ГЛЮК ((Gluck) Крыстаф Вілібальд) (2.7.1714, Эрасбах, цяпер у межах г. Берхінг, Германія — 15.11.1787),
нямецкі кампазітар; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў муз. класіцызму, рэфарматар оперы 18 ст.Найб. важныя перыяды творчасці звязаны з Венай і Парыжам. Разумеючы неабходнасць рэфармаваць абцяжараную ўмоўнасцямі, далёкую ад рэальнасці традыц.італьян. оперу, ён пачаў гэтую працу ў оперы «Арфей і Эўрыдыка» (1762). Найб. паслядоўна рэфарматарскія прынцыпы ўвасоблены ў «Альцэсце» (1767) і «Парысе і Алене» (1770). У вядомых гісторыка-легендарных сюжэтах акцэнтаваў этычны пачатак. Імкнучыся да прастаты і натуральнай выразнасці ў оперы, да больш цеснага зліцця музыкі з драмай і паэт. словам, гал. элементам муз.-драм. дзеяння ён зрабіў рэчытатыў, узмацніў функцыі аркестра, аднавіў значэнне хору і балетных нумароў, стварыў оперу з яснай структурай. Найважнейшыя палажэнні рэформы сфармуляваў у прадмове да партытуры «Альцэсты». У Парыжы ён напісаў свае лепшыя творы: «Іфігенія ў Аўлідзе» (1774), «Арміда» (1777), «Іфігенія ў Таўрыдзе» (1779), новыя рэд. «Арфея і Эўрыдыкі» (1774) і «Альцэсты» (1776), пастаноўка якіх завяршыла яго оперную рэформу. Напісаў таксама 5 балетаў, у т. л. «Дон Жуан» (1761), «Аляксандр» і «Семіраміда» (абодва 1765), оды і песні на словы Ф.Г.Клопштака. На творчасць Глюка, прадстаўніка асветніцкага класіцызму, паўплывала ідэалогія «трэцяга саслоўя». Яго рэформа зрабіла вял. ўплыў на муз.т-р 19—20 ст. (Л.Бетховен, Г.Берліёз, Р.Вагнер, Л.Керубіні, Э.Мегюль і інш.).
Літ.:
Рыцарев С.А. Кристоф Виллибальд Глюк. М., 1987;
Роллан Р. Глюк: По поводу «Альцесты» // Роллан Р. Музыкально-историческое наследие: Пер. с фр.М., 1988. Вып. 3;
Querelle des Gluckistes et de Piccinnistes. Genève, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОГ ((Gogh) Вінсент Вілем ван) (30.3.1853, Грот-Зюндэрт, каля г. Брэда, Нідэрланды — 29.7.1890),
галандскі жывапісец, адзін з пачынальнікаў постімпрэсіянізму. З 1869 служыў камісіянерам маст.гандл. фірмы ў Гаазе, Бруселі, Лондане, Парыжы; з 1878 — прапаведнікам. Звярнуўшыся да мастацтва, наведваў АМ у Бруселі (1880—81) і Антверпене (1885—86), прыватную студыю ў Парыжы (1886—88); адначасова вывучаў жывапіс імпрэсіянізму і японскую гравюру. Раннія творы, прасякнутыя спагадай да цяжкага жыцця простых людзей Галандыі, напісаны ў змрочнай, стрыманай гаме («Едакі бульбы», «Сялянка», абедзве 1885). Пазней яго палітра стала больш светлай, з’явіўся характэрны для Гога дынамічны мазок. У 1888 Гог пераехаў у Арль, дзе маляваў партрэты і пранізаныя стрыманым жыццялюбствам пейзажы. Жывапісная сістэма гэтых твораў пабудавана на спалучэннях яркіх колераў, выразным рытме малюнка і смелых, свабодных рашэннях («Начное кафэ», «Чырвоныя вінаграднікі ў Арлі», «Сланечнікі», «Спальня ван Гога ў Арлі», усе 1888; Аўтапартрэт з люлькай, 1888—89). Творчасць двух апошніх гадоў адметная абвостранай экспрэсіяй каляровых спалучэнняў, рэзкімі зменамі настрою ад змрочнага візіянерства («Дарога з кіпарысамі і зоркамі», 1890) да трапяткога пачуцця прасвятлення і прымірэння («Пейзаж у Аверы пасля дажджу», 1890). Напружаная праца ў апошнія гады жыцця суправаджалася прыступамі хваробы, якая прывяла Гога ў шпіталь для псіхічнахворых, дзе ён скончыў самагубствам.
