КОНЬ (сапр. прозвішча, магчыма, Іваноў) Фёдар Савельевіч, рускі дойлід 2-й пал. 16 ст. Адзін са стваральнікаў рус. фартыфікацыйнай школы, якая зрабіла ўплыў на крапасное буд-ва 16—17 ст. у Расіі і на Беларусі. Паходзіў, верагодна, з прыгонных (раён Дарагабужа, цяпер Смаленская вобл.). Будаўнік магутных крапасных збудаванняў: каменныя сцены і вежы Белага горада Масквы (1585—93, знесены ў 18 ст.), гар. сцены Смаленска (1595—1602) і інш. Яму прыпісваюць буд-ва крэпасці Барысаў Гарадок каля Мажайска (1599, разабрана ў пач. 19 ст.).
Літ.:
Белогорцев И. Зодчий Федор Конь. Смоленск, 1949;
Косточкин В.В. Государев мастер Федор Конь. М., 1964.
т. 8, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)