ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНІ ПАХО́Д 1934—36, Вялікі паход,

перабазіраванне асн. сіл Кіт. Чырв. Арміі (КЧА) з цэнтр. і паўд. раёнаў Кітая на ПнЗ. У выніку наступлення войск Гаміньдана на чале з Чан Кайшы ўрад Кіт. Сав. Рэспублікі (КСР) і кіраўніцтва Камуністычнай партыі Кітая (КПК) былі блакіраваны ў раёне стыку правінцый Цзянсі і Фуцзянь. У гэтых умовах ЦК КПК вырашыў прабівацца сіламі 1-га фронту КЧА (каманд. Чжу Дэ, паліт. камісар Чжоў Эньлай) на ПнЗ, бліжэй да мяжы з СССР. Паход пачаўся 16.10.1934 і да снеж. 1934 войскі 1-га фронту КЧА выйшлі да прав. Гуйчжоў, дзе на нарадзе ў г. Цзуньі (снеж. 1935) старшыня Савета нар. камісараў КСР Мао Цзэдун пры падтрымцы ваенных адхіліў ад кіраўніцтва ген. сакратара ЦК КПК Цын Бансяня і дабіўся прызначэння сябе паліт. камісарам 1-га фронту КЧА. Пазбягаючы сустрэчы з гал. сіламі Чан Кайшы, войскі КЧА накіраваліся ў прав. Сычуань, дзе ў чэрв. 1935 злучыліся з 4-м фронтам КЧА (камандуючы Сюй Сянцянь, паліт. камісар Чжан Гатао). У жн. 1935 сілы аб’яднаных франтоў КЧА (камандуючы Чжу Дэ, ген. паліт. камісар Чжан Гатао) прадоўжылі рух на Пн. Неўзабаве б.ч. іх была вымушана вярнуцца ў прав. Сычуань, але 2 корпусы КЧА на чале з Мао Цзэдунам у кастр. 1935 прабіліся ў паўн. частку Шэньсі, дзе ўжо існаваў сав. раён. У кастр.ліст. 1936 да іх далучыліся рэшткі 2-га, 4 і 6-га франтоў КЧА. У выніку П.-З.п. былі страчаны ўсе сав. раёны ў цэнтр. і паўд. Кітаі, але захавана кіруючае ядро КПК і камандаванне КЧА.

Літ.:

Браун О. Китайские записки, 1932—1939: Пер. с нем. М., 1974;

История Китая. М., 1998.

В.​У.​Адзярыха.

т. 12, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПО́ЛАЦКІ СШЫ́ТАК»,

рукапісны зборнік старадаўняй бел. музыкі 16—17 ст.; яркі ўзор бел. свецкай кантавай культуры. Выклеены з вокладкі уніяцкага служэбніка, набытага ў 1956 б-кай Ягелонскага ун-та ў Кракаве (Польшча). Папера зборніка выраблена паміж 1633—50 (паводле вадзяных знакаў), пераплецены служэбнік да 1680. Напачатку кніга належала уніяцкай царкве ў в. Астрамечава (Брэсцкі р-н). Апісаў зборнік польскі даследчык Е.​Голас. «П.с.» уключае больш за 60 вак. і інстр. муз. твораў з выразнымі стылявымі рысамі барока. Сярод іх шматгалосыя канты і псальмы, фрагменты царк. музыкі з лічбаваным басам (для выканання на аргане). Мясцовыя напаўфалькл. традыцыі спалучаюцца ў музыцы з італьян. і франц. ўплывамі. Інтанацыйны строй мелодый грунтуецца на слав. нар.-песенным меласе і тыповых кантавых, часам стэрэатыпізаваных, папеўках і кадэнцыйных зваротах. Сустракаюцца формульныя напевы, якія выконваліся на розныя паэт. тэксты. Стылістыка песенных і танц. твораў блізкая да стылістыкі кантаў і псальмоў. Тэксты рукапісу напісаны на лац., стараслав., старабел. мовах. Для запісу музыкі выкарыстаны 2 натацыі — круглая заходнееўрап. (т.зв. італьянская) для літургічных твораў, круглая італьян. і квадратная «кіеўская» для свецкіх. На аснове зборніка ў Польшчы выдадзена грампласцінка «Песні, танцы і паваны», на супервокладцы якой падкрэслена бел. паходжанне муз. твораў. Некат. творы «П.с.» ўключыў у свой рэпертуар ансамбль старадаўняй музыкі Бел. дзярж. філармоніі «Кантабіле» (які і даў зборніку назву), некалькі кантаў з рэстаўрыраваным бел. тэкстам выконвае маск. камерны хор «Віват». Музыка «П.с.» неаднаразова выконвалася па Бел. тэлебачанні і радыё.

Літ.:

Герасимова-Персидская Н.А. Партесный концерт в истории музыкальной культуры. М., 1983. С.35;

Gołos J. // Nowe spojrzenie na rękopis 10002 BJ. // Muzyka. 1973. № 3;

Касьцюкавец Л. «Полацкі сшытак» // Полацак. 1991. № 8.

Л.​П.​Касцюкавец, А.​І.​Мальдзіс.

т. 12, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІТАНА́ЛЬНАСЦЬ (ад полі... + танальнасць),

адначасовае выкладанне розных гукавышынных пластоў, кожны з якіх належыць да розных канкрэтных танальнасцей (або арыентуецца на розныя танальнасці) адзінай танальна-гарманічнай сістэмы. П. — складаны сінтэз некалькіх танальнасцей, спец. драматургічны эфект у сістэме выразных сродкаў музыкі 20 ст. Гіст. перадумовы і аснова для ўзнікнення П. — храматызаваная ладатанальная структура з шматгучнай дысананснай акордыкай, якая пры ўспрыняцці падзяляецца на больш простыя акорды (субакорды) часта тэрцавай будовы. Існуюць П. акордавыя (аб’яднанне рознатанальных акордаў), меладычная (аб’яднанне рознатанальных меладычных ліній), мяшаная (рознатанальнае аб’яднанне акордаў і меладычных ліній).

