АДМАЎЛЕ́ННЕ АДМАЎЛЕ́ННЯ,

адзін з асн. законаў дыялектыкі, які характарызуе агульную структуру развіцця як неабходнасць паступальнага працэсу з момантамі адноснай паўтаральнасці і цыклічнасці (зняцце, паўторнае адмаўленне, узаемапераход процілегласцяў, вяртанне да нібыта старога і інш.). Упершыню сфармуляваны Гегелем. Паводле яго вучэння, цыклічнасць развіцця мае форму руху ад зыходнага стану аб’екта праз яго адмаўленне да ліквідавання самога гэтага адмаўлення. Так, катэгорыя якасці (непасрэдная, унутраная пэўнасць рэчы) адмаўляецца колькасцю (апасродкаваная, знешняя пэўнасць), а колькасць «здымаецца» ў катэгорыі меры (якаснай колькасці, ці колькаснай якасці). Гегель надаваў трыядзе (зыходны момант — адмаўленне — адмаўленне адмаўлення) асаблівае значэнне як спосабу руху лагічных паняццяў. Разам з тым ён трактаваў яе толькі як знешні бок пазнання. Таму няма ніякіх падстаў атаясамліваць дыялектычнае паняцце развіцця ўвогуле з трыядамі. Пошукі трыяды як існуючых асобных ступеняў адзінага працэсу ў многіх выпадках вядуць да грубай схематызацыі рэальнай рэчаіснасці. У тым ці іншым сваім выглядзе адмаўленне ранейшых формаў існавання — неабходная ўмова развіцця ў любой сферы рэчаіснасці. Разам з тым у самім характары адмаўлення ёсць аб’ектыўная магчымасць момантаў паўторнасці і вяртання да нібыта старога, нелінейнасці працэсу развіцця. Аднаўленне ў вышэйшай стадыі некаторых рысаў ніжэйшай абумоўліваецца ўзаемапераходам процілегласцяў адна ў адну, зніжэннем узроўню арганізацыі сістэмы пры яе дэструкцыі, захаваннем пераемнасці адмаўляючага і адмаўляемага ў актах зняцця і трансфармацыі. Адмаўленне адмаўлення закон у інтэграцыі сваіх рысаў выяўляецца ў спецыфічных працэсах прыроды і чалавечай гісторыі і з асаблівай нагляднасцю — у сучасных сац. падзеях.

Ю.​А.​Харын.

т. 1, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАНІ́МНЫ ТВОР у літаратуры,

друкаваны або рукапісны твор без пазначэння імя аўтара або падпісаны псеўданімам. Найчасцей прычынай ананімнасці было жаданне пазбегнуць ганенняў з боку ўлад. Ананімна з’явіліся многія літ. і філас. творы: «Думкі» Б.​Паскаля, «Максімы» Ф.​Ларошфуко, творы Вальтэра, «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.​Радзішчава, «Гаўрыліяда» А.​Пушкіна і інш. У стараж. бел. л-ры многія творы (асабліва свецкія) былі ананімныя. У перыяд станаўлення новай бел. л-ры, якая стваралася непрафесійнымі пісьменнікамі, яе аўтары не імкнуліся занатаваць сваё аўтарства, тым болей што гэтыя творы звычайна распаўсюджваліся вусна або ў рукапісах. Па меры росту нац.-культ. свядомасці абуджалася і цікавасць да пытання аўтарства бел. твораў (Я.​Баршчэўскі, Я.​Чачот, В.​Дунін-Марцінкевіч і інш.). З сярэдзіны 19 ст. бел. л-ра мела пераважна апазіцыйны да самаўладства характар, большасць яе твораў прасякнута вострай крытыкай дзярж. ладу, таму іх забаранялася друкаваць аж да 1906. Але і пазней найб. вострыя творы з’яўляліся ананімна. Паводле жанру ананімныя творы разнастайныя: паэмы («Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе»), лірычныя вершы («Вясна гола перапала», «Ой, у полі вецер вые»), вершаваныя або празаічныя гутаркі («Гутарка Данілы са Сцяпанам», «Гутарка старога дзеда»). Некаторыя ананімныя творы мелі форму адозваў або паліт. пракламацый (у свой час так выдаваліся асобныя творы К.​Каганца, Цёткі і інш.). Востракрытычныя ананімныя творы бытавалі і ў сав. час («Сказ пра Лысую гару»).

