НЬЮ́ТАНА ЗАКО́НЫ МЕХА́НІКІ,

тры законы, на якіх грунтуецца класічная механіка. З’яўляюцца вынікам абагульнення даследаванняў Г.Галілея, Р.Гука, К.Гюйгенса, І.Ньютана і інш.

Сфармуляваны І.​Ньютанам (1687) у наступным выглядае. 1-ы закон: «Кожнае цела працягвае ўтрымлівацца ў сваім стане спакою або раўнамернага і прамалінейнага руху, пакуль і паколькі яно не вымушаецца прыкладзенымі сіламі змяніць гэты стан». 2-і закон: «Змена колькасці руху (імпульсу) прапарцыянальная прыкладзенай рухальнай сіле і адбываецца ў напрамку той прамой, уздоўж якой гэтая сіла дзейнічае». 3-і закон: «Дзеянню заўсёды ёсць роўнае і процілеглае процідзеянне, інакш, узаемадзеянне двух цел адно на аднаго паміж сабой роўныя і накіраваны ў процілеглыя бакі». Паводле сучасных уяўленняў пад целам трэба разумець матэрыяльны пункт, а яго рух разглядаць адносна інерцыяльнай сістэмы адліку. Матэм. фармулёўка 2-га закону: dp→ / dt = F→ , дзе p→ = mv→ — імпульс, m — маса і v→ — скорасць матэрыяльнага пункта, t — час, F→ — раўнадзейная ўсіх сіл, што дзейнічаюць на матэрыяльны пункт. Н.з.м. выконваюцца для ўсіх макрацел, якія рухаюцца са скарасцямі, значна меншымі за скорасць святла ў вакууме. Рух мікрааб’ектаў (атамаў і малекул) падпарадкоўваецца законам квантавай механікі. Н.з.м. разам з сусветнага прыцягнення законам адыгралі важную ролю ў станаўленні фізічнай карціны свету.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 128—133;

Гинзбург В.Л. К трехсотлетию «Математических начал натуральной философии» Исаака Ньютона // Успехи физ. наук. 1987. Т. 151, вып. 1.

А.​І.​Зубаў.

т. 11, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКАЯ РА́ТУША І ГАНДЛЁВЫЯ РАДЫ́,

помнікі архітэктуры 16 ст. ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Ратуша ўзведзена каля 1596 з цэглы на б. Рыначнай пл. Перабудавана ў 1752 у стылі позняга барока. Прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак з 6-яруснай вежай (4 ніжнія чацверыкі, 2 верхнія васьмерыкі), завершанай гранёным купалам з ліхтаром. У 1836 пажарам знішчана завяршэнне вежы. У сярэдзіне 19 ст. чацверыкі накрыты пакатым шатровым дахам; асн. аб’ём — высокім кроквенным дахам з вальмай на паўд. тарцы. У 1990-я г. адноўлена ў першапач. выглядзе паводле праектнага плана канца 16 ст. і гравюры Т.​Макоўскага 17 ст. Фасады амаль пазбаўлены дэкору. Узроўні ярусаў вежы і памяшканняў ратушы не супадаюць і злучаны драўлянымі ўсходамі. Гандлёвыя рады спачатку размяшчаліся сіметрычна абапал ратушы па даўжыні будынка. Паміж імі былі нешырокія праезды з арачнымі брамамі на тарцах. Ячэйкі-крамы былі адкрыты праёмамі ў бок праездаў; частка гандл. памяшканняў знаходзілася ў 1-м ярусе ратушы. У сярэдзіне 18 ст. гандл. рады перабудаваны: прадоўжаны за будынак ратушы, абкружылі яе з трох бакоў, утвараючы П-падобны ўнутр. замкнёны дворык; ячэйкі-крамы пераарыентаваны праёмамі да плошчы і прылеглых вуліц. Невысокія падоўжаныя карпусы гандл. радоў накрыты 1-схільнымі дахамі (са схілам у бок унутр. двара). Вулічныя фасады вырашаны ў выглядзе аркады, завершаны высокім атыкам. У дэкоры выкарыстаны прафіляваныя карнізы, абрамленні праёмаў, філянговыя нішы.

Т.​В.​Габрусь.

Нясвіжская ратуша і гандлёвыя рады.

