РЫ́О-ГРА́НДЭ (Rio Grande), Рыо-Брава-дэль-Нортэ (Río Bravo dei Norte),
рака ў ЗША і Мексіцы (на працягу каля 2 тыс. км утварае мяжу паміж імі). Даўж. 2870 км, пл. басейна 570 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Сан-Хуан (сістэма Скалістых гор), цячэ пераважна па засушлівых плато, месцамі ў вузкіх каньёнах, упадае ў Мексіканскі заліў. Буйны прыток Пекас (злева). Сцёк амаль поўнасцю разбіраецца на арашэнне. Сярэдні расход вады ў сярэднім цячэнні 570 м³/с, у вусці 15—20 м³/с. Буйныя вадасховішчы Элефант-Б’ют і Фалькон. Суднаходная на асобных участках. На Р.-Г. — гарады Альбукерке, Эль-Паса, Ларэда (ЗША), Сьюдад-Хуарэс, Нуэва-Ларэда (Мексіка).
т. 13, с. 517
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ХАНА,
рака ў Валагодскай вобл. Расіі, левая састаўляючая р. Паўн. Дзвіна. Даўж. 558 км, пл. бас. 50,3 тыс. км². Выцякае з воз. Кубенскае, сцёк з якога зарэгуляваны плацінай з суднаходным шлюзам. Цячэ пераважна па раўніннай мясцовасці. У верхнім цячэнні звілістая, у сярэднім парожыстая, шмат перакатаў. Асн. прытокі: Волагда, Лежа (справа), Уфцюга (злева). Ледастаў з канца кастр. — пач. ліст. да 2-й пал. крас. — 1-й пал. мая. Разводдзе з крас. да сярэдзіны ліпеня. Сярэдні расход вады каля в. Калікіна 442 м³/с. Суднаходная (летам бываюць перапынкі з-за малаводдзя). Сплаўная. Уваходзіць у Паўночна-Дзвінскую водную сістэму. На С. гарады Сокал, Тоцьма, Вялікі Усцюг. Турызм.
т. 15, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАБО́Л,
рака ў Казахстане і Расіі, левы прыток р. Іртыш (бас. р. Об). Даўж. 1591 км, пл. бас. 426 тыс. км². Верхняе цячэнне па Тургайскім плато, сярэдняе і ніжняе па Зах.-Сібірскай раўніне. Асн. прытокі: Ісець, Тура, Таўда (злева), Убаган (справа). У нізоўях ледастаў з кастр.—ліст., у вярхоўях — з ліст. да сярэдзіны мая. Разводдзе ў вярхоўях з 1-й пал. крас. да сярэдзіны чэрв., у нізоўях — да пач. жніўня. Сярэдні расход вады каля с. Ліпаўскае 838 м³/с. Рэгулярнае суднаходства ў вярхоўях (105 км) і ад вусця р. Тура (255 км). Сплаўная. На Т. — гарады Лісакоўск, Рудны, Кустанай (Казахстан), Курган, Ялутараўск (Расія).
т. 15, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
У́ЖЫЦА,
рака ў Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Зах. Дзвіна. Даўж. 48 км, пл. вадазбору 350 км², Выцякае з воз. Цятна за 1,2 км на У ад в. Дубровы, вусце за 1 км на ПдЗ ад чыг. ст. Верхнядзвінск. Цячэ ў межах Асвейскай грады і Полацкай нізіны. Асн. прытокі: ручай Муквяціца (справа) і р. Бярозаўка (злева). Даліна U-падобная, на асобных участках трапецападобная, шыр. 300—500 м. Пойма двухбаковая, нізкая, забалочаная, шыр. 100—150 м, на асобных участках адсутнічае. Рэчышча звілістае, шыр. 3—5 м. Берагі стромкія, абрывістыя, параслі хмызняком. Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 2,5 м³/с.
т. 16, с. 167
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УФА́,
рака ў Чэлябінскай, Свярдлоўскай абл. і Башкортастане (Расія), правы прыток р. Белая (бас. р. Кама).
Даўж. 918 км, пл. бас. 53,1 тыс. км². Выцякае з Уфімскага воз. на Сярэднім Урале. У верхнім цячэнні — горная рака, цячэ ў вузкай даліне, ніжэй упадзення р. Юрузань даліна пашыраецца. Асн. прытокі: Ай, Юрузань (злева), Бісерць, Цюй (справа). Сярэдні гадавы расход вады каля Паўлаўскай ГЭС у ніжнім б’ефе 329 м³/с. Ледастаў з канца кастр. — пач. снеж. да крас. — пач. мая. У бас. У. каля 600 азёр. Суднаходная на 135 км вышэй і на 170 км ніжэй Паўлаўскай ГЭС. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння. На У — гарады Краснаўфімск, Уфа.