М.​А.​Лазарук.

т. 1, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНСА́МБЛЬ,

1) група музыкантаў-інструменталістаў або спевакоў, аб’яднаных для сумеснага выканання. Ансамблі падзяляюцца паводле складу (аднародныя і мяшаныя), колькасці ўдзельнікаў (дуэт, трыо, квартэт, квінтэт і інш.); пашыраны эстрадныя вак.-інстр. ансамблі, рок-групы. Ансамблем наз. таксама і вял. выканальніцкія калектывы, якія ўключаюць групы вакалістаў, інструменталістаў, танцораў (ансамбль песні і танца, ансамбль танца). Сярод вядомых бел. ансамбляў: Беларускі вакальны квартэт, Дзяржаўны смыковы квартэт БССР, вак. квартэт «Купалінка», вак.-інстр. ансамбль «Песняры», «Верасы», «Сябры», ансамбль нар. музыкі «Свята» і «Крупіцкія музыкі», ансамбль салістаў «Класік-Авангард», ансамбль старадаўняй музыкі «Кантабіле», рок-група «Сузор’е», харэагр. Ансамбль «Харошкі». Устойлівыя тыпы ансамбляў склаліся і ў вясковым муз. побыце розных народаў, у т. л. беларусаў (гл. Гурт, Народныя інструментальныя ансамблі).

2) Муз. твор для ансамбля выканаўцаў (дуэт, трыо, квартэт і інш.) ці структурна завершаны фрагмент для групы салістаў у оперы, араторыі, кантаце.

3) Стройнасць, зладжанасць выканання.

4) У тэатральным мастацтве — зладжанае, узгодненае выкананне сцэнічнага твора ўсімі ўдзельнікамі спектакля. Садзейнічае найб. поўнаму раскрыццю маст. сутнасці драм. твора, гарманічнаму спалучэнню ў адзінае цэлае знешніх і ўнутр. кампанентаў тэатр. дзеяння, выяўляе стылявое адзінства спектакля. Выдатнымі ўзорамі ансамбля з’яўляюцца лепшыя спектаклі бел. т-раў імя Я.​Купалы («Паўлінка» Я.​Купалы, «Трыбунал» А.​Макаёнка), імя Я.​Коласа («Несцерка» В.​Вольскага, «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы), юнага гледача («Папараць-кветка» І.​Козела) і інш.

І.​Дз.​Назіна (музыка).

т. 1, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДЫ́ЙСКІЯ ШКО́ЛЫ,

філасофскія школы будызму, розныя па кірунку, арганізацыі і назвах. У будызме існуе каля 30 філас. школ; найб. пашыраны: тхеравада (школа старой мудрасці), самая ранняя, найб. артадаксальная. Арганізавана паслядоўнікамі Буды пасля яго смерці (544 да н.э.), не арыентавалася на асоб недухоўнага звання. Дасягненне прасвятлення бачыла ў літаральным прытрымліванні ладу жыцця і характару медытацыі Сідхартха Гаўтамы (заснавальнік будызму). Пашырана ў Шры-Ланцы; Бірме, Тайландзе, Лаосе, Камбоджы, Індыі, Бангладэш, В’етнаме, Малайзіі, Непале; хінаяна (санскр. малая калясніца), сістэма школ Паўднёвага будызму, аднаго з асн. кірункаў будызму. Паводле хінаяны, гал. ўвага канцэнтруецца на вывучэнні прыроды дхарм (элементы, што ляжаць у аснове матэрыяльных і духоўных рэчаў і з’яў) і дасягненні нірваны (адсутнасць жаданняў, абс. адарванасць ад навакольнага свету) этычным шляхам; махаяна (вялікая калясніца), распрацавала тэорыю боскай субстанцыі і сляпой веры ў яе стваральныя магчымасці. Гэта прывяло да стварэння пантэона будаў, багоў, ускладнення культавых элементаў і дактрынальнай часткі вучэння. Арыентавана на адмаўленне ад асабістага выратавання дзеля дапамогі іншым істотам і агульнага выратавання. Больш простая і дасягальная для асоб недухоўнага звання. Пашырана ў Тыбеце, Карэі, Манголіі, Кітаі, Японіі; ваджраяна (алмазная калясніца) — эзатэрычнае вучэнне са спецыфічнай рытуальнай практыкай, звязана з традыцыяй тантры (свяшчэнныя тэксты; магія). Аддзялілася ад махаяны ў 1-м тыс. н.э. Пашырана ў Шры-Ланцы, Інданезіі, Кітаі, Японіі, Тыбеце, Расіі.

