ПЕРЫЯДЫЗА́ЦЫЯ ГІСТАРЫ́ЧНАЯ,

форма колькаснага і якаснага абазначэння гіст. развіцця ў часе. Тыпалагічна адрозніваюць П.г. лінейную, што прадугледжвае падзел гісторыі на раўназначныя па сваіх маштабах і глыбіні ступені, кожная наступная з якіх вырастае з папярэдняй, і іерархічную, што выражаецца ў супадпарадкаванні асобных з’яў і этапаў развіцця, якія з’яўляюцца ч. больш агульнага і складанага працэсу (напр., сярэднявечча, ранняе сярэднявечча). Самая стараж. П.г. ўзыходзіць да ўсх. і грэчаскай міфалогіі, якая разглядала гісторыю чалавецтва як паступовы пераход ад самага шчаслівага — «залатога» да самага заняпалага і адсталага — «жалезнага веку». Як альтэрнатыва ёй у Стараж. Грэцыі ўзнікла ўяўленне аб культ. прагрэсе чалавецтва і яго паступальным руху да нейкай ідэальнай мэты. Гэтай ідэяй была прасякнута іудзейска-хрысціянская канцэпцыя гісторыі. У эпоху Адраджэння (14—16 ст.) еўрап. гуманісты зрабілі першую спробу ўсеагульнай перыядызацыі гісторыі. У 17 ст. канчаткова склалася класічная схема трохчасткавай еўрап. гісторыі: «Стараж. свет — Сярэднія вякі — Новы час», якая пазней у мадыфікаваным выглядзе пераўтворана ў «рабаўладанне—феадалізм—капіталізм» і была пашырана на гісторыю ўсяго чалавецтва. Паводле традыцыі, што склалася ў гіст. навуцы, развіццё нееўрап. свету таксама падзяляецца ў адпаведнасці з рамкамі еўрап. гісторыі. Разам з тым гісторыя нееўрап. свету не ўпісваецца нават у самую агульную трохчленную схему еўрап. гістарыяграфіі, паколькі дынаміка яго развіцця ў адрозненне ад лінейна-прагрэсіруючай еўрапейскай мела спіралепадобную цыклічнасць. У бел. гістарыяграфіі існуюць 2 асн. падыходы да П.г. нац. гісторыі: т.зв. дзяржаўніцкі і фармацыйны. Першы з іх аформіўся ў 1-й чвэрці 20 ст. ў працах В.Ю.Ластоўскага і У.М.Ігнатоўскага, якія, грунтуючыся на дзярж. прыналежнасці, вылучалі ў яе гісторыі полацкі, літоўска-бел. (ВКЛ), польскі (у складзе Рэчы Паспалітай), рас. і сав. перыяды. У 1940—80-я г. ў бел. гістарыяграфіі панавала фармацыйная канцэпцыя П.г. Зараз у даследаваннях многіх бел. гісторыкаў незалежна ад іх паліт. арыентацыі назіраецца прысутнасць дзяржаўніцкага прынцыпу.

У.​С.​Кошалеў.

т. 12, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЯТУХО́ВІЧ (Міхаіл Мікалаевіч) (23.2.1891, в. Алексінічы Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 20.12.1937),

бел. крытык і літ.-знавец. Правадз. чл. Інбелкульта (1925), праф. (1926). Скончыў Нежынскі гісторыка-філал. ін-т (1917). З 1921 у Мінску. Чл. навук.-тэрміналагічнай камісіі, выкладчык і сакратар Белпедтэхнікума. З 1922 выкладчык зах.-еўрап. і бел. л-р у БДУ. Працаваў і ў Інбелкульце, АН БССР (кафедра гісторыі бел. л-ры, Ін-т л-ры і мастацтва). У сувязі з абвінавачаннямі ў нацдэмакратызме ў 1934 (паводле інш. звестак, у 1936) пакінуў Беларусь. Выкладаў у пед. ін-тах Паўн. Каўказа. У 1937 рэпрэсіраваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Універсітэцкі курс П. лёг у аснову яго «Нарысаў гісторыі беларускае літаратуры. Ч. 1 (Агляд літаратурна-ідэалагічных плыняў XIX і пачатку XX в.» (1928), якія мелі станоўчае значэнне ў тагачасных метадалаг. пошуках, хоць ён і не пазбег сацыялаг. схематызму. Аўтар артыкулаў пра фальклор, Ф.​Скарыну, Ф.​Багушэвіча, Я.​Купалу, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, Ц.​Гартнага, Ядвігіна І.П., М.​Чарота, К.​Чорнага і інш. Рэдактар-укладальнік гісторыка-літ. хрэстаматыі «Выпісы з беларускае літаратуры: Новы і найноўшы кругабегі» (1923). Рэдактар, аўтар уступнага артыкула да твораў П.​Труса (1934, 1935). Праца П. «Рукапісы А.​Рыпінскага» апубл. ў 1990 В.​Скалабанам.

