Я́СЕНЕЦ,

рака ў Жытомірскай вобл. на Украіне і ў Ельскім р-не Гомельскай вобл., правы прыток р. Славечна (бас. р. Прыпяць). Даўж. 63 км, пл. вадазбору 390 км² (у межах Беларусі даўж. 23 км, пл. вадазбору 115 км²). Пачынаецца каля в. Леўкавічы Оўруцкага р-на Жытомірскай вобл. (на ПнУ Оўруцкага кража), цячэ ў межах зах. часткі Мазырскага Палесся. Вусце каля в. Скароднае Ельскага р-на. Асн. прыток — р. Звонка (справа) у Оўруцкім р-не. Пад балотамі і забалочанымі землямі 5% тэр. вадазбору, пад лесам 61%. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 1,33 м³/с. Водапрыёмнік меліярац. сістэм.

А.​А.​Макарэвіч.

т. 18, кн. 1, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)