Тв.:
Рус.пер. — Письма. Л.;
М., 1966.
Літ.:
Перрюшо А. Жизнь Ван Гога: Пер. с фр.М., 1973;
Дмитриева Н.А. В.Ван Гог: Человек и художник. М., 1982;
Стоун И. Жажда жизни: Повесть о В.Ван Гоге: Пер. с англ.М., 1992.
В. ван Гог. Сланечнікі. 1888.В. ван Гог. Партрэт доктара Гашэ. 1890.В. ван Гог. Аўтапартрэт з люлькай 1888—89.
галандскі юрыст, дыпламат, філосаф, гісторык. Адзін з заснавальнікаў тэорыі натуральнага права і навукі міжнар. права. З 1607 генеральны адвакат правінцыяльнага казначэйства, з 1613 пенсіянарый у гар. радзе Ротэрдама. У 1618 за ўдзел у паліт. барацьбе арыштаваны і асуджаны на пажыццёвае зняволенне. У 1621 збег у Францыю, дзе быў дарадчыкам пры каралеўскім двары, у 1634—44 — пасланнікам Швецыі ў Парыжы. Аўтар твораў па тэалогіі, філасофіі, гісторыі, палітыцы, праве, філалогіі, а таксама вершаў. У працы «Аб праве вайны і міру» (1625) разглядаў праблемы міжнар. права, агульныя пытанні дзяржавы і права. Ён лічыў, што натуральнае права складаецца з элементарных прынцыпаў: выкананне дагавораў, устрыманне ад замахаў на чужую ўласнасць, пакаранне за злачынствы і інш. У выніку развіцця і прыстасавання натуральнага права да ўмоў жыцця розных народаў узнікае пазітыўнае права, гіст. зменлівае і залежнае ад волі таго, хто яго ўстанаўлівае. У аснову міжнар. права уключаў дагаворы паміж дзяржавамі. Лічыў, што несправядлівыя войны павінны быць забаронены; бакі, што ваююць, абавязаны ўстрымлівацца ад знішчэння маёмасці праціўніка і жорсткасці ў дачыненні да грамадз. насельніцтва. Для вырашэння спрэчак паміж дзяржавамі ён прапанаваў стварыць пастаянны орган — «сход хрысціянскіх правіцеляў». У ліку яго прац: «Каментарыі аб праве здабычы» (1604—05), «Аб старажытнасці і ладзе Батаўскай рэспублікі» (1610), «Аб паходжанні амерыканскіх народаў» (1642). Ідэі Гроцыя паўплывалі на сац. фізіку 17—18 ст. і школу натуральнага права.
Тв.:
Рус.пер. — О праве войны и мира... Кн. 1—3. М., 1956.