Тв.:

Францішак Скарына і яго літаратурная дзейнасць. Мн., 1926;

Ля вытокаў лірыкі Янкі Купалы. Мн., 1927;

Паэтычнае светаадчуванне ў творчасці Якуба Коласа. Мн., 1927;

Звычаі і песні беларускага селяніна ў іх гаспадарчай аснове. Мн., 1928;

У кн.: Матэрыялы да гісторыі беларускай літаратуры. Т. 1. Мн., 1936.

Літ.:

Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг. Мн., 1975. С. 90—101;

Киселев Г. Разыскивается классик... Мн., 1989. С. 356—376;

Возвращенные имена: Сотрудники АН Беларуси, пострадавшие в период сталин. репрессий. Мн., 1992. С. 86—87.

Г.​В.​Кісялёў.

М.М.Піятуховіч.

т. 12, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАТАНІ́ЗМ,

у вузкім сэнсе — кірунак стараж.-грэч. філасофіі 1 ст. да н.э.пач. 3 ст. н.э.; у шырокім сэнсе — усякі філас. кірунак, які абапіраецца на вучэнне Платона.

У антычнасці П. быў прадстаўлены філосафамі Акадэміі платонаўскай (Спеўсіп, Ксенакрат, Аркесілай, Карнеад і інш.). У духу стаіцызму трактаваў вучэнне Платона Пасідоній; створаны ім стаічны П. знайшоў апору ў багаслоўі Філона Александрыйскага, у гнастыцызме, у — герметызме і ва ўсёй данікейскай патрыстыцы, а ў 2—3 ст. н.э. ў Нуменія, настаўніка Плаціна і Арыгена, які выступаў за сінтэзаванне П. і арыстоцелізму. Гэта садзейнічала пераадоленню элементаў натуралізму, характэрнага для эпохі элінізму, і складванню ў 3 ст. н.э. асноў неаплатанізму. Інтарэс да П. адрадзіўся пасля аднаўлення ў Фларэнцыі філосафам М.​Фічына платонаўскай Акадэміі (1459), адкуль ён праз кембрыджскую школу распаўсюдзіўся ў Англіі. Пад уплывам англ. філасофіі і дзякуючы ням. ідэалізму П. і неаплатанізм адрадзіліся ў Германіі, аднак толькі з Г.​Лейбніца пачалося гіст. разуменне першапачатковага П.

Неабходны элемент П. — проціпастаўленне пачуццёвага свету свету ідэй. Паводле гэтай канцэпцыі, не ідэя ўтварае сабой адлюстраванне матэрыі, а матэрыя ёсць адлюстраванне і выцяканне ідэі. Платонаўскую ідэю ў П. разглядаюць як родавае, гранічна абагульненае і жыццёва важнае лагічнае паняцце, якое змяшчае ў сабе прынцып канструявання сутнасці рэчы і, значыць, самой рэчы, утварае субстанцыянальную рэчаіснасць і яе мэту. Дамінуючую ролю ў гісторыі П. адыгрывала разуменне дыялектыкі як метаду, заснаванага на ўстанаўленні адзінства процілегласцей. Пры дапамозе такога разумення былі распрацаваны 3 асн. іпастасі (Адзінага, Розуму і Сусв. душы), выяўленне якіх заўсёды складала асн. змест П. (разам з вытлумачэннем матэрыяльнага космасу). Адной з асн. канцэпцый П. з’яўляецца вучэнне аб бессмяротнасці душы і цела, або аб кругавароце душ, г. зн. аб іх пераўвасабленні і перасяленні (сам Платон лічыў, што пасля смерці цела душа пераходзіць у другое цела або функцыянуе ў космасе).