Літ.:

Гл. пры арт. Будызм.

А.​В.​Гурко.

т. 3, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЫ́НЬ, Валынская зямля,

гістарычная вобласць у бас. паўд. прытокаў Прыпяці і вярхоўях Зах. Буга (цяпер тэр. Валынскай, Ровенскай, Жытомірскай, паўн. ч. Цярнопальскай і Хмяльніцкай абл. Украіны, усх. ч. Бельска-Падляскага, Хэлмскага і Замойскага ваяв. Польшчы).

У 6—10 ст. на Валыні жылі дулебы, бужане, валыняне. У канцы 10 ст. ўключана ў склад Кіеўскай Русі, у 988 кіеўскі вял. кн. Уладзімір Святаславіч пасадзіў на княжанне ў Валыні свайго сына Усевалада. У час яго княжання заснаваны г. Уладзімір, які ў 12 ст. стаў цэнтрам Уладзіміра-Валынскага княства. У 1199, з далучэннем да яго Галіцкага княства, утварылася Галіцка-Валынскае княства. З сярэдзіны 12 ст. пад уладай валынскіх князёў знаходзілася і Берасцейская зямля. У 1240 Валынь спустошана манголамі і трапіла ў залежнасць ад Залатой Арды. Пасля 1340-х г. у ВКЛ. У сярэдзіне 14 ст. за Валынь і Галіччыну змагаліся ВКЛ, Польшча і Венгрыя. У 1349 Польшча захапіла Галіцкія землі, у 1377 — Зах. Валынь з гарадамі Холм і Белз. У складзе ВКЛ статус Валыні вызначаўся ўстаўнымі граматамі (каля 1427, у 1501, 1509. 1547). Паводле Люблінскай уніі 1569 Валынь далучана да Польшчы, утворана Валынскае ваяводства. У выніку 2-га (1793) і 3-га (1795) падзелаў Рэчы Паспалітай Валынь далучана да Рас. імперыі. З 1918 усх. Валынь ў складзе Украіны. У выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 зах. Валынь перададзена Польшчы. З 1939 у складзе Украіны (акрамя зах. ускраін).

т. 3, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРША́ЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1943,

паўстанне вязняў Варшаўскага гета супраць ням.-фаш. акупац. улад у крас. — ліп. 1943 у 2-ю сусв. вайну. Пачалося 19 крас. па ініцыятыве падп. Яўрэйскага нац. к-та, Яўр. баявой арг-цыі і Яўр. вайск. саюза ў адказ на спробу фашыстаў вывезці насельніцтва гета ў лагеры знішчэння. На 1-м этапе (да 23 крас.) каля 3 тыс. паўстанцаў (узначальваў М.​Анялевіч), узброеных самаробнай і перададзенай польск. падп. арг-цыямі зброяй, вялі ўпартыя вулічныя баі з намнога большымі сіламі ням. паліцыі і СС, якія адразу пасля ўварвання ў гета падпалілі яго. 24 крас. — 9 мая паўстанцы праводзілі асобныя баявыя аперацыі. Пасля 10 мая асобныя дробныя групы абараняліся ў руінах спаленых дамоў, у скляпах і каналах. Паўстанцаў падтрымлівалі і пастаўлялі ім зброю групы Арміі Краёвай, Гвардыі Людовай, Нар. міліцыі і Баявой сацыяліст. арг-цыі, дзякуючы якім на заключным этапе ўзбр. выступлення з гета выведзены некалькі ўцалелых груп. Паводле ням. даных, у баях загінулі каля 7 тыс. паўстанцаў, каля 6 тыс. згарэлі ў час пажараў і загінулі пад руінамі дамоў, больш за 50 тыс. вывезены і знішчаны ў канцлагеры Трэблінка. Пасля задушэння паўстання (сярэдзіна ліп.) раён гета знішчаны. На месцы гета помнік Героям гета (скульптар Н.​Рапапорт, арх. Л.​М.​Сузін).