т. 11, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІНЕЗІ́ЙСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Займае астравы Ціхага ак. (акрамя Новай Зеландыі і а-воў Кермадэк). Уваходзіць у царства Палеагею. Паводле сістэмы раянавання рас. вучонага У.​Г.​Гептнера (1936) лічылася Палінезійскай зоагеагр. падвобласцю, што ўваходзіла ў Аўстрал. зоагеагр. вобласць з царства Натагею.

Багацце флоры астравоў П.б.в. знаходзіцца ў прамой залежнасці ад памераў вострава або архіпелага і разнастайнасці рэльефу. На астравах трапляюцца ўсе тыпы раслінных згуртаванняў, ад трапічных лясных да пустынных фітацэнозаў. Відавая разнастайнасць залежыць ад спосабаў пападання насення і дарослых раслін на акіянічныя астравы (з паветранымі і марскімі плынямі, з дапамогай птушак, жывёл і чалавека). Фауна ярка выяўленага астраўнога характару, мае мноства эндэмічных форм. З наземных млекакормячых трапляюцца некат. дробныя грызуны, завезеныя чалавекам, і рукакрылыя (даўгакрылы, крыланы, начніцы). Найб. багатая арнітафауна (каля 100 родаў): мноства галубоў, вадаплаўных (альбатросы, чайкі і інш.), веліканогія куры, зімародкі, зязюлі, кулікі, ластаўкі, медасосы, папугаі, совы і інш. (каля 35 эндэмічных груп). З паўзуноў характэрны геконы і сцынкі, каля берагоў — марскія змеі. Жабы трапляюцца на Гавайскіх, Фіджы а-вах і архіпелагу Бісмарка. З прэснаводных рыб пераважаюць прахадныя формы (напр., вугры). Беспазваночныя найб. багата прадстаўлены ў зах. ч. вобласці, сярод іх ад 30 да 80% эндэмікаў (жукі, матылі і інш.). Характэрны наземны рак — пальмавы злодзей.

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Палінезійская біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі флоры і фауны: 1 — аргіраксіфіум гавайскі; 2 — эрытрына; 3 — сцэвола такада; 4 — ігуана каналоф; 5 — серпадзюбка-акіялоа; 6 — канюк галапагоскі.

т. 12, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНТЭІ́ЗМ (ад пан... + theos Бог),

рэлігійнае і філас. вучэнне, якое збліжае або атаясамлівае Бога з навакольным светам. Паняцце «П.» уведзена нідэрландскім тэолагам І.​Фаем (1709). Пантэістычныя тэндэнцыі праяўляюцца ў ератычнай містыцы сярэдніх вякоў, характэрны для натурфіласофіі эпохі Адраджэння. У розных вучэннях П. выражае натуралістычныя, матэрыяліст. або ідэаліст. тэндэнцыі. Прыхільнікі адной плыні імкнуліся да ўзмацнення рэліг.-містычнага зместу тэалогіі шляхам растварэння прыроды ў Богу, сцвярджаючы, што Бог існуе ва ўсіх рэчах, з’явах, працэсах як звышнатуральны пачатак (Іаан Скот Эрыўгена, Н.​Мальбранш, сучасныя філосафы-персаналісты). Прадстаўнікі другой лічылі, што менавіта Бог раствараецца ў прыродзе, што Сусвет нікім не створаны і кіруецца асабістымі законамі, што сама прырода і ёсць сапраўдны Бог (Дж.​Бруна, Б.​Спіноза, І.​Гердэр). Гэта тэндэнцыя грунтуецца на гілазаістычных (гл. Гілазаізм) ідэях старажытнасці, на прынцыпах натуралізму сярэднявечча і з’яўляецца падставай для атэістычных поглядаў. Вядомы выпадкі і эклектычнага змяшэння элементаў гэтых плыняў. Аднак усе тыпы П. аб’ядноўвае прынцып адмаўлення асабістай персаніфікацыі Бога, які недасягальна ўзвышаецца над Сусветам і чалавекам паводле тэалагічных сістэм т.зв. аўраамічных рэлігій (хрысціянства, ісламу і іудаізму). На практыцы канцэптуальныя высновы П. прыводзяць да змены тэацэнтрычнай мадэлі Сусвету інш. парадыгмамі — космацэнтрычнай або антрапацэнтрычнай. На падставе ідэі П. аб стварэнні свету бесцялесным сусв. духам ці розумам, што знаходзіцца ў самой прыродзе, ням. філосафы Ф.​Шэлінг і Г.​Гегель спрабавалі прымірыць супярэчнасці паміж духоўным і матэрыяльным пачаткамі быцця.

