СУНЛЯ́О, Сунляопін’юань,

Маньчжурская раўніна. Размешчана на ПнУ Кітая, у бас. р. Сунгары і Ляахэ. Пл. каля 300 тыс. км². Пераважаюць выш. 200—300 м, на ПдЗ менш за 100 м. Складзена пераважна з рачных і азёрных адкладаў, плоская, слабарасчлянёная. Уздоўж водападзела р. Сунгары і Ляахэ — узгоркі з гранітаў, гнейсаў і базальтаў, перакрытых лёсам. На З і ПдЗ трапляюцца эолавыя формы рэльефу. Клімат умераны, мусонны, з халоднай зімой і дажджлівым летам. Т-ра студз. на Пн да -22 °C, на Пд да -8 °C, ліп. 20—25 °C. Ападкаў 400—700 мм за год. Стэп на чарназёмах і каштанавых глебах (месцамі саланчакі і пяскі, на Пн участкі шматгадовай мерзлаты). На паўн. і ўсх. ускраіне лесастэп. На Пд і У раўніна густа населена, разарана, на З пашы. Буйныя гарады — Харбін, Чанчунь, Цыцыкар, Шэньян.

т. 15, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)