КНА́КФУС (Knakfusas, Knackfuss) Марцін (каля 1740, г. Вулька Мазавецкага ваяв., Польшча — каля 1821), літоўскі архітэктар. Выкладаў у Віленскім ун-це (1773—75). З 1777 праф. архітэктуры Віленскай акадэміі (з 1781 Гал. школа ВКЛ). Удзельнік паўстання 1794. Паводле яго праектаў пабудаваны ўсх. і зах. ч. Вяркяйскага палаца (цяпер у межах Вільнюса; пачаты ў 1780), паўд. прыбудова абсерваторыі Віленскага ун-та (1782—88), касцёл у Куртувенай (Шаўляйскі р-н; 1783—92). У Вільні рэканструяваў палацы Лапацінскіх, Тызенгаўзаў і інш. (усе канца 18 ст.), Зялёны мост цераз р. Нярыс (1791). У сааўтарстве будаваў палац у Паэжараі (Вілкавішкскі р-н; 1796—99).
т. 8, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)