Мяркуюць, што ўпершыню П. выкарыстаў амер. кампазітар Ч.​Айвз у сімф. мініяцюры «Пытанне, якое засталося без адказу». Пазней П. выкарыстоўвалі Б.​Бартак (п’еса для фп. «Стаката» з цыкла «Мікракосмас»), І.​Стравінскі (тэма Пятрушкі з аднайм. балета), С.​Пракоф’еў (у цыкле для фп. «Мімалётнасці»), Рысы П. сустракаюцца ў музыцы В.​А.​Моцарта («Музычны жарт»), М.​Мусаргскага («Два яўрэі» з «Карцінак з выстаўкі»), у нар. музыцы (літоўскі сутарцінес).

У бел. музыцы П. шырока прадстаўлена ў выглядзе цэласных ладавых фармацый і прыёмаў ва ўсіх разнавіднасцях: П. акордавая — у музыцы А.​Мдывані («Ванька-ўстанька»), В.​Помазава («Батлейка»), меладычная — у творчасці Я.​Глебава (1-я сюіта з балета «Выбранніца»), мяшаная — у В.​Войціка (канцэрт для цымбалаў), Н.​Усцінавай (канцэрты для скрыпкі з арк.), С.​Картэса (канцэрт для фп. «Капрычас»). Маст. функцыі П. разнастайныя. Так, у «Капрычас» Картэса — дынамічны фактар, у араторыі «Ванька-ўстанька» — сродак стварэння вобразнай 2-планавасці, у канцэрце для скрыпкі з арк. Г.​Гарэлавай — сродак вытанчанай экспрэсіі і інш.

Літ.:

Паисов Ю.И. Политональность в творчестве советских и зарубежных композиторов XX в. М., 1977;

Когоутек Ц. Техника композиции в музыке XX в.: Пер. с чеш. М., 1976.

Т.​Г.​Мдывані.

т. 12, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (ППС; Polska Partia Socjalistyczna),

левая палітычная партыя ў Польшчы. Засн. ў 1893 на падставе праграмных установак Парыжскага з’езда польскіх сацыялістаў (ліст. 1892), які абвясціў лозунг стварэння незалежнай Польскай дэмакр. рэспублікі і барацьбы за дэмакр. правы нар. мас. Да 1918 дзейнічала гал. чынам у Каралеўстве Польскім. Вышэйшы орган — з’езд, паміж з’ездамі — Цэнтр. рабочы к-т. Кіраўнікі ППС (Ю.Пілсудскі, С.​Вайцяхоўскі і інш.) планавалі аднавіць Польскую дзяржаву шляхам нац.-вызв. паўстання. У 1900—04 у ГІПС узмацніўся левы кірунак (М.​Бялецкі, Ф.Кон і інш.), да якога ў чэрв. 1905 перайшло кіраўніцтва партыяй, што актыўна ўдзельнічала ў рэвалюцыі 1905—07. 9-ы з’езд ППС (ліст. 1906, Вена) выключыў Пілсудскага і яго прыхільнікаў з партыі. У 1918 ППС, вядомая як ППС-лявіца, аб’ядналася з Сацыял-дэмакратыяй Каралеўства Польскага і Літвы ў Камуніст. рабочую партыю Польшчы (з 1925 Камуністычная партыя Польшчы). Прыхільнікі Пілсудскага стварылі ППС — «рэв. фракцыю», якая ў 1909 прыняла назву ППС. У час 1-й сусв. вайны 1914—18 ППС Пілсудскага ўдзельнічала ў яго ваен.-паліт. кампаніі на баку Германіі і Аўстра-Венгрыі (стварэнне легіёнаў польскіх), у 1918 — у стварэнні незалежнай Польскай дзяржавы. У ліп. 1920 увайшла ў кааліцыйны ўрад В.Вітаса, у 1926 падтрымала дзярж. пераварот Пілсудскага, але з ліст. 1926 адмовілася ад супрацоўніцтва з «санацыйным рэжымам» і перайшла ў апазіцыю. Пасля захопу Польшчы гітлераўскай Германіяй (вер.кастр. 1939), кіраўніцтва партыі абвясціла пра роспуск ППС. Пасля вызвалення краіны (1944—45) створана адноўленая ППС (кіраўнік Э.​Асубка-Мараўскі), якая ў снеж. 1948 утварыла разам з Польскай рабочай партыяй Польскую аб’яднаную рабочую партыю. Дзейнасць ППС у Польшчы аднавілася ў 1987. У 1993—94 у складзе Саюза лявіцы дэмакратычнай. У 1995 з ППС злучыліся інш. невял. сацыяліст. партыі.

т. 12, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЛЕТКУ́ЛЬТ, пралетарская культура,

масавая культурна-асветная і літ.-маст. арг-цыя ў 1917—32. Створана ў Петраградзе. У 1920 аб’ядноўваў каля 400 тыс. чал., у т. л. амаль 80 тыс. удзельнікаў літ. гурткоў і маст. студыі у розных гарадах Расіі. Сярод тэарэтыкаў П.​А.​Багданаў, Ф.​Калінін, П.​Кержанцаў, П.​Лебедзеў-Палянскі, В.​Плятнёў; у працы П. прымалі ўдзел паэты М.​Герасімаў, В.​Казін, У.​Кірылаў і інш., рэж. Р.​Аляксандраў, І.​Пыр’еў, В.​Смышляеў, С.​Эйзенштэйн, акцёры Э.​Гарын, М.​Штраўх і інш. П. імкнуўся стварыць шляхам развіцця самадзейнасці класавую пралет. культуру, якую могуць стварыць толькі рабочыя ў маст. студыях і клубах на аснове «арганізацыі калектыўнага вопыту», што набываецца ў індустр. грамадстве. Для П. характэрны ігнараванне літ.-маст. традыцый, пераацэнка ролі самадзейнасці ў процівагу прафесіяналізму, арыентацыя на аўтаномнасць і незалежнасць ад дзяржавы. Выдаваў 20 часопісаў, у т. л. «Горн» (1918—23), «Пролетарская культура» (1918—21) у Маскве, «Грядущее» (1918—21) у Петраградзе. Ствараў агітац.-масавыя творы, у якіх апяваў сусв. рэвалюцыю, пралет. калектывізм, фабрычна-заводскую працу, імкнуўся выявіць не асабістыя, а пераважна калектыўныя класавыя пачуцці пралетарыяту.

На Беларусі П. створаны ў 1917—18. У 1919—20 меў свае губернскія (Віцебскі, Гомельскі, Мінскі П.) і гар. (Аршанскі, Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Магілёўскі, Полацкі, Слуцкі П.) арг-цыі, час. «Искусство» (1921) у Віцебску і «Коммунистическое просвещение» (1920—21) у Гомелі, гар. і сельскія тэатр. гурткі і нар. універсітэты. Дзейнасць П. паўплывала на асобных пісьменнікаў і публіцыстаў «Маладняка», «Беларускай літаратурна-мастацкай камуны», Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў і інш.