Літ.:

Mark B. Powstanie w getcie warszawskim. Warszawa, 1963;

Gutman I. Żydzi warszawscy, 1939—1943. Warszawa, 1993.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 4, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАХТА́НГАЎ (Яўген Багратыёнавіч) (13.2.1883, г. Уладзікаўказ, Паўн. Асеція — 29.5.1922),

рускі рэжысёр, акцёр, педагог. З 1901 удзельнічаў у аматарскіх драм. гуртках Уладзікаўказа і Масквы. У 1911 скончыў Школу драмы А.​Адашава (Масква) і быў прыняты ў МХТ, працаваў у яго 1-й Студыі. Дакладнасць і строгасць сцэн. формы, псіхал. глыбіня выявіліся ў ролях Тэкльтона («Цвыркун на печы» паводле Ч.​Дзікенса), Блазна («Дванаццатая ноч» У.​Шэкспіра) і інш., у пастаноўках «Свята міру» Г.​Гаўптмана (1913), «Патоп» Ю.​Бергера (1915, і роля Фрэзера). У 1913 заснаваў і быў кіраўніком Студэнцкай драм. студыі (з 1921 3-я Студыя МХТ, з 1926 Тэатр імя Я.​Вахтангава). У акцёрскай і рэжысёрскай дзейнасці выкарыстоўваў Станіслаўскага сістэму. Абвясціў праграму «фантастычнага рэалізму», які ствараў асаблівую тэатр. рэальнасць; імкнуўся пранікнуць у сутнасць з’явы і адлюстраваць свае перажыванні ў яркай форме, раскрыць унутраны сэнс драм. твора сродкамі гратэску: «Цуд святога Антонія» М.​Метэрлінка (1916, 2-я рэдакцыя 1921), «Вяселле» А.​Чэхава (1920), «Эрык XIV» А.​Стрындберга (1921), «Гадзібук» С.​П.​Рапапорта (1922). Апошняя пастаноўка Вахтангава — «Прынцэса Турандот» К.​Гоцы (1922) азнаменавала сабой узнікненне цэлай школы ў тэатр. мастацтве, стала своеасаблівым маніфестам Вахтангаўскага т-ра (і цяпер у рэпертуары). Гэтую казку Вахтангаў ператварыў у сучасны па светаадчуванні, прасякнуты жыццярадаснасцю, паэзіяй і гумарам святочны спектакль. Асноўныя прынцыпы рэжысёрскага мастацтва Вахтангава знайшлі свой працяг і развіццё ў творчасці яго вучняў і паслядоўнікаў.

Л.​І.​Паўловіч.

т. 4, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАШЫНГТО́Н ((Washington) Джордж) (22.2.1732, Уэйкфілд, штат Віргінія, ЗША — 14.12.1799),

амерыканскі дзярж. і ваен. дзеяч; галоўнакаманд. амер. арміяй у Вайне за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83, першы прэзідэнт ЗША. З сям’і багатага плантатара-рабаўласніка. На пач. Сямігадовай вайны 1756—63 у званні палкоўніка камандаваў войскамі Віргініі. У 1759 выйшаў у адстаўку. Выбіраўся чл. 1-га і 2-га Кантынентальных кангрэсаў, выступаў супраць калан. палітыкі Англіі. 15.6.1775 прызначаны кангрэсам галоўнакаманд. узбр. сіламі ахопленых паўстаннем англ. калоній Паўн. Амерыкі. Паказаў сябе таленавітым палкаводцам і арганізатарам. Кангрэс неаднойчы даваў Вашынгтону шырокія, нават дыктатарскія паўнамоцтвы. У канцы вайны група афіцэраў арганізавала манархічную змову і прапанавала Вашынгтону карону, ён адмовіўся. У 1787 старшыня Канвента па выпрацоўцы канстытуцыі ЗША, якая з невял. змяненнямі дзейнічае і зараз. На аснове гэтай канстытуцыі Вашынгтон двойчы абраны прэзідэнтам ЗША (1789—97, адзіны ў ЗША прэзідэнт, які атрымаў галасы ўсіх выбаршчыкаў). У 1796 адмовіўся балаціравацца на прэзідэнцкі пост у трэці раз. Адзін з заснавальнікаў двухпартыйнай сістэмы ў ЗША. Прыхільнік паступовай адмены рабства. Паводле завяшчання Вашынгтона вызваляліся ўсе рабы, якія належалі яму асабіста. У знешняй палітыцы выступаў за захаванне ЗША нейтралітэту ў адносінах з еўрап. дзяржавамі. У гонар Вашынгтона названа сталіца ЗША — г. Вашынгтон.