Літ.:

Богомолов А.С. Античная философия. М., 1985;

Лосев А.Ф. Словарь античной философии: Избр. ст. М., 1995.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 12, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЛЫНЬ СВЯДО́МАСЦІ»,

літаратура 20 ст. пераважна мадэрнісцкага кірунку, якая непасрэдна ўзнаўляе душэўнае жыццё, перажыванні, асацыяцыі. Тэрмін належыць амер. філосафу У.Джэмсу, які лічыў, што свядомасць — гэта плынь, рака, у якой думкі, адчуванні, раптоўныя асацыяцыі пастаянна перабіваюць адно аднаго і мудрагеліста, «нелагічна» пераплятаюцца (кн. «Навуковыя асновы псіхалогіі», 1890). Меркаванні Джэмса пра «плынь думкі», «плынь суб’ектыўнага жыцця», «плынь свядомасці» былі ўспрыняты пісьменнікамі Дж.​Джойсам, В.​Вулф (Англія), У.​Фолкнерам, Г.​Стайн, (ЗША), М.​Прустам (Францыя) і інш.

Адрозніваюць «П.с.» як асобны маст. прыём у шэрагу інш. прыёмаў і як жанравую форму (напр., раман «П.с.»). У адрозненне ад унутр. маналога, з якім часта атаясамліваецца «П.с.» як маст. прыём, апошняя адметная абрывістасцю думак, часавымі напластаваннямі, непаслядоўнасцю, тэндэнцыяй да алагічнасці, суб’ектыўнасцю, адсутнасцю, прычынна-выніковых сувязей, свядомай ненакіраванасцю аповеду. Думкі, уражанні, асацыяцыі, успаміны нібы перабіваюць адно аднаго, злучаюцца паводле прынцыпу выпадковасці і ненаўмыснасці. Да «П.с.» блізкія прыёмы «ўнутранага аналізу», «сенсорнага ўражання» (прадугледжвае абрывістасць нават асобных слоў), дысанансу і інш. У выпадку выкарыстання «П.с.» як універсальнага сродку адлюстравання рэчаіснасці гавораць пра жанравую форму — раман «П.с.», які ў адрозненне ад традыцыйнага рамана будуецца як бесперапынная плынь свядомасці і падсвядомасці. Вял. ўплыў на аўтараў, што працавалі ў рэчышчы «П.с.», зрабілі тэорыя і метад псіхааналізу З.​Фрэйда.

Класічныя раманы «П.с.» — «Уліс» (1922), «Памінкі па Фінегану» (1939) Джойса, «Шум і лютасць» Фолкнера (1929). Значнае месца займае «П.с.» ў цыкле раманаў Пруста «У пошуках згубленага часу». У 2-й пал. 20 ст. маст. прыём «П.с.» выкарыстоўваецца Г.​Грынам, Г.​Грасам, А.​Андэршам і інш., а таксама прадстаўнікамі «новага рамана» і тэатра абсурду. У бел. л-ры элементы «П.с.» сустракаюцца ў ранніх раманах К.​Чорнага.

Літ.:

Мотылева Т.Л. Зарубежный роман сегодня. М., 1966;

Жлуктенко Н.Ю. Английский психологический роман XX в. Киев, 1988;

Лявонава Е.А. Плыні і постаці: З гісторыі сусвет. літ. другой паловы XIX—XX стст. Мн., 1998.

Е.​А.​Лявонава.

т. 12, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЕ ФІЗІ́ЧНАЕ,

адзін з двух (нараўне з рэчывам) відаў матэрыі. Паводле прынцыпу блізкадзеяння з дапамогай П.ф. (як сілавога поля) ажыццяўляецца ўздзеянне (на адлегласці) аднаго цела на другое, што апісваецца ў межах поля тэорыі. Прыклады П.ф.: эл.-магн. і гравітацыйнае ў класічнай фізіцы, квантава-рэлятывісцкія палі ў фізіцы элементарных часціц і іх узаемадзеяннях.