Літ.:
Dumbauld E. The life and legal writings of Hugo Grotius. Norman, 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЛАВЭР (Delaware),
штат на У ЗША, на ўзбярэжжы аднайменнага заліва Атлантычнага ак.Пл. 5,3 тыс.км². Нас. 700,3 тыс.чал. (1993), гарадскога 76,9%. Адм. ц. — г. Довер. Буйнейшы горад, прамысл. цэнтр і порт — Уілмінгтан. Паўн.ч. штата ўваходзіць у прыгарадную зону г. Філадэльфія. Штат займае ч. прыбярэжнай раўніны, найвышэйшы пункт 135 м. Клімат умераны, вільготны. Сярэдняя т-растудз. каля -2 °C, ліп. каля 20 °C. Ападкаў за год каля 1100 мм. Лясоў мала. Вядучая галіна гаспадаркі — апрацоўчая прам-сць. Асн. галіны: хім. і нафтахім., нафтаперапр., гумавая, аўтамабіле-, судна- і прыладабудаванне, харч., тэкстыльная. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля прыгараднага тыпу. 3 тыс.с.-г. ферм. Гал. галіна — птушкагадоўля (вытв-сць бройлераў). Гадуюць таксама буйн. раг. жывёлу, свіней. Марское рыбалоўства. Пашыраны пасевы соі, кукурузы, бульбы, пшаніцы. Агародніцтва і садоўніцтва. Транспарт марскі, аўтамаб., чыгуначны. Важную ролю адыгрывае суднаходны канал, які злучае залівы Дэлавэр і Чэсапікскі.
Да адкрыцця ў 1609 еўрап. экспедыцыяй Г.Гудзона тэр. Д. была заселена індзейскім племем дэлавараў. З 1631 тут пасяляліся галандцы, з 1638 — шведы, з 1664 — англічане. Д. быў ч.англ. калоніі Нью-Йорк, з 1682 — Пенсільваніі, у 1704 атрымаў абмежаваную аўтаномію. У 1776 у час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 створаны штат Д. Адзін з 13 штатаў-заснавальнікаў ЗША, які ў 1787 першы ратыфікаваў федэральную канстытуцыю. У 1802 Э.І.Дзюпон дэ Немур заснаваў ва Уілмінгтане парахавы з-д, які ў 20 ст. ператварыўся ў сусветна вядомы хім. канцэрн «Дзюпон дэ Немур энд компані». Прымаў удзел у грамадз. вайне 1861—65 на баку Поўначы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎПАТО́РЫЯ,
горад на Украіне, у Рэспубліцы Крым, на беразе мелкаводнага заліва Чорнага м. 110,5 тыс.ж. (1991). Порт, чыг. станцыя. З-ды: рамонтна-мех., вінаробны, малочны, рыбны. Краязнаўчы музей, тэатр.Арх. помнікі: мячэць Джума-Джамі (1552), тур. лазня (16 ст.), 2 караімскія храмы (18 ст.).
У 6—5 ст. да н.э. на месцы сучаснай Е. грэкі заснавалі калонію Керкінітыда (згадваецца ў Герадота). У 3 ст. да н.э. належала Херсанесу Таўрычаскаму. У 2 ст. да н.э. на месцы б. калоніі размяшчаўся рым, ваен. лагер, названы Е. ў гонар Мітрыдата VI Еўпатара. У 4 ст.н.э. горад заняпаў. У 15 ст. рэзідэнцыя крымскіх ханаў, у 16—17 ст. на месцы Е. тур. крэпасць і горад Гезлёў, адзін з пунктаў гандлю рабамі ў Крыме. З 1783 у складзе Расіі, у 1784 перайменавана ў Е. У час рус.-тур. вайны 1853—54 захоплена па чарзе франц., англ. і тур. войскамі. Месца ваен. дзеянняў у час грамадз. вайны (1918—22). У 2-ю сусв. вайну акупіравана ням.-фаш. войскамі (1941—44).