Літ.:

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968.

У.​М.​Конан.

т. 12, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПТА́ШНІКАЎ (Іван Мікалаевіч) (н. 7.10.1932, в. Задроздзе Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1983). Скончыў БДУ (1957). Працаваў у Дзярж. выд-ве БССР (1957—58), час. «Маладосць» (1958—62), «Полымя» (1962—95). Друкуецца з 1952. Першая кн. апавяд. і аповесцей «Зерне падае не на камень» (1959). Аповесць «Лонва» (1965), апавяданні «Алёшка», «Алені», «Бежанка», «Эфка» пра падлеткаў, якія сталелі ў выпрабаваннях вайны і першых пасляваен. гадоў. Суровая праўда ў паказе трагічных падзей вайны, псіхал. дакладнасць і глыбіня ў выяўленні мужнасці і самаахвярнасці звычайнага чалавека ў аповесцях «Тартак» (1967, аднайм. фільм бел. тэлебачання паводле сцэнарыя аўтара 1974) і «Найдорф» (1975, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1978). У раманах «Мсціжы» (1970) і «Алімпіяда» (1985, аднайм. тэлеспектакль 1989) адлюстравана жыццё бел. вёскі ў 1960—80-я г., раскрыты духоўны свет селяніна-працаўніка, яго сувязь з зямлёю і прыродай. У апавяданні «Львы» актуальная для Беларусі тэма Чарнобыля. Апавяданні «Францужанкі» і «Тры пуды жыта» пра драм. старонкі нар. жыцця. звязаныя з неабгрунтаванымі паліт. рэпрэсіямі. Апавяданне «Пагоня» трагедыйнага зместу; скіравана супраць самазнішчэння ў прыродзе і грамадстве.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—4. Мн., 1990—92;

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1980;

Львы. Мн., 1991.

Літ.:

Андраюк С. Вывяраючы жыццём. Мн., 1976. С. 66—108;

Яго ж. Жыць чалавекам. Мн., 1983. С. 10—30;

Яго ж. Чалавек на зямлі. Мн., 1988. С. 10—30;

Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974. С. 106—132;

Шамякіна Т. На лініі перасячэння. Мн., 1981. С. 33—91;

Яе ж. Некаторыя асаблівасці стылю І.​Пташнікава // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1974. № 5;

Иващенко В. Круги надежды и добра. Мн., 1983. С. 4—31.

С.​А.​Андраюк.

І.М.Пташнікаў.

т. 13, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́ЛАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС, Кёнігсбергскі летапіс,

помнік старажытнарускага летапісання, летапісны звод пач. 13 ст.; зместам блізкі да Лаўрэнцьеўскага летапісу. Складаецца з «Аповесці мінулых гадоў» і летапісу за 1112—1206, прысвечанага пераважна гісторыі Паўн.-Усх. Русі. Вядомы адзіны ілюстраваны спіс канца 15 ст., зроблены, напэўна, у Смаленску, у канцы яго змешчана «Хаджэнне Данііла ігумена...». У 16—1-й пал. 17 ст. рукапіс зберагаўся на Беларусі. Апошні ўладальнік Р.л. Багуслаў Радзівіл завяшчаў Кёнігсбергскай б-цы, куды рукапіс трапіў у 1671. З 1758 знаходзіцца ў Расіі. У летапісе шмат каштоўных звестак з гісторыі ўсх. славян эпохі ранняга сярэднявечча, якія за 9—11 ст. пададзены паводле летапісу Нестара, за 12 ст. — уладзімірскага летапіснага зводу пач. 13 ст. Пад 1128 змешчана аповесць пра Рагнеду Рагвалодаўну поўнай рэдакцыі, якая складзена, найб. верагодна, у Кіеве ў 2-й пал. 11 ст. паводле вуснага апавядання Яна Вышаты, прапраўнука Дабрыні (дзядзькі кн. Уладзіміра Святаславіча). Вялікую культ.-гіст. каштоўнасць маюць 617 каляровых мініяцюр, якія адлюстроўваюць розныя бакі жыцця (ваен. паходы і бітвы, паўстанні, нар. святы і абрады, паліт. дзейнасць князёў, розныя сцэны з выявамі помнікаў архітэктуры), матэрыяльную культуру (прадметы побыту, мэблю, адзенне, зброю і інш.) усх. славян, з’яўляюцца своеасаблівым маст. летапісам сярэднявечча. Шэраг мініяцюр звязаны з гісторыяй бел. зямель: «Рагнеда і Рагвалод», «Бітва на Нямізе», пра паланенне і вызваленне Усяслава Полацкага і інш. У некат. мініяцюрах адчуваецца ўплыў зах.-еўрап. традыцый. Рукапіс зберагаецца ў б-цы Расійскай АН у Санкт-Пецярбургу.

Літ.:

Полное собрание русских летописей. Т. 38. Радзивилловская летопись. Л., 1989;

Радзивилловская летопись: Факс. воспр. рукописи: Текст. Исслед. Описание миниатюр. СПб.;

М., 1994.

В.​А.​Чамярыцкі.

Вольга і Святаслаў. Малітва Вольгі. Мініяцюры з Радзівілаўскага летапісу.

т. 13, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТРАПО́ВІЧ (Мсціслаў Леапольдавіч) (н. 27.3.1927, Баку),