Паняцце сілавога поля (эл. і магн.) у 1830-я г. ўведзена М.Фарадэем. Дж.К.Максвел у 1860-я г. развіў далей ідэі аб эл.-магн. полі і сфармуляваў яго законы (гл. Максвела ўраўненні), прадказаў электрамагнітныя хвалі. Пасля адкрыцця Дж.​Дж.Томсанам электрона (1897) электрычна зараджаныя элементарныя часціцы сталі разглядацца як першасныя крыніцы эл.-магн. поля і эл.-магн. узаемадзеянняў. У 1900 М.Планк прадказаў, што энергія эл.-магн. поля выпрамяняецца і паглынаецца дыскрэтнымі порцыямі (квантамі). У канцы 1920-х г. паказана, што квантуецца і само эл.-магн. поле. Кванты гэтага поля — фатоны з’яўляюцца элементарнымі часціцамі і пераносчыкамі эл.-магн. узаемадзеянняў. У 1928 П.А.М.Дзірак увёў квантава-рэлятывісцкае (хвалевае) поле і для адзінак будовы рэчыва, квантамі якога з’яўляюцца элементарныя часціцы — электрон і пазітрон. У межах квантава-рэлятывісцкай тэорыі ў адпаведнасці з карпускулярна-хвалевым дуалізмам знікаюць бар’еры паміж рэчывамі і сілавымі палямі як рознымі відамі матэрыі. У абодвух выпадках апісанне П.ф. ажыццяўляецца з дапамогай агульнага матэм. апарата і выкарыстоўваюцца аднолькавыя фіз. характарыстыкі П.ф. і квантаў гэтых палёў (элементарных часціц): маса, энергія, імпульс, момант імпульсу, спін, зарад і інш. Пры ўзаемадзеяннях кванты П.ф. аднаго тыпу могуць пераўтварацца ў кванты П.ф. другога тыпу, напр., электроны і пазітроны ў фатоны і наадварот — фатоны ў электрон-пазітронныя пары; кваркі і антыкваркі ў глюоны, а глюоны ў кварк-антыкваркавыя пары. Элементарныя часціцы розных тыпаў (сілавога поля і рэчыва), калі яны маюць адпаведныя сілавыя зарады, могуць быць пераносчыкамі і крыніцамі ўзаемадзеянняў.

А.​А.​Богуш.

т. 12, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДМО́ВА,

напісанае аўтарам, рэдактарам або іншай асобай слова да чытача, якое змяшчаецца ў пачатку кнігі ці асобнай публікацыі для лепшага іх разумення.

Заснавальнік П. на Беларусі — Ф.​Скарына: гуманіст.-асветніцкія, навуч.-пазнавальныя П. да асобных кніг Бібліі. Некат. П. адрасаваны ці прысвечаны мецэнатам [напр., прадмова Міколы Гусоўскага да кн. «Песня пра зубра» (1523) адрасавана каралеве Боне). У выданні Статута ВКЛ 1588 у якасці П. змешчана прамова Л.​Сапегі на Варшаўскім сейме. У асобных кнігах ролю П. выконвалі вершаваныя эпікграмы. У 16—17 ст., у часы вострай ідэалаг. барацьбы і рэліг. палемікі, П. мелі пераважна сінкрэтычны характар, былі сродкам выражэння надзённых пытанняў грамадска-паліт. жыцця, важных праблем развіцця культуры, поглядаў і імкненняў прадстаўнікоў розных сац. груповак і рэлігійных кірункаў, грамадзянскага, нац. і эстэт. крэда іх аўтараў (П. С.​Буднага, В.​Цяпінскага да асобных твораў палемічнай і перакладной л-ры). У П. таго часу — зародкі бел. філалогіі, крытыкі, літ.-знаўства і публіцыстыкі. Важную ролю ў развіцці бел. л-ры і грамадскай думкі 19 — пач. 20 ст. адыгралі П. Я.​Чачота, Р.​Падбярэскага, Ф.​Багушэвіча, Цёткі і інш. пісьменнікаў.