А.​А.​Цітавец.

т. 12, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́ЖСКАЯ МІ́РНАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1946,

міжнародная канферэнцыя (29 ліп. — 15 кастр., Парыж) па разглядзе падрыхтаваных на Патсдамскай канферэнцыі 1945 Саветам міністраў замежных спраў (СМЗС) СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Кітая праектаў мірных дагавораў паміж дзяржавамі антыгітлераўскай кааліцыі, якія перамаглі ў другой сусветнай вайне 1939—45, і б. саюзнікамі Германіі — Італіяй, Балгарыяй, Венгрыяй, Румыніяй і Фінляндыяй. Склікана паводле рашэнняў Маск. нарады міністраў замежных спраў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі (снеж. 1945). Прысутнічалі дэлегацыі 21 краіны, у т. л. СССР, БССР і УССР (удзел апошніх 2 сав. рэспублік тлумачыўся іх членствам у ААН і іх укладам у перамогу над фаш. дзяржавамі). Абмяркоўваліся паліт., тэр. і эканам. пытанні ў 10 камісіях. Бел. дэлегацыя (паўнамоцныя дэлегаты: К.В.Кісялёў — кіраўнік, А.​Г.​Бондар, П.​В.​Лютаровіч, Г.​Г.​Навіцкі, В.​І.​Фясько, А.​А.​Чыжоў, Ф.​П.​Шмыгаў і 2 прадстаўнікі: Н.​П.​Новік, В.​І.​Яшумаў) найб. абараняла інтарэсы СССР і яго саюзнікаў (краін Усх. Еўропы) па працэдуры галасавання, выступала ў падтрымку рэпарацыйных патрабаванняў сав. ўрада, але не ставіла пытанне пра задавальненне рэпарацый непасрэдна на карысць Беларусі), Югаславіі (за далучэнне да яе Трыеста), Балгарыі (супраць адрыву ад яе тэр. на карысць Грэцыі). Тэксты дагавораў канчаткова ўзгоднены на сесіі СМЗС у Нью-Йорку 4.11—12.12.1946 і падпісаны 10.2.1947 у Парыжы (гл. Парыжскія мірныя дагаворы 1947).

Літ.:

Снапкоўскі У.Е. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі, 1944—1953 гг. Мн., 1997. С. 46—58.

У.​Е.​Снапкоўскі.

т. 12, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТАЯ́ННАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ ПРЫ ААН,

замежны дыпламат. орган знешніх зносін бел. дзяржавы, які прадстаўляе інтарэсы Рэспублікі Беларусь у Арг-цыі Аб’яднаных Нацый, падтрымлівае з ёй пастаянныя сувязі ад імя ўрада Беларусі. Знаходзіцца ў г. Нью-Йорк (ЗША). Узначальваецца пастаянным прадстаўніком. Утворана паводле пастановы СМ БССР ад 28.3.1958. Мае задачы: сачыць за выкананнем палажэнняў Статута ААН, быць у курсе ўсіх міжнар. падзей, асабліва звязаных з парушэннямі міру і міжнар. бяспекі, рыхтаваць адпаведныя прапановы для свайго ўрада, падтрымліваць пастаянныя сувязі з Сакратарыятам ААН, прадстаўніцтвамі інш. краін — членаў ААН, выступаць у органах ААН з прапановамі і акцыямі, прадстаўляць Беларусь у органах ААН. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі (27.7.1990) працуе над рэалізацыяй мэт і задач шматбаковай дыпламатыі Рэспублікі Беларусь у ААН. Цесна супрацоўнічае з пастаяннымі прадстаўніцтвамі Рас. Федэрацыі і інш. краін СНД пры ААН. Дзейнічае ў адпаведнасці з Венскай канвенцыяй 1975 аб прадстаўніцтве дзяржаў у іх зносінах з міжнар. арг-цыямі універсальнага характару і інш. міжнар. пагадненнямі. Кіраўнік пастаяннага прадстаўніцтва звычайна ўпаўнаважваецца ўрадам сваёй дзяржавы і да яго прымяняюцца працэдуры запыту агрэману, акрэдытавання ў краіне знаходжання, аб’яўлення персонай нон грата. Кіраўнік і члены дыпламат. персаналу пастаяннага прадстаўніцтва маюць тыя ж прывілеі і імунітэт, што і супрацоўнікі дыпламат. прадстаўніцтваў.

