ДЗЮРО́К,

парода свіней мяснога кірунку. Выведзена ў 1860 у ЗША, дзе і цяпер найб. пашырана. На Беларусі гадуюць на племянной ферме ў Гродзенскім р-не з 1987. Выкарыстоўваюць у прамысл. скрыжаванні і пры стварэнні спец. мясных ліній.

Жывёлы з шырокімі і глыбокімі грудзямі, доўгім тулавам, аркападобнай спінай і звіслым крыжам. з вял. кумпякамі. Масць ад цёмна- да светла-чырвонай і залаціста-рыжая. Жывая маса дарослых кныроў да 277, матак 245 кг, даўж. тулава адпаведна 171 і 162 см. Пладавітасць 9—10 парасят за апарос.

т. 6, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́НЕР ((Donner) Георг Рафаэль) (24.5.1693, Эслінг, цяпер у межах Вены — 15.2.1741),

аўстрыйскі скульптар. Вучыўся ў Гайлігенкройцы. Працаваў у Вене (з 1715), Зальцбургу (1725—28), Браціславе (1728—38). Д. захоўваў уласцівую пластыцы барока дынаміку і адначасова імкнуўся да класічнай выразнасці формаў. Яго творы ў галіне манум.-дэкар. скульптуры адметныя дынамікай і эфектыўнасцю кампазіцыі, строгай вытанчанасцю формаў (гал. алтар сабора св. Марціна ў Браціславе 1732—34, алегарычныя фігуры для фантана на Новым рынку ў Вене 1737—39 і інш.).

Р.Донер. «Бажаство ракі Энс». Фігура для фантана на Новым рынку ў Вене. 1738.

т. 6, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛЬ МЕДЫ́ГА ((Del Medigo) Іосіф Саламон) (16.3.1591, г. Кандыя, цяпер г. Іракліян, Грэцыя — 1655),

яўрэйскі лекар, матэматык, астраном, філосаф. У 1606—13 вучыўся ў Падуанскім ун-це: вывучаў астраномію і матэматыку (пад кіраўніцтвам Г.​Галілея), а таксама філасофію і медыцыну. Пазней жыў у Каіры, Канстанцінопалі. Маючы славу знакамітага вучонага і медыка, у 1620 прыехаў у Вільню, некалькі гадоў быў лейб-медыкам Крыштафа Радзівіла. У 1628 выехаў у Амстэрдам. Памёр у Празе. Аўтар прац па філасофіі, яўр. л-ры, прыродазнаўчых навуках. Пакінуў нататкі пра сваё знаходжанне ў ВКЛ.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ЙДЭЛЬМАН ((Seydelmann) Карл) (24.4.1793, г. Глац, Сілезія, цяпер г. Клодзка, Польшча — 17.3.1843),

нямецкі акцёр. З 1815 у т-ры г. Брэслаў, з 1820 у Пражскім ням. гар. т-ры, у прыдворных т-рах Каселя, Штутгарта, Берліна. Прымаў удзел у рэжысёрскіх доследах К.​Імермана (роля Натана Мудрага ў аднайм. п’есе Г.​Лесінга), ва «ўзорных» спектаклях Дзюсельдорфскага т-ра. Найб. значныя ролі: Карлас, Мефістофель, Альба («Клавіга», «Фауст», «Эгмант» І.​В.​Гётэ), Рычард III, Атэла і Яга («Рычард III», «Атэла» У.​Шэкспіра) і інш., у якіх выявілася высокая здольнасць да пераўвасаблення.

т. 6, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКІДНА́Я ТЭ́ХНІКА ў драўляным дойлідстве,

спосаб узвядзення будынкаў і збудаванняў з асобных праслаў, зробленых з бярвён, брусоў, плашак, дыляў, дошак і інш., канцы якіх устаўлены ў шулы (вертыкальна пастаўленыя бярвёны або брусы з пазамі). На тэр. Беларусі вядома ў жытлах з каменнага веку. У 16 — пач. 20 ст. выкарыстоўвалася пераважна ў гасп., вытв. і некат. грамадскіх будынках (хлявы, аборы, гумны, адрыны, корчмы, крамы, склады, бровары і інш.), агароджах. У сядзібнай забудове часам замест драўляных шулаў выкарыстоўваліся мураваныя слупы. Цяпер З.т. выкарыстоўваюць у гасп. пабудовах на вёсцы.