У сучаснай л-ры П. не мае цвёрдых, выразна акрэсленых жанравых прыкмет. Паводле формы і стылю П. самыя разнастайныя — ад кароткіх дзелавых анатацый да разгорнутых артыкулаў. Бываюць П. ад аўтара, рэдактара, укладальніка, перакладчыка, рэдкалегіі і інш. У залежнасці ад характару і прызначэння выдання (збор твораў, навук. манаграфія, зборнік артыкулаў, слоўнік, публікацыя помніка пісьменнасці і інш.) у П. падаецца сціслая інфармацыя пра змест і гісторыю ўзнікнення, аўтара, раскрываюцца прынцыпы і мэты выдання і інш. П., як правіла, суправаджаюцца першыя публікацыі ў газеце, часопісе. У выданнях тыпу хрэстаматый ці анталогій, апрача агульнай П., нярэдка падаюцца і кароткія П. да кожнай публікацыі помніка пісьменнасці, урыўка з буйнога твора або твораў пісьменніка. Ролю П. часам выконваюць пасляслоўі.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 12, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́ГАРАДНАЯ ЗО́НА,

тэрыторыя, якая з’яўляецца знешнім планіровачным поясам горада, знаходзіцца з ім у цеснай функцыян., эканам., экалагічнай і арх. узаемасувязі. Параметры П.з. і рэгламенты яе развіцця вызначаюцца пры распрацоўцы рэгіянальных і генеральных планаў гарадоў. Рацыянальнае выкарыстанне тэр. П.з. — неабходная ўмова ўстойлівага развіцця вял. гарадоў. Пры яе фарміраванні ўлічваюцца інтарэсы развіцця гар. гаспадаркі, аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання тэр. рэсурсаў. Арх. планіровачнае вырашэнне П.з. распрацоўваецца з улікам прыярытэтаў захавання зялёных насаджэнняў, водных прастораў і інш. тэрыторый, якія маюць прыродаахоўнае і сан.-гігіенічнае значэнне. У межах П.з. размяшчаюцца гарады-спадарожнікі і інш. паселішчы, катэджныя забудовы, асобныя прамысл. прадпрыемствы, аб’екты камунальнай гаспадаркі, элементы трансп. (аэрапорты, чыг. станцыі і інш.) і інш. (водазаборы, трубаправоды і інш.) інфраструктур, свабодныя эканамічныя зоны, лесапаркі, зоны адпачынку, курорты, заказнікі, помнікі прыроды і інш. Значныя плошчы адводзяцца пад зоны масавага адпачынку, дачныя пасёлкі, санаторыі, пансіянаты, спарт.-аздараўленчыя лагеры. На Беларусі ўсе буйныя гарады маюць П.з. Прыкладам комплекснага развіцця горада і яго П.з. з’яўляецца Мінск. У межах П.з. Мінска вылучаюцца паясы: унутраны — лесапаркавы (радыус 15—20 км) і знешні (радыус каля 50 км). Лясы вакол Мінска ў радыусе 50—80 км фарміруюць зялёную зону горада. Планіровачны каркас тэр. Мінска і яго П.з. мае радыяльна-кальцавую структуру, сфарміраваную аўтамаб. і чыг. дарогамі, рэкамі і азялененымі прасторамі. Яго важнай планіровачнай і кампазіц. воссю з’яўляецца водна-зялёны дыяметр. Склад гар. функцый, вынесеных у П.з. Мінска, ахоплівае ўсе віды гасп. і сац. дзейнасці. У межах П.з. фарміруюцца спецыялізаваныя паселішчы, якія паводле свайго функцыян. прызначэння з’яўляюцца працягам Мінска (Мачулішчы, Гатава, Калодзішчы, Самахвалавічы, Навінкі і інш.). Да структурных элементаў П.з. адносяцца курорт Ждановічы, зоны адпачынку Мінскае мора, Астрашыцкі Гарадок, Пціч, Вясёлка і інш., заказнікі рэсп. значэння Падсады, Прылуцкі, Кайкаўскі, Пекалінскі і інш., свабодная эканам. зона «Мінск». Своеасаблівае арх.-планіровачнае вырашэнне маюць П.з. інш. гарадоў, напр., Гродна, Віцебска.

Н.​А.​Юргенсан.