расійскі віяланчэліст, дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1966). Ганаровы чл. Каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане (1961), Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме, Франц. акадэміі прасторавых мастацтваў і інш. Скончыў Маск. кансерваторыю (1946, кл. віяланчэлі ў С.​Казалупава, кл. кампазіцыі ў В.​Шабаліна, кл. інструментоўкі ў Дз.​Шастаковіча), у 1948—74 выкладаў у ёй (з 1960 праф.), адначасова з 1961 — у Ленінградскай кансерваторыі. З 1950-х г. вёў канцэртную дзейнасць як віяланчэліст, у т. л. на Беларусі. У 1962—74 дырыжор, у т. л. ў Вял. т-ры ў Маскве. З 1974 за мяжой (у 1978—90 Р. і яго жонка Г.​Вішнеўская былі пазбаўлены грамадзянства СССР). У 1977—94 узначальваў Нац. сімф. аркестр ЗША (Вашынгтон). Р. пашырыў межы віяланчэльнага мастацтва. Яго выкананне адметнае маштабнасцю, драматызмам, эмацыянальнасцю, інтэлектуальнасцю і глыбінёй разумення аўтарскай задумы. У рэпертуары класічныя, а таксама творы выдатных кампазітараў 20 ст., большасць з якіх прысвечана яму і ўпершыню ім выканана: Б.​Брытэна, Р.​Гліэра, А.​Жаліве, М.​Мяскоўскага, С.​Пракоф’ева, Л.​Піпкава, У.​Пістана, Л.​Фоса, А. і К. Хачатуранаў, Б.​Чайкоўскага, Шабаліна, Шастаковіча, А.​Шнітке, Р.​Шчадрына і інш. Выступаў у ансамблі з буйнейшымі музыкантамі свету. Дырыжыраваў вядомымі сімф. аркестрамі свету. Арганізатар Сусв. кангрэса віяланчэлістаў (1997, С.-Пецярбург). Першыя прэміі Усесаюзнага конкурсу музыкантаў (1945, Масква), Міжнар. конкурсу імя Г.​Вігана (1950, Прага). З 1970-х г. праводзіцца Міжнар. конкурс імя Р. (Парыж). Дзярж. прэмія СССР 1951. Ленінская прэмія 1964. Дзярж. прэміі Расіі 1991, 1995.

Літ.:

Гайдамович Т.А. Мстислав Ростропович. М., 1969;

Хентова С.М. Ростропович. СПб., 1993;

Грум-Гржимайло Т.Н. Ростропович и его современники. М., 1997.

Н.​В.​Шпянёва.

т. 13, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ АКАДЭМІ́ЧНЫ ТЭА́ТР ІМЯ ЯКУ́БА КО́ЛАСА, Беларускі дзяржаўны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа. Створаны ў 1926 у Віцебску як Другі бел. дзярж. т-р (БДТ-2) з выпускнікоў Беларускай драматычнай студыі ў Маскве. 21.12.1944 прысвоена імя Я.​Коласа, у 1977 — званне акадэмічнага. Адкрыўся 21.11.1926 спектаклем «У мінулы час» І.​Бэна. Напачатку рэпертуар т-ра склалі пастаноўкі, падрыхтаваныя ў студыі: нар. драма «Цар Максімілян», «Апраметная» В.​Шашалевіча, «Чорт і баба» Ф.​Аляхновіча, «Сон у летнюю ноч» У.​Шэкспіра, «Вакханкі» Еўрыпіда, «Эрас і Псіхея» Е.​Жулаўскага і інш. Спектаклі вызначаліся пастановачнай яркасцю, пластычнасцю, пошукам новых формаў і былі разлічаны на тэатральна дасведчанага гледача. Афіцыйная крытыка абвясціла іх фармалістычнымі і эстэцкімі, патрабавала большай даступнасці і прастаты. У канцы 1920-х г. асн. кірунак быў узяты на тагачасную сав. драматургію і рэв. тэматыку. У 1930-я г. значнае месца ў рэпертуары пачала займаць бел. драматургія. Пастаўлены «Вечар беларускіх вадэвіляў» (увайшлі «Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» і «Прымакі» Я.​Купалы), «Вайна вайне» і «У пушчах Палесся» Я.​Коласа, «Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка, «Над Бярозай-ракой» П.​Глебкі, «Ірынка» К.​Чорнага. Найб. нацыянальна яскравым, самабытным спектаклем, які на многія гады стаў вызначальным для т-ра, з’явілася пастаноўка п’есы «Несцерка» В.​Вольскага. З класічнай драматургіі пастаўлены «Мяшчане» М.​Горкага, «Беспасажніца» і «Лес» А.​Астроўскага, «Лекар мімаволі» Мальера, «Здані» Г.​Ібсена. Сярод найб. значных пастановак тагачаснай драматургіі — «Гібель эскадры» А.​Карнейчука. З 1928 пры т-ры перыядычна працавалі студыі (гл. Студыі Беларускага тэатра імя Якуба Коласа). У Айч. вайну тэатр працаваў ва Уральску (з 1941) і Арэхава-Зуеве (1943—44). Найлепшыя спектаклі гэтага перыяду — «Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага, «Нашэсце» Л.​Лявонава, «Проба агнём» К.​Крапівы. У 1944 брыгада акцёраў т-ра выехала на фронт. З кастр. 1944 т-р аднавіў дзейнасць у Віцебску. Пастаўлены «Рэвізор» М.​Гогаля, «Гамлет» Шэкспіра і інш. класічныя творы; з бел. драматургіі: «Цэнтральны ход» і «Алазанская даліна» К.​Губарэвіча і І.​Дорскага, «Песня нашых сэрцаў» і «Калі зацвітаюць сады» В.​Палескага, «Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы. У 1950-я г. аснову рэпертуару т-ра склалі творы Лопэ дэ Вэгі, П.​Кальдэрона, Астроўскага, А.​Сухаво-Кабыліна, Л.​Талстога, А.​Чэхава, М.​Горкага. У нац. рэпертуар вернута з забыцця п’еса Я.​Купалы «Раскіданае гняздо». Пастаўлены «Машэка» Вольскага, «Простая дзяўчына» і «На крутым павароце» Губарэвіча. Вострымі, надзённымі сталі пастаноўкі «Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка, «Людзі і д’яблы» К.​Крапівы. У канцы 1950 — пач. 1960-х г. прынцыпова важнымі спектаклямі былі «Навальніца будзе» паводле Я.​Коласа, «Выгнанне блудніцы» І.​Шамякіна, «Крыніцы» і «Снежныя зімы» паводле яго раманаў, «Лявоніха» П.​Данілава, «Пад адным небам» А.​Маўзона, «Справа яе жыцця» А.​Гутковіча і Ф.​Казоўскай, «Іркуцкая гісторыя» А.​Арбузава. Удачамі т-ра з’явіліся пастаноўкі «Ветрык, вей!» Я.​Райніса і «Бацькаўшчына» К.​Чорнага. Поспехі т-ра ў 2-й пал. 1960-х — 80-я г. абумоўлены зваротам да бел. драматургіі: «Сымон-музыка» паводле паэмы Я.​Коласа, «Вайна пад стрэхамі» паводле А.​Адамовіча, «Трыбунал» і «Таблетку пад язык» Макаёнка, «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі» У.​Караткевіча, «Амністыя» М.​Матукоўскага, «Трывога» А.​Петрашкевіча, «Парог», «Вечар» і «Радавыя» А.​Дударава. Цікавыя сцэн. трактоўкі атрымалі «Улада цемры» Л.​Талстога, «Мяшчане» М.​Горкага, «Клоп» У.​Маякоўскага, «Доктар філасофіі» Б.​Нушыча, «Матухна Кураж і яе дзеці» Б.​Брэхта. Пэўнымі дасягненнямі адзначаны спектаклі «Летась у Чулімску» і «Развітанне ў чэрвені» А.​Вампілава, «Брыльянт» Е.​Пшаздзецкага, «Стары дом» А.​Казанцава, «Клеманс» К.​Саі. У канцы 1980 — пач. 1990-х г. прыкметнымі з’явамі сталі спектаклі «Хам» паводле Э.​Ажэшкі, «Залёты» Дуніна-Марцінкевіча, «Генрых VI» Шэкспіра, «ЧП-1» і «ЧП-2» паводле «Рэвізора» Гогаля.