Прыморскі кліматычны і бальнеагразевы курорт. Развіваецца з канца 19 ст., у сав. час ператварыўся ў дзіцячы курорт. Субтрапічны клімат, пляжы, працяглы купальны сезон і інш. фактары спрыяюць эфектыўнаму аздараўленню і лячэнню дзяцей, хворых на рэўматызм, з парушэннямі функцый органаў дыхання (нетуберкулёзнага паходжання), руху і апоры (у т. л. касцёва-сустаўнага туберкулёзу, скаліёзу), нырак, нерв. сістэмы (інфекц. этыялогіі) і інш. У лячэнні выкарыстоўваюць аэра-, гелія- і таласатэрапію, азёрныя і ліманныя гразі, рапу, мінер. і тэрмальныя воды. Дзесяткі санаторыяў, пансіянатаў і баз адпачынку, у т. л. для дарослых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАЗІ́ЙСТВА,
ідэйна-палітычная і філас. плынь у рас. эміграцыі 1920—30-х г. Пачаткам руху стаў выхад зб. «Выйсце да Усходу» (Сафія, 1921) групы маладых рус. вучоных-эмігрантаў. Гіст.-філас. і геапаліт. дактрына Е., услед за ідэямі позніх славянафілаў, ва ўсім супрацьпастаўляла гіст. лёсы, задачы і інтарэсы Расіі і Захаду і трактавала Расію як «Еўразію». Асн. тэарэтыкі — М.С.Трубяцкой, Г.В.Флароўскі, Л.П.Карсавін, П.М.Савіцкі, Г.У.Вярнадскі. Мэта Е. — стварыць новую ідэалогію, здольную асэнсаваць тое, што адбылося з Расіяй пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, і абгрунтаваць метады дзеяння «для адраджэння Айчыны» на аснове трывалага Саюза ўсходнеславянскіх народаў — рускіх, украінцаў, беларусаў. Тэрыторыю Расіі (СССР) еўразійцы разумелі як непаўторную гіст. і геагр. індывідуальнасць, адметны свет, які не належыць ні да Еўропы, ні да Азіі. Агульнаметадалагічным іх прынцыпам стаў поліцэнтрызм: Еўразія не супрацьпастаўляецца ўсяму «астатняму свету», яна — не якісьці міфічны цэнтр, што дамінуе ў свеце, а адзін з сусв. цэнтраў. Асн. ідэі Е.: самабытнасць культуры (на базе велікарускай), панаванне ідэалогіі (стрыжань — праваслаўе), агульнанац. інтарэс; канцэпцыя ўлады прадугледжвала кіруючую партыю (пераемніцу бальшавікоў) як дзярж.-ідэалаг. саюз, які не супадае з дзярж. апаратам. На 1-м этапе еўразійцы ажыццявілі шэраг плённых гіст.-культ. распрацовак, але потым Е. пачало набываць усё больш паліт. афарбоўку: левае яго крыло прызнавала заканамернасць рас. рэвалюцыі і апраўдвала бальшавізм, што выклікала пратэст другой часткі еўразійцаў. У выніку некалькіх расколаў у сярэдзіне 1930-х г. Е. як арганізаваны рух спыніла сваё існаванне. У апошнія гады інтарэс да яго ідэй аднавіўся.
Літ.:
Люкс Л. Евразийство: Пер. с нем. // Вопр. философии. 1993. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЦЦЁВЫЯ ФО́РМЫ,
