КАШУ́ЛЯ, сарочка,

асноўная частка нар. адзення беларусаў. Шылі з ільнянога даматканага палатна. Мужчыны насілі К. паверх нагавіц і падпяразвалі поясам, жанчыны ўбіралі ў андарак ці панёву. Паводле крою вылучаюць 3 тыпы К : тунікападобныя — у згорнутым удвая палотнішчы на перагіне рабілася пройма для галавы, з прамымі плечавымі ўстаўкамі — пярэдняя і задняя палавіны стана злучаны на плячах прамавугольнымі палікамі, з гесткай — палавіны злучаліся з дапамогай гесткі. Традыц. К. мела прамы рукаў з манжэтай (каўперцам), адкладны ці стаячы каўнер (зрэдку і без яго), прамы разрэз на грудзях, пад пахамі ўстаўныя цвіклі. Рукавы, каўнер, манішка, а ў жаночых і ніз К. аздабляліся натыканым ці вышываным пераважна геам. арнаментам, часцей чырвонага і чорнага колераў. Рэгіянальныя асаблівасці К. выяўляліся ў арнаментыцы, яе кампазіцыйным вырашэнні, тэхнал. апрацоўцы і кроі паасобных дэталей (гл. ў арт. пра Народныя строі, напр., Вілейскі строй).

М.Ф.Раманюк.

Жанчыны ў святочных строях з кашулямі. Вёска Лелікава Кобрынскага раёна Брэсцкай вобл. Сярэдзіна 20 ст.

т. 8, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)