У фарміраванне творчага аблічча т-ра вял. ўклад зрабілі акцёры А.​Ільінскі, П.​Малчанаў, Ц.​Сяргейчык, рэжысёры М.​Міцкевіч, В.​Дарвішаў, Н.​Лойтар, А.​Скібнеўскі, Г.​Шчарбакоў, С.​Казіміроўскі, В.​Мазынскі, Б.​Эрын, мастакі Я.​Нікалаеў, А.​Марыкс, А.​Салаўёў. Значную ролю ў развіцці т-ра адыгралі акцёры: М.​Бялінская, Я.​Глебаўская, Г.​Дубаў, М.​Звездачотаў, А.​Лагоўская, Б.​Левін, Г.​Маркіна, І.​Матусевіч, Л.​Мацісава, А.​Мельдзюкова, А.​Радзялоўская, С.​Скальскі, А.​Трус, М.​Цішачкін, А.​Шэлег, кампазітар і дырыжор Л.​Маркевіч, дырэктары засл. дзеячы маст. У.​Стэльмах і І.​Дорскі, засл. дз. культ. Г.​Асвяцінскі.

У складзе трупы (1996): нар. арт. СССР Ф.​Шмакаў, нар. арт. Беларусі С.​Акружная, З.​Канапелька, Т.​Кокштыс, У.​Куляшоў, Я.​Шыпіла; засл. арт. Беларусі Г.​Каралькова, В.​Петрачкова, Л.​Пісарава, Б.​Сяўко, Л.​Трушко, Т.​Шашкіна; арт. А.​Лабанок, П.​Ламан, Н.​Левашова, Т.​Ліхачова, Г.​Шкуратаў і інш. Дырэктар і маст. кіраўнік т-ра В.​Маслюк (з 1993), гал. мастак С.​Макаранка (з 1996), заг. муз. часткі А.​Крыштафовіч (з 1995), заг. літ. часткі У.​Ганчароў (1968—84 і з 1993).

З 1964 т-р працуе ў будынку на пл. Тысячагоддзя Віцебска (арх. А.​Максімаў, І.​Рыскіна). Яго гал. фасад вырашаны ў выглядзе 8-калоннага порціка з франтонам. Па гал. восі размешчаны вестыбюль, фае, паўкруглая ў плане глядзельная зала на 639 месцаў з партэрам і 2 балконамі, развітая сцэн. група памяшканняў. З 1973 працуе камерная сцэна ў фае з залай на 100 месцаў.

Літ.:

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 2—3. Мн., 1985—87;

Няфёд У.І. Беларускі тэатр імя Якуба Коласа. Мн., 1976;

Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа. Мн., 1986;

Сабалеўскі А. Сучаснасць і гісторыя: Крытыч. арт. Мн., 1985.

А.​В.​Сабалеўскі.

Да арт. Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа. Сцэна са спектакля «Гамлет» У.​Шэкспіра.
Да арт. Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа. Сцэна са спектакля «Хам» паводле Э.​Ажэшкі.
Да арт. Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа. Сцэна са спектакля «Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна.

т. 2, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНГЛАДЭ́Ш, Народная Рэспубліка Бангладэш,

дзяржава ў Паўд. Азіі. На Пд абмываецца Бенгальскім зал. Індыйскага ак. На З, Пн і У мяжуе з Індыяй, на ПдУ — з М’янмай. Пл. каля 144 тыс. км². Нас. 116,6 млн. чал. (1994). Сталіца — г. Дака. Падзяляецца на 64 акругі. Дзярж. мовы бенгальская і англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (26 сак.).

Дзяржаўны лад. Бангладэш — унітарная рэспубліка з парламенцкай формай праўлення. Парламент — аднапалатная Нац. асамблея (330 дэпутатаў, тэрмін паўнамоцтваў 5 гадоў). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў і выконвае прадстаўнічыя функцыі. Кіраўнік выканаўчай улады — прэм’ер-міністр.

Прырода. Каля 90% — плоская алювіяльная нізіна ў межах буйнейшай у свеце агульнай дэльты Ганга і Брахмапутры (выш. 1—3 м над узр. м. ў прыморскіх раёнах, 6—20 м на З і ПнЗ), парэзаная сеткай рэк і каналаў. На Пн узвышшы Барынд і Мадхурпур, на ПдУ горы Чытагонг і Лушаі (да 1230 м). З карысных выкапняў невял. радовішчы прыроднага газу, нафты, каменнага вугалю, торфу, жал. руды, буд. матэрыялы. Клімат субэкватарыяльны мусонны з вільготным (май—кастр.) і сухім сезонамі. У вільготны сезон т-ра паветра 28—35 °C, у сухі 15—25 °C. Ападкаў 2000—3000 мм за год. Частыя паводкі, ураганы і нагоны вады з мора, радзей засухі. Глебы алювіяльныя, рыхлыя, пераважна сугліністыя і супясчаныя, лёгка паддаюцца апрацоўцы. Пашырана эрозія глебаў, у прыморскіх раёнах — засаленне. Рэкі — Ганг, Брахмапутра са шматлікімі прытокамі і пратокамі: выкарыстоўваюцца для арашэння і суднаходства. Пераважае культ. расліннасць; на ПдУ захаваліся трапічныя вечназялёныя бамбукавыя і пальмавыя лясы (каля 14% тэрыторыі), уздоўж узбярэжжа — мангравыя зараснікі. Нац. паркі Чытагонг, Мадхурпур.