1) у жывёл — група асобін, што маюць падобныя морфаэкалагічныя прыстасаванні для пражывання ў аднолькавым асяроддзі. Характэрна змена Ж.ф. у антагенезе для відаў, развіццё якіх ідзе з метамарфозам (ад лічынкі да дарослага насякомага). У аснове класіфікацыі жывёл — асаблівасці размнажэння, эколага-марфал. прыстасаванні, спосабы перамяшчэння, здабычы ежы і яе характар, аднесенасць да ландшафту, ступень актыўнасці і інш. 2) Ж.ф. ў раслін — вонкавы выгляд (габітус), які адлюстроўвае іх прыстасаванасць да ўмоў асяроддзя; адзінка экалагічнай класіфікацыі. Складаюцца ў выніку натуральнага адбору ў пэўных умовах асяроддзя. Ж.ф. груп раслін адлюстроўваюць іх прыстасаванасць да рассялення і замацавання на тэрыторыі, да найб. поўнага выкарыстання ўсяго комплексу ўмоў месцазнаходжання. Змяняецца ў антагенезе (напр., аднагадовыя сеянцы елкі або дуба яшчэ не маюць формы дрэва), таму пад Ж.ф. класіфікацыйнай адзінкай лічыцца сукупнасць дарослых асобін. Адзін і той жа від раслін у розных умовах можа мець розныя Ж.ф. (дуб, елка, ядловец і інш. ў лясной зоне або лясным поясе гор — высакастволыя дрэвы, а на паўн. і вышыннай межах арэала — кусты або сланікі). У класіфікацыю можа ўваходзіць група раслін з падобнымі прыстасавальнымі структурамі, не абавязкова звязаных роднасцю (напр., кактусы і некат. малачаі ўтвараюць формы сцябловых сукулентаў). Тэрмін Ж.ф. прапанаваў дацкі батанік І.Э.Вармінг (1884). Пры гэтым ён разумеў форму, у якой вегетатыўнае цела расліны знаходзіцца ў гармоніі з навакольным асяроддзем на працягу ўсяго жыцця, ад насення да адмірання. Найб. пашырана класіфікацыя Ж.ф., прапанаваная дацкім батанікам К.Раўнкіерам (1905, 1907), які вылучае 5 асн. Ж.ф. (гл.Сістэма Раўнкіера). Змяненні Ж.ф. выкарыстоўваюцца для работ па інтрадукцыі раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́ЎСКІ (Вацлаў Леанардавіч) (7.6.1880, б. фальварак Лябёдка Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. — 7.12.1943),
бел.паліт. і грамадскі дзеяч. Д-ртэхнал.н. (1909). Скончыў Пецярбургскі тэхнал.ін-т (1904). Да 1913 на навук. і выкладчыцкай рабоце ў Пецярбургу. У 1902 адзін з заснавальнікаў Бел.рэв. грамады, Беларускай сацыялістычнай грамады (у 1904—05 чл. яе ЦК). У 1903 узначаліў «Круг беларускай народнай прасветы і культуры». У 1906—14 кіраваў дзейнасцю бел.выд-ва«Загляне сонца і ў наша аконца», супрацоўнічаў з газ. «Наша доля» і «Наша ніва». У 1913—15 на грамадскай і выдавецкай працы ў Вільні. У сак.—вер. 1915 старшыня Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Удзельнік Усебел. з’езда 1917. У 1918 міністр асветы ва ўрадзе БНР. У 1919 заг.літ.-выдавецкага аддзела Мінскага губ. камісарыята асветы Літ.-Бел. ССР. З восені 1919 чл. Часовага бел.нац.к-та, чл. прэзідыума Цэнтр.бел. школьнай рады, выдавец час.«Рунь». З сак. 1920 рэктар Мінскага бел.пед. ін-та. З кастр. 1920 дырэктар дэпартамента гандлю ва ўрадзе Сярэдняй Літвы. Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1921 адышоў ад паліт. дзейнасці. У 1922—39 праф. Варшаўскага політэхн. ін-та. З восені 1939 выкладчык Віленскага ун-та. У Вял.Айч. вайну з 17.11.1941 бургамістр (старшыня) г. Мінска. Адначасова з 1942 чл.Гал. рады (у ліп.—ліст. 1943 часовы кіраўнік) Беларускай народнай самапомачы, у 1943 старшыня Беларускай рады даверу і нам. старшыні Беларускага навуковага таварыства. Паводле афіц. версіі, забіты сав. партызанамі.