т. 6, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПО́ЛЬСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ Дзейнічала ў жн. 1941 — ліп. 1944 у в. Заполле Ружанскага р-на

(цяпер Пружанскі р-н) Брэсцкай вобл. пад кіраўніцтвам Ружанскіх антыфаш. к-та і падп. райкома ЛКСМБ (з жн. 1943). У 1942 налічвала 16 чал. Сакратары: Я.​І.​Гардзей (да чэрв. 1943),

У.​І.​Прадко (да жн. 1943), І.​М.​Маньчык (да ліп. 1944). Падпольшчыкі здабывалі зброю і боепрыпасы для партызан, распаўсюджвалі лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, праводзілі дыверсіі, са здабытых шрыфтоў у 1942 абсталявалі друкарню. У в. Заполле ў гонар падпольшчыкаў пастаўлены абеліск.

т. 6, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАА́Н III Дука Ватац

(Iōannēs; 1193, Дыдымотыка, цяпер Дымотыка, Грэцыя — 3.11.1254),

імператар Нікейскай імперыі [1222—54], Значна пашырыў тэр. сваёй дзяржавы: адваяваў у лацінян амаль усе ўладанні ў М. Азіі, а-вы Самас, Лесбас і інш., у 1235 замацаваўся ў Фракіі, у 1246 захапіў Фесалонікі, у 1252 зрабіў сваім васалам правіцеля Эпіра. Спрыяў эканам. развіццю і інтэнсіўнаму буд-ву гарадоў. Пры ім узмацнілася свабоднае сялянства. Апекаваўся навукамі і мастацтвамі, імкнуўся да адраджэння элінскай культуры. Нікейская імперыя ў гэты час стала самай моцнай дзяржавай у бас. Эгейскага мора.

т. 7, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́Ў (Фёдар Піліпавіч) (28.2.1898, в. Слабодка Круглянскага р-на Магілёўскай вобл., цяпер у межах г.п. Круглае — 1941),

гісторык. Д-р гіст. н., праф. (1936). Скончыў Ін-т чырв. прафесуры ў Маскве (1929). З 1929 заг. кабінета 1-га Інтэрнацыянала, выкладчык Ін-та Маркса—Энгельса—Леніна. З 1932 заг. кафедры ўсеагульнай гісторыі Ін-та чырв. прафесуры. У 1937 рэпрэсіраваны. Аўтар падручнікаў, прац па гісторыі ЗША, рэв. руху.

Тв.:

Первый Интернационал. М., 1933;

США в период довоенного империализма и после мировой войны: Лекция. М., 1936.

Э.​А.​Карніловіч.

т. 7, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІМА́Х (Kallimachos; 310 да н.э., г. Кірэна, цяпер г. Шахат, Лівія — каля 240 да н.э.),

старажытна грэчаскі паэт і філолаг; прадстаўнік александрыйскай паэзіі. Жыў пры егіп. двары Пталамеяў, узначальваў Александрыйскую бібліятэку.

Стваральнік новага літ. жанру — паэзіі малых форм: паэма «Гекала» (эпілій — малы эпас); зб-кі апавяд. элегій у 4 кн. «Прычыны», вершаў «Ямбы». Аўтар шматлікіх эпіграм, гімнаў, «Табліц» — першага каталога грэч. пісьменнікаў і іх твораў з біягр. звесткамі. Творчасць К. паўплывала на больш познюю грэч. і рым. паэзію.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Александрийская поэзия. М., 1972.

т. 7, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕРО́Н ((Cameron) Чарлз) (1730-я г., Шатландыя — 1812),

расійскі архітэктар, прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў Францыі і Італіі. З 1779 працаваў у Пецярбургу, у 1802—05 гал. архітэктар Адміралцейскай калегіі. Сярод твораў комплекс збудаванняў у Царскім Сяле (цяпер г. Пушкін): павільён «Агатавыя пакоі» (1780—85) з «Халоднымі лазнямі», «Вісячы сад» і «Камеронава галерэя» (1783—86, пандус — 1793); палац і паркавыя павільёны ў г. Паўлаўск (1780—1801). Пабудаваў палац Разумоўскага ў Батурыне на Украіне (1799—1803). Творчасці ўласцівы гарманічнасць, вытанчанасць кампазіцый, прапорцый і аддзелкі інтэр’ераў.

Ч.Камерон. Палац у г. Паўлаўск Ленінградскай вобл.

т. 7, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)