т. 16, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ю́КАН (Yukon),
рака ў Канадзе і ЗША (штат Аляска). Даўж. 3700 км (ад вытоку р. Льюіс), пл. бас. 855 тыс. км². Вытокі ў Кардыльерах, у вярхоўях цячэ па плато Юкан у глыбокай горнай даліне. Большая ч. цячэння — па раўнінах Аляскі, упадае ў зал. Нортан Берынгава мора, утварае дэльту. Гал. прытокі: Танана (злева), Пелі, Порк’юпайн, Каюкук (справа). Веснавое разводдзе. Сярэдні расход вады каля вусця 6,5 тыс. м³/с. Ледастаў з кастр.—ліст. да канца крас.—мая. Марскія прылівы пашыраюцца ўверх па рацэ на 160 км. Суднаходная з мая па верасень на 3,2 тыс. км (ад парогаў Уайтхарс да вусця). Гал. прыстані: Танана (ЗША), Уайтхарс, Доўсан (Канада).
т. 18, кн. 1, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́СЕНЕЦ,
рака ў Жытомірскай вобл. на Украіне і ў Ельскім р-не Гомельскай вобл., правы прыток р. Славечна (бас. р. Прыпяць). Даўж. 63 км, пл. вадазбору 390 км² (у межах Беларусі даўж. 23 км, пл. вадазбору 115 км²). Пачынаецца каля в. Леўкавічы Оўруцкага р-на Жытомірскай вобл. (на ПнУ Оўруцкага кража), цячэ ў межах зах. часткі Мазырскага Палесся. Вусце каля в. Скароднае Ельскага р-на. Асн. прыток — р. Звонка (справа) у Оўруцкім р-не. Пад балотамі і забалочанымі землямі 5% тэр. вадазбору, пад лесам 61%. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 1,33 м³/с. Водапрыёмнік меліярац. сістэм.
А.А.Макарэвіч.
т. 18, кн. 1, с. 308
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́ЎДА,
рака ў Слонімскім р-не Гродзенскай вобл. і Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., левы праток Шчары (бас. Нёмана). Даўж. 85 км. Пл. вадазбору 1330 км². Пачынаецца каля в. Варонічы Слонімскага р-на, цячэ па Слонімскім узв. Асн. прытокі: Була, Булянка, Руднянка, Бусяж (злева), Любішчанскі канал (справа).
Даліна выразная, шыр. ад 1 да 1,5 км, у вярхоўі не выражана. Пойма двухбаковая, у сярэднім цячэнні забалочаная, у асобных мясцінах перасечаная старыцамі і асушальнымі каналамі. Рэчышча ў вярхоўі і на асобных участках каналізаванае. Берагі стромкія, выш. 1—2 м. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 6,3 м³/с. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. На ўскраіне г. Івацэвічы зона адпачынку, ніжэй горада ўздоўж ракі насыпныя дамбы.
т. 5, с. 485
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЭЙМС, Джэмс (James),
назва 2 рэк у ЗША. 1) Рака ў штаце Віргінія. Даўж. каля 550 км, пл. бас. 25,1 тыс. км². Пачынаецца ў Апалачах, перасякае хр. Блу-Рыдж (у цясніне Жалезныя Вароты), плато Підмант, на ўступе якога ўтварае вадаспады, цячэ па Прыатлантычнай нізіне, упадае ў Чэсапікскі заліў Атлантычнага ак. Сярэдні расход вады каля г. Рычманд 210 м³/с. Да гэтага горада рака суднаходная. У вусці — марскі порт Норфалк.
2) Рака ў штатах Паўн. і Паўд. Дакота, левы прыток р. Місуры. Даўж. каля 1140 км, пл. бас. 57,2 тыс. км². Пачынаецца на плато Місуры, цячэ па шырокай даліне паралельна ўсх. ўступу Вял. раўнін. Кароткачасовае веснавое разводдзе. Высокія летнія паводкі. Выкарыстоўваецца для арашэння.
т. 6, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЁКМА,
рака ў Расійскай Федэрацыі, у Чыцінскай і Амурскай абл. і Рэспубліцы Саха (Якуція), правы прыток Лены. Даўж. 1436 км, пл. бас. 210 тыс. км². Пачынаецца на паўн. схілах Алёкмінскага Станавіка, цячэ ў вузкай даліне з крутымі схіламі (рэчышча з перакатамі), далей — у глыбокай даліне прарыву паміж хрыбтамі Удакан і Станавы, мае 13 парогаў, непраходных для суднаў. На апошніх 410 км цячэ ў шырокай даліне па Сярэднесібірскім пласкагор’і (суднаходны ўчастак). Асн. прытокі Тунгір, Нюкжа (справа), Чара (злева). Жыўленне снегавое і дажджавое. Летам бурныя паводкі. Замярзае ў канцы кастр., крыгалом у маі, у нізоўях у чэрвені. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 2000 м³/с. Сплаўная ніжэй вусця р. Тунгір.
т. 1, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)