Літ.:

Постоянное представительство Республики Беларусь при Организации Объединенных Наций // Вестн. Мин-ва иностранных дел. 1998. № 2.

У.​Е.​Снапкоўскі.

т. 12, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНЯЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ «НАРО́ДНАЙ ВО́ЛІ»,

аб’яднанне гурткоў «Народнай волі» Беларусі і Літвы ў 1881—84. Створана па ініцыятыве выканкома «Народнай волі» пад кіраўніцтвам Віленскай цэнтр. групы. У сферу дзейнасці арг-цыі паводле «Статута Віленскай цэнтральнай групы» ўвайшлі Віленская, Віцебская, Гродзенская, Ковенская, Магілёўская і Мінская губ. Ставілася мэта «пашырыць рэвалюцыйную арганізацыю на свой раён і давесці яе да такой ступені сілы, каб у момант перавароту гэтая мясцовасць пайшла за партыяй». У арг-цыю ўвайшлі нарадавольскія гурткі Вільні, Мінска, Гродна, Віцебска, Магілёва, Гомеля, Рагачова, Оршы, Беластока і інш. гарадоў краю. Былі арганізаваны новыя рабочыя гурткі, у Мінску і Магілёве наладжаны выраб фальшывых дакументаў, у Віцебску створана вял. б-ка нелегальнай л-ры, падрыхтавана да работы падп. друкарня. Наладжаны кантакты з замежным цэнтрам, ваен. арг-цыяй «Народнай волі», Польска-літоўскай сац.-рэв. партыяй, партыяй «Пралетарыят». Пасля арышту ў ліп. 1882 амаль усяго складу выканкома «Народнай волі» адносіны арг-цыі з цэнтрам былі разбураны. На гэтым этапе сярод нарадавольцаў краю стала папулярнай ідэя фарміравання груповак па нац. прыкмеце. Да сярэдзіны 1883 уплыў Віленскай цэнтр. групы і міжгуртковыя сувязі аслабелі. Кансалідуючай сілай выступала «Маладая партыя Народнай волі» (апазіцыйная плынь), члены якой лічылі неабходным засяродзіцца на прапагандзе сярод рабочых, адстойвалі прынцып федэрацыі і большай аўтаномнасці мясц. груп. Вясной 1884 па краі пракацілася хваля рэпрэсій, сувязі паміж гурткамі перапыніліся, паступова аб’яднанне нарадавольцаў краю перастала існаваць.

М.​Б.​Ласінскі.

т. 12, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАХО́ДЫ ВІ́ТАЎТА НА СМАЛЕ́НСК 1395—1404,

ваенныя паходы супраць Смаленскага княства з мэтай далучэння яго да ВКЛ. Спробы падпарадкаваць смаленскія землі рабіў Альгерд (1356, 1375). У 1386 пасля разгрому смалян войскамі ВКЛ каля Мсціслава (гл. Мсціслаўская бітва 1386) Ягайла пасадзіў у Смаленску сына загінуўшага ў бітве кн. Святаслава — Юрыя і прымусіў яго ў 1387 прынесці васальную прысягу. Пасля прыходу да ўлады ў ВКЛ Вітаўта Юрый, абапіраючыся на падтрымку Разанскага княства, вырашыў кіраваць самастойна. У 1395 Вітаўт заняў Смаленск і пасадзіў там сваіх намеснікаў — Якава Ямантавіча і Васіля Барэйкавіча. Пасля паражэння Вітаўта ў бітве на Ворскле 1399, Юрый з дапамогай разанскага кн. Алега і паўстаўшых гараджан вярнуў Смаленск. У 1401, 1402, 1403 Вітаўт рабіў няўдалыя спробы вярнуць горад. Пасля смерці разанскага кн. Алега (1402) прыхільнікі Вітаўта спрабавалі ўзняць у княстве мяцеж, але поспеху не мелі. У 1404 пры падтрымцы Ягайлы і нейтралітэце Маск. дзяржавы Вітаўт уключыў Смаленскае княства ў склад ВКЛ. Паводле сведчання «Хронікі літоўскай і жамойцкай», «Вітаўт... вінных усіх... пазабіваў да трох тысяч, і, абы ў Смаленску не было больш ужо бунтаў, з княства абярнуў ужо ў ваяводства». Уваходжанне смаленскіх зямель у склад ВКЛ не прынесла значных змен у іх грамадскае і эканам. жыццё, яны захавалі сваю аўтаномію, прывілеі і культ. традыцыі.