т. 13, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫКА́ЗЫ,

1) цэнтральныя органы дзярж. кіравання ў Расіі 16 — пач. 18 ст. Назва ад даручэнняў, загадаў (рус. «приказов»), якія ў 15 ст. маскоўскі вял. князь даваў сваім баярам і дзякам. Паступова гэтыя даручэнні набылі рэгулярны характар і для іх выканання з’явіліся спец. памяшканні «ізбы», якія пры фарміраванні ў 16 ст. Рускай цэнтралізаванай дзяржавы ператварыліся ў пастаянныя дзярж. ўстановы — П. У 17 ст. існавала каля 80 П., гал. з іх — Пасольскі, Памесны, Разрадны і Тайных спраў. Астатнія паводле функцый падзяляліся на адм.-суд.-паліцэйскія (Земскі, Разбойны, Халопскі і інш.), тэрытарыяльныя (Казанскі, Сібірскі, Вял. Расіі, Маларасійскі і інш.), ваенныя (Стралецкі, Пушкарскі, Казачы і інш.), фінансавыя (Вял. казны, Вял. прыходу, Хлебны і інш.), дварцовыя (Вял. палаца, Пасцельны, Сакольнічы і інш.). У 1656—67 дзейнічаў П. Вял. княства Літоўскага, які кіраваў бел. і літ. землямі, часова заваяванымі ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Кожны П. узначальваў суддзя з ліку членаў Баярскай думы. Суддзям падпарадкоўваліся дзякі, дзякам — падзячыя. Суддзя вырашаў справы аднаасобна, найб. складаныя з іх разглядаў з дзякамі. Структура П. вызначалася іх кампетэнцыяй. Вял. П. (Памесны, Разрадны і інш.) падзяляліся на сталы́ па тэр. і функцыян. прынцыпах, а сталы́ — на павыцці. Невял. па колькасці служачых П. (Пасольскі) падзяляліся адразу на павыцці. У 17 ст. сярэднімі лічыліся П. са штатам у 20—40 чал., у буйных працавала да 400 чал. Для П. характэрна спалучэнне суд., адм. і фін. функцый, частае дубліраванне функцый адзін аднаго, вял. цяганіна і хабарніцтва. У 1717—21 П. заменены Калегіямі (некат. існавалі пазней, напр., Сібірскі да 1763).

2) Цэнтр. органы кіравання пры патрыярху рус. правасл. царквы ў 17 ст.: дварцовы, казённы, разрадны.

3) Назва стралецкіх палкоў у Расіі 16 — пач. 18 ст.

Літ.:

Ерошкин Н.П. История государственных учреждений дореволюционной России. 3 изд. М., 1983.

С.​Л.​Лугаўцова.

т. 13, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ХАВІЦКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення цэнтр. Беларусі. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. на тэр. паміж гарадамі Слуцк Мінскай і Асіповічы Магілёўскай абл. (абапал р. Пціч). Яму ўласцівы строгасць форм, тонкае ўмеркаванае аздабленне, разнастайнасць форм у жаночым і мужчынскім адзенні.

Жаночы летні гарнітур складаўся з 2 варыянтаў: кашуля, спадніца, фартух; кашуля, спадніца, фартух, гарсэт. Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі з адносна вузкім рукавом, адкладным ці стаячым каўняром. Аздаблялі ўзорыстымі рознай шырыні папярочнымі палосамі натыкання ці вышыўкі з акцэнтам на прыплечавой частцы. Чырвоны ці чырвона-чорны графічна выразны арнамент палос утвараўся з ромбаў, квадратаў, трохвугольнікаў, гладкіх і зубчатых ліній. Арнамент 2-полкавага (радзей 1-полкавага) фартуха, стылістычна і каларыстычна блізкі да аздаблення кашулі, размяшчаўся палосамі, паводле прынцыпу згушчэння, да нізу; па краях нашывалі мохрыкі ці карункі. Спадніцу (андарак) шылі з 4 (кроеных па аснове) або 2 (кроеных па ўтку) полак, натыканых у сакавітыя (малінавыя, васільковыя, бурачковыя, фіялетавыя і стрыманыя чорныя, белыя) гарызантальныя палосы і клеткі. Гарсэт меў 2 варыянты крою: у выглядзе кароткага ліфа з глыбокімі выразамі ў пройме і на грудзях і ў выглядзе доўгай безрукаўкі з баскай-чатырохклінкай. Шылі гарсэт з шарсцянкі ці аксаміту васільковага, чорнага колераў, аздаблялі нашыўкамі залацістага галуна, парчовай тасьмы, каляровай аблямоўкай. Касцюм завяршала намітка ці скіндачка. Мужчынскі гарнітур складалі кашуля, нагавіцы, пояс і камізэлька. Кашулю (тунікападобную ці з прамымі плечавымі ўстаўкамі) аздаблялі чырвоным геам. арнаментам на плечавых устаўках, каўняры, каўнерцах, падоле; адкладны каўнер завязвалі тасёмкай або зашпільвалі меднай спражкай. Кашулю навыпуск падпяразвалі тканым ці скураным поясам, на якім часта насілі кайстру, ножык, шабету. Камізэльку з прываленага сукна ці карычнева-белай клятчастай даматканкі апраналі паверх кашулі. Традыц. галаўным уборам былі суконныя магеркі, аздобленыя блакітнымі, чырвонымі, зялёнымі матузкамі, саламяныя капелюшы, аўчынныя футраванкі.

