ПАТРАНА́Т (позналац. patronatus ад лац. patronus апякун),
1) у Старажытным Рыме асаблівая форма апякунства, якая фактычна вызначала залежнасць непаўнапраўных ці бедных грамадзян ад грамадзян багатых. Бяспраўныя плебеі ішлі пад П. (атрымлівалі родавае імя патрона, ч. родавай зямлі, абарону ў судах і г.д.) знатных і багатых патрыцыяў (гл.Кліентэла). У час позняй Рым. імперыі пад П. аддаваліся дробныя землеўладальнікі, вёскі, абшчыны, гарады Італіі і правінцый. Землеўладальнікі аддавалі патрону сваю зямлю і атрымлівалі яе назад у якасці прэкарыя, каб пазбегнуць падатковага, ліхвярскага, суд. прыгнёту.
2) Форма ўладкавання дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, — выхаванцаў дзіцячых інтэрнатных устаноў — у сям’ю патранатнага выхавальніка. Абавязкі па абароне законных правоў і інтарэсаў дзіцяці размяркоўваюцца паміж патранатным выхавальнікам, органам апекі і папячыцельства і ўстановай, што перадае дзіця на патранатнае выхаванне. На Беларусі праваадносіны, якія ўзнікаюць пры ажыццяўленні П., рэгулююцца Кодэксам аб шлюбе і сям’і. Патранатны выхавальнік адказны за жыццё, здароўе, выхаванне і адукацыю дзіцяці ў перыяд пражывання ў сям’і, куды яно змяшчаецца на падставе прац. дагавору, што заключаецца патранатным выхавальнікам з установай, выхаванцам якой з’яўляецца дзіця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСУ́РЫ (Missouri),
штат у цэнтр. частцы ЗША, у бас. рэк Місісіпі і Місуры. Пл. 180,4 тыс.км². Нас. 5402 тыс.чал. (1997). Адм. ц. — г. Джэферсан-Сіці; найб.гарады і гал.прамысл. цэнтры — Сент-Луіс і Канзас-Сіці. Паверхня — хвалістая раўніна, якая паступова павышаецца на 3. На Пд вапняковае плато Озарк выш. да 540 м. Клімат умераны. Сярэднія т-ры студз. каля 0 °C, ліп. каля 27 °C. Ападкаў каля 1000 мм за год; бываюць засухі. Натуральная расліннасць блізкая да стэпавай. Індустр.-агр. штат. Здабыча свінцу (1-е месца ў ЗША), жал. руды, каменнага вугалю, барыту, буд. матэрыялаў. У апрацоўчай прам-сці пераважаюць машынабудаванне (авіяракетнае, аўтамаб., вытв-сць дарожна-буд. і с.-г. машын) і харч. галіна (мясакансервавая, мукамольная). Развіты таксама радыёэлектронная, хім., швейная, гарбарна-абутковая, цэм.прам-сць, чорная і каляровая металургія. З галін сельскай гаспадаркі пераважае жывёлагадоўля. Гадуюць (млн. галоў, 1998): буйн. раг. жывёлу — 4,3, свіней — 3,5, птушку — 9,4. Вытв-сць бройлераў. Вырошчваюць кукурузу, сою, пшаніцу, на плато Озарк — авёс, на ПдУ у пойме Місісіпі — бавоўнік. Турызм. Транспарт чыг., аўтамаб., рачны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БЛІНСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Lubelskie),
адм.-тэр. адзінка на Пд Польшчы. Утворана 1.1.1999. Пл. 25 тыс.км². Нас. 2,2 млн.чал. (1999), гарадскога 49%. Адм. цэнтр — г.Люблін. Найб.гарады: Хэлм, Замасць, Бяла-Падляска, Пулавы. Цэнтр.ч. ваяводства займае Люблінскае ўзв., на ПнЗ размешчана ўсх. ўскраіна Мазавецкай нізіны, на ПнУ — Люблінскае Палессе, на Пд — узв. Разточэ. Карысныя выкапні: каменны вугаль, вапнякі, мергель, торф. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -3 °C да -4,5 °C на ПнУ, ліп. 17,5—18,5 °C. Ападкаў за год ад 500 мм на Люблінскім Палессі да 700—800 мм на Разточэ. Гал.р. Вісла з прытокамі Буг і Вепш. Канал Вепш—Кшна. Глебы падзолістыя, балотныя, бурыя, чарназёмныя. Пад лесам каля 22% тэрыторыі. Гаспадарка мае агр,прамысл. характар. Пад с.-г. угоддзямі 69% тэрыторыі. Вырошчваюць пшаніцу, цукр. буракі, алейныя культуры, каноплі, тытунь, хмель, бульбу, агародніну. Садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, птушак. Асн. галіны прам-сці: машынабудаванне (вытв-сць аўтамабіляў, с.-г. машын, верталётаў, шарыкападшыпнікаў), харч., хім., лёгкая, дрэваапрацоўчая. Здабыча каменнага вугалю. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯБА́НІЯ (сярэднелац. plebania ад лац. plebs народ),
1) двор святара каталіцкай, рэфарматарскай ці уніяцкай царквы ў Польшчы і на Беларусі. Вядомы з 16 ст. На Беларусі аснову двара, які звычайна размяшчаўся каля храма, складалі жылы дом і гасп. пабудовы (свіран, хлявы, стайня і інш.). Забудова часцей была драўляная (хата 3-камерная) і вырашалася ў традыцыях нар. дойлідства.