Літ.:

Юзефович И.С. Джордж Вашингтон и борьба за независимость Америки. М., 1941;

Яковлев Н. Вашингтон. 2 изд. М., 1976.

Дж.Вашынгтон.

т. 4, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАВЫЗНА́ННЕ,

1) прыналежнасць да пэўнай рэлігіі; прызнанне асобай рэліг. вучэння якой-н. царквы. У краінах, дзе ажыццёўлена свабода сумлення, усім грамадзянам дадзена права свабодна выбіраць любое з веравызнанняў, арганізоўвацца ў рэліг. суполкі, выяўляць у набажэнствах і пропаведзях свае рэліг. перакананні. Рэліг. свабода, упершыню абвешчаная ў час Франц. рэвалюцыі 1789—99, з цягам часу пашырылася на інш. краіны. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кожны грамадзянін мае «права самастойна вызначаць свае адносіны да рэлігіі, асабіста або сумесна з іншымі вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай, выказваць і распаўсюджваць перакананні, звязаныя з адносінамі да рэлігіі, удзельнічаць у адпраўленні рэлігійных культаў, рытуалаў, абрадаў».

2) Рэлігійнае аб’яднанне, якое мае сваё распрацаванае веравучэнне, культ і ўстойлівую арганізац. структуру. Падрабязна распрацаванае з дагматычнымі ўстанаўленнямі, выкладзенае ў спец. палажэннях веравучэнне наз. канфесіяй. У сучасным разуменні веравызнанне — прыналежнасць да пэўнай царквы ў веравучэнні і абраднасці. Звычайна тэрмін «веравызнанне» ўжываецца ў дачыненні да рэліг. кірункаў, якія маюць развітую багаслоўскую школу — хрысціянства, іудаізм, іслам, будызм. На Беларусі дзейнічаюць арг-цыі і абшчыны, вернікі якіх належаць да праваслаўнай, рымска-каталіцкай, грэка-каталіцкай, стараверскай, новаапостальскай цэркваў, евангельскіх хрысціян-баптыстаў, адвентыстаў сёмага дня, сведкаў Іеговы, іудзейскай, мусульманскай рэлігій і інш. Веравызнанні і іх дзейнасць ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і законам Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях» (1992).

Ю.​В.​Бажэнаў, Г.​А.​Маслыка.

т. 4, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРХНЯДЗВІ́НСК (да 25.12.1962 Дрыса),

горад, цэнтр Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобл., пры ўпадзенні р. Дрыса ў Зах. Дзвіну. За 175 км ад Віцебска. Чыг. ст. на лініі Полацк—Даўгаўпілс (Латвія), на аўтадарозе Полацк—Даўгаўпілс. 8,5 тыс. ж. (1995).

Упершыню ўпамінаецца пад 1386 (летапісная назва Дрысь, Дриса, Дриза). Паводле археал. даследаванняў, горад існаваў значна раней. Тут быў пабудаваны Дрысенскі замак. У 1-й пал. 16 ст. гандл. цэнтр на Зах. Дзвіне, каралеўскае ўладанне. У Лівонскую вайну 1558—83 заняты войскамі Івана IV Грознага, у 1583 вызвалены Стафанам Баторыем. З 1772 у складзе Рас. імперыі, з 1776 цэнтр Дрысенскага павета. У 1781 зацверджаны герб горада — «Пагоня» на залатым полі. У вайну 1812 каля горада знаходзіўся Дрысенскі лагер — умацаваная пазіцыя рус. арміі пад камандаваннем М.​Б.​Барклая дэ Толі. У 1797 у Верхнядзвінску 1310 ж., у 1897 — 4238. З 17.7.1924 цэнтр Дрысенскага р-на, з 3.7.1925 мястэчка, з 27.9.1938 горад. 2,7 тыс. ж. (1939). У Вял. Айч. вайну з 3.7.1941 да 12.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі тут 769 чал. У 1959 у горадзе 3,6, у 1970 — 11,9 тыс. жыхароў.

Прадпрыемствы лёгкай, дрэваапр., буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Помнікі архітэктуры: Верхнядзвінская Мікалаеўская царква, жылы дом (пач. 20 ст.). Абеліск у памяць 100-годдзя вайны 1812. Мемарыяльны комплекс ахвярам фашызму, спаленым вёскам, воінам-вызваліцелям і землякам.

т. 4, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)