ГЕАРГІ́Ў-ДЭЖ ((Gheorghiu-Dej) Георге) (8.11.1901, г. Бырлад, Румынія — 19.3.1965),
палітычны і дзярж. дзеяч Румыніі. З 1930 чл.Камуніст. партыі Румыніі (КПР). Як адзін з арганізатараў забастоўкі чыгуначнікаў і нафтавікоў (1933) у г. Грывіца (цяпер у складзе Бухарэста) асуджаны на 12 гадоў катаргі. У ліст. 1944 уцёк з канцлагера і стаў адным з арганізатараў і кіраўнікоў узбр. паўстання (23.8.1944) супраць ваен. дыктатуры І.Антанеску. З кастр. 1945 ген. сакратар ЦК КПР. У 1944—48 узначальваў шэраг міністэрстваў. Пасля аб’яднання КПР і С.-д. партыі ў адзіную Рум. рабочую партыю (РРП) ген. сакратар яе ЦК (1948—54, у 1955—65 1-ы сакратар ЦК РРП). З 1948 1-ы нам. старшыні, у 1952—55 старшыня СМРум.Нар. Рэспублікі (РНР). З 1961 адначасова старшыня Дзярж. савета РНР. Двойчы Герой Сац. Працы РНР (1951, 1961).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ЗБІШЧА,
археалагічныя помнікі (селішча 2-й чвэрці 1-га тыс., курганны могільнік 10—12 ст.) каля в. Ізбішча Лагойскага р-на Мінскай вобл. На селішчы ранняга жал. веку і полацкіх крывічоў выяўлены рэшткі каменных печаў, агнішчы, гасп. ямы; сярод знаходак ляпная кераміка, посуд банцараўскай і доўгіх курганоў паўн. Беларусі культур, 2 позналатэнскія фібулы 3—4 ст., бронзавая лунніца, бранзалет са змяінымі галоўкамі, гліняная форма для адліўкі ўпрыгожанняў, крэсіва 10—11 ст. На могільніку (120 насыпаў), які належаў жыхарам селішча, пахавальны абрад — трупапалажэнне (большасць — галавой на Пн), у 8 насыпах — трупаспаленне; пахавальны інвентар — бронзавыя скроневыя кольцы, пярсцёнкі, бранзалеты, шыйныя грыўні, прылады працы, кераміка, выкарыстанне ва ўборах жанчын вял. колькасці шкляных пацерак, у пахаваннях мужчын — жал. сякеры; у адным кургане з заможным пахаваннем знойдзена маніста з 8 падвескамі з куфіцкіх дырхемаў, візант. меліярысіяў, зах.-еўрап. дэнарыяў.
В.У.Казей, Г.В.Штыхаў.
Упрыгожанні 11 ст. з курганнага могільніка Ізбішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕРНЫ АРКЕ́СТР,
невялікі аркестр, аснову якога складае струнная група, часам яе дапаўняюць клавесін, духавыя і ўдарныя інструменты. Яго асаблівасці: няўстойлівасць і ненарміраванасць складу, індывідуалізацыя партый (кожная партыя часам выконваецца адным салістам). Вызначэнне «К.а.» ўведзена ў 20 ст. ў сувязі з імкненнем узнавіць арыгінальнае гучанне барочнай і раннекласічнай музыкі і характэрнымі тэндэнцыямі сучаснай кампазітарскай творчасці: павелічэннем ролі поліфаніі, эканоміяй муз. сродкаў, рэакцыяй на «звышаркестр», што склаўся да пач. 20 ст. Для К.а. значны рэпертуар стварылі кампазітары П.Хіндэміт, Дз.Шастаковіч, Я.Раэтс, А.Шнітке, бел. Г.Вагнер, В.Войцік, Я.Глебаў, В.Капыцько, В.Кузняцоў і інш.
Сярод вядомых калектываў: К.а. пад кіраўніцтвам В.Штроса (Германія), «Новыя віртуозы Рыма» (Італія), К.а. лад кіраўніцтвам В.Траццякова, «Віртуозы Масквы», «Салісты Масквы» пад кіраўніцтвам Ю.Башмета (Расія), Літоўскі пад кіраўніцтвам С.Сандэцкіса, К.а. Грузіі пад кіраўніцтвам Л.Ісакадзе, Ерэванскі К.а. і інш., на Беларусі — Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь.