Некат. дамы мелі ганкі, галерэі, падчэні на гал. фасадзе (вёскі Ішкалдзь Баранавіцкага, Касцяневічы Вілейскага р-наў, 19 ст.). З канца 19 ст. будавалі П. больш складанай планіровачнай структуры: 2-павярховыя, мураваныя (гарады Мядзел, Глыбокае, Мінск і інш.). Выкарыстоўваліся П. і як своеасаблівыя грамадскія цэнтры (друкарня ў нясвіжскай П., 18 ст.). Сучасныя П. маюць шматфункцыян. залы для сходаў, б-кі, вучэбныя і камп’ютэрныя класы, канцылярыі і інш. (П. ў Смаргоні, 2000, арх. А.Базевіч).
2) У рым.-каталіцкай царкве — адна з назваў царк. прыхода.
С.А.Сергачоў.
Будынак былой плябаніі ў в. Ішкалдзь Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобл. 19 ст.Плябанія (справа) у г. Смаргонь Гродзенскай вобл. 2000. Арх. А.Базевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАГРАФІ́ЧНАЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ,
экспедыцыя, якая накіроўваецца для выяўлення і збору гіст. крыніц. Адну з першых экспедыцый у 1809 арганізавала Рас.АН у гарадыпаўн. Расіі і на Украіну. У час экспедыцый 1817—18 (М.П.Румянцаў) і 1820 (П.М.Строеў) абследаваны архівы Масквы, б-кі манастыроў Маскоўскай, Наўгародскай і Разанскай губ. (выяўлены Ізборнік Святаслава 1073, Судзебнік 1497 і інш.). У 1829—34 археаграфічная экспедыцыя на чале са Строевым даследавала каля 200 архіваў і б-к Паўн. Расіі, сабрала каля 3 тыс. актаў, летапісаў і інш. дакументаў 14—17 ст. (многія з іх выдала Археаграфічная камісія). Шэраг крыніц, у т. л. 14 ст., выявіла ў 1852—54 археаграфічная экспедыцыя М.В.Калачова, якая працавала ў Цэнтр. Расіі. На Беларусі ў 19 — пач. 20 ст. экспедыцыі арганізоўвалі Віленскія археал. і археаграфічная камісіі, навуч. акруга. Іх праводзілі М.К.Баброўскі, І.І.Грыгаровіч, А.І.Мілавідаў і інш. Матэрыялы, сабраныя на Беларусі, захоўваюцца таксама ў рас. б-ках (АН, Маскоўскага ун-та і інш.). У 1970—80-я г.гіст. крыніцы збіралі Нац.б-ка Беларусі, Цэнтр.навук.б-ка імя Я.Коласа АН Беларусі, Рэсп. музей гісторыі рэлігіі, Веткаўскі музей нар. творчасці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІРГІ́НІЯ, Вірджынія (Virginia),
штат на У ЗША. Уваходзіць у групу Паўднёва-Атлантычных штатаў. Пл. 109,6 тыс.км², нас. 6,49 млн.чал. (1993). Адм. ц. — г. Рычманд, інш. значныя гарады і порты: Норфалк, Ньюпарт-Ньюс, Хэмптан, Віргінія-Біч. На ПнУ у межах штата прыгарадная зона сталіцы ЗША — г.Вашынгтон. Гар.нас. 69,4%. На Ў прыбярэжная забалочаная раўніна. У сушу глыбока ўразаецца Чэсапікскі заліў і эстуарыі рэк. На З невысокія горы Апалачы з хрыбтом Блу-Рыдж (каля 1743 м). У цэнтры — плато Підмант.