Літ.:
Вацлаў Іваноўскі, 1880—1943. Мн., 1990;
Turonek J. Waclaw Iwanowski i odrodzenie Białorusi. Warszawa, 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЫЯНА́ЛЫ (позналац. cantional ад лац. cantio спевы, песня),
зборнікі рэлігійных і свецкіх адна- і шматгалосых песнапенняў. Сярод жанраў у складзе К.: літургічныя песнапенні і малітвы, пратэстанцкія харалы, псальмы і канты, гейналы і інш. Вядомы з 1-й пал. 15 ст. (Чэхія, Германія), асабліва пашыраны ў час Рэфармацыі. На Беларусі ў 16 ст. друкаваліся мясц. пратэстанцкія, а таксама чэш., ням., польскія К. Першы ўзор нотадрукавання на Беларусі і адзін з самых ранніх ва Усх. Еўропе — брэсцкі зб. «Песні хвал боскіх», складзены і выдадзены Я. Зарэмбам (1558). Ён змяшчае каля 100 адна- і чатырохгалосых псальмаў і кантаў на польскай і лац. мовах, запісаных мензуральнай натацыяй на 5-лінейным нотным стане (захаваліся ў фотакопіі 10 мелодый і заканчэнне; 38 мелодый з яго перадрукаваны ў канцыянале Я.Секлюцыяна, 1559). Аўтары шэрагу муз. узораў — Вацлаў з Шамотул і Ц.Базылік. У 1562 у Нясвіжы М.Кавячынскі выдаў «Катэхізіс», у адну з частак якога ўключыў К., дзе змешчаны 40 псальмаў, 110 песень і свецкіх кантаў з нотамі. У канцы 16 — пач. 17 ст. нотныя К. выдаваліся ў Любчы, у т. л. зборнік 1-галосых песнапенняў 1620 (у аснове многіх псальмаў і кантаў мелодыі франц. свецкіх, ням.нар. песень, гусіцкіх, гугеноцкіх, лютэранскіх, кальвінісцкіх гімнаў і харалаў, касцельных песень, лац. секвенцый, гімнаў і антыфонаў, зах.-еўрап. і слав. песень і танцаў, усх.-слав. лірычных нар. песень). Бел. К. — помнікі кантавай культуры 16—17 ст.
Літ.:
Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975;
Kot S. Kancjonał brzeski lana Zaręby z 1558 r. // Reformacja w Polsce. Warszawa, 1937—39. R. 9—10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАСТРО́Ф ТЭО́РЫЯ, катастрафізм,
1) геал. канцэпцыя, паводле якой гісторыя Зямлі — гэта чаргаванне адносна спакойных працяглых перыядаў і кароткіх катастрафічных падзей, якія рэзка змяняюць рэльеф зямной паверхні і знішчаюць усё жывое. Пачатак вывучэння праблемы катастроф звязваюць з натурфіласофіяй стараж.-грэч. мысліцеляў. Ідэі наіўнага катастрафізму назіраліся ў прыродазнаўстве і філасофіі Новага часу, у аказіяналістычных уяўленнях 18 ст., дзе прычынай кожнай такой з’явы лічыўся Бог. Грандыёзныя змены на паверхні Зямлі тлумачылі дзеяннем надзвычайных сіл разавага характару. У класічным выглядзе К.т. была вылучана ў 1812 франц. вучоным Ж.Кюўе. На аснове таго, што кожнаму геал. адрэзку часу адпавядаюць свае віды жывёл і раслін, ён прыйшоў да высновы аб шматразовых грандыёзных катастрофах на Зямлі, што прыводзілі да гібелі ўсяго жывёльнага і расліннага свету, які кожны раз адраджаўся нанава ў новых формах. Ідэі Кюўе развівалі А.Д.Д’Арбіньі, Ж.Л.Р.Агасіс, А.Седжвік і інш. У неакатастрафізме (узнік у 1-й пал. 20 ст.) адрозніваюць 2 асн. кірункі: адзін звязаны з прызнаннем перыядычнага характару змен фактараў і прычын эвалюцыі (О.Шындэвольф і інш.), другі зыходзіць з прызнання абіятычных (неарганічных) фактараў касм. паходжання, якія дзейнічаюць раптоўна (радыяцыя, падзенне метэарытаў і інш., Р.Ведэкінг, К.Бойрлен, Э.Даке).
2) Тэорыя, якая вывучае прычыны ўзнікнення, характар працякання, спосабы і метады прадказання, прадухілення і пераадолення вынікаў катастроф.
Літ.:
Кювье Ж. Рассуждение о переворотах на поверхности земного шара: Пер. с фр.М.; Л., 1937;
Постон Т., Стюарт И. Теория катастроф и ее приложения: Пер. с англ.М., 1980;