ПЕ́ЎЧЫЯ ПТУ́ШКІ, пеўчыя вераб’іныя (Oscines, або Passeres),
падатрад птушак атр.вераб’інападобных. Прадстаўнікі сучасных відаў вядомы з ранняга алігацэну (каля 35 млн.г. назад). 33—56 сям. (2 вымерлыя), 761—1017 родаў, больш за 4200 відаў (каля палавіны ўсіх відаў птушак на Зямлі). Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць у разнастайных ландшафтах усіх кліматычных зон, большасць відаў — у тропіках. На Беларусі ўсе П.п. належаць да вераб’інападобных.
Маса ад 4 да 1500 г. Знешні выгляд, паводзіны, афарбоўка вельмі разнастайныя. Маюць спецыфічную будову галасавога апарату: ніжнія кольцы трахеі зрасліся і ўтварылі ніжнюю гартань; добра развіты 5—7 пар галасавых мышцаў, вонкавая і ўнутраная галасавыя перапонкі, што дае магчымасць П.п. выдаваць больш разнастайныя гукі, чым у інш. птушак. Пры дапамозе песні П.п. забяспечваюць камунікатыўныя функцыі. Кожнаму віду характэрны свая песня або набор гукаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІФАРМАЛЬДЭГІ́Д,
поліметыленаксід, поліаксіметылен, сінтэтычны палімер, прадукт полімерызацыі фармальдэгіду, [—CH2O—]n. Ступень полімерызацыі n > 1000, нізкамалекулярны П. — парафармальдэгід.
У прам-сці пад агульнай назвай «П.» выпускаюць гомапалімер CH3COO[—CH2O—]nCOCH3 і супалімер фармальдэгіду з 2—3% (па масе) этыленаксіду, 1,3-дыаксалану ці інш. суманамерамі. Тэрмапласт. Мал. м. (3—7)∙104, шчыльн. 1410—1430 кг/м³, tпл 175—180 °C (гомапалімер) і 164—166 °C (супалімеры). Не раствараецца ў вадзе і большасці арган. растваральнікаў. Разбураецца пад уздзеяннем модных кіслот; супалімеры ўстойлівыя ў растворах шчолачаў. Для П. характэрны высокая стомленасная трываласць і зносаўстойлівасць, стабільнасць памераў вырабаў і нізкая паўзучасць. П. лёгка афарбоўваецца, зварваецца, механічна апрацоўваецца. Выкарыстоўваюць пераважна як канстр. матэрыял, які замяняе каляровыя металы і сплавы, у машына-, аўтамабіле- і прыборабудаванні, а таксама для вырабу тэхн. валакна і плёнкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОТАРЭНЕСА́НС (ад прота... + Рэнесанс),
этап у гісторыі італьян. мастацтва 13 — пач. 14 ст., які падрыхтаваў глебу для культуры эпохі Адраджэння. Вытокі П. адносяцца да 11—12 ст. і звязаны з уздымам свабодных італьян. гарадоў, дзе хутка развіваліся рамяство і гандаль. Найб. раннія формы выявіліся ў архітэктуры Тасканы, дзе дойліды надавалі формам готыкі ўраўнаважанасць і спакой. Мастацтву П. характэрны тэндэнцыі нагляднага адлюстравання рэчаіснасці, свецкі пачатак і цікавасць да ант. спадчыны, пераканаўчасць прасторавых пабудоў, эмац. выразнасць вобразаў. Сярод прадстаўнікоў П.Арнольфа ды Камбіо, Джота ды Бандоне, П.Каваліні, Н.Пізана і інш. Тэндэнцыі П. часта спалучаліся з традыцыямі т.зв. італа-візант. мастацтва і готыкі (творчасць Дуча ды Буанінсенья, С.Марціні, братоў Ларэнцэці і інш.).