Клімат умераны, цёплы і вільготны. Т-ра зімой апускаецца да -9 °C, летам дасягае 38 °C. Гадавая сума ападкаў 800—1200 мм. На схілах гор хваёвыя і мяшаныя лясы. Віргінія — індустрыяльна-аграрны штат. Здабыча вугалю, свінцу, буд. матэрыялаў. Развіта хім. (вытв-сцьхім. валокнаў, мінер. угнаенняў і інш.), тытунёвая, тэкст., харч., электронная, цэм., дрэваапр.прам-сць. Буйное ваен. і гандл. суднабудаванне (Норфалк, Ньюпарт-Ньюс, Портсмут). У сельскай гаспадарцы найб. развіта жывёлагадоўля (вытв-сць ялавічыны, малака). Птушкагадоўля. Вырошчваюць тытунь (гал.с.-г. культура), пшаніцу, сою, кукурузу, арахіс, раннюю бульбу, гародніну, яблыкі. Рыбалоўства. На ўзбярэжжы — лоўля вустрыц і крэветак. Транспарт аўтамаб., марскі, чыгуначны. Развіты турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХЧЫСАРА́Й,
горад на Украіне, цэнтр Бахчысарайскага р-на ў Рэспубліцы Крым, у даліне р. Чуруксу. 25 тыс.ж. (1993). Чыг. станцыя. Прадпрыемствы харч. прам-сці, вытв-сць будматэрыялаў.
Вядомы з 1502. Да 1783 сталіца Крымскага ханства. У Бахчысараі заключана Бахчысарайскае перамір’е 1681. У рус.-тур. вайну 1735—39 захоплены рус. войскамі, разбураны. У 1783 далучаны да Расіі (разам з Крымам), уваходзіў у Новарасійскую, з 1802 у Таўрычаскую губ. У 1918—54 у складзе РСФСР, з 1954 — Украіны.
Помнікі архітэктуры: Ханскі палац (16 ст., перабудаваны ў 1787, цяпер Гіст.-археал. музей), які ўключае т.зв. «Пасольскія дзверы» (1503, арх. Алевіз Фразін), фантанны дворык з «залатым фантанам» (1737) і «фантанам слёз» (1764, іранскі майстар Амер), мячэць (1740), шматлікія залы і альтанкі. У наваколлі Бахчысарая — пячорны Успенскі манастыр з царквой (14 ст.), келлямі (15—16 ст.); пячорныя гарады Эскі-Кермен, Тэпэ-Кермен і Чуфут-Кале (Кырк-Ор; цяпер археал. запаведнік) з абарончымі сценамі і брамамі, маўзалеем Джаніке-ханым (15 ст.), вял. (14 ст.) і малой (18 ст.) караімскімі кенасамі (малельнымі дамамі), пячорным жыллём (5—14 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ ВАЙНА́ 1409—11,
вайна ВКЛ і Польскага каралеўства супраць Тэўтонскага ордэна. ВКЛ імкнулася вярнуць захопленую ордэнам Жамойцію, Польскае каралеўства — Памор’е і маркграфства Новую Марку, пакінуць за сабой Добжынскую зямлю; абедзве дзяржавы хацелі разграміць узбр. сілы крыжакоў. Ваенныя дзеянні пачаліся 16.8.1409 нападам войск ордэна на Добжынскую зямлю. У час ваен. кампаніі 1409 крыжакі захапілі яе, разбілі польск. войскі ў Новай Марцы, войскі ВКЛ выгналі крыжакоў з Жамойціі палякі вярнулі Быдгашч. 8.10.1409 Польшча заключыла з ордэнам перамір’е да 24.6.1410. У канцы 1409 у Бярэсці адбылася Берасцейская сустрэча 1409вял.кн.ВКЛВітаўта і польск. караля Ягайлы, на якой была ўзгоднена летняя кампанія 1410. У маі 1410 ордэн заключыў перамір’е з ВКЛ да 24 чэрвеня. Летам 1410 войскі Ягайлы і Вітаўта рушылі на сталіцу ордэна Мальбарк, прымусілі крыжакоў даць генеральную бітву, у выніку якой армія Ордэна пацярпела поўнае паражэнне (гл.Грунвальдская бітва 1410). Аблога Мальбарка (25.7—19.9.1410) не мела поспеху. Вайна скончылася Тарунскім мірам 1411, паводле якога захопленыя ў час вайны гарады і замкі вернуты ўладальнікам, Жамойція навечна перададзена ВКЛ. Добжынская зямля пакінута за Польшчай. Вялікая вайна 1409-11 падарвала магутнасць Тэўтонскага ордэна і спыніла яго агрэсію на ўсход.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОН,
