РАСТВАРА́ЛЬНАСЦЬ,
здольнасць рэчыва ўтвараць у сумесі з інш. рэчывамі (кампанентамі) растворы. Колькасна Р. рэчыва ў дадзеным растваральніку характарызуецца канцэнтрацыяй яго насычанага раствору, якую таксама наз. Р.
Добра раствараюцца адно ў адным рэчывы, падобныя паводле фіз. і хім. уласцівасцей (эмпірычнае правіла «падобнае раствараецца ў падобным»), таму ў палярных растваральніках (вада, этанол, вадкі аміяк) добра раствараюцца рэчывы, утвораныя палярнымі малекуламі і з іонным тыпам сувязі, у непалярных (бензол, серавуглярод) — непалярныя рэчывы. Р. дадзенага рэчыва залежыць ад т-ры і ціску адпаведна агульнаму прынцыпу зрушэння раўнавагі (гл. Ле Шатэлве — Браўна прынцып). Р. вадкіх і цвёрдых рэчываў практычна не залежыць ад ціску. Р. газаў у вадкасцях з ростам ціску павялічваецца, з ростам т-ры звычайна памяншаецца.
т. 13, с. 362
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)