Літ.:

Ластовский Г. Смоленск и Великое княжество Литовское в XIII—XVI вв. // Край Смоленский. 1993. № 7/8.

т. 12, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЦЯРБУ́РГСКАЯ АКАДЭ́МІЯ МАСТА́ЦТВАЎ, Акадэмія мастацтваў у Пецярбургу,

вышэйшая ўстанова ў галіне пластычных мастацтваў і архітэктуры ў 1757—1918. Засн. паводле праекта І.​І.​Шувалава (першы гал. дырэктар да 1763) як «Акадэмія трох найзнатнейшых мастацтваў» (жывапіс, дойлідства і скульптура). З 1764 Імператарская АМ. Была цэнтрам прафес. маст. адукацыі, навукова-творчым цэнтрам Расіі, рэгламентавала маст. жыццё. У сярэдзіне 19 ст. стала апорай кансерватызму, што абумовіла выхад з акадэміі шэрагу прагрэс. мастакоў (т. зв. бунт чатырнаццаці, гл. Пецярбургская арцель мастакоў, Перасоўнікі). У 1893 у П.А.м. праведзена рэформа, у склад яе прафесараў увайшлі буйнейшыя мастакі-рэалісты А.​Куінджы, У.​Макоўскі, І.​Рэпін, І.​Шышкін і інш. Прэзідэнты акадэміі: І.​І.​Бецкі (1764—94), А.​І.​Мусін-Пушкін (1795—97), Г.​А.​Шуазёль-Гуф’е (1797—1800), А.​С.​Строганаў (1800—11), А.​Аленін (1817—43), М.​Лейхтэнбергскі (1843—52), вял. кн. Марыя Мікалаеўна (1852—76), вял. кн. Уладзімір Аляксандравіч (1876—1909), вял. кн. Марыя Паўлаўна (1909—17). Пасля скасавання заменена інш. навуч. ўстановамі.

У розны час у акадэміі вучыліся бел. мастакі Л.​Альпяровіч, І.​Аскназій, С.​Богуш-Сестранцэвіч, В.​Ваньковіч, Г.​Вейсенгоф, В.​Волкаў, А. і І. Гараўскія, Т.​Гарэцкі, Ф.​Дмахоўскі, С.​Заранка, А.​Каменскі, К.​Карсалін, Я.​Кругер, К.​Кукевіч, Я.​Манюшка, Э.​Паўловіч, Л.​Пігулеўскі, Ю.​Пэн, Б.​Русецкі, Ф.​Рушчыц, К.​Стаброўскі, браты І., Я. і А. Хруцкія і інш. Членам Імператарскай АМ быў І.​Аляшкевіч.

т. 12, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,

адм.-тэр адзінка ў ВКЛ у 16—18 ст. Ахоплівала тэр. ранейшай Полацкай зямлі, намеснікі якой з пач. 16 ст. называліся ваяводамі. Цэнтр — г. Полацк. Мела харугву ружовага (паводле інш. звестак — белага) колеру з выявай герба «Пагоня». Карысталася абласнымі прывілеямі, якія ўстанаўлівалі полацкае права; ваявода мог прызначацца толькі са згоды мясц. шляхты. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—37 ад П.в. да Расіі адышлі воласці Завалочча і Себеж. У час Інфлянцкай вайны 1558—82 у 1563 амаль усё П.в. было занята рас. войскамі; у 1564 большая частка тэр. П.в. на Пд ад Зах. Дзвіны адваявана ВКЛ. З 2-й пал. 16 ст. структура кіравання ў ваяводстве прыведзена ў адпаведнасць з адм. рэформай 1565—66 і Статутам ВКЛ 1566. П.в. не падзялялася на паветы. Буйнейшымі паселішчамі былі Асвея, Бешанковічы, Глыбокае, Дзісна, Друя, Лепель, Ула, Ушачы і інш. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у 1654—55 рас. армія цалкам заняла П.в.; большасць яго тэрыторыі вернута ў ВКЛ у 1658—60. У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай 1772 паўн. частка П.в. (да р. Зах. Дзвіна, з г. Полацк) адышла да Расіі і ўвайшла ў склад Пскоўскай губерні. Астатняя частка П.в. існавала да 2-га падзелу Рэчы Паспалітай 1793; павятовыя сеймікі ў гэты час збіраліся ва Ушачах.

В.​Л.​Насевіч.

т. 12, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)