кірунак лінгвістычных даследаванняў дзвюх або некалькіх моў. Мэта К.л. — выяўленне агульных асаблівасцей ці адрозненняў моў, што вядзе да стварэння моўнай тыпалогіі (устанаўлення пэўных тыпаў моў паводле структуры асобных частак гэтых моў: фаналагічнай сістэмы, грамат. структуры, лексічнага складу, стылістыкі і інш). Выкарыстоўваецца для апісання дзвюх або некалькіх моў з дыдактычнымі мэтамі (напр., у перакладазнаўстве), пры вывучэнні моў свету. Супастаўленне моў у К.л. адбываецца на аснове параўнання сістэм моў або на аснове параўнання тэкстаў, якія лічацца эквівалентнымі. Магчыма супастаўляльнае даследаванне моў і на адным сінхронным зрэзе, і ў ходзе моўнай эвалюцыі (у дыяхраніі).
Літ.:
Ярцева В.Н. Контрастивная грамматика. М., 1981;
Методы сопоставительного изучения языков. М., 1988;
Теоретические и методологические проблемы сопоставительного изучения славянских языков. М., 1994;
Нехай О.А., Поплавская Т.В. Сравнительная типология английского и белорусского языков. Мн., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРУП»
(Krupp, Fried. Krupp Gmb Η),
буйнейшы металургічны і машынабудаўнічы канцэрн ФРГ. Засн. ў 1968 у г. Эсен. Яго вытворчая камбінаваная праграма ахоплівае горназдабыўную, сталеліцейную, металаапрацоўчую прам-сць, агульнае машынабудаванне, аўта-, судна- і авіябудаванне, вытв-сць электраэнергіі, праектаванне і буд-ва камплектных прадпрыемстваў, гандаль і інш. Бярэ пачатак з заснаванага ў 1811 Ф.Крупам сталеліцейнага прадпрыемства, якое больш за паўтара стагоддзя (да 1967) належала гэтай сям’і. Канцэрн актыўна ўдзельнічаў у стварэнні ваен. патэнцыялу Германіі да і ў час 1-й сусв. вайны. У 2-ю сусв. вайну фірма Крупаў была адным з вядучых пастаўшчыкоў узбраення фаш. Германіі. У 1960-я г. канцэрн аднавіў выпуск ваен. прадукцыі для бундэсвера. У 1968 «К.» апынуўся на мяжы фін. краху і звярнуўся за крэдытамі да дзяржавы і вядучых банкаў краіны. У кіруючыя органы канцэрна былі ўведзены прадстаўнікі інш.фін. і прамысл. груп, у выніку чаго ён страціў статус сямейнага прадпрыемства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ФІКАТ (лац. Magnificat ад першага слова тэксту «Magnificat anima mea Dominum» «Вялічыць душа мая Госпада»),
царкоўнае песнапенне; хвалебная песня на тэкст слоў Дзевы Марыі з Евангелля ад Лукі. З 6 ст. адзін з нязменных (ардынарных) тэкстаў каталіцкай вячэрні. Належыць да т.зв. кантыкляў — важных у літургічным ужытку псалмападобных эпізодаў са Старога і Новага запаветаў. Спяваўся ў грыгарыянскай традыцыі антыфонна ў адным з царк. тонаў паводле спецыфічных формул меладызаванай рэчытацыі. У спалучэнні з т.зв. вялікім антыфонам — найб. меладычна развітым і ўрачыстым песнапеннем літургічнага дня ўяўляў сабою буйную вак. кампазіцыю. Шматгалосыя апрацоўкі М. вядомы з 14 ст. У 16—18 ст. да гэтага жанру звярталіся Г.Дзюфаі, К. дэ Маралес, Дж.Палестрына, А.Ласа, К.Мантэвердзі, І.С.Бах, Г.Ф.Гендэль, А.Вівальдзі, Дж.Б.Пергалезі, В.А.Моцарт і інш., у 19—20 ст. — Ф.Мендэльсон, К.Пендарэцкі, Р.Воан-Уільямс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКЕ́ВІЧ (Багуслаў Казімір) (1625, в. Сэрвач Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 1683),
бел. грамадскі дзеяч, пісьменнік-мемуарыст. Сын С.І.Маскевіча. Адукацыю атрымаў у Навагрудку. у 1646—48 у войску І.Вішнявецкага, з якім у 1647 пабываў у Запарожскай Сечы. У 1650 пакінуў вайск. службу. Быў ашмянскім маршалкам. Аўтар двух «Дыярыушаў» на польск. мове. У адным (ахоплівае 1643—49) замалёўкі ўкр. стэпаў, ваен. дзеянняў Вішнявецкага, М.Патоцкага, М.Каліноўскага, Я.Радзівіла супраць Б.Хмяльніцкага на Украіне і Беларусі. Падзеі пададзены з феад.-шляхецкіх пазіцый, хоць аўтар і не заўсёды прыхільна ставіцца да магнатаў. У другім апісана трыумфальнае шэсце рус. ваяводы І.Хаванскага па Беларусі ў пач. 1660 і разгром яго войск 28.6.1660 аб’яднанымі сіламі літ. гетмана П.Сапегі, польск. ваяводы С.Чарнецкага і інш. каля в. Палонка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.