Літ.:
Алпатов М.В. Итальянское искусство эпохи Данте и Джотто. М.; Л., 1939;
Лазарев В.Н. Происхождение итальянского Возрождения. Т. 1. Искусство Проторенессанса. М., 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯ́ТАЯ РЭСПУ́БЛІКАў Францыі,
палітычны рэжым паводле дзеючай канстытуцыі 1958 (падрыхтавана ўрадам Ш. дэ Голя, прынята рэферэндумам 28.9.1958, уведзена ў дзеянне 5.10.1958). Для рэжыму П.р. характэрнывял. паўнамоцтвы выканаўчай улады, асабліва прэзідэнта (адначасова вярх. галоўнакаманд. ўзбр. сіламі) пры абмежаванні правоў парламента. Прэзідэнт мае права распусціць Нац. сход (ніжнюю палату парламента) і прызначыць новыя выбары, а ў выпадку надзвычайных абставін — прыняць на сябе ўсю паўнату ўлады. Урад адказны перад парламентам і фарміруецца з прадстаўнікоў партый, чые фракцыі складаюць большасць у Нац. сходзе. Прэзідэнт прызначае прэм’ер-міністра (звычайна лідэра партыі, што перамагла на выбарах у Нац. сход) і па яго рэкамендацыі міністраў. З кастр. 1962 прэзідэнта выбіраюць прамым усеагульным галасаваннем. Франц. П.р. — прамежкавы паміж парламенцкай рэспублікай і прэзідэнцкай рэспублікай тып рэсп.дзярж. ладу («паўпрэзідэнцкая рэспубліка»). Гл. таксама раздзел Дзярж. лад у арт.Францыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́НЦАРАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямёнаў, якія ў 6—8 ст. жылі ў Верхнім Падняпроўі, Верхнім Панямонні, Верхнім і Сярэднім Падзвінні. Назва ад гарадзішча Банцараўшчына пад Мінскам. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй; жыло на селішчах у паўзямлянкавых жытлах зрубнай канструкцыі і наземных слупавой канструкцыі, унутры жытлаў размяшчаліся печы-каменкі. У якасці сховішчаў часта выкарыстоўваліся ранейшыя гарадзішчы, якія дадаткова ўмацоўваліся валамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне на бескурганных і курганных могільніках. Рэшткі спаленых нябожчыкаў змяшчаліся ў гліняныя урны або ссыпаліся ў магільныя ямы. У курганах (круглых, падоўжаных, доўгіх) пахаванні на гарызонце, у насыпе або адразу пад яго дзярновым пакрыццём. Характэрны слабапрафіляваны пласкадонны неарнаментаваны посуд. Большасць даследчыкаў лічыць, што Банцараўская культура належала балтам; яна сфарміравалася ў выніку пранікнення на Пн Беларусі носьбітаў кіеўскай культуры і змяшэння іх з плямёнамі днепра-дзвінскай культуры і штрыхаванай керамікі культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАВІ́ЙСКАЯ ПУСТЫ́НЯ,
на ПнУ Афрыкі (частка Сахары), у Егіпце, паміж далінай р.Ніл і Чырвоным морам. На Пд (22°паўн. ш.) злучаецца з Нубійскай пустыняй. У рэльефе пераважаюць друзаватыя, пясчанікавыя і вапняковыя плато выш. да 500 м, якія паступова ўздымаюцца з З на У. Уздоўж Чырвонага м. цягнецца крышт.хр. Этбай (выш. да 2184 м, Шаіб-эль-Банат). Карысныя выкапні: нафта, волава, фасфарыты, буд. камень. Клімат трапічны пустынны, гарачы. Сярэдняя т-растудз. 15 °C, ліп. 30 °C, ападкаў да 100 мм за год. Дажджы не выпадаюць многія гады. Характэрны сухія рэчышчы (вадзі). Падземны сцёк, які захоўваецца круглы год, падтрымлівае ў далінах разрэджаную ксерафітавую і злакава-хмызняковую расліннасць; трапляюцца асобныя дрэвы (акацыі, тамарыскі, фінікавая пальма і інш.). Жывёльны свет: шматлікія грызуны, антылопы, гіены, шакалы, паўзуны. Насельніцтва рэдкае. Качавая жывёлагадоўля (козы, авечкі, вярблюды). У аазісах — земляробства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЕФАРЫ́Т (ад грэч. blepharon павека + ...іт),
запаленне краёў павекаў. Адна з пашыраных і працяглых хвароб вачэй. Прычыны ўзнікнення: хранічныя інфекц. і інфекцыйна-алергічныя хваробы, гіпавітамінозы, анеміі, хваробы страўнікава-кішачнага тракту, эндакрынныя парушэнні, глісныя інвазіі, хранічны танзіліт і інш. Развіццю блефарыту спрыяюць хранічныя кан’юнктывіты, запаленні слёзных шляхоў, гіперметрапія і астыгматызм вока, уздзеянні ветру, пылу, дыму.
