы харчасмакавай і лёгкай прам-сці. Драўляная Нікольская царква (сярэдзіна 1820-х г.). Курортны (Галоўны) парк (1849) з крыніцамі мінер. вод і шматлікімі пабудовамі 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Бальнеалагічны і гразевы курорт. Уваходзіць у групу курортаў Каўказскія Мінеральныя Воды. Аснову курортных рэсурсаў складаюць мінер. воды, якія ў лек. мэтах выкарыстоўваюцца з сярэдзіны 19 ст. (эксплуатуецца каля 20 крыніц), найб. вядомыя «Есентукі» № 4 і № 17. Асн. профіль курорта — лячэнне хвароб органаў стрававання, у т. л. печані, падстраўнікавай залозы, жоўцевых шляхоў. Каля 30 санаторыяў і пансіянатаў (большасць з іх паблізу Гал. курортнага парку), працуе НДІ курарталогіі і фізіятэрапіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНІШЧА́ЛЬНЫЯ БАТАЛЬЁНЫў гады Вялікай Айчыннай вайны,
ваенізаваныя добраахвотніцкія фарміраванні для барацьбы з варожымі парашутыстамі і дыверсантамі. Ствараліся паводле пастаноў СНКСССР ад 24.6.1941 мясц. органамі ВКП(б) і НКУС з грамадзян, якія не падлягалі прызыву ў Чырв. Армію. Да канца ліп. 1941 у СССР, пераважна ў прыфрантавых раёнах, сфарміравана 1755 З.б. агульнай колькасцю 328 тыс.чал. (большасць камуністы і камсамольцы). На тэр. Беларусі на 15 ліп. 1941 сфарміравана 78 З.б. (больш за 13 тыс. байцоў). У шэрагу раёнаў, асабліва на Палессі, яны сумесна з часцямі Чырв. Арміі непасрэдна супрацьстаялі гітлераўскім войскам. Частка іх улілася ў рады народнага апалчэння і Чырв. Арміі, на базе некаторых створаны партызанскія атрады. 3 ліп. 1944 у БССР дзейнічалі 185 З.б. (каля 17 тыс.чал.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗГО́І,
1) катэгорыя насельніцтва ў Кіеўскай Русі і некат. усх.-слав. княствах 11—12 ст. Упамінаюцца ў Рускай праўдзе, устаўнай грамаце 1136—37 (з прыпіскаю 1150) смаленскага кн. Расціслава Мсціславіча і царк. статуце наўгародскага кн. Усевалада Мсціславіча (12 ст., па інш. меркаваннях 14 ст.). Большасць І. паходзіла з сялян, якія пакінулі сваю абшчыну, засталіся без зямлі, сродкаў вытв-сці і мусілі перайсці ў феад. залежнасць. І. станавіліся таксама б. рабы, якім удалося атрымаць ці выкупіць у феадала свабоду. У далейшым яны маглі перайсці ў склад вотчынных сялян. І. меліся ва ўдзелах царк. і свецкіх феадалаў. У працэсе феадалізацыі грамадства зліліся з асн. масай феадальна-залежнага насельніцтва.
2) Людзі, якія па розных абставінах выбылі са свайго б. грамадскага становішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛФ (Kalf) Вілем (хрышчаны 3.11.1619, г. Ротэрдам, Нідэрланды — 31.7.1693),
галандскі жывапісец. Прадстаўнік амстэрдамскай школы нацюрморта. Як каларыст зазнаў уплыў Рэмбранта. У 1642—46 у Парыжы, дзе стварыў большасць сваіх работ, у якіх адлюстроўваў вясковыя сцэны з выявамі посуду і рэчаў хатняга ўжытку («Інтэр’ер хаціны», «Двор сялянскай хаты» і інш.). З 1643 пісаў нацюрморты з залатымі і сярэбранымі рэчамі, даспехамі, рэдкаснымі прадметамі (ракавіны, каралы; «Дэсерт», каля 1659, і інш.). Творы вылучаюцца дакладнасцю распрацоўкі фактуры матэрыялаў, спалучэннем вытанчаных тонаў і моцнымі святлоценявымі кантрастамі («Сняданак» і інш.). З 1646 у Галандыі (з 1653 у Амстэрдаме). Разам з інш. мастакамі паклаў пачатак новаму кірунку ў галандскім жывапісе, які стаў проціпастаўленнем суроваму манахромнаму стылю ў нацюрморце і прадвеснікам пышнасці мастацтва барока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМБАЛАПАДО́БНЫЯ (Pleuronectiformes),
атрад касцістых рыб. 3 падатр., 8 сям., 116 родаў, каля 500 відаў. Пашыраны ў акіянах. Большасць відаў жыве ў тропіках і субтропіках у прыбярэжнай зоне, зрэдку на глыбінях больш за 1 км; некат. заходзяць у рэкі. Донныя рыбы. Падатр. плеўранектападобныя мае найб. колькасць прамысл. відаў. Уключае 5 сям. Самае прадстаўнічае — сям. камбалавыя (Pleuronectidae) — 93 віды. Найб. тыповыя рыбы — ліманды, марскія і рачныя камбалы, марскія языкі, палтусы.