рака ў еўрап.ч. Расіі. Даўж. 1870 км. Пл.бас. 422 тыс.км². Пачынаецца на ўсх. схілах Сярэдня-Рускага ўзв. на выш. 190 м. Упадае ў Таганрогскі зал. Азоўскага м., утварае дэльту (пл. да 340 км²). Верхняе цячэнне ўздоўж стромкага ўсх. краю Сярэдня-Рускага ўзв., даліна вузкая, рэчышча звілістае, сярэдняе і ніжняе цячэнні ў шырокай даліне з шырокай поймай. Малы нахіл у нізоўі абумоўлівае вельмі павольнае цячэнне. Асн. прытокі: Хапёр, Мядзведзіца, Сал, Маныч (злева), Северскі Данец (справа). Жыўленне пераважна снегавое. Ледастаў у вярхоўі з ліст. да крас., у нізоўі — з пач.снеж. да канца сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў ніжнім цячэнні 935 м³/с. Рыбалоўства. Асн.прамысл. рыбы: судак, лешч, сазан, чахонь, данецкі селядзец, асетр, сяўруга (у ніжнім цячэнні). Выкарыстоўваецца для арашэння. Д. злучаны з Волгай Волга-Данскім суднаходным каналам. На Д. — Цымлянская ГЭС і вадасховішча; Мікалаеўскі, Канстанцінаўскі і Кочатаўскі гідравузлы. Суднаходная ад вусця р. Сасна (1604 км), рэгулярнае суднаходства ад г. Ліскі (1355 км). У бас. Д. запаведнікі Галчыная Гара і Хапёрскі. Гал.гарады: Ліскі, Калач-на-Доне, Растоў-на-Доне, Азоў, Валгадонск (порт на Цымлянскім вадасх.).
Літ.:
Моложавенко В.С. Голубые родники. От истоков до устья [Дона]. М., 1971.
узнагароды Вярхоўнага Савета Беларусі. Упершыню ўведзены Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР 20.11.1938. Палажэнне аб Ганаровай грамаце і Грамаце Вярх. Савета БССР зацверджана 30.10.1969. Паводле яго Прэзідыум Вярх. Савета БССР узнагароджваў Ганаровымі граматамі і Граматамі рабочых, калгаснікаў, служачых, інж.-тэхн. работнікаў, дзеячаў навукі, літаратуры і мастацтва, ваеннаслужачых, а таксама прадпрыемствы, калгасы, установы і арг-цыі, прац. калектывы, вайсковыя часці і злучэнні, раёны, сельсаветы, гарады і інш. за поспехі ў развіцці нар. гаспадаркі, навукі і культуры, у вытв., навук. і грамадскай дзейнасці, высокія паказчыкі ў баявой падрыхтоўцы і інш. заслугі.
Прэзідыум Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь прыняў 2.8.1994 Пастанову і Палажэнне пра заснаванне Ганаровай Граматы Прэзідыума Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь і спыненне ў далейшым узнагароджання раней устаноўленымі граматамі Вярх. Савета. У адпаведнасці з Палажэннем Ганаровая грамата Прэзідыума з’яўлялася заахвочваннем за заслугі ў дзярж., гасп., сац.-культ. будаўніцтве і ўмацаванні абараназдольнасці Беларусі. Ганаровай граматай узнагароджваліся грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама асобы, якія не з’яўляліся яе грамадзянамі. Узнагароджанне праводзілася Прэзідыумам Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. Са спыненнем дзейнасці Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь 27.11.1996 як форма ўзнагароды перастала існаваць.