Літ.:
Pamiętniki Samuela i Bogusława Kazimierza Maskewiczów. Wrocław. 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ТРЫКАў матэматыцы, правіла вылічэння адлегласці паміж любымі пунктамі (элементамі) зададзенага мноства. Мноства з зададзенай на ім М. наз.метрычнай прасторай. М. з’яўляецца сапраўднай лікавай функцыяй p(a,b) якая задавальняе ўмовы: p(a,b) ≥ 0, пры гэтым p(a,b) = 0 толькі, калі a = b, p(a,b) = p(b,a); p(a,b) + p(b,c) ≥ p(a,c). На адным і тым жа мностве М. можна задаць рознымі спосабамі. Напр., на плоскасці за адлегласць паміж пунктамі a(x1, y1) і b(x2, y2) можна прыняць звычайную эўклідаву адлегласць
,
ці інш. У вектарных прасторах (функцыянальных і каардынатных) М. задаецца нормай, а таксама з дапамогай скалярнага здабытку вектараў; у дыферэнцыяльнай геаметрыі — заданнем элемента даўжыні дугі з дапамогай дыферэнцыяльнай квадратычнай формы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЬТЫЯ́Д (Miltiadēs; каля 550—489 да н.э.),
старажытнагрэчаскі дзярж. дзеяч, палкаводзец. Са знатнага афінскага роду Філаідаў. Бацька Кімана. Паміж 523—513 да н.э. сасланы тыранам Гіпіем на Херсанес Фракійскі, дзе атрымаў у спадчыну ўладу свайго брата Стэсагора і стаў тыранам. Удзельнік паходу супраць скіфаў (514—513 да н.э.). Падпарадкаваў Афінам Лемнас і інш. Кікладскія а-вы. Падтрымліваў грэч. гарады М. Азіі ў час іх паўстання супраць Персіі (500—494 да н.э.). Пасля задушэння паўстання гарадоў уцёк у Афіны, дзе прыцягваўся да суда як б. тыран, але быў апраўданы. У 490 да н.э. выбраны адным са стратэгаў і ўзначаліў грэч. войска ў час Марафонскай бітвы, у якой атрымаў перамогу. У 489 да н.э. ўдзельнічаў у экспедыцыі супраць астравоў, што адасобіліся ад Афін; за няўдалыя ваен. дзеянні на в-ве Парас прыгавораны да грашовага штрафу, які перавышаў яго маёмасць. Памёр у турме; паводле інш. звестак, памёр раней ад ран.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́РАСТ,
адкладанне рыбамі і кругларотымі спелых ікры і малака з далейшым апладненнем. Адбываецца пры пэўных для кожнага віду ўмовах (сезон, т-ра, салёнасць вады, глыбіня, скорасць цячэння, субстрат і інш.), адным ці некалькімі заходамі. Субстратам для Н. літафільных рыб (асятры, ласосі, галавень, жэрах і інш.) служыць камяніста-галечнікавы грунт, псамафільных (напр., гальцы, печкуры) — пясок, часам карэньчыкі раслін, фітафільных (карп, лешч, плотка, сазан, шчупак і інш.) — расліны, астракафільныя (напр., гарчакі) адкладаюць ікру ў мантыйную поласць малюскаў, пад панцыр крабаў і інш., пелагафільныя (белы амур, камбалы, таўсталобікі, чахонь і інш.) — у тоўшчу вады. У трапічных і субтрапічных рыб сезонны Н. слаба выяўлены, расцягнуты, выспяванне ікры і Н. часта парцыённыя, раз за некалькі месяцаў. Большасць рыб халодных і ўмераных шырот нерастуюць раз за год, некат. прахадныя рыбы — 1—2 разы за жыццё. У час Н. ў многіх рыб развіваецца шлюбны ўбор.