Насельніцтва. 98% — бенгальцы. Ёсць мусульманскія выхадцы з Індыі. На ўскраінах і ў гарах на ПдУ жывуць малыя народнасці асама-бірманскага паходжання (чакма, могх, кхаст, санталы і інш.). Сярэднегадавы прырост 2,4%. Паводле веравызнання больш за 85% вернікаў мусульмане, каля 12% індуісты. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 810 чал. на 1 км² (адна з найб. у свеце), у многіх раёнах перавышае 1 тыс. чал. На 1 км². У гарадах каля 14% жыхароў краіны. Найб. гарады (1991, тыс. ж.): Дака — 3638, Чытагонг — 1566, Кхулна — 601, Нараянгандж, Маймансінгх, Раджшахі. Сярэдняя працягласць жыцця 52 гады.

Гісторыя. Тэр. Бангладэш заселена ў палеаліце. У сярэдзіне 1-га тыс. да нашай эры — сярэдзіне 1-га тыс. нашай эры існавалі дзярж. ўтварэнні, у т. л. Ванга (7—6 ст. да нашай эры), ад якой і пайшла назва Бенгалія, потым Бангладэш (краіна бенгальцаў). У 6—13 ст. нашай эры ў дзяржаве Бенгаліяй правілі дынастыі Гаўда, Палаў і Сенаў. На рубяжы 12—13 ст. яе захапіў Дэлійскі султанат, ва ўсх. яе частцы пануючай рэлігіяй становіцца іслам. З сярэдзіны 14 ст. Бенгалія незалежная. У 1576 яе захапілі Вялікія Маголы. На пач. 18 ст. краіна зноў самастойная, на той час — самая густанаселеная і развітая частка Індастана. У сярэдзіне 18 ст. адсюль англічане пачалі экспансію ў Індастан. Пасля бітвы пры Плесі (1757) Бенгалія — уладанне англ. Ост-Індскай кампаніі. Каланіяльны рэжым прывёў краіну ў заняпад. У 19 ст. ў агульным рэчышчы вызв. руху Індастана ў Бенгаліі сфарміраваўся нац.-вызв. рух. У 20 ст. ім кіраваў Індыйскі нацыянальны кангрэс, а ва Усх. Бенгаліі — і мусульм. ліга. Пасля падзення каланіялізму ў Індыі (1947) б. брытанская калонія падзелена паводле рэліг. прынцыпу на 2 дзяржавы — Індыю і Пакістан; Усх. Бенгалія апынулася ў складзе апошняй як яе частка. Дзярж. ўладу ў краіне захапілі маёмныя колы Зах. Пакістана, якія праводзілі тут палітыку жорсткай эксплуатацыі. Асабліва востра паўстала моўная праблема; дзярж. мовай Пакістана — урду — валодалі 1,1% жыхароў Усх. Пакістана. За раўнапраўе абедзвюх частак краіны выступілі камуністы і чл. Нар. лігі (узнікла ў 1949 і стала самай уплывовай паліт. сілай краіны). Нац. праблема тут ускладнялася цяжкім сац.-эканам. становішчам. Усх. Пакістан быў у ліку самых адсталых рэгіёнаў свету. У канцы 1960 — пач. 1970-х г. бенгальскае пытанне стала прыярытэтным у комплексе праблем Пакістана, ахопленага дзярж. крызісам. На агульных выбарах 1970 перамагла Нар. ліга на чале з М.Рахманам, якая запатрабавала поўнай аўтаноміі Усх. Пакістана, замацаванай канстытуцыяй. Правячыя колы Зах. Пакістана пачалі супраць бенгальцаў жорсткія рэпрэсіі, якія прывялі да ўцёкаў апошніх у суседнюю Індыю і гібелі каля 3 млн. чал. У Бенгаліі пачалася агульнанац. кампанія непадпарадкавання, якая перарасла ва ўзбр. барацьбу партызанаў (мукці-бахіні). 26.3.1971 бенгальскія нац. сілы абвясцілі незалежную краіну Бангладэш. На дапамогу бенгальцам прыйшлі ўзбр. сілы Індыі разам з мукці-бахіні. У снеж. 1971 войскі Пакістана капітулявалі. Урад новай краіны ўзначаліў вызвалены з турмы М.​Рахман. Пакістанцы-небенгальцы пакінулі Бенгалію. Паліт. ўлада ў Бенгаліі апынулася ў руках сярэдняй і дробнай буржуазіі, інтэлігенцыі, служачых, заможных землеўладальнікаў. Урад спрабаваў вырашыць сац. пытанні шляхам шырокай нацыяналізацыі прам-сці, банкаў, стварэннем дзяржсектара і планаваннем у эканоміцы. Непадрыхтаванасць новай улады, цяжкая эканам. спадчына, стыхійныя бедствы прывялі да паліт. напружанасці. У выніку дзярж. ваен. перавароту і забойства М.​Рахмана (жн. 1975) настаў 15-гадовы перыяд смуты, за час якой адбыліся 4 ваен. перавароты, забіты 2 прэзідэнты, 9 гадоў існавала прамое ваен. праўленне, 5 гадоў абмяжоўвалася канстытуцыя. Абраны ў чэрв. 1977 прэзідэнт З.​Рахман стварыў Нацыяналіст. партыю Бангладэш (НПБ) і абвясціў асн. прынцыпамі сваёй палітыкі іслам, дэмакратыю, нацыяналізм, сац. справядлівасць. У маі 1981 З.​Рахман забіты. У сак. 1982 да ўлады прыйшоў ген. Х.​М.​Эршад, які ажыццяўляў праграму «19 пунктаў» (дапамога сельскай гаспадарцы, дэнацыяналізацыя, пашырэнне дзейнасці прыватнага капіталу, у т. л. замежнага). Дзеянні апазіцыі ў снеж. 1990 прывялі да падзення рэжыму Эршада. На першых свабодных выбарах у лют. 1991 перамагла НПБ на чале з удавой З.​Рахмана Х.​Зія, якая ўзначаліла ўрад. Асн. апазіц. партыяй стала Нар. ліга (лідэр Х.​Вазед, дачка М.​Рахмана). Прэзідэнт краіны (з кастр. 1991) Абдур Рахман Бісвас кіруецца прынцыпамі бангладэшскага нацыяналізму і ісламу. Кіруючая партыя імкнецца да правядзення рыначных рэформаў, умацавання прам-сці і с.-г. вытворчасці.