Літ.:

Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981.

М.​Ф.​Раманюк.

Пухавіцкі строй.

т. 13, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКАПАДО́БНЫЯ, ракі (Crustacea),

клас (падклас) беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Вядомы з кембрыю (больш за 500 млн. г. назад). 5 (паводле інш. класіфікацый да 9) падкл.: ракушкавыя, жабраногія (Branchiopoda), максілаподы (Maxillopoda), цэфалакарыды (Cephalocarida), вышэйшыя ракі (Malacostraca); каля 30 тыс. відаў. Пашыраны ва ўсіх марскіх і прэсных вадаёмах. Жывуць у тоўшчы вады і на дне вадаёмаў, некат. на сушы (макрыцы, некат. трапічныя крабы). На Беларусі каля 100 відаў з атр. галінаставусых, дзесяціногіх ракападобных, карпаедаў, раўнаногіх, жабраногаў, разнаногіх, ракавінкавых. Бакаплаў Паласа, лімнакалянус, мізіда рэліктавая, понтапарэя, рак шыракапальцы занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. ад долей міліметра да 80 см, маса да 15 кг і больш. Цела сегментаванае, мае 3 аддзелы: галаву, грудзі і брушка, укрыта кутыкулай. На галаве 2 пары вусікаў (антэнулы і антэны), верхнія сківіцы (мандзібулы) і 2 пары ніжніх сківіц (максілулы і максілы). Органы зроку — фасетачныя вочы, часам няпарнае вока. Органы раўнавагі — статацысты. Нерв. сістэма складаецца з брушнога нерв. ланцужка. Крывяносная сістэма незамкнёная. Дыхаюць жабрамі або ўсёй паверхняй цела. Пераважна ўсёедныя. Большасць Р. раздзельнаполыя, ёсць гермафрадыты, некат. уласцівы партэнагенез. Развіццё пераважна з ператварэннем. Лічынка — наўпліус. Многія Р. (бакаплавы, весланогія рачкі, цыклопы, эўфаўзіевыя. мізіды. галінаставусыя, кумавыя і інш.) — корм для рыб, вадаплаўных птушак, водных млекакормячых. Некат. Р. — паразіты або прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей. Многія (пераважна планктонныя формы) — біял. меліяратары. Амары, крабы, крэветкі, лангусты, рачныя ракі і інш. — аб’екты промыслу і развядзення. Гл. таксама Артэмія, Вадзяны вослік, Вусаногія, Дафніі, Коранегаловыя, Лістаногія, Шчытні.

Літ.:

Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;

Жизнь животных. Т. 2. 2 изд. М., 1988;

Шарова И.Х. Зоология беспозвоночных. М., 1999.

Ю.​Р.​Гігіняк.

Ракападобныя: 1 — калянус; 2 — капілія; 3 — марскі таракан мезідатэя; 4 — анандалеум японскі; 5 — вослік вадзяны; 6 — рак вузкапальцы; 7 — рак-шчаўкун альфеус; 8 — басміна даўгаротая; 9 — лептадора драпежная.

т. 13, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)