Адрозніваюць блефарыт просты (лускаваты), язвавы і ангулярны. Для ўсіх відаў блефарыту характэрны сверб, адчуванне цяжару павекаў, хуткая стамляльнасць вачэй і павышаная адчувальнасць іх да святла. Назіраецца пачырваненне і патаўшчэнне краёў павекаў каля асновы вейкаў — дробныя сухія паслойныя шаравата-белыя лускавінкі ці жаўтаватыя скарыначкі, пры гнойных — кроватачывыя язвачкі. Пры іх рубцаванні парушаецца рост вейкаў. Прычынай блефарыту бывае себарэя. Стафілакокавы блефарыт можа выклікаць абсцэс тлушчавай залозы валасянога фалікула — вонкавы ячмень. Пры ангулярным блефарыце запаляюцца краі вонкавай і ўнутр. спаек павекаў. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАНГА́РД»,
кірунак у кінамастацтве 1920-х г., абумоўлены пошукамі новых сродкаў выразнасці. Найб.характэрны для франц. і ням. кіно.
У 1-й пал. 1920-х г. «авангард» абазначаўся тэрмінам «фотагенія» (паэтычны погляд на рэальнасць, выкарыстанне муз. рытмікі, алегорый, метафарычнай кінамовы, асацыятыўнага мантажу). Выявіўся ў фільмах «Я абвінавачваю» і «Кола» А.Ганса, «Эльдарада» М.Л’Эрб’е, «Вернае сэрца» Ж.Эпштэйна, «Ліхаманка» Л.Дэлюка і інш. У 2-й пал. 1920-х г. у «авангардзе» назіраецца схільнасць да эксперым. фарматворчасці на аснове выявы геам. фігур, ліній, святлаценяў, рытмічных і мантажных кампазіцый — фільмы «Механічны балет» Ф.Лежэ, «Сімфонія вялікага горада» В.Рутмана, серыя «Эцюды» О.Фішынгера і інш.; вобразы ствараліся на аснове сюррэалістычных і дадаісцкіх матываў («Антракт» Р.Клера, «Андалузскі сабака» Л.Буньюэля, «Эмак Бакія» М.Рэя, «Ракавіна і свяшчэннік» Ж.Дзюлака і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСПЕРАПЫ́ННАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
сукупнасць тэхнал. працэсаў, злучаных у адзіны вытв. паток, што забяспечвае бесперапыннае пераўтварэнне зыходнай сыравіны ў гатовы прадукт. Тэхнал. працэсы ў бесперапыннай вытворчасці арганізуюцца ў межах вытв. ліній, участкаў, цэхаў ці ўсяго прадпрыемства. Пашырана ў галінах прам-сці, якія ажыццяўляюць масавы выпуск прадукцыі на аснове спалучэння асобных дэталяў (камплектуючых) у адзінае цэлае (швейная, абутковая, гадзіннікавая прам-сць), а таксама ў галінах, на якіх бесперапыннасць вытв. працэсу абумоўлена характарам тэхналогіі (энергетыка, металургія). Апошнія працуюць кругласутачна, без спынення ў выхадныя і святочныя дні, а рамонт абсталявання ажыццяўляецца ў час работы ці з выкарыстаннем рэзервовых апаратаў і агрэгатаў. Для бесперапыннай вытворчасці характэрны высокі ўзровень механізацыі і аўтаматызацыі вытв-сці. Яна, як правіла, скарачае час вытв-сці прадукцыі, забяспечвае больш поўнае выкарыстанне асн. фондаў, паскарае абарачальнасць абаротных сродкаў, спрыяе росту прадукцыйнасці працы. Найб. эфект дае ў паточнай вытворчасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,
1) прыўнясенне ў прыроднае асяроддзе і размнажэнне ў ім непажаданых для чалавека арганізмаў.
2) Выпадковае або антрапагеннае пранікненне (дзякуючы дзейнасці чалавека) у экасістэмы і тэхнал. прылады відаў жывых арганізмаў, якія не характэрны для дадзеных згуртаванняў і прылад і звычайна там адсутнічаюць. Біялагічнае забруджванне найчасцей мае мясц. характар, аднак яго адмоўныя вынікі могуць істотна павялічвацца дзякуючы здольнасці арганізмаў-забруджвальнікаў самастойна мігрыраваць на значныя адлегласці (напр., эладэя, каларадскі жук рассяліліся па ўсёй тэр. Беларусі). Асабліва небяспечнае біялагічнае забруджванне асяроддзя ўзбуджальнікамі інфекц. і паразітычных хвароб, шкоднікамі с.-г. раслін і іх канкурэнтамі. Папярэдзіць біялагічнае забруджванне можна своечасовым выяўленнем, лакалізацыяй і ліквідацыяй крыніц забруджвання, ажыццяўляючы комплекс мерапрыемстваў па санітарнай ахове навакольнага асяроддзя, увядзеннем каранціну, папярэднімі абгрунтаваннем і прагназаваннем магчымых вынікаў інтрадукцыі і акліматызацыі новых для дадзенай тэр. відаў раслін і жывёл.