Бангладэш — чл. ААН (з 1974), а таксама Садружнасці, Руху недалучэння, арг-цыі «Ісламская канферэнцыя»; ініцыятар стварэння ў 1985 Асацыяцыі рэгіянальнага супрацоўніцтва Паўд. Азіі. Дыпламат. адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.

Палітычныя партыі. Дзейнічае каля 100 паліт. партый і груповак. Асн. з іх — Нацыяналіст. партыя Бангладэш, Нар. ліга, Нац. партыя Бпнгладэш, Джамаат-і-ісламі, Кампартыя Бангладэш і інш.

Гаспадарка. Бангладэш — агр. краіна з многаўкладнай эканомікай. Паводле класіфікацыі ААН уваходзіць у лік найменш развітых краін. Штогадовы валавы нац. прадукт 24 млрд. дол. ЗША (каля 200 дол. на чалавека). Найб. развіта сельская гаспадарка (67% зямель апрацоўваюцца), якая дае 40% нац. прадукту. У ёй занята 74% эканамічна актыўнага насельніцтва. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі з нізкай вытв-сцю і таварнасцю. Характэрныя абмежаванасць зямельнага фонду, агр. перанасяленне. На б.ч. палёў штогод збіраюць 2—3 ураджаі. Гал. харч. культура — рыс (80% пасяўных плошчаў, штогадовы збор каля 15 млн. т), вырошчваюць таксама пшаніцу (каля 1,5 млн. т), ячмень, бабовыя (фасоля, чачавіца і інш.), бульбу, агародніну і садавіну. Краіна не забяспечвае сябе харч. прадуктамі, штогод імпартуе каля 2 млн. т збожжа. Асн. тэхн. і экспартныя культуры: джут (каля 1 млн. т, 2-е месца ў свеце пасля Індыі), цукр. трыснёг, бавоўна, тытунь, алейныя (рапс, кунжут, гарчыца, арахіс), чай (штогадовы збор каля 40 тыс. т). Пагалоўе буйн. раг жывёлы каля 24 млн. (выкарыстоўваецца пераважна як цяглавая сіла), дробнай раг. жывёлы (пераважна козаў) каля 11 млн., птушкі каля 90 млн. Прэснаводнае (у сажалках, рэках і на рысавых палях) і марское рыбалоўства штогод дае каля 1 млн. т рыбы. Здабываюць прыродны газ (на ПнУ, каля 2,5 млрд. м³ штогод), нафту (забяспечвае 0,5% патрэбы краіны), вапняк, буд. матэрыялы. Вытв-сць электраэнергіі каля 5 млрд. КВт∙гадз. ГЭС на р. Карнахпулі. Большасць прадпрыемстваў занята перапрацоўкай с.-г. сыравіны. Найб. развіты тэкст., пераважна джутавая (тканіны, дываны) і баваўняная, прам-сць. Развіваюцца тэкст. (швейная і трыкат. галіны), харч. (цукр., чайная, алейная, саляная, тытунёвая, рысаачышчальная), папяровая, хім. (вытв-сць угнаенняў, хімікатаў, лекаў, фарбавальнікаў); машынабудаванне (вытв-сць станкоў, дызельных рухавікоў, тэлеф. абсталявання, радыёпрыёмнікаў, суднабудаванне, суднарамонт, зборка з імпартаваных дэталяў). Металургічны і нафтаперапр. з-ды ў Чытагонгу, вытв-сць цэменту ў Чхатаку. Важнае значэнне маюць хатнія промыслы, рамесніцтва і дробная прам-сць (гарбарная, ганчарная і інш.), у якіх занята больш за 1 млн. чал. Саматужнае ткацтва (больш за 300 тыс. чал.) амаль цалкам забяспечвае патрэбы насельніцтва ў тканінах. На долю ўнутр. воднага транспарту прыпадае 75% грузавых і пасажырскіх перавозак. Працягласць водных шляхоў з пастаяннай эксплуатацыяй 8 тыс. км. Агульная працягласць чыгунак 2818 км, аўтадарог 10 500 км. Асн. рачныя парты і чыг. вузлы Нараянгандж, Кхулна, Сілхет, Маймансінгх. Асн. грузапатокі з Пн на Пд (джут, скуры, чай) і з Пд на Пн (збожжа, машыны і абсталяванне, хімікаты). Марскі транспарт забяспечвае знешнеэканам. сувязі. Марскія парты Чытагонг і Чална. Авіяц. транспарт звязвае буйнейшыя гарады краіны з 26 краінамі Азіі, Афрыкі і Еўропы. Агульны тавараабарот 5,6 млрд. дол. ЗША (1991/92 фін. год), экспарт — 2 млрд. дол., імпарт — 3,6 млрд. дол. Экспартуе джут, джутавыя і скураныя вырабы, чай, рыбу, морапрадукты, адзенне, сантэхн. і кухоннае абсталяванне, абутак, электрабыт. прылады і інш. Імпартуюцца нафта і нафтапрадукты, металы, машыны і абсталяванне, збожжа і інш. харч. прадукты. Асн. знешнегандл. партнёры: ЗША, Японія, Вялікабрытанія, Саудаўская Аравія, Сінгапур, ААЭ, Кітай, Расія. Грашовая адзінка — така.

Друк, радыё, тэлебачанне. У Бангладэш выходзіць больш за 90 штодзённых газет, больш за 340 штотыднёвых і каля 180 інш. перыяд. выданняў. Інфармацыйныя агенцтвы: дзярж. Бангладэш Сангбад Сангаста (БСС) і прыватнае Юнайтэд Ньюс оф Бангладэш (ЮНБ). Радыё і тэлебачанне — дзярж., на бенгальскай і англ. мовах.