Даўж. ад 6 см да 4,7 м, маса ад некалькіх грамаў да 330 кг. Цела несіметрычнае, пляскатае, шырокае і кароткае. Вочы на адным (правым або левым) баку галавы. Плавальнага пузыра няма Брушны бок цела слаба пігментаваны, спінны здольны зменьваць афарбоўку пад колер грунту. Кормяцца доннымі беспазваночнымі, некат. рыбай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́НФСКАЯ ВАЙНА́,
баявыя дзеянні паміж кааліцыяй стараж.-грэч. гарадоў-дзяржаў (Фівы, Аргас, Карынф, Эліда, Акарнанія і інш.) на чале з Афінамі супраць Пелапанескага саюза на чале са Спартаю ў 395—387 да н.э. Выклікана імкненнем грэч. дзяржаў вызваліцца ад гегемоніі Спарты. Антыспартанскую кааліцыю падтрымала Персія, якая з 399 вяла вайну супраць Спарты. Пабудаваны за грошы Персіі ваен. флот пад камандаваннем афіняніна Конана нанёс у 395 каля в-ва Кнід паражэнне спартанцам. Баючыся ўзмацнення Афін ва ўмовах перамог антыспартанскай кааліцыі, Персія перайшла на бок Спарты. Эканамічна спустошаныя Афіны вымушаны былі прыняць прадыктаваны Персіяй Анталкідаў мір (387 ці 386), паводле якога Персія стала гал. арбітрам грэч. спраў, большасцьгрэч. дзяржаў атрымала аўтаномію, абмяжоўваліся дзеянні Афін, забараняліся ўсялякія саюзы (акрамя Пелапанескага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНАЛО́ГІЯ [ад грэч. kyōn (kynos) сабака + ...логія],
навука пра сабак; аснова сабакагадоўлі. Вывучае анатомію і фізіялогію сабак, у т. л. заканамернасці іх вышэйшай нерв. дзейнасці і паводзін, паходжанне і эвалюцыю парод, магчымасці выкарыстання для палявання, службовых і дэкаратыўных мэт, навук. эксперыментаў, распрацоўвае метады і спосабы іх гадоўлі, селекцыі, выхавання і дрэсіроўкі, прафілактыкі хвароб, лячэння. Існуе Міжнар. кіналагічная федэрацыя (г. Цюэн, Бельгія), у яе складзе працуе навук. камісія па К. Бел. кіналагічная федэрацыя створана ў 1992, аб’ядноўвае 40 клубаў.
Большасць сучасных парод сабак выведзена ў сярэднія вякі. Узнікненне К. звязана з утварэннем клубаў сабакаводаў у канцы 19 ст. (1873, Англія). Пазней клубы сталі аб’ядноўвацца ў кіналагічныя т-вы. Гл. таксама Дэкаратыўна-пакаёвыя сабакі, Паляўнічыя сабакі, Службовыя сабакі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НАКРЫ (Conakry),
горад, сталіца Гвінеі. Размешчаны на в-ве Тамбо (злучаны з мацерыком дамбай) і п-ве Калум. Адм. ц. вобласці Конакры. 1558 тыс.ж. (1997, з прыгарадамі). Порт на Атлантычным ак.Чыг. станцыя. Міжнар. аэрапорт. Гал.эканам. цэнтр краіны, дзе засяроджана большасць прадпрыемстваў апрацоўчай прам-сці (харч., тэкст., хім., металаапр., дрэваапр.). Праз порт ідзе б.ч. знешняга гандлю Гвінеі (вываз гліназёму, бананаў, кавы, ананасаў і інш.). Політэхн.ін-т. Нац. музей. У прыгарадзе — Бат. сад.
Засн. французамі ў 1884 на месцы вёскі, якая належала народу сусу. З 1891 сталіца пратэктарата, з 1893 — калоніі франц. Гвінея. Пасля 2-й сусв. вайны цэнтр нац.-вызв. руху. У 1950-я г. пачала развівацца прам-сць. З 1958 сталіца Гвінейскай Рэспублікі.