КІНАЛО́ГІЯ [ад грэч, kyōn (kynos) сабака + ...логія],

навука пра сабак; аснова сабакагадоўлі. Вывучае анатомію і фізіялогію сабак, у т. л. заканамернасці іх вышэйшай нерв. дзейнасці і паводзін, паходжанне і эвалюцыю парод, магчымасці выкарыстання для палявання, службовых і дэкаратыўных мэт, навук. эксперыментаў, распрацоўвае метады і спосабы іх гадоўлі, селекцыі, выхавання і дрэсіроўкі, прафілактыкі хвароб, лячэння. Існуе Міжнар. кіналагічная федэрацыя (г. Цюэн, Бельгія), у яе складзе працуе навук. камісія па К. Бел. кіналагічная федэрацыя створана ў 1992, аб’ядноўвае 40 клубаў.

Большасць сучасных парод сабак выведзена ў сярэднія вякі. Узнікненне К. звязана з утварэннем клубаў сабакаводаў у канцы 19 ст. (1873, Англія). Пазней клубы сталі аб’ядноўвацца ў кіналагічныя т-вы. Гл. таксама Дэкаратыўна-пакаёвыя сабакі, Паляўнічыя сабакі, Службовыя сабакі.

Л.П.Шкляроў.

т. 8, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)