УРУ́К,
старажытны горад-дзяржава ў Шумеры (шумерскае Унуг, біблейскае Эрэх, грэч. Архоя), на яго месцы сучасны пасёлак Варка (за 65 км на ПнЗ ад г. Насірыя ў Іраку). У 28—27 ст. да н.э. пад гегемоніяй У. аб’яднаны гарады-дзяржавы Паўд. Двухрэчча. У 24 ст. да н.э. пры цару Лугальзагісі У. — сталіца Шумера. У 24 ст. да н.э. заваяваны Сарганам Старажытным і ўвайшоў у склад яго дзяржавы. У канцы 22 ст. да н.э. яго цар Утухегаль стварыў у Двухрэччы аб’яднанае «царства Шумера і Акада». У. заставаўся важным горадам да канца 1-га тыс. да н.э. У 8—2 ст. да н.э. — аўтаномны храмавы горад у складзе вавілонскага, потым ахеменідскага і селеўкідскага царстваў. У 3 ст. н.э. разбураны Сасанідамі. З пач. 20 ст. вядуцца сістэматычныя раскопкі.
т. 16, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)