Літаратура. Развіваецца на бенгальскай мове. Яе спецыфіка абумоўлена цеснай сувяззю з традыцыйнай мусульм. культурай і рэгіянальнымі асаблівасцямі. У 15—18 ст. бенгальскія мусульмане стварылі нямала паэт. твораў на бенгальскай мове, у якіх адчувалася наследаванне араб. і перс. канонам. У адрозненне ад індусаў бенгальскія мусульмане не абнаўлялі ў 19 ст. сваю культуру і л-ру. Першы паэт-мусульманін, які набыў усебенгальскае прызнанне, — Назрул Іслам. Даследчык усх.-бенгальскага фальклору Джасімуддзін стаў вядомы сваімі песнямі і паэмамі ў нар. духу. Паэты Гулам Мустафа і Суфія Камал трымаліся літ. традыцый; Фарук Ахмад і інш. супрацьпастаўлялі сваю творчасць агульнабенгальскім традыцыям. Плённа развіваецца паэзія, якая наследуе традыцыі Р.​Тагора, бенгальскай л-ры 1930-х г. і знаходзіцца пад уплывам сусв. паэзіі 20 ст. Буйнейшы паэт — Шамсур Рахман, творы якога адлюстроўваюць трагічны лёс краіны. Іншыя вядомыя паэты: Ахсан Хабіб, Саід Алі Ахсан, Хасан Хафізур Рахман, аль-Махмуд, Шахід Кадры, Нірмаленду Гун. Развіваецца таксама проза: раманы Саіда Валіулы, апавяданні Шаўката Асмана, творы Абул Фазла, Абу Ісхака і інш. Арганізац. цэнтр л-ры — Бенгальская акадэмія (г. Дака).

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Бангладэш захаваліся помнікі мастацтва 12 ст.: рэшткі ўмацаванняў г. Пундранагара (Махастхан), будыйскіх манастыроў у Пахарпуры і Майнаматы з тэракотавымі рэльефамі на міфалагічныя тэмы, з круглай каменнай і бронз. скульптурай. Пасля мусульм. захопу (канец 12 — пач. 13 ст.) у культуру Бангладэш прыйшлі маст. традыцыі Сярэдняй Азіі, Бліжняга і Сярэдняга Усходу, пашырылася буд-ва мячэцяў, мінарэтаў, медрэсэ. У 16—17 ст. дасягнуў росквіту мініяцюрны жывапіс. У 18—19 ст. разам з традыц. тыпамі збудаванняў («Зоркавая мячэць» у г. Дака) узводзіліся чыг. вакзалы, муніцыпалітэты ў стылі англ. неакласіцызму (будынак банка ў г. Дака). Грамадскія будынкі сярэдзіны 20 ст. пабудаваны ў стылі, які спалучае сучасныя канструкцыі і матэрыялы з традыц. формамі (мячэць Байтул Мукарам у г. Дака). Рэаліст. творы ў духу еўрап. мастацтва створаны жывапісцамі і графікамі (З.​Абедзін, А.​Сафіуддзін, К.​Хасан). Некаторыя мастакі абапіраюцца на традыцыі магольскай мініяцюры і стараж. інд. размалёўкі (Х.​Рахман). Творчасць жывапісцаў М.​Башыра, М.​Кібрыя, графіка К.​Чаудхуры адметная імкненнем да зах. мадэрнізму. У дэкар.-прыкладным мастацтве вылучаюцца разьба па дрэве і слановай косці, ганчарства, ткацтва.

Музыка. Найб. раннія этапы станаўлення музыкі Бангладэш адносяцца да 3—2-га тыс. да нашай эры У сярэдзіне 1-га тыс. да нашай эры склалася культура напеўнай рэчытацыі тэкстаў Ведаў. На пач. нашай эры фарміравалася музыка высокай традыцыі (пераважна вакальная), у 4—7 ст. расквітнела тэатр. музыка. З 13 ст. ў рэчышчы культуры хіндустані развівалася класічная музыка. У 14—16 ст. склалася прыдворная вак. традыцыя дхрупад, адметная велічнасцю і павольнасцю разгортвання, філас. зместам. У 17—18 ст. з яе вылучылася самаст. вак. традыцыя кхаял з больш экспрэсіўным тыпам спеваў. Музыка Бангладэш уключае і разнастайныя муз.-танц.-тэатр. формы, звязаныя з побытам (бхатыялі). Сярод муз. інструментаў: струнныя — віна, сітар, сарод, сарангі, тампура, сантур; ударныя — табла, пакхавадж, мрыданга, барабаны; духавы — бансуры (драўляная флейта). На мяжы 19—20 ст. пашырылася інстр. музыка. Вял. ўклад у муз. культуру Бангладэш зрабіў Р.Тагор. У Бангладэш працуюць Муз. акадэмія і Т-ва па развіцці мастацтваў і л-ры.

Тэатр. У Бангладэш да нашага часу захаваўся стараж. від інд. нар. т-ра — джатра, які бярэ пачатак з ігрышчаў пастухоў і рэліг. працэсій культу Вішну — Крышны. Ён аб’ядноўвае танец, пантаміму, слова, інстр. і вак. музыку. У канцы 19 — пач. 20 ст. тэатр узбагаціўся новымі тэмамі, героямі сталі гіст. асобы, барацьбіты за нац. вызваленне. Выканаўцы — юнакі і мужчыны; гал. спявак (бібек) дае каментарыі, тлумачыць ход тэатр. дзеяння.

Кіно. У 1959 зняты першы ў Бангладэш фільм «Цячэ рака» («Прыйдзе дзень», рэж. Дж.​Кардар). У 1960-я г. здымаліся меладрамы на ўзор інд. камерцыйнай прадукцыі, прытчы. У 1970—80-я г. створаны фільмы, якія закранаюць сац. пытанні, барацьбу за незалежнасць; экранізуецца літ. класіка, нар. легенды. Сярод найб. значных фільмаў: «Усё яшчэ ноч», «Вяртанне да жыцця», «Апошні школьны званок» (усе рэж. Х.​А.​Рахман), «Бесхарактарны чалавек» (рэж. Б.​Іслам), «Паміж небам і зямлёй» (рэж. С.​Дата), «Цябе пакліча мая флейта» (рэж. Міта), «Бясконцая дарога» (рэж. А.​Хусейн). У краіне 5 кінастудый, у т. л. 1 дзяржаўная.

Літ.:

Ермошкин Н.И. Бангладеш: Годы борьбы и становления (1966—1974). М., 1979;

Народная Республика Бангладеш: Экономика, история, культура. М., 1979.

Ю.​В.​Ляшковіч (гаспадарка), М.​Г.​Елісееў (гісторыя).

Герб і сцяг Бангладэш.
Бангладэш. Будынак універсітэта ў г. Дака.
Бангладэш. Вёска ў акрузе Чытагонг.

т. 2, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)